Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Беларусь стане вялікай хакейнай дзяржавай”


Сёньня кіраўнік Беларусі прыняў прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля і ўручыў яму найвышэйшую спартовую ўзнагароду краіны – ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Беларусь ня траціць надзеі стаць гаспадыняй чэмпіянату сьвету ў гэтым відзе спорту.


Рэнэ Фазэль апошнім часам шмат падарожнічае па сьвеце. Гэта наўпрост зьвязана з тым, што праз два месяцы пройдуць новыя выбары кіраўніка ўсясьветнага хакею. Таму ён шукае ў краінах, якія ўваходзяць у міжнародную фэдэрацыю, падтрымкі для абраньня на новы тэрмін.

Аляксандар Лукашэнка, які сам актыўна гуляе ў хакей, прымаючы Рэнэ Фазэля, казаў пра хакейныя амбіцыі Беларусі:

“Беларусь сёньня робіць усё, каб ператварыцца па-сапраўднаму ў хакейную дзяржаву ўсясьветнага роўню. Я думаю, што пройдзе яшчэ некалькі гадоў, і наша краіна заявіць пра сябе як пра вялікую хакейную дзяржаву. Яна зойме сваё годнае месца ў адпаведнай табелі аб рангах”.

"Дамовіцца з адным Фазэлем недастаткова"

Галоўны рэдактар газэты “Прессбол” Уладзімер Беражкоў цьвердзіць: найлепшым сродкам папулярызацыі хакею стала б правядзеньне ў Беларусі чэмпіянату сьвету. Наколькі гэта залежыць асабіста ад прэзыдэнта міжнароднай фэдэрацыі? – цікаўлюся ў суразмоўцы. Пытаньне невыпадковае: спадар Беражкоў восем гадоў працаваў у Фэдэрацыі хакею Беларусі, быў на шмат якіх кангрэсах міжнароднай фэдэрацыі і добра ведае сытуацыю:

“Канкурэнцыя вельмі высокая. Галасуюць сябры кангрэсу, а не адзін Фазэль. А там розныя працэсы праходзяць. Таму дамовіцца з адным Фазэлем недастаткова. Зь ягонай дапамогай трэба пранікаць у камітэты кангрэсу. Гэта – самае галоўнае. Карацей, трэба заводзіць там сяброў. І празь іх праводзіць свой уплыў”.

"Цяпер, баюся, у нас няма саюзьнікаў"

Беларусь ужо тройчы прэтэндавала на арганізацыю чэмпіянату. Але двойчы перавагу аддавалі іншым краінам, а адзін раз Беларусь сама адклікала сваю заяўку. Чаму тады нічога не атрымлівалася? – пытаюся ва Ўладзімера Беражкова:

“Там заўжды ідзе дыпляматычная гульня, дыпляматычны торг. І трэба было з кімсьці кансалідавацца, прыкладам, са швэдамі. Мы разам са сваімі прыхільнікамі прагаласавалі б за швэдаў. А праз год ужо швэды са сваім лягерам, як кажуць, падцягнулі б галасоў Беларусі.

Але мы гэтага не рабілі. Прыкладам, на папярэднім галасаваньні было ясна, што швэдаў мы не пераможам. Але ж мы ішлі да апошняга, як кажуць, з голымі рукамі палезьлі на танкі. Сваіх галасоў нікому не аддалі. І цяпер, баюся, у нас няма саюзьнікаў. І толькі калі мы зьменім сваю пазыцыю, зьбярэм сваіх прыхільнікаў сярод розных краінаў і зь імі далучымся да нейкай дамінанты, дык праз год зможам атрымаць гэтую дамінанту саюзьнікам для сябе”.

Месцы правядзеньня чарговых чэмпіянатаў сьвету ўжо разьмеркаваныя па 2013 год уключна. Так што Беларусь у найлепшым выпадку можа прыняць толькі чэмпіянат 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG