Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс Лошыцкай сядзібы: рэстаўрацыя ці навабуд? <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Лошыцкім парку ў Менску вядуцца будаўнічыя і земляныя работы, якія зьмяняць выгляд гістарычнай сядзібы і ўнікальнага парку. Грамадзкасьць непакоіцца, ці захаваюцца парк і сядзіба як гістарычныя помнікі.


Фотагалерэя

Будаўнічы майстар Юры Карповіч камандуе экскаватаршчыкамі і шафёрамі грузавікоў, якія вывозяць іл з дна Лошыцкай запруды. Заданьне майстра — як мага хутчэй ачысьціць старую запруду. Скончыць гэтую працу трэба было яшчэ ў чэрвені, а канца дагэтуль не відаць. Юры Карповіч паказвае адзнакі, на якія арыентуецца экскаватаршчык. На пытаньне, ці чыстаю будзе запруда пасьля гэтай працы, Юры Карповіч скептычна ўсьміхаецца:

“Адзнакі адзнакамі, але глей усё роўна застаецца. Ці трэба прыбіраць глыбей? Ня ведаю. Хай вырашаюць праекціроўшчыкі, яны ж арыентуюцца на дасьледаваньні”.

Юры Карповіч паказвае на насыпаную ў цэнтры будучага возера выспу, да якой пракладзены новы драўляны масток. Кажа, што гэта будзе “выспа закаханых”, а на мастку, магчыма, будуць фатаграфавацца на памяць шлюбныя пары. Але што дакладна будзе, майстар ня ведае, бо праекту перабудовы парку ён ня бачыў. А хто бачыў?

У кабінэце дырэктара Лошыцкай садова-паркавай гаспадаркі Анатоля Аўдзевіча — прыемная прахалода. Дырэкцыя месьціцца ў былым сядзібным флігелі — умелі старыя майстры будаваць, каб было і прыгожа, і ўтульна. Анатоль Львовіч шчыра кажа, што таксама ня бачыў праекту рэканструкцыі, але верыць, што сядзібу захаваюць у гістарычным выглядзе:


“Тут жа працуюць рэстаўратары, яны адкрываюць усе гістарычныя слаі, вызначаць старэйшы, і адносна яго будзе ўсё аднаўляцца. Кожны пакой, кожны... Пры чым тут сучасны выгляд? Ёсьць жа навуковы кіраўнік. Ніхто не дазволіць тут усё перарабіць па-сучаснаму”.

У канцы размовы дырэктар заўважыў, што Лошыцкі парк ня можа застацца ўбаку ад працэсаў, якія ідуць у вялікім горадзе. “Побач мікрараён на 40 тысяч, трэба ж людзям дзе адпачыць”, — сказаў Анатоль Аўдзевіч. Але што будзе пабудавана ў парку і ці істотна ён зьменіць свой цяперашні выгляд? Дырэктар паціснуў плячыма. Ён дакладна ведае, што ў сядзібе будзе музэй, а якія там будуць экспанаты — гэта справа гарадзкой управы культуры:

“Мы ж адказваем за паркавую гаспадарку. А музэй перададуць управе культуры”.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч не падзяляе гэтага аптымізму адносна будучыні Лошыцкага парку і былой сядзібы абшарнікаў Прушынскіх. Паводле зьвестак Антона Астаповіча, гарадзкія ўлады задумалі зрабіць з Лошыцкага парку нешта кшталту парку Горкага — з атракцыёнамі і рэстаранамі, а старажытную сядзібу чакае разбурэньне і адбудова нанава з сучасных матэрыялаў:

“Такі навабуд парушае і беларускія законы, і міжнародныя дакумэнты ў галіне аховы і кансэрвацыі гісторыка-культурнай спадчыны”.

Антон Астаповіч зьвярнуўся ў Менгарвыканкам і ў Міністэрства культуры з просьбай патлумачыць лёс парку і сядзібы ў Лошыцы. Гарадзкія ўлады ініцыятару не адказалі, а зь Мінкульту спадару Астаповічу паведамілі, што ягоны зварот пераслалі гарадзкім уладам:

“Гэта мяне вельмі зьдзіўляе, бо ўсё роўна такія пытаньні нават канцэптуальна вырашаюцца ў міністэрстве культуры, якое цалкам адказвае за захаваньне гістарычнай спадчыны”.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG