У дыскусіі «Ці можам мы яшчэ зьмяніць беларускую будучыню?» узялі ўдзел Сьвятлана Ціханоўская, дэпутат парлямэнту Вялікай Брытаніі і ценявы міністар у справах Эўропы, Паўночнай Амэрыкі і заморскіх тэрыторый Стывэн Даўці, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык і амбасадар ЗША ў АБСЭ Майкл Карпэнтэр.
У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што часам чуе меркаваньні замежных палітыкаў пра тое, што ў Беларусі справы прайграныя і неабходна засяродзіцца выключна на Ўкраіне.
«Гэта памылка. Лёсы Беларусі і Ўкраіны пераплеценыя. Безь Беларусі вайна Расеі супраць Украіны становіцца бессэнсоўнай».
Ціханоўская зноў заявіла, што калі б беларуская рэвалюцыя дабілася посьпеху ў 2020 годзе, вайна, верагодна, ніколі б не пачалася.
Менавіта таму, на яе думку, Пуцін так моцна трымае Беларусь пад сваім уплывам і так моцна падтрымлівае Лукашэнку.
Адносіны Масквы і Менску сталі адной з ключавых тэм выступаў сьпікераў панэлі, прысьвечанай беларускай будучыні.
Экспэрты адзначалі ўзмацненьне ўплыву Расеі і расейскай прапаганды на Беларусь сёньня. Па іх словах, Пуцін хоча ўцягнуць беларусаў у «рускі сьвет». Адбываецца гэта ня толькі палітычна і эканамічна, але і ідэалягічна.
Як адзначалі сьпікеры, прэзыдэнт Расеі разглядае беларусаў і ўкраінцаў як прыдатак да расейцаў.
«Аднак Беларусь таксама зьяўляецца самым слабым зьвяном Пуціна. Рэжым у Менску ўразьлівы, далікатны і ня вытрымае ніводнага істотнага ўдару», — сказала Ціханоўская.
Палітык падкрэсьліла, што канчатковая мэта дэмакратычных сіл — сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе.
«Мы падзяляем усе каштоўнасьці, якія адстойвае Эўрапейскі Зьвяз — вяршэнства закону, павага да кожнага чалавека, чалавечага жыцьця і правоў чалавека, свабода слова», — заявіла палітык.
Яна зноў нагадала пра неабходнасьць разуменьня, што беларусы, як унутры краіны, так і па-за яе межамі, падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасьці і перамены ў Беларусі, нягледзячы на тое, што цяпер вымушаныя маўчаць і не выходзіць на шматтысячныя маршы, якія ўразілі ўвесь сьвет у 2020 годзе.
Прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў нагадалі пра ўзровень рэпрэсій у Беларусі, які ўзмацняецца штодня. Менавіта застрашваньне грамадзян, на іх думку, — галоўны мэтад, з дапамогай якога Лукашэнка ўтрымлівае ўладу пасьля страты даверу грамадзтва.
«Лукашэнка выкарыстоўвае тактыку выпаленай зямлі, каб поўнасьцю сьцерці гэтае бачаньне з галоў і сэрцаў беларусаў. Антызаходняя і антыўкраінская прапаганда, новая хваля русыфікацыі, абвяшчэньне ўсяго беларускага „экстрэмісцкім“, судовая помста ўсім, хто адважыцца адкінуць мару дыктатара пра Беларусь як расейскую калёнію. Менавіта гэта і адбываецца ў Беларусі. Мінулае спрабуе зноў заваяваць будучыню», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Рэпрэсіі тычацца людзей ня толькі ўнутры краіны, але і на выгнаньні, заявіла Ціханоўская і нагадала пра «пашпартны ўказ» Лукашэнкі:
«Неўзабаве ў нас могуць зьявіцца сотні тысяч беларусаў безь юрыдычных дакумэнтаў, якім пагражае дэпартацыя. Каб вырашыць гэтую праблему, у наступным годзе мы зьбіраемся выдаваць уласныя пашпарты і дабівацца іх міжнароднага прызнаньня».
Ціханоўская патлумачыла, што прызнаньне такіх пашпартоў было б беспрэцэдэнтным крокам для краін Эўразьвязу, але адзначыла, што, на яе думку, у бліжэйшыя гады ЭЗ будзе вымушаны зрабіць шэраг беспрэцэдэнтных крокаў.
Іншыя сьпікеры заявілі, што неабходна адрозьніваць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі, якога варта прыцягваць да адказнасьці за зьдзейсьненыя злачынствы. І заявілі пра працяг намаганьняў у падтрымцы беларускіх дэмсілаў, якія «няспынна працягваюць барацьбу».
Ціханоўская, у сваю чаргу, заклікала міжнародную супольнасьць «дапамагчы беларусам ня выжыць, а выйграць гэтую вайну» і «адчыніць для іх дзьверы падтрымкі».
Прысутныя адзначылі таксама, што важна не здымаць з рэжыму Лукашэнкі адказнасьць за саўдзел у расейскім уварваньні ва Ўкраіну і «незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны». У гэтым ключы яны падкрэсьлілі нязьменнасьць намераў прадстаўнікоў міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці ўзмацняць санкцыі супраць афіцыйнага Менску і працягваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама і аддзяляць беларускі рэжым ад беларускіх грамадзян, якія, нягледзячы на цяперашняе «зацішша», па-ранейшаму за перамены ў сваёй краіне.
Варшаўскі форум па бясьпецы — штогадовая канфэрэнцыя, у арганізацыі якой удзельнічаюць МЗС, Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы, Фонд імя Казімежа Пуласкага і штаб-кватэра NATO. Форум арганізуецца з 2014 году, штогод зьбірае больш за 1500 вышэйшых прадстаўнікоў урадаў, міжнародных арганізацый, прамысловасьці, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасьці з больш як 90 краін.