Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква: НАТО не дапаможа Грузіі вырашыць канфлікты


У пятніцу ў Санкт-Пецярбурзе адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Грузіі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Міхаіла Саакашвілі.


Прэзыдэнты, у прыватнасьці, абмеркавалі пэрспэктывы ўрэгуляваньня абвостранага апошнім часам грузінска-абхаскага канфлікту.

Як заявіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, Масква перасьцерагла Тбілісі ад спробаў разьвязаць канфлікты ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі шляхам уваходу Грузіі ў НАТО.

Расказаць пра вынікі сустрэчы Мядзьведзева і Саакашвілі і сытуацыю з урэгуляваньнем канфлікту мы папрасілі дырэктара грузінскай службы Радыё Свабода Давіда Какабадзэ:

“Думаю, сам па сабе факт гэтай сустрэчы важны. Ад гэтай сустрэчы ніхто не чакаў прарыву ў дачыненьнях Грузіі і Расеі, бо гэтыя дачыненьні сапраўды даволі напружаныя. І адной сустрэчай тэмпэратуры ня зьнізіш. Але вельмі добра ўжо тое, што новы прэзыдэнт Расеі сустрэўся з грузінскім прэзыдэнтам і прынамсі вонкава выразіў гатовасьць да супрацоўніцтва, да ўсякай дапамогі для ўрэгуляваньня канфліктаў на тэрыторыі Грузіі.

Гэта, я думаю, гатовасьць з прыцэлам на будучыню, на тое, каб нарэшце скончылася абвінавачваньне адзін аднаго ўва ўсіх магчымых грахох. Я спадзяюся, што гэтая сустрэча запачаткуе сапраўды канструктыўныя перамовы на тэмы як урэгуляваньня канфліктаў, так і адмены тых рашэньняў, якія ў 2006 годзе Масква прыняла ў адносінах да грузінскіх грамадзянаў, у сфэры блякады грузінскіх прадуктаў…”

У пятніцу ў Сухумі адзін зь лідэраў Эўрапейскага Зьвязу Хавіер Саляна абмеркаваў з прэзыдэнтам Абхазіі Сяргеем Багапшам пэрспэктывы ўрэгуляваньня грузінска-абхаскага канфлікту. Паводле Саляны, Эўразьвяз мае намер больш актыўна спрыяць аднаўленьню перамоваў паміж Сухумі і Тбілісі. Багапш у сваю чаргу падкрэсьліў, што абхаскі бок адновіць дыялёг з Тбілісі толькі пасьля вываду грузінскіх узброеных фармаваньняў зь верхняй часткі Кандорскай цясьніны. А на якіх варунках гатовыя на перамовы грузінскія ўлады? Давід Какабадзэ:

“Наколькі мне вядома, грузінскія ўлады не выстаўляюць ніякіх патрабаваньняў. Яны гатовыя пачаць дыялёг без усякіх папярэдніх умоваў.

Што да сёньняшняй заявы Сяргея Багапша, то яна прагучала не ўпершыню. Абхаскі бок даўно ўжо гаворыць пра тое, што гатовы пачаць перамовы толькі ў тым разе, калі “грузінскія ўзброеныя фармаваньні”, як выражаюцца сэпаратысты, пакінуць Кадорскую цясьніну. Аднак Тбілісі заяўляе, што там ніякіх узброеных фармаваньняў няма. І гэта пацьвердзіла й місія ААН, якая знаходзіцца ў Грузіі. Там разьмешчаныя паліцэйскія фармаваньні – яны дбаюць пра бясьпеку жыхарства, што жыве ў Кадорскай цясьніне. Таму раз і назаўсёды трэба ўстанавіць – з дапамогаю незалежных экспэртаў – хто там сапраўды знаходзіцца: ёсьць там узброеныя фармаваньні ці іх там няма. Таму што калі абхаскі бок і надалей будзе называць гэта сваёй умоваю для аднаўленьня перамоваў, а насамрэч узброеных фармаваньняў там няма, то выйдзе нейкі абсурд.

Самае галоўнае, і гэта, дарэчы, Саляна сёньня адзначыў: колькі б пасярэднікі ні стараліся, колькі б ні прыяжджалі ў Тбілісі і Сухумі, усё-такі галоўны ключ да разьвязаньня гэтай праблемы – перамовы двух бакоў, менавіта Тбілісі і Сухумі, а не Тбілісі і Масквы ці Масквы і Сухумі. Мне здаецца, што візыт Саляны сам па сабе вельмі важны, бо Эўрапейскі Зьвяз дасюль нібыта не хацеў адыгрываць больш актыўнай ролі ва ўрэгуляваньні канфліктаў на тэрыторыі Грузіі і практычна роля мэдыятара давалася Маскве, якая проста ня можа быць нэўтральнай у гэтых канфліктах”.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG