Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яма”: 65 гадоў пасьля трагедыі


Мэмарыяльны комплекс "Яма"
Мэмарыяльны комплекс "Яма"

Сёньня ў Менску адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанаваньня памяці ахвяраў менскага гета.


65 гадоў таму фашысцкія акупанты зьнішчылі менскае гета й забілі дзясяткі тысяч габрэяў. Многія зь іх былі пахаваны побач зь Юбілейнай плошчай, на месцы, якое цяпер вядома як мэмарыяльны комплекс “Яма”. На цырымоніі прысутнічалі афіцыйныя асобы, дыпляматы, кіраўнікі габрэйскіх арганізацый, былыя вязьні гета і жыхары сталіцы.

Урачыстая цырымонія пачалася з афіцыйнага выступу Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля хвіліны маўчаньня і малітвы людзі жалобнай працэсіяй прайшлі да помніку ахвярам гета, каб ускласьці кветкі. Сярод іх былі дыпляматы ўсіх акрэдытаваных у Беларусі амбасадаў, кіраўнікі міжнародных і беларускіх габрэйскіх арганізацый, менчукі і былыя вязьні гета, якія прыехалі зь іншых краінаў.

Пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бен-Ар’е ў інтэрвію Свабодзе сказаў:

“Пакаленьне тое сыходзіць цалкам. Нават пакаленьне сыноў сыходзіць. Застаюцца ўнукі, і яны нам ужо нічога не распавядуць, гэта мы ўжо павінны ім нешта распавядаць. Габрэйская суполка ў Беларусі і мы робім усё магчымае дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў той катастрофы”.

Вязьні гета прыгадвалі страшныя моманты той трагедыі. Берта Шнэерсон была 11-гадовай дзяўчынкай, калі трапіла ў гета. Яе маці працавала ў НКВД, калі пачалася вайна. Падчас бамбаваньня ў 1941 годзе дзяўчынка згубілася, і бабуля з маці знайшлі яе толькі пасьля вызваленьня Менску.

Берта паскардзілася, што суседзі неаднойчы дапускалі на яе адрас антысэміцкія выказваньні:

“Я карэнная мянчанка. Дзе я магла быць? Толькі ў Менску. Да вайны я пасьпела скончыць тры клясы. Мама, бабуля, тата і я. Я была адна. Тата загінуў на фронце на самым пачатку вайны…

Мама працавала ў НКВД і за мной не вярнулася. Яе “арганізавана” эвакуавалі зь Менску. Калі бамбавалі Менск, бабуля зачыняла дзьверы. Потым яна завязала рэчы ў вузел і сказала, каб я папільнавала.

Людзі беглі ў бок Лагойскага тракту. Я кінула рэчы, пакінула бабулю і пайшла за імі. Так я згубілася. Мяне знайшлі толькі пасьля вайны. Мама страціла прытомнасьць, як мяне ўбачыла…”

На “Яму” прыехалі старшыні ўплывовых габрэйскіх арганізацый. Сярод іх Авігдор Лібэрман, старшыня партыі “Наш дом Ізраіль”, сябра парлямэнту Ізраілю.

“Безумоўна, любая памяць, зьвязаная з катастрофай, асабліва сёньня, вельмі важная. Любая цырымонія, любое ўшанаваньне гэтай памяці дапамагае прадухіліць наступную катастрофу.

На жаль, тэндэнцыя ў сучасным сьвеце — усё больш і больш аддаваць у забыцьцё катастрофу эўрапейскага габрэйства. Таму мы імкнемся браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах”.

Некалькі праведнікаў прысутнічалі на мэмарыяле. Валянціна Выхота ўратавала габрэйскую дзяўчынку:

“Да нас прывёў бацькаў супрацоўнік Фаню і сказаў, што трэба гэтую дзяўчыну схаваць. Дзяўчынцы было 13 гадоў. Яны была ў нас больш за год. Потым пайшла ў партызанскі атрад. Аднойчы яна прыйшла са сваёй сувязной, і да нас заходзіць “штрайфа” нямецкая. Пытаецца: “А гэта хто?” Я па-нямецку ім адказваю, што гэта мае стрыечныя сёстры. І яны сышлі… Але перад гэтым я ім зачытала (чытае па-нямецку). “Пачакай крыху, адпачнеш і ты”… Яны ледзь не заплакалі. Ім стала няўтульна… Вайна вакол, а тут вялікі Гётэ па-нямецку”.

Амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан сказаў “Свабодзе”:

“Важна шанаваць памяць. Для мяне гэта асабістае месца. Я жыву тут побач на тэрыторыі былога гета. Я бываю побач з гэтым месцам штодня”.

Мерапрыемствы, прысьвечаныя 65-м угодкам зьнішчэньня менскага гета, будуць доўжыцца тры дні. Гэта канфэрэнцыі, выставы, адкрыцьцё мэмарыяльных памятных знакаў на месцы масавых расстрэлаў габрэяў у часе Другой сусьветнай вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG