Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына – самы карумпаваны рэгіён у Беларусі?


Галоўнымі перашкодамі на шляху эканамічнага ўздыму ў Беларусі жыхары Магілёўшчыны лічаць карупцыю і бюракратыю. Гэта вынікае з дасьледаваньня, якое праводзіў цягам двух тыдняў беларускі сацыялягічны цэнтар “Зеркало-инфо”.

Паводле дасьледаваньня, карупцыю як перашкоду эканамічнаму росту назвалі 57 працэнтаў апытаных, а бюракратыю – амаль 45 працэнтаў. Вынікі дазваляюць таксама сьцьвярджаць, што Магілёўшчына – самы карумпаваны рэгіён Беларусі.

У сацыялягічным цэнтры “Зеркало-инфо” зазначаюць, што ня ставілі за мэту вызначыць ступень карумпаванасьці рэгіёнаў:

“Мы ў краіне апыталі паўтары тысячы чалавек. На Магілёўшчыну папала прыкладна сто восемдзесят анкет. І пытаньне стаяла не аб карупцыі ў цэлым. Людзі могуць гэтыя моманты адзначыць, а могуць не адзначыць. Тое, што крыху болей адзначылі, гэта так”, – паведаміў супрацоўнік цэнтру.

Ва ўправе па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Магілёўскага аблвыканкаму зазначылі, што шукаць адказ на пытаньне, які рэгіён Беларусі больш карумпаваны, а які менш, папросту некарэктна, бо дужа цяжка вызначыць крытэры такога дасьледаваньня.

Разам з тым у чэрвені на адной з нарадаў у Генэральнай пракуратуры Беларусі адзначалі рост злачынстваў карупцыйнай скіраванасьці. Іх большую частку сьледчыя зьвязвалі з хабарніцтвам і службовым падлогам.

А вось беларускі эканаміст Міхась Залескі асноўным крытэрам у вызначэньні ўзроўню карупцыі лічыць час, за які службоўцы зробяць тое, што некаму патрэбна. Эканаміст зазначае: беларуская карупцыя адметная не адмаўленьнем рабіць, але – запаволеньнем працэсу:

“Яна ахоплівае ня толькі высокі ўзровень, які маюць на ўвазе супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю, а ўсе ўзроўні грамадзтва. Кожны драбнюткі чыноўнік: камэндант інтэрнату, пашпартыстка, – чакаюць, пакуль ты ім кінеш у дзюбу. І ня робіць. Альбо робіць дужа марудна”.

Хабары ў Беларусі, паводле спадара Залескага, непараўнальна меншыя, напрыклад, за расейскія:

“Дзьвесьце даляраў прапаршчыку ваенкамату, дзьвесьце даляраў там выкладчыку. У параўнаньні зь іншымі краінамі гэта капейчыны. Але яны сьведчаць пра ўзровень багацьця грамадзтва. Мы – аскепак Савецкага Саюзу, і ў нас карупцыя засталася савецкая”.

Што да памеру хабару, то тут эканаміст Міхась Залескі не зусім мае рацыю. Так, пры канцы жніўня ў Магілёве затрымалі дырэктара мясцовага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастры. За спрыяньне маскоўскія бізнэсоўцы спрабавалі даць яму хабар у памеры 45 тысяч даляраў.

Паводле старшыні магілёўскага абласнога аб’яднаньня Саюзу прадпрымальнікаў Тацяны Казлоўскай, з выпадкамі карупцыі часта даводзіцца сутыкацца менавіта бізнэсоўцам:

“Калі прадпрымальніку пагражаюць штрафныя санкцыі, то ён будзе старацца знайсьці нейкія спосабы дамовіцца з правяраньнікам, каб гэтыя штрафныя санкцыі зьменшыць. Чым больш зарэгуляваная любая адміністрацыйная працэдура, тым больш чыноўніцкага свавольніцтва і карупцыі”.

Паводле спадарыні Казлоўскай, Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, дзе падатковыя органы маюць пляны на штрафы, а гэта спажыўная глеба для карупцыі.

Крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны лічыць: сельская гаспадарка Магілёўшчыны карумпаваная. Ён прыводзіць прыклад сельгаспрадпрыемства “Бель”, што на Крычаўшчыне. Там Камітэт дзяржаўнага кантролю выкрыў маштабныя прыпіскі, і раённы суд цяпер разглядае дваццаць крымінальных справаў:

“Пэўныя грошы, то бок датацыі, якія ішлі ад дзяржавы, апыналіся ў кішэнях чыноўнікаў. Камітэт дзяржаўнага кантролю колькі год таму ўстанавіў факты гэтых прыпісак, але абласныя ўлады не давалі завесьці крымінальнай справы. І толькі летась судовыя працэсы пачалі праходзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG