Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Празе?


Чэская штодзённая газэта „Lidove noviny” мяркуе, што падчас чэскага старшыняваньня ў Эўразьвязе ў студзені-чэрвені 2009 году Чэхіі ўдасца арганізаваць саміт ЭЗ з дадатковым удзелам шасьці краін Усходняй Эўропы. На саміт могуць запрасіць і Лукашэнку

Прапануем нашым чытачам пераклад артыкула Тэрэзы Шупавай „Лукашэнка, відаць, паедзе ў Чэхію” зь сёньняшняга выданьня газэты „Lidove noviny”.

Цягам некалькіх апошніх гадоў эўрапейскія краіны бачылі ў ім persona non grata. Аднак погляд на беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку пачынае паступова мяняцца. І якраз Чэская Рэпубліка мелася б быць першай, хто запросіць яго за стол перамоваў. Станецца гэтак ў часе аднаго з самітаў, які адбудзецца ў рамках нашага старшыняваньня ў Эўрасаюзе.

Паводле Томаша Пояра, намесьніка чэскага міністра замежных спраў, Беларусь — адна з тых краінаў, якія павінны быць уключаныя ў гэтак званае Ўсходняе партнэрства. Ідзецца пра польска-швэдзкую ініцыятыву, мэта якой — прыцягнуць да Эўразьвязу краіны зь яго ўсходняга памежжа. „Падобна як Эўразьвяз мае унію з краінамі Міжземнага мора, ён павінен мець і Ўсходняе партнэрства з усходам. А гэта абазначае 27 краінаў-сяброў ЭЗ плюс шэсьць тых суседніх — шэсьць, ня пяць. Беларусь не павінна там адсутнічаць”, — сказаў Пояр. У гэтыя шэсьць краінаў, акрамя Беларусі, уваходзяць Грузія, Армэнія, Азэрбайджан, Украіна і Малдова.

Пра тое, якую форму павінна набыць Усходняе партнэрства, яшчэ ня вырашана, але Пояр мяркуе, што гэтай тэме можна было б часткова прысьвяціць сьнежанскі саміт у Брусэлі. „Нейкае прынцыповае рашэньня можна было б прыняць на паседжаньні ў сьнежні або на наступным паседжаньні ў сакавіку. Гэта, пакуль, адкрытае пытаньне”, — сказаў нашай газэце Пояр. Дакладна так, як прайшла сустрэча Міжземнаморскай уніі ў ліпені, павінен прайсьці і першы саміт Усходняга партнэрства. „Наконт саміту яшчэ ня вырашана, але ён, магчыма, адбудзецца на зломе студзеня і лютага або недзе ў красавіку, — паведаміў Пояр. — Калі Беларусь захоча стаць удзельнікам Усходняга партнэрства і саміт будзе мець месца, дык створыцца магчымасьць, каб Чэскую рэспубліку наведаў беларускі прэзыдэнт”.

Паводле таго, што сказала інтэрнэтнаму выданьню „EUobserver” прэсавая прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Зузана Аплеталава, Менск спачатку павінен выканаць некаторыя ўмовы. Галоўнай зьяўляюцца дэмакратычныя рэформы ў краіне. „Ніякага канкрэтнага сьпісу мы ім не перадалі. Але мы, безумоўна, пэўным чынам рухаемся ўперад, і я думаю, што беларускі бок у прынцыпе ведае, што дасьць магчымасьць эўрапейскаму боку зрабіць нейкі далейшы станоўчы крок дапераду”, — дадаў Пояр, які гаварыў аб Усходнім партнэрстве з прадстаўнікамі беларускіх уладаў у часе свайго нядаўняга візыту ў Менску.

„Тут у Празе мы абмяркоўвалі запрашэньне Лукашэнкі гіпатэтычна. Але пра гэтую магчымасьць мы дазналіся з СМІ, — сказаў нам Аляксандар Лагвінец, дарадца беларускага апазыцыйнага лідэра Аляксандра Мілінкевіча. — Я чуў ад аднаго беларускага дыплямата, што паколькі чэхі гэта пачалі (ён меў на ўвазе, што не запрасілі Лукашэнкі на саміт НАТА ў Празе ў 2002 годзе), таму яны павінны і закончыць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG