Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на "Яме" <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У акцыі ўдзельнічала болей за тысячу чалавек: прадстаўнікі замежных і габрэйскіх арганізацыяў, вязьні гета, іхнія нашчадкі, а таксама прадстаўнікі дэмакратычнага моладзевага руху.


Ад памятнага знаку ахвярам гета да “Ямы” ўдзельнікі акцыі прайшлі жалобным шэсьцем.

Апоўдні на мэмарыяле “Яма” пачаўся жалобны мітынг.

У мітынгу браў удзел кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка.

Выступіў паўнамоцны амбасадар Ізраілю Зэеў Бен-Ар’е, прадстаўнікі расейскіх арганізацыяў памяці ахвяраў галакосту, прадстаўнікі Нямеччыны.

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гэбхарт Вайс прызнаўся, што ён вельмі хвалюецца і яму цяжка выступаць на мэмарыяле “Яма”. Дыплямат сказаў, што адносіцца да таго пакаленьня, якое часта і безвынікова пыталася ў сваіх бацькоў, дзядоў і суседзяў пра тое, што было на вайне.

“Але гэта ня значыць, што мы можам гаварыць пра тое, што нашае пакаленьне не нясе ніякай адказнасьці за тое, што было на вайне. Наш абавязак — памятаць і рабіць усё, каб такая катастрофа не паўтарылася”, — заявіў амбасадар.

Пра тое, што такога з боку Нямеччыны больш ніколі ня будзе, сьведчыць і Канстытуцыя краіны. У ёй запісана, што нельга замахвацца на годнасьць іншага чалавека, заявіў на мітынгу спадар Вайс.

Мерапрыемствы, прысьвечаныя 65-м угодкам зьнішчэньня менскага гета, будуць доўжыцца тры дні. Гэта канфэрэнцыі, выставы, адкрыцьцё мэмарыяльных памятных знакаў на месцы масавых расстрэлаў габрэяў у Другую сусьветную вайну.

65 гадоў таму фашысцкія акупанты зьнішчылі менскае гета й забілі дзясяткі тысяч габрэяў. Многія зь іх былі пахаваныя побач зь Юбілейнай плошчай, на месцы, якое цяпер вядома як мэмарыяльны комплекс “Яма”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG