«З іншадумствам мы не змагаемся». Што павінна здарыцца, каб журналістаў у Беларусі перасталі лічыць экстрэмістамі

Дзьмітры Пяскоў, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Натальля Эйсмант. Каляж

Санкцыянуючы ў 2021 годзе «зачыстку» незалежных СМІ, Лукашэнка абяцаў, што іншадумства і разнастайнасьць меркаваньняў у Беларусі захаваюцца. Што ж адбылося насамрэч?

І чаго чакаць журналістам, запісаным уладамі ў «экстрэмісты» і «тэрарысты», у блізкай будучыні?

Сьцісла:

  • За тры мінулыя гады ў інфармацыйнай прасторы Беларусі адбылося роўна тое, ад чаго перасьцерагаў Лукашэнка: іншадумства, розныя пункты гледжаньня, крытыка дзяржаўных органаў на старонках і ў эфірах тых СМІ, якія выжылі пасьля «зачысткі», фактычна зьніклі.
  • І Пуцін, і Лукашэнка пачыналі свой кар’ерна-бюракратычны ўзыход на вяршыню ўлады, фармаваліся як чыноўнікі ў той пэрыяд, калі месца і роля СМІ былі даволі значнымі, а прафэсія журналіста — прэстыжнай. Журналістыка, якая вярнулася ў сёньняшнюю Беларусь разам з палітычнымі рэпрэсіямі — бяззубая, безаблічная, бязвольная, цалкам паслухмяная.
  • Сёньняшняя сытуацыя са СМІ ўнутры Беларусі — прыблізна такая ж, што была ў СССР у позьнясталінскі час. Поўная палітычная стэрыльнасьць; усеагульнае ўхваленьне і падтрымка адзіна правільнай лініі; бясконцыя аповеды пра перадавікоў вытворчасьці і сьвяткаваньні юбілеяў; прыніжэньні, зьнявагі і лаянка ў адрас палітычных ворагаў.
  • Пасьля вайны нават у самых жорсткіх аўтарытарных рэжымах звычайна адбываецца пэрыяд адлігі. І ў грамадзтве, і ў кіроўных элітах існуюць відавочная стомленасьць ад выкліканых ваенным часам абмежаваньняў і запыт на вяртаньне да той нармальнасьці, у якой значная частка грамадзтва адчувала сябе досыць камфортна.

Ужо тры гады Беларусь існуе ва ўмовах, калі ўсе незалежныя мэдыя на яе тэрыторыі разгромленыя, зьнішчаныя і абвешчаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі, а журналісты гэтых выданьняў апынуліся ў турмах ці ў вымушаным выгнаньні за мяжой. Наколькі зручная і камфортная такая сытуацыя для самога Лукашэнкі і для грамадзтва, пазбаўленага незалежнай інфармацыі? І ці ёсьць шанцы на тое, што ў агляднай будучыні яшчэ пры гэтым рэжыме журналістаў перастануць лічыць экстрэмістамі і тэрарыстамі?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На Захадзе хочуць, каб мы адзін аднаго зьнішчылі». Як Лукашэнка шукае вінаватых у вайне

Якім СМІ давярае Лукашэнка

Быў час, калі працоўны дзень маладога прэзыдэнта Лукашэнкі пачынаўся са стосу ранішніх газэт на працоўным стале. Сярод іх абавязкова былі недзяржаўныя — «Народная воля», БДГ, «Свабода»... З галоўным рэдактарам і стваральнікам «Народнай волі» Ёсіфам Сярэдзічам Лукашэнка нават час ад часу сустракаўся і вёў доўгія размовы. Той час даўно застаўся ў мінулым, як і самі незалежныя газэты. «Народная воля» трымалася даўжэй за іншых, але і яна зьнікла ў віхуры 20-х гадоў.

Лукашэнка даўно перайшоў на іншы спосаб азнаямленьня з публікацыямі мэдыя: праз агляды і скарочаныя пераказы, якія рыхтуць для яго памочнікі і прэсавая служба. Менавіта гэтыя, невядома паводле якіх прынцыпаў і крытэраў выбраныя і адфільтраваныя публікацыі, сабраныя ў тонкую тэчку, раніцай кладуцца на Лукашэнкаў стол. Ці не атрымліваецца ў выніку так, што той, хто складае тэчку (а складае яе ў канчатковым выніку прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант), і фармуе інфармацыйны парадак дня Лукашэнкі, ягоны погляд на актуальныя падзеі і зьявы?

Сучаснымі сродкамі камунікацыі Лукашэнка, наколькі вядома, не карыстаецца. Пра тое, што ў яго няма і ніколі не было смартфона, ён апошні раз расказваў сёлета 2 верасьня падчас сустрэчы зь віцебскімі студэнтамі:

«Мне гэтага ня трэба... Дома ў мяне сядзяць, тыкаюць у гэтыя тэлефоны. „Ну што там, — кажу, — пішуць гэтыя, тыя?“ Хуценька мне пачытаюць, і гэтак далей...»

Даволі дзіўна, вядома, як у сучасным сьвеце абыходзіцца без інтэрнэту, сацсетак, вольнага доступу да інфармацыйных крыніц, якім давяраеш. Зрэшты, Лукашэнка — адзін з многіх прадстаўнікоў таго пакаленьня 70+, у якога ня склаліся адносіны з кампутарам ды інтэрнэтам.

Аляксандар Лукашэнка. Менск, 1 лістапада 1994

Можна меркаваць, што ў асабістым інфармаваньні ён, як і ў многім іншым, арыентуецца на досьвед савецкіх папярэднікаў. Партыйна-савецкая намэнклятура высокага ўзроўню аб’ектыўную інфармацыю атрымлівала галоўным чынам са зводак і данясеньняў «для службовага карыстаньня», складаць і распаўсюджваць якія па закрытых каналах павінны былі КДБ, МУС, ЦСУ ды іншыя ведамствы. У 70-80-я гады такая сыстэма інфармаваньня набыла досыць шырокія маштабы, доступ да яе ў той ці іншай ступені мелі ня толькі кіраўнікі высокага рангу, але і нізавая намэнклятура абласнога і раённага ўзроўню. Сёе-тое перападала нават лектарам і прапагандыстам таварыства «Веды», а менавіта на гэтай ніве служыў Лукашэнка ў канцы 70-х гадоў у прапагандысцкім апараце Шклоўскага райкаму партыі. Выкарыстаньне «закрытай» інфармацыі, якую нельга было даведацца з савецкіх газэт, было ці не адзіным спосабам завабіць людзей на такія лекцыі, зрабіць іх больш-менш цікавымі для аўдыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэзыдэнт хадзіў глядзець, як нараджаюць жанчыны». Выбары-1994: жывыя карцінкі

«Зачыстка» і яе вынікі

«Зачыстку» незалежных СМІ ў Беларусі ажыцьцявілі ўвесну-ўлетку 2021 году яўна з блаславеньня Масквы, якая, рыхтуючыся да ўварваньня ва Ўкраіну, рыхтавала нешта падобнае і ў сябе. Якімі ў той час бачыў мэты такой «зачысткі» Лукашэнка? І ці адчуваў небясьпекі і рызыкі? Мяркуючы па некаторых ягоных выказваньнях таго часу, так, прадбачыў. 30 ліпеня 2021 году, праводзячы нараду зь мясцовай «вэртыкальлю», ён так тлумачыў прычыны і мэты вынішчэньня незалежных мэдыя:

«Тут важна разумець: мы змагаемся не зь іншадумствам ці рознымі меркаваньнямі, крый Божа. Пад гэтую марку выразаць розныя пункты гледжаньня — усё, зьнікнем, загіне краіна. Проста свабода слова, якую мы абараняем канстытуцыйна, сёньня перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасьць. І супраць гэтага мы будзем змагацца жорстка і рашуча. Мы не адступім... Адна гісторыя — крытыкаваць уладу. І мы заўсёды ўспрымалі крытыку адэкватна. Ня тое каб надта ўжо любілі (хто любіць крытыку? Напэўна, ніхто). Але адэкватна ўспрымаць трэба. Другая — заклікаць да бунту і крывавых распраў з тымі, хто не падтрымлівае гэтых так званых рэвалюцыйных, бандыцкіх настрояў. Нагнятаць атмасфэру страху і недаверу праз сфабрыкаваныя зьлівы, кібэратакі і доступ да асабістых зьвестак. Гэтага ня будзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякай дыктатуры ў нас быць ня можа — на яе няма рэсурсаў». Чаму таталітарная Беларусь асуджана на перамены

На ўзроўні Саудаўскай Арабіі і Кубы

За тры мінулыя гады ў інфармацыйнай прасторы Беларусі адбылося роўна тое, ад чаго перасьцерагаў Лукашэнка: іншадумства, розныя пункты гледжаньня на грамадзкія і палітычныя праблемы, крытыка дзяржаўных органаў на старонках і ў эфірах тых СМІ, якія выжылі пасьля «зачысткі», фактычна зьніклі. Не таму, што існавалі нейкія адкрытыя дырэктывы на гэты конт. Проста ва ўмовах, калі любая крытычная публікацыя ў адрас дзяржаўнага службоўца, міліцыянта, «сілавіка» можа быць расцэненая як «зьнявага службовай асобы» і «экстрэмізм» з наступным арыштам аўтара і пэрспэктывай шматгадовага турэмнага зьняволеньня паводле «палітычнага» артыкулу, па-іншаму і быць не магло.

На працягу ўсіх гэтых гадоў Беларусь у розных міжнародных рэйтынгах свабоды прэсы пасьлядоўна рухалася ўніз, дасягнуўшы фактычна самага дна, трапіўшы ў пералік краін, дзе сытуацыя найгоршая. Напрыклад, у Сусьветным ідэксе свабоды прэсы RSF за 2024 год Беларусь на 167-м месцы са 180 (зьніжэньне толькі за апошні год — на 10 пазыцый). Ніжэй хіба што Туркмэністан, Паўночная Карэя, Сырыя, Эрытрэя...

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 2024

Наколькі такая сытуацыя задавальняе самога Лукашэнку? Наўрад ці гэта яго аж надта напружвае і турбуе: ягоная рэпутацыя ў сьвеце дасягнула такой рысы, што такія рэчы на яе ўжо мала ўплываюць. Іншая справа — наколькі такая мадэль адпавядае грамадзкім настроям і патрэбам, ці давяраюць людзі такім СМІ, ці здольныя яны пераконваць і ўнушаць давер? Гэтыя пытаньні для рэжыму зусім не другарадныя: навошта марнаваць грошы на прапаганду, калі людзі ёй ня вераць?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падман і фальсыфікацыі. 30 гадоў таму Лукашэнка стартаваў у вялікую палітыку «антыкарупцыйным дакладам»

Паводле сталінскіх стандартаў

Сёньняшняя сытуацыя са СМІ ўнутры Беларусі — прыблізна такая ж, што было ў СССР у позьнясталінскі час. Поўная палітычная стэрыльнасьць; усеагульнае ўхваленьне і падтрымка адзіна правільнай лініі; бясконцыя аповеды пра перадавікоў вытворчасьці і сьвяткаваньні юбілеяў; прыніжэньні, зьнявагі і лаянка ў адрас палітычных ворагаў. Адпаведныя і стылістыка, і лексыка. Вось пачатак публікацыі ў адным з апошніх нумароў флягмана цяперашняй праўладнай журналістыкі — прэзыдэнцкай газэты «СБ. Беларусь сегодня»:

«Каторы дзень з гнілых змагарскіх мэдыябалотаў даносіцца тужлівае выцьцё. Праўда, гэтым разам прычынай рыданьняў і скрыгату зубоў стаў нож у сьпіну ад польскага пана. У першы дзень восені Варшава сур’ёзна ўзмацніла жорсткасьць правілаў выдачы візаў, а затым уплывовае выданьне Rzeczpospolita ашаламіла аматараў падыхаць атручаным паветрам дэмакратыі кучай непрыемных навін пра далейшае ўзмацненьне жорсткасьці візавага заканадаўства...» Тэма публікацыі, зазначым — усяго толькі зьмена візавых правілаў у Польшчы.

Напэўна, пры пэўных высілках магчыма прывучыць грамадзтва і да такіх СМІ — калі цалкам ізаляваць грамадзтва ад вонкавага ўплыву, закрыць межы, абмежаваць ці цалкам забараніць інтэрнэт, і асабліва сацсеткі. Але як гэта зрабіць ва ўмовах адкрытай расейскай мяжы і фактычна бескантрольнай прысутнасьці расейскіх СМІ ў Беларусі?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская расказала ў Варшаве, чаму Беларусь застаецца слабым зьвяном для імпэрскага праекту Пуціна

Дэградацыя і дэвальвацыя журналісцкай прафэсіі

Ад прымітыўнай сэрвільнай прапаганды сталінскага кшталту параўнальна мяккія рэжымы Хрушчова і Брэжнева стараліся адыходзіць на працягу ўсіх гадоў свайго існаваньня. Гэта ня значыць, што савецкая журналістыка цалкам рухалася ў бок заходніх стандартаў. Па-ранейшаму існавалі табу, якія не дазвалялася парушаць нікому. Крытыку камуністычнай ідэалёгіі, савецкага ладу жыцьця, першых асобаў у дзяржаве ўявіць у савецкім друку было немагчыма. І ўсё ж ступень свабоды савецкіх журналістаў у 60-70-я гады значна вырасла. Партыйны апарат, маючы патрэбу ў аб’ектыўнай інфармацыі і разумным узважаным аналізе грамадзкіх працэсаў, сам у шэрагу выпадкаў заахвочваў і нават абавязваў савецкія СМІ «паглыбляць крытыку і самакрытыку», «рэагаваць на звароты працоўных», «падвышаць дзейснасьць публікацый».

Узьнікалі СМІ, якім дазвалялася больш, чым іншым. Асабліва гэта датычыла цэнтральных (маскоўскіх) газэт. Многія публікацыі тагачасных «Литературной газеты», «Комсомольской правды», «Московских новостей», «Недели» (трохі пазьней — «Аргументов и фактов» і «Собеседника») былі глыбокімі і яркімі, выкананымі ў бліскучым аўтарскім стылі. У гэтых газэт былі мільённыя наклады, на іх часам няпроста было падпісацца ці купіць у кіёску. Іх можна было ўбачыць на працоўных сталах практычна ўсіх савецкіх і партыйных функцыянэраў — і гэта сьведчыла пра іх рэальны ўплыў. Менавіта дзякуючы такім выданьням і такім публікацыям прафэсія журналіста ў позьнім СССР была ўплывовай і прэстыжнай.

Распаўсюд незалежнай прэсы. 2008

І Пуцін, і Лукашэнка пачыналі свой кар’ерна-бюракратычны ўзыход на вяршыню ўлады, фармаваліся як чыноўнікі менавіта ў той пэрыяд, на тых узорах савецкай журналістыкі. Журналістыка, якая вярнулася ў сёньняшнюю Беларусь разам з палітычнымі рэпрэсіямі — гэта нешта зусім іншае. Бяззубая, безаблічная, бязвольная, цалкам паслухмяная. З тэкстамі, якія няма патрэбы чытаць да канца: дастаткова двух першых сказаў, каб загадзя ведаць, што і як будзе напісана і якая выснова зроблена. Стаўленьне самой улады да такога кшталту журналістыкі адпаведнае — грэбліва-паблажлівае і прыніжальнае, як да таннай абслугі. Найбольш выразная праява гэтай дэградацыі і дэвальвацыі журналісцкай прафэсіі — шматлікія абвесткі многіх рэдакцый дзяржаўных газэт пра пошук журналістаў на аклад 700-800 рублёў (гэта ніжэй, чым у прыбіральшчыц). І поўная адсутнасьць конкурсу пры паступленьні на факультэт журналістыкі БДУ (такога дагэтуль не было за ўсе 70 гадоў існаваньня журфаку).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу аб Беларусі ў Эўрапарлямэнце расказаў, як успрынялі прапанову завесьці справу на Лукашэнку ў Гаазе

Расейскі паравоз і беларускі вагон

Рэзка згортваючы на пачатку 2022 году і без таго абмежаваную свабоду СМІ, Пуцін, без сумневу, улічваў досьвед, атрыманы ў 2021 годзе на беларускім «выпрабавальным палігоне». Варта зазначыць, што рэпрэсіі Крамля адносна няўгодных мэдыя не былі настолькі жорсткімі, як у Беларусі. Так, незалежныя СМІ ў РФ пасьля 24 лютага 2022 года павальна пачалі прызнаваць «іншаземнымі агентамі» і «непажаданымі арганізацыямі», пазбаўляць магчымасьці нармальна функцыянаваць, выціскаць з друкарняў і сыстэмы распаўсюду. Але пры гэтым самі рэдакцыі і выданьні не абвяшчалі «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі» арганізацыямі, а журналістаў (за рэдкімі выключэньнямі) не арыштоўвалі і ня кідалі ў турмы, а давалі магчымасьць спакойна выехаць за мяжу. Адметны выпадак — з самай папулярнай у Расеі недзяржаўнай лібэральнай радыёстанцыяй «Эхо Москвы». Рэдакцыю пазбавілі магчымасьці вяшчаньня праз тыдзень пасьля пачатку вайны, 1 сакавіка 2022 году. Галоўнага рэдактара Аляксея Венядзіктава (знакавую асобу сучаснай расейскай журналістыкі) абвесьцілі «іншаземным агентам». Значная частка журналісцкага калектыву выехала з Расеі. Але Венядзіктаў, захаваўшы касьцяк каманды «Эха», працягвае весьці вяшчаньне на ютуб-канале «Живой гвоздь». Сам пры гэтым застаючыся ў Маскве і ўдзельнічаючы ў разнастайных праграмах са старой маскоўскай студыі. І нават працягваючы суды за вяртаньне радыё ў эфір.
Ці варта казаць пра тое, што ў беларускіх рэаліях падобная ўплывовая рэдакцыя, не падкантрольная ўладзе, была б неадкладна разгромлена, а яе галоўны рэдактар (калі б не пасьпеў уцячы за мяжу) апынуўся ў турме са шматгадовым «экстрэмісцкім» тэрмінам.

Пры гэтым ідэалізаваць расейскую сытуацыю не выпадае: ва ўжо згаданым Індэксе свабоды прэсы за 2024 год яна займае 162-е месца са 180 (гэта толькі на пяць радкоў вышэй за Беларусь, у адной групе краін з надзвычай неспрыяльнай сытуацыяй).

Антываенная дэманстрацыя ў Лёндане, сакавік 2022

Якія зьмены ў гэтай справе могуць адбыцца ў РФ са сканчэньнем вайны? Даволі дзіўна і нечакана прагучаў адказ Пуціна на пытаньне пра свабоду прэсы ў інтэрвію мангольскай газэце «Оноодор» перад візытам у гэту краіну сёлета ў верасьні:

«У Расеі сродкі масавай інфармацыі свабодныя. Гэта цьвёрда гарантавана Канстытуцыяй. Мы перакананыя ў неабходнасьці плюралізму і адкрытасьці ў інфармацыйнай сфэры». Ён таксама згадаў пра «канструктыўнае ўзаемадзеяньне» са СМІ «незалежна ад іх рэдакцыйнай палітыкі».

Яўную супярэчлівасьць гэтай заявы зь сёньняшнімі расейскімі рэаліямі паспрабаваў растлумачыць прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў, які ў інтэрвію ТАСС 6 верасьня прызнаў наяўнасьць у РФ цэнзуры, але даў ёй абгрунтаваньне:

«У стане вайны, у якім мы знаходзімся, абмежаваньні апраўданыя, гэтак сама, як і цэнзура апраўданая, што граху таіць... Я лічу, што абмяжоўваць інфармацыю нельга... Калі вайна скончыцца, а любая вайна сканчаецца мірам, то павінна быць поўная свабода інфармацыі».

Зразумела, што безаглядна прымаць на веру гэтыя абяцаньні і запэўніваньні не выпадае. Але тое, што пасьля вайны нават у самых жорсткіх аўтарытарных рэжымах звычайна адбываецца пэрыяд адлігі, гэта дакладна. Тым больш калі і ў грамадзтве, і ў кіроўных элітах існуе відавочная стомленасьць ад выкліканых ваенным часам абмежаваньняў і запыт на вяртаньне да той нармальнасьці, у якой значная частка расейскага грамадзтва адчувала сябе досыць камфортна.

Беларускі прычапны вагон у такім выпадку вымушаны будзе рухацца ўсьлед за расейскім паравозам: магчымасьці Лукашэнкі для манэўраваньня тут абмежаваныя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна справа расьсьледуецца, 60 заяваў правяраюць. У Вільні абмеркавалі міжнародную адказнасьць беларускага рэжыму