Пра гэта піша The New York Times.
Афіцыйныя асобы Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі хваробаў (CDC) выступілі ў пятніцу супраць ідэі, што вірус воспы малпаў можа распаўсюджвацца праз паветра. Спэцыялісты агенцтва заявілі, што вірус звычайна перадаецца пры прамым фізычным кантакце зь язвамі ці заражанымі вадкасьцямі ад пацыента.
Паводле CDC, хвароба можа перадавацца паветрана-кропельным шляхам, калі інфікававаны пацыент выдзяляе вірус пры фізычным кантакце зь іншым чалавекам. Але вірус ня можа затрымлівацца ў паветры на вялікіх адлегласьцях.
Экспэрты ў галіне паветрана-кропельнай перадачы вірусаў не пярэчылі, але некаторыя зь іх заявілі, што агенцтва ня цалкам улічыла магчымасьць таго, што рэсьпіраторныя кроплі, вялікія ці малыя, могуць удыхацца на меншай адлегласьці ад пацыента.
Сусьветная арганізацыя здароўя і некалькі экспэртаў заявілі, што хоць паветрана-кропельная перадача воспы малпаў здаецца рэдкай, яна ўсё ж магчымая і патрабуе мер засьцярогі. Вялікая Брытанія таксама ўключыла воспу малпаў у свой сьпіс «сур’ёзных інфэкцыйных захворваньняў», якія могуць распаўсюджвацца праз паветра.
«Магчыма, паветрана-кропельная перадача — не асноўны шлях перадачы, і яна ня вельмі эфэктыўная, але яна ўсё ж можа адбывацца», — сказала Лінсі Мар, экспэрт у галіне паветрана-кропельных вірусаў у Тэхналягічным інстытуце Вірджыніі. — Я думаю, што САЗ мае рацыю, а паведамленьне CDC уводзіць у зман».
Пытаньні наконт паветрана-кропельнай перадачы вірусу воспы малпаў важныя, бо адказы на іх, у сваю чаргу, будуць тычыцца рэкамэндацый пра нашэньне масак, вэнтыляцыю і іншыя меры абароны, калі ўспышка будзе пашырацца.
«Што мы сапраўды ведаем, дык гэта тое, што тыя, у каго была дыягнаставаная воспа малпаў падчас гэтай успышкі, апісалі цесны, працяглы фізычны кантакт зь іншымі людзьмі, якія былі заражаныя вірусам», — сказаў доктар Валенскі ў пятніцу.
«Гэта адпавядае таму, што мы бачылі падчас папярэдніх успышак, і таму, што мы ведаем дзякуючы дзесяцігодзьдзям вывучэньня гэтага і блізкароднасных вірусаў».
Але іншыя экспэрты кажуць, што воспа малпаў дрэнна вывучаная і што ёсьць паведамленьні пра рэдкія выпадкі паветрана-кропельнай перадачы блізкароднаснага вірусу звычайнай воспы. Падчас успышкі воспы малпаў у Нігерыі ў 2017 годзе заразіліся два мэдычныя працаўнікі, якія ня мелі прамога кантакту з пацыентамі. Пра гэта паведамілі навукоўцы на нядаўняй нарадзе САЗ.
Некалькі цяперашніх пацыентаў ня ведаюць, калі і як яны заразіліся вірусам. Гэта прызналі і афіцыйныя асобы CDC.
Агенцтва слушна запэўнівае грамадзкасьць, што цяперашняя ўспышка не становіць пагрозы для большасьці людзей, бо воспа малпаў не такая заразная, як каранавірус, кажа доктар Дональд Мілтан, экспэрт у галіне паветрана-кропельнай перадачы вірусаў з Унівэрсытэту Мэрылэнду.
Паводле доктара Мілтана, перадача паветрана-кропельным шляхам наўрад ці становіць рызыку для каго-небудзь, акрамя асоб, якія непасрэдна даглядаюць хворых. Але доктар Мілтан папярэджвае, што цалкам адмаўляць такую магчымасьць няправільна.
Паводле словаў доктара Мілтана і іншых экспэртаў, калі вірус прысутнічае ў сьліне або ў дыхальных шляхах, як было паказана пры восьпе малпаў, ён можа вылучацца паветрана-кропельным шляхам пры размове, сьпевах, кашлі або чханьні.
Кроплі могуць быць цяжкія і хутка падаць на прадметы ці людзей, а могуць быць малыя і лёгкія, і тады яны затрымліваюцца ў паветры даўжэй і залятаюць далей. Ацэнка CDC часткова залежыць ад таго, ці прысутнічае вірус толькі ў буйных кроплях, ці таксама ў вельмі дробных — так званых аэразолях.
Аналягічныя дэбаты разгарнуліся былі на пачатку пандэміі каранавірусу, калі CDC і САЗ канцэнтраваліся на буйных кроплях як на асноўным шляху перадачы. Але ў рэальнасьці асноўным сродкам перадачы вірусу аказаліся аэразолі.
У новых рэкамэндацыях CDC рэсьпіраторныя кроплі, якія вылучаюцца пацыентамі з воспай малпаў, апісваюцца як «вылучэньні, якія хутка выпадаюць з паветра».
Але вірус «можа прысутнічаць у рэсьпіраторных часьцінках любога памеру», а ня толькі ў буйных кроплях, кажа Лідзія Мараўска, экспэрт у галіне якасьці паветра з Квінслэндзкага тэхналягічнага ўнівэрсытэту ў Аўстраліі.
«На мой погляд, няма ніякіх падстаў сьцьвярджаць, што вірус перадаецца толькі буйнымі кроплямі і ўяўляе небясьпеку заражэньня толькі на блізкіх адлегласьцях», — напісала яна ў электронным лісьце.
Ёсць таксама зьвесткі пра тое, што воспа малпаў можа выжываць у аэразолях і што пры ўдыханьні вірус можа выклікаць захворваньне ў малпаў. Аднак паветрана-кропельная перадача можа быць не ідэальнай для вірусу воспы малпаў у людзей. Паводле словах доктаркі Мар, пацыенты могуць не вылучаць шмат вірусу ў аэразолях, а сам вірус можа заставацца заразным нядоўга.
Калі гэта так, то перадача паветрана-кропельным шляхам, верагодна, адбудзецца толькі сярод людзей, якія знаходзяцца побач на працягу доўгага часу. Тым ня менш прадстаўнікі аховы здароўя ў Вялікай Брытаніі, як і ў Злучаных Штатах, кажуць, што многія пацыенты ня ведаюць, калі і дзе яны маглі заразіцца.
Калі ж яны заразіліся бязь цеснага кантакту, то, «магчыма, паветрана-кропельная перадача адбываецца часьцей, чым мы думаем», — сказала доктарка Мар.