Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прасіў сэрца не спыняцца, бо яшчэ не завершаныя мае зямныя справы”


6 лістапада вядомаму беларускаму пісьменьніку, аўтару “Свабоды” Ўладзімеру Арлову была зробленая апэрацыя ў сувязі з інфарктам. Цяпер ён папраўляецца і прасіў перадаць прывітаньне ўсім сваім сябрам, чытачам. Праз Радыё Свабода Уладзімер Арлоў таксама выказаў словы падзякі тым, хто спрычыніўся да ягонага выздараўленьня, а таксама ўсім неабыякавым людзям.


Уладзімер Арлоў: “Калі адчуваеш халадок вечнасьці, міжволі ўзгадваеш самых дарагіх табе людзей і самыя дарагія мясьціны. А яшчэ літаратар узгадвае свае кнігі. Але ня тыя, што адбыліся, а тыя, якія не дапісаныя. Альбо зусім не народжаныя. Гэта я вяртаюся ў сваёй памяці ў падзеі, калі мяне везьлі ў апэрацыйную.

Хачу адразу сказаць, што я бясконца ўдзячны доктару Ірыне Фёдараўне Уэльскай. Якраз дзякуючы ёй, я быў тэрмінова шпіталізаваны і тэрмінова праапэраваны. Менавіта яна настойвала на гэтым. І маім сэрцам непасрэдна займаўся доктар Рэспубліканскага цэнтру кардыялёгіі Алег Леанідавіч Паланэцкі. На пачатковым этапе апэрацыі я мог бачыць сваё сэрца на маніторы і, можна сказаць, вёў зь ім своеасаблівы дыялёг – заўсёды размаўляць прасьцей, калі ты бачыш суразмоўніка. Я прасіў сэрца не спыняцца, бо яшчэ не завершаныя мае зямныя справы. І з дапамогай дактароў, яно, як бачыце, паслухалася.

Я па-ранейшаму яшчэ знаходжуся ў рэанімацыі ў такім гарызантальным становішчы. Але думаю, што працэс рухаецца ў патрэбным кірунку. Дынаміка, як кажуць дактары, станоўчая.

Мне вельмі шмат тэлефануюць і прысылаюць СМС-паведамленьняў. І я ўдзячны за гэтыя словы падтрымкі старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле, “Свабодаўцам” Аляксандру Лукашуку, Сяргею Навумчыку, Вячаславу Ракіцкаму, Ганьне Соўсь, рэдактару “Нашай Нівы” Андрэю Скурку, філёзафу Алесю Анціпенку. Удзячны Сяргею Дубаўцу зь Вільні, Вадзіму Дзямідчыку, Сяргею і Вользе Рудакевічам, Джыму Дынглі – усе яны зь Вялікай Брытаніі. Удзячны дыплямату Уільлі Элбэрту зь Бэрліну. Удзячны Аляксандру і Аксане Ірванцам з Украіны. Удзячны Тацьцяне Казак з Рыгі, супрацоўнікам “Белсату”, гурту “Стары Ольса”.

Я проста не магу ўсіх пералічыць, але сярод тых, хто мне тэлефанаваў і пісаў – мае знаёмыя сябры, а таксама і не знаёмыя, і не сябры – зь Менску, з Полацку, з Наваполацку, з Баранавіч. Зусім нядаўна СМС прыслала мая хрэсьніца Хрысьціна Чарняўская, а толькі што прынесьлі тэлеграму ад Марыі Пракопаўны Лукашук зь Берасьця. Проста ня маю фізычнай магчымасьці сёньня ўсім адказаць, таму хачу сказаць і падкрэсьліваю: самы сардэчны дзякуй праз хвалі Свабоды ўсім маім карэспандэнтам і тэлефонным суразмоўцам. Хачу таксама сказаць, што я ўжо чытаю і спрабую штосьці пісаць. Карацей – мы яшчэ сустрэнемся”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG