Вячаслаў Ракіцкі: “Валянціна, чаму кніжка называецца “Ружоўніца”? Раней я не сустракаў такога слова. Гэта нейкі новатвор?”
Валянціна Аксак: “Можа, гэта гучыць ня вельмі сьціпла, але я сапраўды, гэтае слова прыдумала. Я думала, што сабранае пад цудоўна аформленай вокладкай мастаком Міхалам Анемпадыставым, мае тры плашчыны. Калі глядзець долу, дык можна ўбачыць жанчыну, якая даглядае ружы. Калі крышку прыўзьняць вочы, дык можна ўбачыць жанчыну, якая глядзіць на сьвет праз ружовы туман. А калі яшчэ вышэй узьнімеш вочы, дык там убачыш жанчыну, якая перабірае ружанец – моліцца. Гэта і ёсьць -- ружоўніца”.
Ракіцкі: “У гэтай кнізе шмат вершаў, якія можна ўспрыняць як прысьвячэньні мужчынам. Мужчына вачыма жанчыны-ружоўніцы?”
Аксак: “Я наогул ня думаю, што вершы могуць быць пра нешта, ці пра некага. У паэзіі найперш важна – як. А пра што – гэта зусім ня мае ніякага значэньня”.
Ракіцкі: “Паэзія па-за рэальнасьцю, па-за будзённасьцю? Ці ўсё ж яна прывязваецца да сёньняшняга дня зь яго палітычнымі і эканамічнымі праблемамі?”
Аксак: “У маім выпадку гэта – хвароба. Я хворая на паэзію, і гэта невылечная хвароба”.
Ракіцкі: “І тое, што адбываецца па-за сьценамі тваёй кватэры, ці твайго вясковага дома, ніяк не ўплывае на вершы?”
Аксак: “Гэта ўплывае на мяне як на грамадзяніна, як на маці, як на жонку. Але ніякім чынам не як на тую істоту, якая час ад часу дае знаць пра сябе ўнутры мяне”.
Ракіцкі: “У тваёй кніжцы адзін з разьдзелаў цалкам прысьвечаны кветкам. Чаму?”
Аксак: “Гэта не батанічная нізка вершаў. Гэта – мае пачуцьці, алюзіі, згадкі, якія нараджалі тыя ці іншыя кветкі”.
Ракіцкі: “Вершы так і называюцца – “Оксаліс”, “Герань”, “Эхінацэя”, “Пэляргонія”, “Рамонкі”... Валянціна, з твайго дазволу, я зараз адкрыю адзін з тваіх сакрэтаў слухачам. Ты вельмі любіш кветкі, вырошчваеш іх на вёсцы, у двары бацькоўскай хаты. Якая кветка табе найбольш пасуе як паэтцы?”
Аксак: “Ня ў гэтай кніжцы, у адной з ранейшых, быў такі верш:
“Мой дзень народзінаў
прыпаў на час
разводу ружаў -
то веснавыя зоркі,
бачыш,
зьвінаваціліся ў тым,
што калючая я і ўвосень,
хрызантэмаўлюбёны
мой муж”.
Ракіцкі: “І калі, Валянціна, я ўжо пачаў раскрываць сакрэты твайго жыцьця, дык скажу слухачам, зноў жа з твайго дазволу, што муж твой -- знаны празаік і таксама паэт Уладзімер Арлоў. Гэтымі днямі ён знаходзіцца ў шпіталі, ідзе, дзякуй Богу, на папраўку. Вершы, Валянціна, табе не пісаліся?”
Аксак: “Не, не пісаліся. Але затое я радуюся, што ўжо пішуцца яму, там, у шпіталі”.