Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ракава: Да любога індэксу трэба ставіцца асьцярожна


Што азначае адносна высокае месца, якое заняла Беларусь ў справаздачы аб умовах вядзеньня бізнэсу, падрыхтаванай Усясьветным банкам? Ці сапраўды, як вынікае са справаздачы, гэтыя ўмовы ў Беларусі лепшыя, чым у суседніх Украіне і Расеі?


Экспэрт Усясьветнага банку Сьвятлана Багудзінава тлумачыць, чаму банк даў такія высокія ацэнкі Беларусі.

Багудзінава: “Сёлета, як і летась, краіны Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі апярэджваюць іншыя рэгіёны паводле тэмпаў правядзеньня рэформаў. Мы таксама назіраем цікавую зьяву – рэформы рушаць на Ўсход. Сёлета 4 новыя краіны рэгіёну – гэта Азэрбайджан, Албанія, Кіргістан і Беларусь увайшлі ў лік лідэраў па правядзеньні рэформаў.

Беларусь сёлета была адной з найбольш актыўных краін –рэфарматараў сёлета. Я б хацела адзначыць рэформу ў стварэньні новых прадпрыемстваў – гэта “адзінае вакно” па рэгістрацыі прадпрыемстваў, якое сёлета функцыянуе яшчэ лепш, чым летась. Таксама рэгістрацыя ўласнасьці была адной з выбітных рэформаў. Беларусь зараз знаходзіцца сярод першых 20 краінаў з найбольш эфэктаў рэгістрацыяй правоў уласнасьці. Яшчэ тры гады таму ў Беларусі трэба было 200 дзён, каб перадаць права ўласнасьці на нерухомасьць ад адной фірмы іншай. Цяпер гэтая лічба скарацілася ў 10 разоў”.

Н.Рэдман: Гэта пазытыўны сыгнал для інвэстараў

Нікалас Рэдман, эканамічны экспэрт ангельскага тыднёвіка "The Economist", сказаў нашаму радыё, што штогадовая справаздача Усясьветнага банку "Doing Business 2009" аб ступені рэформаў у нарматыўна-прававой сфэры прадпрымальніцтва, нягледзячы на свае абмежаваньні, адыгрывае станоўчую ролю ў сьвеце бізнэсу:

Рэдман: "Усясьветны банк даволі шчыра прызнае абмежаваньні сваёй справаздачы, таму я ня думаю, што нехта будзе сапраўды інвэставаць у нейкай краіне толькі на падставе яе высокага рэйтынгу ў гэтай справаздачы. Але гэта карысная рэч, і бальшыня краінаў трактуе свой рэйтынг сур’ёзна, таму што гэта пазытыўны сыгнал, які прынамсі можа заахвоціць патэнцыйных інвэстараў прыгледзецца да дадзенай краіны".

Карэспандэнт: Паводле Рэдмана, інвэстары зацікаўленыя перш за ўсё ў агульным стане бізнэсовага асяродзьдзя ў дадзенай краіне, а значыць, ня толькі у тым, якія законы наконт бізнэсу дзейнічаюць у краіне, але і ў тым, як яны прымяняюцца судовай сыстэмай. Ня менш важнымі, паводле яго, зьяўляюцца таксама агульная эканамічная стабільнасьць ды ўзровень інфляцыі і карупцыі. І, урэшце, аб’ём рынку:

Рэдман: "Некаторыя малыя краіны, такія як Азэрбайджан і Грузія, якія былі на вяршыні апошніх рэйтынгаў, знаходзяцца ў менш спрыяльным становішчы чым, прыкладам, Расея або нават Украіна і Турцыя. Рынкі ў іх нашмат меншыя, і магчымасьці прадаць мыла або нейкі іншы тавар там бясспрэчна значна больш абмежаваныя".

А.Ракава: Да любога індэксу трэба ставіцца асьцярожна

Экспэрт Інстытуту мэнэджмэнту і прыватызацыі Алена Ракава таксама мяркуе, што справа ня толькі ў рэальных посьпехах Беларусі, але і ў мэтодыцы падліку індэксаў. Паводле справаздачы Ўсясьветнага банку Беларусь стала ня толькі лідэрам рэформаў умоваў прадпрымальніцтва, але апярэджвае, скажам, і Ўкраіну, і Расею і паводле абсалютных паказчыкаў. Ці азначае гэта, што Беларусь робіцца, так бы мовіць, новым Сінгапурам?

Ракава: "Проста ва Ўкраіне і ў Расеі таксама ня ўсё салодка, бела і пухната. Зь іншага боку індэксы маюць сваю спэцыфіку. Ёсьць фармальны альгарытм, паводле якога іх лічаць. І паводле альгарытму атрымліваецца, што ў нас лепш. Ёсьць іншая арганізацыя Transparency international, паводле якой карупцыя ў Расеі значна меншая, чым у Беларусі. Я асабіста ў гэта ня веру.

Да любога індэксу трэба ставіцца асьцярожна і больш глядзець на ягоную дынаміку. Ну і аб'ектыўна нешта ж у нас і лепш -- рэгістрацыя ўласнасьці, працоўнае заканадаўства. Але па сутнасьці гэты індэкс паказаў, што летась было шмат зроблена, паказаў рух".

Карэспандэнт: Індэксы - рэч сапраўды спрэчная. Але ёсьць такі аб'ектыўны паказчык, як рух капіталу. Куды бяжыць капітал -- у Беларусь ці з Беларусі?

Ракава: “Калі параўноўваць прамыя замежныя інвэстыцыі , то у нас яны - 200-300 мільёнаў даляраў, а ў Расеі летась было 80 мільярдаў даляраў. Хаця Расея і значна больш, але ўсё ж патокі інвэстыцый несувымерныя. Паказчыкі справаздачаў - гэта добра, але пры прыняцьці рашэньняў аб інвэстыцыях ёсьць шмат паказчыкаў, якія многія індэксы ня могуць улічваць. Закон і ягонае ўжываньне таксама разыходзяцца. У Беларусі фармальна можа нешта і лепш, чым у Расеі, але на практыцы можа быць наадварот. Паводле аб'ёмаў прыцягнутага капіталу мы прайграем і Ўкраіне, і Расеі".

Карэспандэнт: Акрамя інвэстыцый ёсьць яшчэ такая простая рэч, як перавод бізнэсаў у іншую краіну. Мы ўсе шмат чулі пра тое, як той ці іншы бізнэсовец перавёў сваю справу ў Расею ці Ўкраіну. Наколькі гэта масавы працэс? Ці ёсьць адваротны рух?

Ракава: "Такой статыстыкі няма. Але я дапускаю , што такіх прадпрыемстваў дастаткова шмат. І нават не перавод, а адкрыцьцё, скажам, у Смаленску ці Маскве яшчэ адной кампаніі і вядзеньне бізнэсу ў асноўным праз яе. Я ведаю нямала такіх выпадкаў, калі людзі запісваюць асноўную ўласнасьць на гэтыя прадпрыемствы ў Расеі. Бо выпадкаў канфіскацыі ўласнасьці ці велізарных штрафаў у нас значна больш, чым там. У Расеі перападзел уласнасьці ідзе на ўзроўні найбуйнейшых прадпрыемстваў, а ў нас ня грэбуюць і дробным бізнэсам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG