Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пойдзе ў прэзыдэнты?


Роўна чатыры гады таму, 17 кастрычніка 2004 году, адбыўся ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндум.


У выніку яго была скасаваная канстытуцыйная норма, згодна зь якой адна і тая ж асоба магла кіраваць дзяржавай толькі два тэрміны запар. Дзякуючы гэтаму рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка можа цяпер балятавацца ў прэзыдэнты колькі заўгодна разоў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што новага прэзыдэнта можна абраць ужо на бліжэйшых выбарах:

Анатоль Лябедзька
“Ён можа стаць і праз два гады, калі ў краіне будуць сапраўдныя выбары. Гэта самая галоўная ўмова. І тады гэта рэалістычны праект. Калі ж і надалей усё будзе праходзіць па той жа схеме, як парлямэнцкая і прэзыдэнцкая кампаніі альбо рэфэрэндум, то зьмен можна чакаць яшчэ вельмі і вельмі доўга”.

Спадар Лябедзька кажа, што зьменаў у Выбарчы кодэкс і ў практыку яго ўжываньня трэба дамагчыся цягам бліжэйшых шасьці месяцаў. Менавіта гэта стане тэстам для беларускага кіраўніцтва:

“Калі гэта адбудзецца, то тады можна рыхтавацца да выбараў. І абавязкова выпрацоўваць працэдуру выхаду на адзінага кандыдата і адзіную інфраструктуру. Калі ж усё застанецца бязь зьменаў, то актуалізацыя адзінага кандыдата становіцца на парадак меншай”.

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Скрабец зьбіраецца вылучаць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты. Але ён лічыць, што на выбары павінен ісьці не адзіны кандыдат ад апазыцыі, а некалькі:

Сяргей Скрабец
“Я лічу, што адзіны кандыдат ад апазыцыі, як гэта было зь Мілінкевічам, гэта — памылка. Калі выстаўляць толькі аднаго прэтэндэнта, то гэта не дае магчымасьці зьяўляцца новым палітыкам, а партыям і іншым грамадзкім аб’яднаньням — вылучаць сваіх кандыдатаў.

На наступных прэзыдэнцкіх выбарах маглі б, напрыклад, удзельнічаць палітыкі-жанчыны: Ваніна, Процька, Пеціна... І ў нас ёсьць шмат амбітных маладых палітыкаў. Прадпрымальнікі маглі б вылучыць свайго кандыдата”.

Палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш упэўнены, што на новых прэзыдэнцкіх выбарах першым нумарам будзе ісьці прадстаўнік уладаў. І калі не адбудзецца нечага надзвычайнага, то ім стане Аляксандар Лукашэнка. А што тычыцца апазыцыі, то тут аналітык лічыць: лепш пашукаць новую асобу.

“Тут справа нават не ў асобе, хаця яна, канечне, вялікую ролю адыграе. Справа ў сацыяльным складзе самой апазыцыі і ў тым даверы (на жаль, ня вельмі высокім), які яна мае ў электарату. Гэта — галоўнае.

Ну, а канечне, каб прыйшла новая постаць: маладая, жвавая, з новымі ідэямі, з новым поглядам на сытуацыю, — то гэта, безумоўна, было б цудоўна”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG