Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацюкі з галоўнае сцэны “Дажынак” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Рэпартаж з другога дня рэспубліканскага сьвята хлебаробаў.


Сёньня Аляксандар Лукашэнка павіншаваў пераможцаў сёлетняга жніва. На галоўнай канцэртнай пляцоўцы ў аршанскім гарадзкім парку ім уручылі ўзнагароды – машыны, кампутары і грошы.

У чаканьні ўрадавай дэлегацыі першы дзень сьвяткаваньня “Дажынак” для многіх быў працоўным. У тым ліку для будаўнікоў і дарожнікаў, якія фарбавалі платы й асфальтавалі дарогі.

Сьвята пачалося, недаробкі засталіся

Другі дзень аршанскіх “Дажынак” выдаўся халаднейшым, і на галоўны канцэрт, прысьвечаны сьвяту хлебаробаў, засталіся ня ўсе ўладальнікі запрашальных білетаў. Жаданьне сагрэцца аказалася мацнейшым за цікавасьць да тутэйшых і расейскіх зорак. Хоць тыя ўсяляк стараліся спадабацца простым беларускім працаўнікам — гумарысты з расейскай праграмы “Аншляг” нават ужывалі са сцэны нецэнзурную лексыку ды рабілі непрыстойныя жэсты.

Скульптура Гулівера, празваная “помнікам Сашу і Колю”
Шараговыя аршанцы ў выходны дзень выйшлі ў горад. Пасьля рэканструкцыі гарадзкіх будынкаў, вуліц і плошчаў, якая завяршылася толькі напярэдадні сьвята, горад выглядае непазнавальна.

Перад “Дажынкамі” былі зьнесены цэлыя кварталы прыватнай забудовы ў цэнтры гораду. Цяпер там зьявіліся “голыя газоны” — так аршанцы празвалі лапікі зямлі, на якіх ці то забыліся пасеяць траву, ці то яна не пасьпела вырасьці. Яшчэ аршанскія дасьціпнікі пасьпелі ўжо перайменаваць нядаўна ўсталяваную ў дзіцячым парку скульптуру Гулівера зь ліліпутам на далоні ў “помнік Сашу і Колю”.

Помнік Уладзімер Караткевічу пераехаў далей ад “Дажынак”

А бюст славутаму ўраджэнцу Воршы Ўладзімеру Караткевічу перанесьлі падчас рэстаўрацыі парку, і цяпер ён стаіць у іншым месцы і ў іншым ракурсе: сьпіной да цэнтру “сталіцы “Дажынак” і тварам да спаконвечнага Дняпра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG