Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Марачкін: Шкада, што закрываецца музэй у Гальшанах


Анонс падзеяў тыдня.


10-га лістападу адбудзецца паседжаньне палітсавету Аб’яднаных дэмакратычных сіл, на якім апазыцыянэры абмяркуюць праблемы кампаніі за ўнясеньне зьменаў у выбарчы закон. Адзін з лідэраў АДС Віктар Карніенка паведаміў “Свабодзе”.

“У панядзелак суб’екты кааліцыі прынясуць свае прапановы адносна складу ініцыятыўнай групы. Колькі будзе чалавек? Ад гэтага будзе залежыць працяг. Калі будзе 500-700 чалавек, што падкрэсьлівае сур’ёзнасьць намераў палітычных партый, тады мы будзем працягваць”.

10-га лістападу адбудзецца суд над пяцьцю актывістамі Маладога фронту, якіх затрымалі 7-га лістападу пасьля акцыі ля помніку Дзяржынскаму. “Камунізм да трыбуналу” – такую расьцяжку трымалі актывісты насупроць будынку КДБ, за што на іх склалі адміністрацыйны пратакол. Актывістам пагражае арышт да 15 сутак.

11-га лістападу ў Польшчы адбудуцца ўрачыстасьці з нагоды 90-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці краіны. У Варшаве на запрашэньне прэзыдэнта Леха Качынскага зьбяруцца лідэры дзесяткаў краінаў сьвету. У Беларусі запрашэньне атрымаў былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Мілінкевіч. Актывіст руху “За свабоду!” Алесь Лагвінец распавёў пра пляны спадара Мілінкевіча, які ёсьць старшынёй гэтай незарэгістраванай арганізацыі.

“Праграма сьвяткаваньня будзе доўжыцца ўвесь дзень 11-га лістападу, пачынаючы з ўрачыстага параду, потым ўрачысты абед, які дае прэзыдэнт Польшчы і потым ўрачысты баль”.

А некалькімі гадзінамі раней ў Вашынгтоне вядомаму беларускаму журналісту, рэдактару газэты “Новы час” Аляксею Каралю ўручаць “Прэмію Найта”.

Гэтай ўзнагародай штогод ў ЗША адзначаюць найбольш мужных і адданых сваёй працы супрацоўнікаў мэдый. Напярэдадні адлёту з Менску Аляксей Кароль сказаў “Свабодзе”.

“Прэмія невялікая, пра гэта можна сказаць – усяго 1 тысяча даляраў. Але яна прэстыжная ў тым сэнсе, што яна скіраваная на салідарнасьць і азнаямленьне грамадзкасьці сьвету з сытуацыяй са свабодай слова ў іншых краінах.”

12-га лістападу ў Магілёве пройдзе Дзень Ізраіля, ў межах якога адбудзецца адкрыцьцё помніка ахвярам нацызму. Паводле зьвестак, за час другой ўсясьветнай вайны ў Беларусі загінула каля 800 тысяч габрэяў.

А ў чацьвер, 13-га лістападу ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адкрыецца выставу “Шлях да незалежнасьці”. Навукоўцы абяцаюць наведвальнікам музэю ўнікальныя гістарычныя дакумэнты і экспанаты.


Субота 15-га лістападу будзе апошнім днём працы філіі Нацыянальнага мастацкага музэя ў Гальшанах. Філія знаходзіцца ў будынку былога кляштара францысканцаў які шмат гадоў не рамантаваўся і прыйшоў у аварыйны стан. Чыноўнікі кажуць, што гэта галоўная прычына закрыцьця філіі і пры гэтым не прапанавалі іншы будынак. Вядомы мастак Аляксей Марачкін выказваецца за вяртаньне будынку кляштара вернікам, але і за захаваньне музэю ў Гальшанах.

“Мяркую, Міністэрства культуры абсалютна не апякуецца гэткімі рэгіянальнымі мясцовымі музэямі, хаця яны знаходзяцца пад апекай міністэрства. Вельмі шкада, што закрываюцца такія музэі, якія ёсьць асяродкамі культуры, прапаганды нашай гісторыі і мастацтва”.









Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG