Сярод іх будуць дыпляматы, прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый Беларусі, Ізраіля, ЗША ды іншых краінаў, а таксама кіраўніцтва Беларусі.
Мерапрыемствы, прысьвечаныя 65-годдзю зьнішчэньня менскага гета, пачынаюцца сёньня і будуць працягвацца тры дні. А 12 гадзіне адбудзецца жалобная цырымонія з удзелам афіцыйных асобаў.
Менскае гета было адным з самых буйных у тагачаснай Эўропе. На акупаванай тэрыторыі СССР яно было другім па колькасьці вязьняў пасьля Львоўскага гета, у якім было 136 000 чалавек. На некалькіх менскіх вуліцах, якія фашысты абкружылі калючым дротам, спачатку было 80 тысяч, а потым больш за 100 тысяч вязьняў.
Гісторыкі налічылі ў Менску тры гета. Першае, самае вялікае, ад жніўня 1941 году да 21-23 кастрычніка 1943. У яго ўваходзілі 39 вуліц і завулкаў каля Юбілейнай плошчы.
Другое гета было каля завода імя Молатава (пазьней імя Леніна). Яно існавала да канца чэрвеня 1944 году. Трэцяе – “зондэргета” (частка гета на вуліцы Сухой). Тут былі тысячы габрэяў, якіх прывезьлі з сямі краінаў Заходняй, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. “Зондэргета” праіснавала ад лістапада 1941 да верасьня 1943 году.
На мэмарыял Яма сёньня прыйдуць выжыўшыя вязьні менскага гета і распавядуць свае гісторыі.
“Будуць вязьні гета. Ім вельмі шмат гадоў. Але ж многія зь іх жадалі прыехаць у Менск на гэтыя дні. Таксама будуць кіраўнікі буйных габрэйскіх арганізацый – прэзыдэнт Міжнароднага габрэйскага кангрэсу, прэзыдэнт Эўрапейскага кангрэсу, прэзыдэнт Эўраазіяцкага кангрэсу. Гэтыя людзі ніколі не былі ў Беларусі”, - гаворыць Іна Герасімава, дырэктарка музэю гісторыі і культуры габрэяў Беларусі, сябра аргкамітэту ў падрыхтоўцы ўрачыстых мерапрыемстваў 21-23 кастрычніка..
Ушанаваць памяць вязьняў менскага гета прыйдуць ня толькі габрэі. Гаворыць актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка:
“Мы будзем там, каб ушанаваць памяць тых, хто там загінуў, Безумоўна, мы памятаем пра тую трагедыю і менавіта моладзь сваёй прысутнасьцю выкажа тое, што мы памятаем і ведаем зь якой адказнасьцю мусім будаваць сваю будучыню”.
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец лічыць, што, наагул, тэма беларускіх габрэяў патрабуе больш пільнай увагі.
“Тры прэзыдэнта і шэсьць прэм’ер-міністраў Ізраілю, заснавальнікі сіанізму і шмат хто з Беларусі. Гэтай тэме, увогуле, не надаецца нічога. У любой нармальнай краіне ўжо б даўно некалькі інстытутаў займалася б гэтым.
Там, дзе будзе адзначацца 65 гадоў зьнішчэньня менскага гета, месца часта апаганьваецца нацыстамі і вінаватых звычайна не знаходзяць. На мой погляд, увагу дзяржавы нельга назваць належнай і, тым больш, празьмернай”.
Цягам трох дзён адбудуцца выставы і адкрыцьцё памятных знакаў на месцах масавых расстрэлаў габрэяў.