Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
У Беларусі — чарговая школьная рэформа. 12-гадовая сярэдняя адукацыя будзе скарочаная на адзін год. Камэнтар слухача:
Спадар: “Добры дзень. Хто за дзесяцігадовую адукацыю, хто за адзінаццацігадовую. Мяне зьдзіўляе і засмучае, што ніхто ня выказаўся супраць прыгоннай адукацыі. Школа — гэта “хімія”. Толькі “хімікі” дзень вольныя, ноч у турме. А школьнікі наадварот”.
У наступных тэлефанаваньнях — выказваньні на адрас улады і апазыцыі:
Спадар: “Калі вы робіце матэрыялы пра разборкі паміж кіраўнікамі БНФ, гэта ня вельмі спрыяе самому Фронту і тым самым неяк крыўдзіць беларускі народ. Кіраўнікам трэба задумацца, каб гэтыя амбіцыі не выходзілі на шырокі сьвет. А калі выходзяць, то тады трэба дакладна казаць, чаму і як. А то атрымліваецца ўсё гэта вельмі непрыгожа”.
Спадар: “Наконт апазыцыі. Лукашэнка можа б і аддаў уладу, але глядзіць, што няма каму. Да прыкладу, адмянілі льготы — усё маўчаць, перанесьлі помнік — таксама. Не зьдзіўлюся, калі ён АМАП свой накіруе, каб лідэраў гэтых ахоўвалі”.
Спадар: “Правільна сказаў Казулін, што ЗША не павінны цацкацца з гэтым Лукашэнкам. Я прыхільнік дэмакратыі і жадаю, каб рэжым Лукашэнкі найхутчэй быў зрынуты”.
Спадар: “Аляксандар Рыгоравіч ганарыцца сынамі, сваёю доляй, асабліва маленькім чатырохгадовым Колем. Ведае, пойдуць унукі, праўнукі і гэтак далей. Беларус, выпі чарку і болей налі. І да гісторыі будзь гатоў. Прыйдзе дынастыя на многа гадоў”.
Далей слухач задае пытаньне:
Спадар: “Хацелася б ведаць, дзе цяпер працуе былы старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька, а таксама крыху даведацца пра біяграфію новага кіраўніка БХК”.
Адказваюць Тацяна Процька і Алег Гулак:
Тацяна Процька: “Пішу кнігі, рыхтую артыкулы. І ўвогуле думаю пра тое, што адбываецца зараз у сьвеце. Вельмі карысна зрабіць перапынак, бо мы ўвесь час бяжым і не хапае часу паглядзець, хто мы ёсьць, хто вакол нас. Вось гэтым зараз і займаюся”.
Алег Гулак: “Нарадзіўся я ў 1967 годзе, у 1989 скончыў юрыдычны факультэт БДУ, з 1996 году — у Беларускім Хэльсынскім камітэце, цягам дзесяці год быў выканаўчым дырэктарам. Жанаты, маю дачку”.
Завяршаем перадачу выказваньнем слухачкі на тэмы ранейшых праграм Радыё Свабода:
Спадарыня: “Паважаная “Свабода”, хачу дадаць да перадачы пра партызанскія злачынствы. Мне расказвала мая мама, якая жыла ў той час у Докшыцкім раёне, Юдзёнак Соф’я Пятроўна, як савецкія партызаны цяжарную яе паставілі да сьцяны і стралялі над галавой. Каб яна аддала мясарубку. І потым яна нарадзіла хлопчыка, цельца якога было чорненькае, і праз суткі ён памёр. Я думаю, што сьмерць майго браціка на сумленьні савецкіх партызанаў”.