Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Захадзе хочуць, каб мы адзін аднаго зьнішчылі». Як Лукашэнка шукае вінаватых у вайне


Уладзімір Пуцін, Юры Андропаў, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Уладзімір Пуцін, Юры Андропаў, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

«Ва ўсім вінаваты Захад», унівэрсальная формула савецкай прапаганды, зноў запатрабаваная ў постсавецкіх дыктатурах, якія разьвязалі і вядуць захопніцкую вайну.

Сьцісла:

  • У сёньняшніх Расеі і Беларусі ўнівэрсальнае абгрунтаваньне многіх унутраных і вонкавых праблемаў зламыснымі падкопамі ды інтрыгамі Захаду зноў, як і ў савецкую эпоху, стала адным з асноўных пастулятаў прапаганды.
  • Лукашэнка пры тлумачэньні прычын вайны пасьлядоўна трымаецца лініі Крамля. Але, як часта зь ім здараецца, у сваіх імправізацыях часам заходзіць так далёка, што незнарок кідае цень на ўсю выбудаваную Пуціным канструкцыю апраўданьня вайны.
  • Першапачатковыя пляны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году мелі шмат агульнага з плянамі вайсковых апэрацый, якія ажыцьцяўляў Савецкі Саюз у Вугоршчыне ў 1956 годзе і ў Чэхаславаччыне ў 1968-м.
  • Распачынаючы агрэсію супраць Украіны, Пуцін выкарыстоўваў андропаўскі досьвед сілавога вяртаньня непакорных сатэлітаў, якія спрабавалі вызваліцца з-пад дыктату камуністычнай Масквы ў другой палове ХХ стагодзьдзя.

Хто вінаваты ў разьвязваньні вайны? Нягледзячы на тое, што ўнутры сёньняшняй Беларусі адкрыта задаваць гэтае пытаньне, а тым больш шукаць аб’ектыўны адказ на яго ніхто не адважваецца, Аляксандар Лукашэнка даволі часта вяртаецца да гэтай тэмы і спрабуе ўказаць на вінаватага. Часам нават тады, калі ў яго адкрыта пра гэта не пытаюць. Так, як гэта было падчас нядаўняга вялікага інтэрвію расейскаму прапагандысту Папову на тэлеканале «Россия-1».

Аляксандар Лукашэнка і інтэрвію тэлеканаму «Россия»
Аляксандар Лукашэнка і інтэрвію тэлеканаму «Россия»

Апраўданьне агрэсіі

Разважаючы пра вайну, якую ён называе «драчкай», Лукашэнка робіць выснову: яна выгадная толькі Захаду:

«Яна ні ўкраінскаму народу, ні расейцам, ні беларусам не патрэбна. Яна патрэбна ім (Захаду. — Аўт.) Я не магу прывесьці гэтых фактаў, яны абсалютна закрытыя, дзе яны адкрыта кажуць, высокапастаўленыя асобы. Даслоўна: „Няхай б’юць адзін аднаго — украінцы, расейцы, няхай у гэтым катле ўсе паздыхаюць“. Гэта высокапастаўленыя асобы пра гэта кажуць. Амэрыканскага паходжаньня (крыху прыадкрыю вам). Гэта што, нармальна? Яны хочуць, каб мы адзін аднаго зьнішчылі».

Ці сапраўды Лукашэнка мае магчымасьць падслухоўваць «абсалютна закрытыя» размовы высокапастаўленых заходніх асобаў «амэрыканскага паходжаньня», пытаньне цьмянае, якое адразу выклікае ня самыя прыемныя для рэжыму ўспаміны пра гісторыю зь «Нікам» і «Майкам». Што не падлягае сумневу, дык гэта тое, што для значнай колькасьці і беларускага, і расейскага грамадзтва такая аргумэнтацыя (пра тое, што «ва ўсім вінаваты Захад») блізкая, зразумелая і лёгка ўспрымаецца на веру.

І яна цалкам адпавядае афіцыйнай расейскай вэрсіі, якая стала падмуркам для прапаганды і ў Расеі, і ў Беларусі пры тлумачэньні таго, хто ж распачаў вайну і хто ў ёй вінаваты. Падмурак гэты заклаў Пуцін яшчэ ўлетку 2022 году, калі, выступаючы перад кіраўніцтвам Дзярждумы, заявіў:

«Нам кажуць, што мы пачалі вайну ў Данбасе, ва Ўкраіне. Не, яе разьвязаў гэты самы калектыўны Захад, арганізаваўшы і падтрымаўшы ва Ўкраіне антыканстытуцыйны ўзброены пераварот у 2014 годзе, а потым заахвочваючы і апраўдваючы генацыд у адносінах да людзей у Данбасе. Вось гэты самы калектыўны Захад і ёсць прамы завадатар, вінаваты ў тым, што сёньня адбываецца».

Гэты агучаны Пуцінам наратыў стаў асновай для афіцыйнай прапаганды пры тлумачэньні ўсяго, што адбываецца цяпер ва ўзброеным супраціве Ўкраіны, якая бароніць сваю незалежнасьць ад агрэсара. Лукашэнка апошнім часам пасьлядоўна трымаецца яго. Але, як часта зь ім здараецца, у сваіх імправізацыях часам заходзіць так далёка, што незнарок кідае цень на ўсю выбудаваную Пуціным канструкцыю апраўданьня вайны. Сапраўды: калі Захад знарок падбухторваў і правакаваў Расею на ўварваньне, калі вы загадзя ведалі, што сапраўдная мэта калектыўнага Захаду — «каб украінцы і расейцы адзін аднаго пазьнішчалі» і ў выніку ўзаемна аслаблі, то што ж замінала вам, такім мудрым і прадбачлівым, не паддацца на правакацыі, ня ўблытацца ў ваенную авантуру, а вырашыць усе супярэчнасьці іншым шляхам? Гэта ж, па сутнасьці, паводле лёгікі Лукашэнкі, прызнаньне таго, што Захад дамогся свайго, а Пуцін трапіў у хітра расстаўленыя пасткі.

«Ня мы разьвязалі вайну»

Лукашэнку з першых дзён расейскага ўварваньня ва Ўкраіну яўна турбуе пытаньне адказнасьці за разьвязаную вайну. Лукашэнкава выслоўе ад 11 сакавіка 2022 года, якое стала крылатым і ператварылася ў сотні сьмешных і зьдзеклівых мемаў («А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад...») — менавіта пра гэта. Лукашэнка ўжо тады агучыў клясычнае апраўданьне абсалютнай большасьці ўсіх агрэсараў: маўляў, калі б ня мы, яны б першыя на нас напалі:

«А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзін да апэрацыі ня быў нанесены прэвэнтыўны ўдар па пазыцыях — чатыры пазыцыі, я зараз пакажу, мапу прывёз, — яны б атакавалі нашы войскі, Беларусі і Расеі, якія былі на вучэньнях. Таму ня мы разьвязалі гэту вайну, у нас сумленьне чыстае. Добра, што пачалі».

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Масква, 11 сакавіка 2022
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Масква, 11 сакавіка 2022

Агульны пасыл быў, відавочна, узгоднены з Крамлём, але з дэталямі, мапамі і эмацыянальным напалам у сваім апраўданьні расейскай агрэсіі Лукашэнка яўна перастараўся: уся сцэна выкрыцьця зламысных намераў ворагаў выглядала недарэчна і камічна.

Адметна, што ні Пуцін, ні расейская прапаганда гэту лукашэнкаву вэрсію ў далейшым не разьвівалі і не пашыралі. Ды і сам ён, пасьля лявіны мэмаў і масавага высьмейваньня, таго, адкуль рыхтаваўся напад на Беларусь, стараецца больш ня згадваць. Усьлед за Пуціным паслухмяна паўтарае, што «вайну разьвязаў калектыўны Захад», а «ўкраінскі народ супраць нас (і мы супраць іх) не ваяваў і ваяваць не зьбіраўся».

Пуцінская Расея ў сваім імкненьні вярнуць былую імпэрскую веліч шмат у чым паўтарае практыкі колішняга Савецкага Саюзу. Асабліва яскравыя прыклады другой паловы ХХ стагодзьдзя, якія выклікаюць шмат параўнаньняў зь сёньняшняй Украінай — увод савецкіх войскаў і задушэньне грамадзкіх пратэстаў у Вугоршчыне ў 1956-м і ў Чэхаславаччыне ў 1968-м. У абодвух выпадках размова ішла пра захаваньне савецкай гегемоніі ва Ўсходняй Эўропе, якую Масква лічыла сфэрай свайго непадзельнага панаваньня. І ў абодвух жа выпадках савецкая прапаганда таго часу ў адказ на абурэньне міжнароднай супольнасьці паўтарала адну і тую ж мантру: «Ва ўсім вінаваты Захад. Мы толькі апярэдзілі яго агрэсію».

Будапэшт-1956

Увосень 1956-га вялікая частка вугорскага грамадзтва, натхнёная хрушчоўскімі антысталінскімі выкрыцьцямі, паверыла, што краіна можа стаць свабоднай і дэмакратычнай. 23 кастрычніка 1956 году на вуліцы Будапэшта выйшлі каля 200 тысяч чалавек (немалая колькасьць для краіны, сувымернай зь Беларусьсю). Выступоўцы патрабавалі свабодных выбараў, адмены цэнзуры і вываду савецкіх войскаў. У парку разбурылі гіганцкую статую Сталіна (ад яе засталіся толькі боты).

Новы прэм’ер Вугоршчыны Імрэ Надзь назваў пратэсты 23 кастрычніка народна-вызвольным рухам, паабяцаў шматпартыйную сыстэму, распусьціў дзяржбясьпеку, адмяніў цэнзуру і прызначыў міністрамі апазыцыйных інтэлектуалаў. Савецкая выведка палохала Маскву данясеньнямі пра «канцэнтрацыю натаўскіх сілаў на аўстрыйскіх аэрадромах» (у рэальнасьці нэўтральная Аўстрыя калі што і пасылала, дык гуманітарную дапамогу). Тым ня менш у Крамлі былі напалоханыя тым, што Вугоршчына можа адбіцца ад сацыялістычнага статку і перабегчы ў лягер капіталізму. Агульную пазыцыю Прэзыдыюму ЦК КПСС падсумаваў Міхаіл Суслаў:

«Толькі з дапамогай акупацыі можна мець урад, які будзе падтрымліваць нас».

Для ўдзелу ў акупацыі Вугоршчыны было накіравана 60 тысяч вайскоўцаў і 6 тысяч танкаў. Каб адразу ж абезгаловіць вугорскую армію, міністра абароны Малетэра і начальніка генштабу Ковача з групай старшых афіцэраў запрасілі на савецкую вайсковую базу нібыта на перамовы пра тэрміны вываду савецкіх войскаў. А там арыштавалі.

Савецкія войскі атачаюць будынак парлямэнту Вугоршчыны. Будапэшт, 1956
Савецкія войскі атачаюць будынак парлямэнту Вугоршчыны. Будапэшт, 1956

У ноч на 4 лістапада 1956 году дывізіі савецкага маршала Конева, які камандаваў апэрацыяй, рушылі на Будапешт. Маршал загадаў войскам «аказаць братнюю дапамогу вугорскаму народу ў абароне яго сацыялістычных заваёў, у разгроме контрарэвалюцыі і ліквідацыі пагрозы адраджэньня фашызму». Конеў на вуліцах Будапешта ўжыў тую ж тактыку, што адзінаццацьцю гадамі раней пры штурме Бэрліна: кінуў на вузкія вуліцы масу танкаў. Абаронцы Будапешта закідвалі іх «кактэйлямі Молатава» і стралялі зь верхніх паверхаў. За тры дні баёў загінулі 2652 вэнгры і 640 савецкіх вайскоўцаў.

Магілы ахвяр савецкага ўварваньня у Вугоршчыне. 1956
Магілы ахвяр савецкага ўварваньня у Вугоршчыне. 1956

Значную ролю ў задушэньні вугорскага паўстаньня выканаў будучы старшыня КДБ СССР Юрый Андропаў — тады ён працаваў савецкім амбасадарам у Будапэшце. Андропаў вёў перамовы з Імрэ Надзем, пераконваючы яго, што СССР нібыта падтрымлівае дэмакратычныя пераўтварэнні. І гэта ў той час, калі побач з савецка-вугорскай мяжой, у закарпацкім Ужгарадзе ў абозе савецкіх войскаў ужо фармаваўся ляяльны Маскве ўрад Янаша Кадара. Андропаў таксама завабіў у пастку аднаго з лідэраў паўстаньня, начальніка паліцыі Будапэшта Шандора Капачы, якога ў выніку арыштавалі. Каб выманіць Імрэ Надзя з амбасады Югаславіі, дзе той хаваўся пасьля задушэньня паўстаньня, Андропаў даў слова гонару, што бесьперашкодна выпусьціць яго з Вугоршчыны ў Белград. Аднак слова свайго не стрымаў. Надзя і ягоных паплечнікаў зь югаслаўскай амбасады адвезьлі не ў аэрапорт, а ў засьценкі КДБ. Пазьней павесілі «за дзяржаўную здраду». А Андропава за ўдзел у задушэньні вугорскага паўстаньня сакрэтным указам ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

Юрый Андропаў, 1982
Юрый Андропаў, 1982

Пазьней Міхаіл Гарбачоў і Барыс Ельцын публічна прызналі задушэньне вугорскага паўстаньня памылкай. У новай Вугоршчыне Імрэ Надзя лічаць нацыянальным героем. А вось у пуцінскай Расеі ў выдадзеным у 2023 годзе школьным падручніку гісторыі (адзін з аўтараў якога — былы міністар і памочнік прэзыдэнта Пуціна Ўладзімір Мядзінскі) вугорскія рэвалюцыянэры 1956 году паказаны радыкаламі-мяцежнікамі і фашыстамі, а арганізатарамі пратэстаў названыя заходнія спэцслужбы.

Прага-1968

У Чэхаславаччыне ў 1968 годзе падзеі разгортваліся паводле падобнага сцэнару: спроба лібэралізацыі рэжыму («сацыялізм з чалавечым тварам», які спрабаваў пабудаваць камуніст-рэфарматар Аляксандар Дубчак), усьлед за гэтым — увод савецкіх войскаў (дарэчы, ня толькі савецкіх, але і яшчэ чатырох краін Варшаўскай дамовы — Польшчы, Усходняй Нямеччыны, Вугоршчыны і Баўгарыі — усяго каля 700 тысяч чалавек). Далей — імклівая акупацыя, задушэньне пратэстаў, палітычныя рэпрэсіі, масавая палітэміграцыя. Савецкім грамадзянам тагачасная камуністычная прапаганда патлумачыла: імпэрыялістычныя дзяржавы NATO рыхтавалі мяцеж, імкнуліся адарваць Чэхаславаччыну ад непарушнага саюзу братніх сацыялістычных дзяржаў. Мы ім гэтага не дазволілі, апярэдзілі — увялі свае войскі першымі і разграмілі контрарэвалюцыю.

Савецкія танкі ў Празе, 1968
Савецкія танкі ў Празе, 1968

Адметна, што Юрый Андропаў у той час ужо — старшыня КДБ СССР, прыхільнік жорсткай лініі на задушэньне «Праскай вясны». На Палітбюро ён як знаўца падзей 1956 году ў Вугоршчыне, папярэджвае Брэжнева пра небясьпеку страты кантролю над Чэхаславаччынай: «Яны зьбіраюцца зрабіць з краіны нешта накшталт Югаславіі, а потым — Аўстрыі». Тут генэрал Андропаў наўрад ці памыляўся: жыць так, як жылі тады югаславы ці аўстрыйцы, марылі ці не 90 адсоткаў усіх жыхароў «сацыялістычнага лягеру».

КДБ быў шчыльна задзейнічаны ў апэрацыі ў Чэхаславаччыне. Як пазьней сьведчылі перабежчыкі, савецкі КДБ загадзя накіроўваў сваіх агентаў у ЧССР пад выглядам турыстаў, журналістаў, бізнэсоўцаў і студэнтаў, з фальшывымі пашпартамі заходніх краінаў, якія павінны былі ўкараняцца ў дысыдэнцкія асяродкі. Агенты КДБ таксама стваралі тайнікі з амэрыканскай зброяй і фальшывымі дакумэнтамі, якія ў далейшым павінны былі паслужыць доказамі «амэрыканскага пляну зрынаньня праскага рэжыму», перашкодзіць рэалізацыі якога нібыта і павінна было савецкае ўварваньне. Нешта падобнае адбывалася і ва Ўкраіне напярэдадні расейскай агрэсіі.

Пуцін і Андропаў

Як вядома, Пуцін мае асаблівы піетэт да асобы Юрыя Андропава, шматгадовага шэфа савецкага КДБ, які на пачатку 80-х цягам 15 месяцаў быў кіраўніком СССР . Толькі-толькі прыйшоўшы да ўлады, яшчэ ў рангу прэм’ер-міністра, адным са сваіх першых распараджэньняў у сьнежні 1999 год3 Пуцін загадаў вярнуць на будынак ФСБ мэмарыяльную шыльду ў гонар Андропава, якую дэмантавалі адтуль на пачатку 90-х. Вядома таксама, што ў кабінэтах многіх супрацоўнікаў ФСБ партрэты і бюсты Андропава вельмі часта можна ўбачыць побач з партрэтамі і бюстамі Дзяржынскага: гэта заахвочваецца начальствам.

У якой ступені Пуцін выкарыстоўваў андропаўскі досьвед вяртаньня непакорных сатэлітаў, якія задумалі ўцякаць на Захад з-пад крыла Масквы? Некаторыя дэталі і абставіны сьведчаць: сцэнары былі падобныя. Танкавыя калёны рухаліся на Кіеў у лютым 2022-га гэтак жа, як яны ўваходзілі у Будапэшт у 1956-м і ў Прагу ў 1968-м. І «спэцыяльнай вайсковай апэрацыяй» уварваньне было названа не выпадкова: апэрацыя «Дунай» была ў Чэхаславаччыне, апэрацыя"Віхор" — у Вугоршчыне. І досьвед «гібрыдных апэрацый», укараненьня «агентаў уплыву» быў напрацаваны яшчэ з часоў андропаўскага КДБ. Асабліва ўражвае, наколькі падобнымі выглядалі пляны высадкі дэсанту ў аэрапортах Прагі і Кіева ў першыя дні ўварваньня. Аэрадром «Рузінэ» ў Празе савецкія дэсантнікі захапілі ўначы 21 жніўня 1968 году. Дзеля гэтага скарысталіся падманам: савецкі АН-24 з дэсантнікамі на борце, падлятаючы да Прагі, папрасіў вымушаную пасадку нібыта з прычыны тэхнічнай няспраўнасьці. Пасьля пасадкі дэсантнікі тут жа захапілі аэрапорт (што дало магчымасьць пасадкі новых дэсантных бартоў), а потым бесьперашкодна рушылі ў Прагу, акружылі будынак ЦК КПЧ і арыштавалі кіраўнікоў краіны.

Рэшткі зьнішчанага расейскага верталёта на аэрадроме ў горадзе Гастомель Кіеўскай вобласьці, 5 траўня 2022 году
Рэшткі зьнішчанага расейскага верталёта на аэрадроме ў горадзе Гастомель Кіеўскай вобласьці, 5 траўня 2022 году

Прыблізна тое ж плянавалася ўчыніць у Кіеве 24 лютага 2022 году. Расейцы паспрабавалі раптоўна, з дапамогай вялікага верталётнага дэсанту, які накіроўваўся з тэрыторыі Беларусі, захапіць аэрадром у Гастомелі, пасьля чаго бесперашкодна прымаць вайскова-транспартныя самалёты з вайскоўцамі, якія павінны былі хутка захапіць Кіеў і арыштаваць украінскае кіраўніцтва. Апэрацыя цалкам правалілася. Украінскія войскі аказалі жорсткі супраціў. Чатыры верталёты зьбілі адразу, некалькі пашкодзілі. Тым дэсантнікам, якім удалося высадзіцца, давялося весьці цяжкія баі. За першыя тры дні расейцы страцілі забітымі мінімум 125 дэсантнікаў. Аэрапорт Гастомель з прыходам падмацаваньня з боку Беларусі ўрэшце ўдалося захапіць, але для пасадкі расейскіх самалётаў ён на той час ужо быў абсалютна не прыдатны.

Савецкая апэрацыя ў Вугоршчыне цягнулася ў кастрычніку-лістападзе 1956-га каля трох тыдняў. Гэтулькі ж — вайсковая апэрацыя СССР і іншых краін АВД у Чэхаславаччыне — з 21 жніўня па 11 верасьня 1968 году. Зусім магчыма, што на такі ж тэрмін разьлічваў сваю СВА і Пуцін: усё павінна было скончыцца ў сакавіку 2022 году: імклівая дэсантная апэрацыя, арышт Зяленскага, новы марыянэткавы ўрад на чале зь Януковічам ці Медзьведчуком у абозе расейскай арміі, наступныя рэпрэсіі і вяртаньне Ўкраіны пад расейскі скіпэтр. Але тое, што даволі гладка ўдалося калісьці Андропаву, у ягонага ідэйнага пасьлядоўніка не заладзілася зь першага ж дня.

«Ва ўсім вінаваты Захад»

«Ва ўсім вінаваты Захад» — да гэтай унівэрсальнай прапагандысцкай формулы савецкага грамадзяніна прывучалі змалку. Прычым незалежна ад таго, пра якія праблемы ішла гаворка: пра чэргі і пустыя крамы ці пра няўдачы ў замежнай палітыцы. У сёньняшніх Расеі і Беларусі гэта ўнівэрсальнае абгрунтаваньне зноў стала адным з асноўных пастулятаў прапаганды. Толькі калі раней падкопы Захаду заміналі Маскве ажыцьцяўляць сусьветную пралетарскую рэвалюцыю і распаўсюджваць «самае перадавое вучэньне — марксізм», то цяпер яны не даюць разбудоўваць «шматпалярны сьвет» і ўмацоўваць «глябальную большасьць», пад якой маецца на ўвазе супольнасьць дыктатур і аўтакратый. Маўляў, мы ўводзім войскі, разьвязваем крывавую вайну, але вінаваты Захад, бо гэта ў яго адносна нас былі агрэсіўныя экспансіянісцкія пляны, а мы яго проста апярэдзілі.

Антываенны мітынг у Лёндане. Сакавік 2022
Антываенны мітынг у Лёндане. Сакавік 2022

Вядома, геапалітычнае суперніцтва існуе. Барацьбу за ўплыў ніхто не адмяняў. Іншая справа, якім чынам гэтае суперніцтва ажыцьцяўляецца — сілай уласнага прывабнага прыкладу ці сілай зброі і гвалту.

У старым савецкім фільме «Пра Чырвоную Шапачку», зьнятым на «Беларусьфільме» ў 1977 годзе, адзін з герояў, расьпешчаны хлопчык, пагражае Чырвонай Шапачцы, якая ня хоча быць ягонай цацкай: «Цябе адлупцуюць плёткамі, і ты палюбіш мяне як міленькая!». Прыблізна гэтак жа дзейнічала і дзейнічае Масква, спрабуючы ўтрымаць на ланцугу суседнія народы, якія лічыць сваімі геапалітычнымі «цацкамі».

Вугоршчына пасьля задушэньня паўстаньня 1956 году вымушана знаходзілася пад панаваньнем Масквы яшчэ амаль чвэрць стагодзьдзя; Чэхаславаччына — дваццаць гадоў. І яны, і ўсе іншыя усходнеэўрапэйскія «браты з сацыялістычнага лягера» паўцякалі з-пад крыла Масквы, як толькі гэта стала магчыма. І зусім не таму, што да гэтага імкнуўся агрэсіўны і каварны Захад. А таму, што гэтага хацелі самі народы тых краін. За гэта яны прагаласавалі на свабодных дэмакратычных выбарах і рэфэрэндумах. Бо хінуцца заўсёды да тых, дзе заможнасьць і свабода, а не да тых, дзе галеча і рабства. Нават калі гэтыя галеча і рабства да зубоў узброеныя танкамі і ракетамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG