У дачыненьні да спадара Ярашэвіча больш за год вёўся крымінальны перасьлед за запіс у кнізе водгукаў і прапаноў Рагачоўскага суду. У запісе ён параўнаў тамтэйшых судзьдзяў з “судзьдзямі 1937-га году”, якія ўчыняюць “судзілішча паводле прынцыпу: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца”.
“Дзейнае заканадаўства прадугледжвае за незаконнае асуджэньне кампэнсацыю маральнай шкоды. З улікам таго, што я судзіўся за гэты запіс у кнізе водгукаў і прапаноў больш за год — было, здаецца, восем паседжаньняў, – то я і вырашыў скарыстаць закон і спагнаць з казны Рэспублікі Беларусь кампэнсацыю маральнай шкоды. Я прасіў 30 мільёнаў, спагналі 1 мільён 350 тысяч. Гэта, вядома, недастаткова. Я сваіх нэрваў, здароўя, выдаткаў на паездкі страціў болей, чым спагнаная сума. Аднак і гэта — пацьверджаньне таго, што можна нечага дамагчыся, калі настойліва адстойваць свае правы”.
Запіс у кнізе прапаноў Рагачоўскага суду Сяргей Ярашэвіч зрабіў пасьля паўторнага вынясеньня яму абвінаваўчага прысуду за хуліганства.
У сваю чаргу, пракуратура завяла новую крымінальную справу за абразу рагачоўскіх судзьдзяў падчас ажыцьцяўленьня імі правасудзьдзя.
Ужо Сьветлагорскі раённы суд прызнаў Сяргея Ярашэвіча вінаватым у абразе судзьдзяў і пакараў яго двума гадамі папраўчых прац з утрыманьнем 20 працэнтаў заробку.
На падставе скаргі Ярашэвіча ў абласны суд справа была перагледжана. Урэшце яго апраўдалі. Праз суд Цэнтральнага раёна Гомеля былы судзьдзя дамогся і кампэнсацыі маральнай шкоды. Потым ён зьвяртаўся ў міністэрствы юстыцыі, фінансаў, каб кампэнсацыя была выплачана фінансавым аддзелам райвыканкаму па месцы жыхарства, бо закон не прадугледжвае спагнаньня такой кампэнсацыі са службовых асобаў.
Сяргей Ярашэвіч:
“Фактычна, у перасьледзе вінаватыя службоўцы. Па-першае, пракуратура не павінна была распачынаць крымінальную справу. Нават неюрысту зразумела, дзеля чаго існуе кніга заўваг і прапановаў. А тут супрацоўнік пракуратуры распачынае крымінальную справу. Як я разумею, ухвалілі гэта і раённы пракурор, і абласная пракуратура. Больш за тое, судзьдзя са Сьветлагорску Натальля Белайчук асудзіла мяне па гэтай справе. І толькі дзякуючы ўмяшаньню абласнога суду мяне апраўдалі”.
У Рагачоўскім раённым судзе, дзе быў створаны прававы прэцэдэнт, нічога ня ведаюць пра фінал незвычайнай крымінальнай справы супраць былога судзьдзі Ярашэвіча. Гаворыць старшыня суду Мікалай Рубісаў:
“Я пра існаваньне справы наконт спагнаньня кампэнсацыі маральнай шкоды ўвогуле нічога ня ведаю. Па першай справе, якая разглядалася ў нас, Ярашэвіч прызнаны вінаватым, і абвінавачваньне гэтае зь яго ня зьнятае. Па другой справе пра абразу... Ну, ня ведаю, тут такое спрэчнае пытаньне”.