Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Дабралюбаў судзіцца зь “Беларусьфільмам”


17 верасьня судовая калегія ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду Беларусі пачала разгляд пазову кінарэжысэра, народнага артыста Беларусі Ігара Дабралюбава да кінастудыі "Беларусьфільм".


Інтарэсы 75-гадовага патрыярха беларускага кіно ў судзе прадстаўляе сын Аляксей. Па просьбе БелаПАН Аляксей Дабралюбаў пракамэнтаваў сутнасьць канфліктнай сытуацыі: "Гаворка ідзе пра фільмы Ігара Дабралюбава, зробленыя на кінастудыі "Беларусьфільм". Праблема ў наступным… Кінастудыяй заключаныя аўтарскія дагаворы (і ня толькі з Дабралюбавым) на выкарыстаньне маёмасных правоў для таго, каб кінастудыя магла карэктна выконваць абавязкі па прадстаўленні гэтых фільмаў як для беларускіх, гэтак і для замежных карыстальнікаў. Дагавор заключаўся ў 2002 годзе. У апошнія гады каньюнктура дастаткова моцна зьмянілася, і расейскі бок і замежныя партнэры сталі праяўляць значна большую цікавасьць да кінаспадчыны. Адпаведна і набываць гэтыя прадукты сталі нашмат часцей. На заканамерную просьбу Ігара Міхайлавіча падаць дакумэнты, згодна зь якімі адбываецца продаж гэтых фільмаў кінастудыяй "Беларусьфільм", ён атрымаў дастаткова жорсткую адмову — маўляў, канкрэтна для яго гэта зьяўляецца камэрцыйнай таямніцай. Паколькі гэта абсалютна незразумела — бок, які прадстаўляе інтарэсы іншага боку і пры гэтым зусім ня хоча камэнтаваць, як менавіта ён гэтыя інтарэсы прадстаўляе, — мы і вымушаныя былі зьвярнуцца ў суд".

Паводле словаў А.Дабралюбава, яго бацька настойвае на скасаваньні дагавору аб маёмасных правах паміж ім і "Беларусьфільмам". У сваю чаргу кінастудыя выставіла сустрэчны пазоў, у якім сьцьвярджаецца, што рэжысэр не валодае гэтымі маёмаснымі аўтарскімі правамі і, адпаведна, увогуле ня меў права заключаць падобныя дагаворы.

Калегія Вярхоўнага суду заслухала пазыцыі бакоў, працяг паседжаньня — 18 верасьня.

Ігар Дабралюбаў — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1974), народны артыст БССР (1985). Зьняў каля двух дзясяткаў мастацкіх фільмаў, найбольш вядомыя сярод іх — "Белыя росы", "Расклад на пасьлязаўтра", "Іван Макаравіч", "Пад сакрэтам усяму свету". Ляўрэат шэрагу кінэматаграфічных прэміяў і кінафэстываляў.

Сёлета ў красавіку Нэлі Іванаўне – жонцы Ігара Міхайлавіча – патэлефанавалі з Масквы са створанага ў Расеі фонду “Добры век”. Гэты фонд арганізаваны на ініцыятыву Мікіты Міхалкова ў падтрымку вэтэранаў кіно былога Савецкага Саюзу. Фінансуюць яго расейскія бізнэсоўцы. Прадстаўнікі фонду запыталіся пра Ігара Міхайлавіча: як жыве, чым займаецца, якое здароўе? Былі вельмі засмучаныя, што рэжысэр хворы. Прапанавалі грашовую падтрымку.

Дабралюбава: “Такая ўвага стала для нас вельмі нечаканай і кранальнай, бо ў іншай краіне ўспомнілі пра рэжысэра Ігара Міхайлавіча Дабралюбава і вылучылі яму штомесячную стыпэндыю памерам каля 200 даляраў. Грошы, натуральна, заўсёды патрэбныя. Гэта важна, але імі не ацэніш той увагі да чалавека, які шмат зрабіў для кіно”.

Ігар Міхайлавіч хварэе ўжо два гады. Пад канец мінулага году перамог першы інсульт. Летась 31-га сьнежня здарыўся яшчэ адзін інсульт – больш цяжкі. Цяпер Ігар Міхайлавіч толькі ляжыць, крыху можа прысесьці на ложку. Мову адняло.

За гэты час у Беларусі ніводзін чыноўнік зь Міністэрства культуры ніводнага разу не пацікавіўся станам здароўя рэжысэра. Ні радка не напісалі пра ягоную хваробу дзяржаўныя СМІ. Затое сям’я і сябры, калегі, зь якімі ён зрабіў не адзін дзясятак фільмаў ці каму дапамагаў у прафэсіі, не пакідаюць Майстра. І яны адназначна зьвязваюць ланцуг хваробаў, які перасьледуе Ігара Міхайлавіча апошнія гады, зь ягоным адлучэньнем ад кіно.

Вось думка рэжысэра Юр’я Хашчавацкага, які лічыць Дабралюбава сваім настаўнікам у жыцьці і прафэсіі:

“Гэты чалавек заўсёды ўсьміхаўся, заўсёды быў аптымістам. Нам вельмі цяжка ўявіць сабе, колькі гора было ў яго ўнутры з-за таго, што ён, безумоўна, вельмі таленавіты чалавек, выдатны рэжысэр, практычна быў адлучаны ад прафэсіі. У апошнія гады ён марыць пра тое, каб зрабіць фільм паводле Быкава. Ён доўга прабіваў гэта. Уявіце сабе, колькі нэрваў забірае барацьба з гэтымі чыноўнікамі, з гэтым невуцтвам, якое нас сёньня акаляе. Безумоўна, гэта выканала сваю пэўную ролю ў ягонай хваробе”.

Ігар Дабралюбаў, народны артыст, рэжысэр, які здабываў прызы на аўтарытэтных кінафэстывалях, які зьняў адну з самых папулярных у народзе камэдыяў “Белыя росы”, быў выкінуты з прафэсіі ў самы творчы для рэжысэра век – у 60 гадоў. Апошні фільм “Эпілёг”, пастаўлены ім у 1992 годзе паводле твораў Івана Шамякіна, цяпер успрымаецца як прароцтва. Там мастакі дажывалі свой век у нястачы і на ўзбочыне грамадзтва. Пятнаццаць гадоў Ігару Дабралюбаву начальства не дае права здымаць сваё кіно.

Ігару Міхайлавічу, калі ў гэтым выпадку так можна сказаць, пашанцавала зь сям’ёй. Яго даглядаюць, ён адчувае шчырасьць і любоў жонкі Нэлі, сыноў Алёшы і Мішы. Іх апека і любоў дапамагаюць перажыць цяжкую хваробу.

Захавалася стужка з запісам размовы зь Ігарам Міхайлавічам 5 траўня 2006 году, за 20 дзён да першага інсульту.

Ракіцкі: “Калі б вы сёньня атрымалі магчымасьць зьняць кіно, пра што яно было б?”

Дабралюбаў: “У мяне з Васем Быкавым была дамова на экранізацыю “Жоўтага пясочку”. Я і здымаў бы “Жоўты пясочак” – ягоную маленькую аповесьць пра тое, як НКВД вязе на расстрэл...”

Ракіцкі: "А чаму гэты фільм так і не зьняты?”

Дабралюбаў: “Міністэрства культуры адказала, што прачытаем і пазвонім. Вось дагэтуль і чытаюць. Гады тры-чатыры... Жах...!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG