Такое абвінавачаньне Кундэру вынікае з дакумэнту, што быў апублікаваны чэскай прэсай на гэтым тыдні. У Чэхіі зьявілася сьведчаньне, якое стаўвіць віну Кундэры пад сумнеў.
Літаратурны гісторык Здэнек Пэшат цьвердзіць, што гэта не Кундэра данёс у службу бясьпекі ў 1950 годзе на засланага з Захаду чэскага агента, а нехта іншы.
Коратка нагадаем, пра што мы ўжо паведамлялі 14 кастрычніка.
Гісторык Адам Градзілак адшукаў у архіве Інстытуту вывучэньня таталітарных рэжымаў дакумэнт, зь якога вынікае, што 14 сакавіка 1950 году Мілан Кундэра, 20-гадовы студэнт Вышэйшай кінашколы ў Празе, паведаміў спэцслужбам, што выведнік Міраслаў Дворжачак будзе начаваць у Івы Міліткі (іхняй супольнай знаёмай) у студэнцкім інтэрнаце. У выніку паведамленьня Кундэры, як цьвердзіць Градзілак, Дворжачак быў таго самага дня арыштаваны, а потым засуджаны на 22 гады турмы. Паводле дакумэнту, пра прыбыцьцё Дворжачка зь Нямеччыны ў Прагу Кундэра дазнаўся ад Міраслава Дласка, хлопца Івы Міліткі.
Дык вось, 15 кастрычніка 2008 г. Здэнек Пэшат засьведчыў, што пасьля прачытаньня прэсавых матэрыялаў пра меркаваны данос Кундэры яму прыгадаўся эпізод якраз зь вясны 1950 году. Паводле Пэшата, які тады быў студэнтам трэцяга курсу Карлавага ўнівэрсытэту, ягоны ўнівэрсытэцкі калега, Міраслаў Длуск, сказаў яму, што пойдзе паведаміць у службу бясьпекі, што ў ягонай дзяўчыны, Івы Міліткі, зьбіраецца пераначаваць чалавек з Захаду, колішні чэскі ўцякач, а цяпер, магчыма, агент-правакатар. Паводле Пэшата, Дласк хацеў запабегчы перасьледу дзяўчыны, калі б пра Дворжачка дазналіся ўлады.
У сьведчаньні, якое Пэшат надыктаваў сваёй жонцы і паслаў у чэскія СМІ, ён кажа, што зьяўляецца невылечна хворым чалавекам і пастаянна карыстаецца дыхальным апаратам. А таму, дадае Пэшат, ён ня можа ні куды-небудзь пайсьці, ні з кім-небудзь пагаварыць пра гэтую справу.
Асьведчаньне Пэшата толькі даліло алею ў агонь спрэчкі ў чэскай прэсе наконт таго, данёс Кундэра на Дворжачка ці не. Сам Кундэра запярэчыў, што такая падзея ў ягоным жыцьці мела месца.
Дласк памёр у пачатку 1990-х. Жыве яшчэ ягоная жонка, Іва Мілітка, якая ведае толькі тое, што Дласк сказаў Кундэру пра прыбыцьцё Дворжачка ў Прагу і пра ягоны намер пераначаваць у яе інтэрнацкім пакоі. І жыве яшчэ ў Швэцыі Дворжачак, які адседзеў амаль 14 гадоў у камуністычнай турме, але нікому не ўдалося схіліць яго да размовы пра той эпізод з 1950 году.
Прэс-сакратар Інстытуту вывучэньня таталітарных рэжымаў Іржы Райхл пацьвердзіў яшчэ раз, што Інстытут лічыць знойдзены пратакол, зь якога вынікае, што данос зрабіў Кундэра, аўтэнтычным дакумэнтам.
Справа Мілана Кундэры выклікае вялікі грамадзкі рэзананс у Чэхіі. Што і ня дзіўна. Кундэра, які быў чэскім дысыдэнтам у 1970-х, лічыўся адным з найважнейшых маральных аўтарытэтаў нацыі. Ягоны кароткі “раман з камунізмам” у маладосьці чэхі тады забылі. Яны ганарыліся пісьменьніцкай славай Кундэры на Захадзе і даволі салідарна лічылі яго ў 1980-х адзіным сур’ёзным чэскім кандыдатам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі за літаратуру.
Але адносіны да Кундэры ў Чэхіі пачалі спакваля мяняцца ў горшы бок пасьля таго, як Кундэра адмовіўся вярнуцца на айчыну пасьля падзеньня камунізму ў 1989 годзе, і сталі яшчэ больш непрыхільныя пасьля 1995 году, калі Кундэра канчаткова перайшоў на пісаньне па-француску.