Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталіца “Дажынак” наймае гастарбайтэраў


Cталіца cёлетніх Дажынак Ворша нагадвае места, зруйнаванае захопнікамі — зь перакапанымі плошчамі і дарогамі, закрытымі мастамі, маштабнымі даўгабудамі. Сярод амаль завершаных аб’ектаў хіба грамадзкая прыбіральня на набярэжнай Дняпра, якая цалкам адгарадзіла ад людзей помнік аднаму з самых славутых аршанцаў — Уладзімеру Караткевічу.


На добраўпарадкаваньне Воршы да “Дажынак” выдаткавана 400 мільярдаў рублёў. Намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Віктар Пятруша ў нядаўнім інтэрвію “Народнай газэце” расказаў, што ўлады паставілі перад сабой амбіцыйную задачу — перабудаваць на гэтыя грошы горад “да непазнавальнасьці”. Многія мясцовыя жыхары не пазнаюць свой горад ужо сёньня. Як расказвае мясцовы жыхар Іван Жаркоў, нават нібыта адноўленыя дарогі і вуліцы камунальныя службы адкрываць не сьпяшаюцца:

“Будаўніцтва ніяк не фарсіруецца. Нейкія 300 мэтраў дарогі ня могуць здаць, якія на магілёўскім кірунку разгружаюць горад амаль цалкам. Дык не, цягнуць штосьці, марудзяць. Некаторыя дарогі ўжо паробленыя, а чагосьці чакаюць. Чакаюць прэзыдэнта, напэўна. Каб да ягонага прыезду не разьбілі. Вуліцу Савецкую ніяк ня могуць завяршыць. Як мне падаецца, проста позна пачалі, цяпер аўрал, вось і ўсе нязручнасьці. Для пасажыраў, для гораду і гараджанаў гэта пакуль што бедзтва. Усе чакаем сьветлай будучыні. Як калісьці камунізму”.

Галоўная праблема гарадзкіх уладаў — пасьпець за два месяцы асвоіць дзяржаўныя сродкі. Дакладней, знайсьці ахвотных працаваць. У “добраахвотна-прымусовым” парадку ў Воршу ўжо камандзіравалі 2 тысячы будаўнікоў з усёй Беларусі, але і “гастарбайтэры” не пасьпяваюць выправіць наступствы перабудовы. На плошчы Леніна, дзе ў кастрычніку будуць біць у неба фантаны, правадыр пралетарыяту стаіць пасярод гор сьмецьця. У руінах застаецца пешаходны “міні-Арбат” зь відам на Аршанскі гарвыканкам. Ператварэньне ў забаўляльную зону набярэжнай Дняпра, адкуль зь вялікім скандалам ссунулі цэлы прыватны сэктар, праўдападобна, будуць завяршаць ужо пасьля сьвята.

Сярод дасягненьняў, пра якія ўжо адрапартавалі — вернутая з “тэхагляду” на пастамэнт “Кацюша” і адрэстаўраваны езуіцкі калегіюм XVII стагодзьдзя, у якім за савецкім часам была турма. Бадай, амаль гатовы аб’ект — грамадзкая прыбіральня з элемэнтамі псэўдабарока ў гарадзкім парку. Аб’ектыўна патрэбны будынак ня выклікаў бы лішніх пытаньняў, каб не паўстаў побач з бронзавым Караткевічам — пратэсты мясцовай інтэлігенцыі не ўратавалі клясыка беларускай літаратуры ад спэцыфічнага суседзтва. Цяпер улады абяцаюць, што перанясуць помнік у іншае месца. Але тут стаяў яшчэ даваенны дом Караткевічаў, што, на думку інтэлігенцыі, ад пачатку павінна было расставіць акцэнты ў спрэчцы, што важней — гістарычная праўда ці фізіялягічная патрэба?

Але многія гараджане лічаць, што “Дажынкі” для Воршы — сапраўдны паратунак. Як кажа пэнсіянэрка Людміла Кавалёва, каб ня сьвята, дык горад са 140-тысячным насельніцтвам паступова прыйшоў бы ў заняпад:

“Спадзяюся, што да “Дажынак” будаўнікі справяцца і ў нас у горадзе будзе вельмі прыгожа. Будзе пешаходная зона ў цэнтры гораду, потым уздоўж набярэжнай Дняпра — трохкілямэтровая прагулачная зона. Там будзе і аквапарк, і забаўляльны цэнтар. Пачне працаваць дзіцячая бібліятэка імя Караткевіча. Вельмі шмат пакладзена асфальту, парадкуюцца пешаходныя дарожкі, будуюцца новыя дамы ў нас. Карацей, горад пераўвасабляецца. І я перакананая, што ён будзе вельмі і вельмі прыгожы. Вядома, цяжкасьці з транспартам зараз існуюць, ня зроблена яшчэ цалкам вуліца Савецкая. Таму даводзіцца гараджанам накручваць у аб’ездах вельмі шмат кілямэтраў. Але гэта ўсё часовыя нязручнасьці”.

Аўрал з падрыхтоўкай да “Дажынак” прывёў да таго, што мабілізуюць практычна ўсіх, на каго можна хоць ускосна паўзьдзейнічаць. Адзін з навучэнцаў мясцовай прафэсійна-тэхнічнай вучэльні расказаў, што студэнтаў і працоўную моладзь літаральна гвалтам прыцягваюць на адпрацоўку. Іншагароднім і бескватэрным пагражаюць пазбаўленьнем месца ў інтэрнатах, а ня надта пасьпяховым намякаюць, што ў будучыні праблемы з вучобай прывядуць да адлічэньня. У выніку можна бачыць, як тратуарную плітку ды цэглу на будоўлях цягаюць нават кволыя дзяўчаты.


Караткевічу падсунулі спэцыфічнае суседзтва — грамадзкую прыбіральню

















Апошні год для Оршы тыповыя такія “ходнікі”





































Дзе-нідзе працы толькі пачынаюцца










Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG