На паседжаньні суду дапытаны два мясцовыя чальцы прафсаюзу РЭП, якія ўваходзяць у новаствораную суполку. Яны пацьвердзілі сваё добраахвотнае ўступленьне ў шэрагі незалежнага прафсаюзу.
Суду прадстаўленыя ўсе запатрабаваныя на мінулым паседжанні дакумэнты пра стварэньне ў Рэчыцы пярвічнай структуры прафсаюзу РЭП. Аднак рашэньня суд пакуль не прыняў.
Гомельскі прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы свайго прафсаюзу ў судзе, паведаміў, што судзьдзя Анатоль Стрэльчанка вырашыў апытаць у якасьці сьведкаў усіх сяброў новастворанай прафсаюзнай суполкі. Разгляд справы будзе працягнуты 13 кастрычніка.
Нагадаем, што Рэчыцкая тэрытарыяльная суполка прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці створана яшчэ ў 2007 годзе.
Прафсаюз РЭП двойчы падаваў у выканкам дакумэнты на рэгістрацыю сваёй пярвічнай структуры. Аднак выканкам адмовіўся паставіць суполку на ўлік — на той падставе, што ў горадзе ўжо дзейнічае адна арганізацыя незалежнага прафсаюзу.