Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новых выбараў ня будзе


Belarus - Elections-2008, Empty information board, 3Sep2008
Belarus - Elections-2008, Empty information board, 3Sep2008

Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адмовіла ў задавальненьні скаргаў некаторых былых кандыдатаў у дэпутаты.


Пяць чалавек патрабавалі прызнаць вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня ў сваіх акругах несапраўднымі, яшчэ чатыры патрабавалі пераліку галасоў на асобных выбарчых участках.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сказаў “Свабодзе”:

“Скаргі хоць і былі даволі аб’ёмістымі, але канкрэтных фактаў парушэньня выбарчага заканадаўства, якія б давалі падставу для адмены выбараў у акрузе альбо перагляду вынікаў галасаваньня на асобных выбарчых участках, не было. Таму ўсе скаргі засталіся без задавальненьня”.

Сярод тых, каму сёньня адмовіў Цэнтарвыбаркам, — Сяргей Калякін, Уладзімер Навасяд, Леанід Невар, Уладзімер Сякерка ды іншыя. Спадар Навасяд тлумачыць, што падчас выбарчай кампаніі ў ягонай акрузе было мноства парушэньняў. Напрыклад, ягонаму канкурэнту — дзейнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Генадзю Давыдзьку — улады, насуперак закону, зрабілі вялікую піяр-кампанію:

“За пяць дзён да пачатку выбараў у газэце “Минский курьер” надрукавалі ягоную перадвыбарную праграму накладам 10 тысяч асобнікаў. І яе распаўсюджвалі непасрэдна ў выбарчай акрузе. Між тым, у законе, у спэцыяльнай пастанове ЦВК, пералічаныя рэспубліканскія выданьні, у якіх можна друкаваць праграму. І канечне, ёсьць розьніца, калі яе друкуюць не за 20 дзён да пачатку выбараў, як прадугледжвае закон, а за 5 і распаўсюджваюць у акрузе”.

Уладзімер Навасяд кажа, што ён не спадзяваўся на тое, што Цэнтравыбаркам зойме пры разглядзе скаргаў прынцыповую пазыцыю. А свой зварот сюды тлумачыць выключна асабістымі абавязкамі перад сваёй камандай:

“Вялікую колькасьць людзей я задзейнічаў у выбарчай кампаніі. І найперш перад імі я павінен быў зрабіць усё, выкарыстаць усе магчымасьці”.

Зь дзевяці скаргаў ЦВК разьгледзела сем. Дзьве не разглядаліся наагул, паколькі заяўнікі падалі іх «з парушэньнем працэдураў і тэрміну іх падачы».

Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік гаворыць, што больш заяўнікам скрадзіцца няма куды:

«Выбарчае заканадаўства прадугледжвае, што ў гэтых пытаньнях рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі зьяўляецца канчатковым і абскарджваньню не падлягае».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG