Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі прапанаваў Кітаю «актывізаваць працу над супольнымі праектамі». Гэтую заяву прэм’ер зрабіў на сустрэчы з намесьнікам міністра камэрцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Гао Хучэнам. Апошнім часам беларускае кіраўніцтва свае эканамічныя спадзяваньні зьвязвае найперш з Кітаем. Пра 15 мільярдаў даляраў, якія могуць адтуль нібыта патрапіць у беларускую эканоміку, казалі ўжо і Аляксандар Лукашэнка, і Сяргей Сідорскі. Наколькі рэальна такая лічба магчымых інвэстыцыяў, ці мае Кітай такія вольныя грошы для ўкладаньняў у беларускую эканоміку? Чаго варта асьцерагацца ў супрацоўніцтве з Кітаем, ці могуць кітайскія інвэстыцыі пацягнуць за забой палітычную залежнасьць ад гэтай краіны? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, усходазнаўца Сяргей Богдан.