Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякай дыктатуры ў нас быць ня можа — на яе няма рэсурсаў». Чаму таталітарная Беларусь асуджана на перамены


Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. Каляж

Дзеля чаго Пуцін яшчэ да вайны прымусіў Лукашэнку пачаць дрэйф у бок таталітарызму і чаму перамены ў Беларусі і Расеі непазьбежныя.

Сьцісла:

  • Да 2020 году Лукашэнка ня раз паўтараў, што дыктатура занадта дорага каштуе, каб ён у Беларусі мог яе стварыць.
  • Трансфармацыя параўнальна мяккага аўтарытарызму ў жорсткую дыктатуру, якая зьдзяйсьняецца ў Беларусі пачынаючы з 2021 году, стала складоваю часткаю пуцінскага пляну падрыхтоўкі хуткага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Найбольш лёгка і пасьпяхова аўтарытарныя рэжымы зрыналі тыя нацыі, дзе быў папярэдні досьвед дэмакратычнага існаваньня, у гістарычнай памяці якіх захаваліся ўспаміны пра ўласную незалежнасьць.
  • Будучыня Беларусі вырашаецца сёньня на палях баёў на Данбасе і ў прычарнаморскіх стэпах. Ад зыходу вайны залежыць устойлівасьць рэжыму Пуціна, а значыць, і будучыня Расеі.
  • У гэтым вялікім усходнеславянскім вузьле цесна спалучаныя, пераплеценыя і гісторыя, і сучаснасьць, і будучыня трох народаў.

Назіраючы за сёньняшнім чарговым пераабраньнем (ці перапрызначэньнем) Пуціна на новы прэзыдэнцкі тэрмін, за дзействам, якое толькі вельмі ўмоўна можна называць выбарамі, беларусы нібы пазіраюць у люстэрка, у якім можна разгледзець тое, што адбудзецца праз год, у 2025-м, у самой Беларусі. А таксама вяртаюцца ў думках на чатыры гады назад, у 2020-ы, калі ў грамадзтве было столькі надзеяў на хуткія перамены.

Паміж дзьвюма гэтымі лічбамі — тысячы чалавечых драмаў і скалечаных лёсаў. І выпакутаванае і спраўджанае ўсьведамленьне: перамены ў Беларусі ня могуць адбыцца асобна, безь пераменаў у Расеі. Па-іншаму пакуль што ніяк. Жалезныя абцугі залежнасьці ад Масквы за мінулыя гады яшчэ больш сьціснуліся. І як сярод гэтага змроку безнадзейнасьці разгледзець прасьвет, прагал, калі, здаецца, адзіная інтрыга выбарчай кампаніі, якая завяршаецца сёньня ў Расеі, у тым, ці выйдуць людзі апоўдні масава да выбарчых участкаў, як да таго заклікаў незадоўга да сваёй трагічнай гібелі Аляксей Навальны. Між тым, надзея — ёсьць. І перамены непазьбежныя, якой бы беспрасьветнай ні выглядала цемра. Як сьцьвярджаюць знаўцы, самы густы змрок — перад сьвітаньнем.

Палігон 2020 году: беларускі досьвед для расейскага дыктатара

Тое, што адбывалася ў Расеі перад чарговым пераабраньнем Пуціна (забойства Аляксея Навальнага, адсячэньне на далёкіх подступах ад магчымасьці балятавацца ўсіх антываенных прэтэндэнтаў — спачатку Кацярыны Дунцовай, потым Барыса Надзеждзіна — гэта беларускія ўрокі, вынікі і наступствы 2020 году. Крэмль, абапіраючыся на Лукашэнкаў досьвед, не дапусьціў у сябе ні расейскага Бабарыкі, ні расейскай Ціханоўскай. І зрабіў амаль усё магчымае, каб зьнішчыць перадумовы для пасьлявыбарчых пратэстаў.

Перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ў Горадні. 1 жніўня 2020
Перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ў Горадні. 1 жніўня 2020

Звычайна лічыцца, што беларусы сваёй спробай паўстаньня 2020 году значна апярэдзілі расейцаў у руху да пераменаў. А наступнае ўсталяваньне ў Беларусі таталітарнага рэжыму стала толькі вынікам пярэпалаху Лукашэнкі і ягонай прагай помсты. Але з вышыні сёньняшняга дня і здабытага за мінулыя гады досьведу гэта ўяўленьне выглядае ўсё больш сумнеўным, памылковым. Наўрад ці гэта было рашэньне самога Лукашэнкі — абрынуць краіну ў вір палітычных рэпрэсіяў і міжнароднай ізаляцыі.

Лукашэнка заўсёды быў прыхільнікам звыклага і камфортнага для сябе параўнальна мяккага аўтарытарызму без празьмерных рэпрэсіяў. Цягам прынамсі дваццаці пяці гадоў ён ня раз адказваў на пытаньне, ці сапраўды лічыць сябе дыктатарам і ці пагаджаецца з тым, што грамадзка-палітычны лад, створаны ім, можна назваць дыктатарскім. Адказ гучаў заўсёды прыблізна аднолькава і зводзіўся да высновы: дыктатура занадта дорага каштуе, каб ён у Беларусі мог яе стварыць. Вось як, напрыклад, Лукашэнка казаў пра гэта 3 лютага 2017 году, сустракаючыся зь беларускімі і замежнымі журналістамі:

«Ніякай дыктатуры ў нас не было і быць ня можа. Бо дзеля таго каб ажыцьцяўляць дыктатуру, трэба мець рэсурс. У нас што, ядзерная ці яшчэ якаясьці летальная зброя, у нас што, эканоміка такая, што мы можам камусьці дыктаваць? Таму — ніякай дыктатуры».

Нешта падобнае ён ня раз казаў і раней. І нават у першыя месяцы пасьля падзеяў 2020 году былі прыкметы ягоных спробаў паступова вяртацца да звыклага для яго стану, залагоджваць сытуацыю. Раней ужо даводзілася пісаць пра гэта. Пасьля бурных жніўня і верасьня 2020-га ў Беларусі назіралася зацішша.

Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі
Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі

У кастрычніку таго году Лукашэнка прыяжджаў да Бабарыкі і Ціханоўскага ў СІЗА КДБ, вёў шматгадзінныя размовы зь імі ды іншымі палітвязьнямі, разважаў пра пэрспэктыву канстытуцыйнай рэформы і грамадзянскага прымірэньня. А ягоная навагодняя прамова 30 сьнежня 2020 году гучала ўвогуле як заклік да прымірэньня і дараваньня:

«Нам усім, хто бачыць сьвет па-рознаму, трэба ўсьвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасьць — лапік зямлі ў цэнтры Эўропы. Іншага ня дадзена. І ў імя захаваньня яго для дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую главу незалежнай Беларусі».

Усё зьмянілася ўвесну і напачатку лета 2021-га. Жорсткае імклівае «закручваньне гаек», масавыя ператрусы і арышты, увядзеньне рэпрэсіўнага заканадаўства, зьнішчэньне незалежнай прэсы і ўвогуле грамадзянскай супольнасьці, сотні новых палітвязьняў, як вынік — вялізная хваля эміграцыі...

Сёньня ўжо відавочна: гэта была рэалізацыя пуцінскага пляну падрыхтоўкі хуткага ўварваньня ва Ўкраіну. Адначасова ў РФ плянаваліся кардынальныя зьмены ўнутранай палітыкі: ліквідацыя палітычнай апазыцыі, незалежнай прэсы, абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў, у істоце — перавод Расеі на рэйкі таталітарызму. Але, відаць, была і боязь: якімі могуць быць наступствы, як на гэта адрэагуе грамадзтва? Беларусь у гэтым сэнсе мела стаць праверачным палігонам, тэстам, мадэльлю. І такі стала. Ці лёгка на гэта пагадзіўся Лукашэнка? Магчыма, упарціўся і таргаваўся? Ці наадварот — ахвотна і заўзята ўзяўся наперадзе расейскага паравоза пракладваць шлях да таталітарызму? Калі-небудзь мы пра гэта даведаемся больш падрабязна. Ходзь нават павярхоўны аналіз далейшых падзеяў паказвае: у тым, што адбылося ў Беларусі ў 2021-м і наступных гадах, выразна відаць беспасярэднія ўдзел і кіраўніцтва Масквы.

Свабода вяртаецца туды, дзе яна ўжо некалі была

Чаму ў канцы 1980-х і напачатку 1990-х гадоў ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне не адбылося таго, што было ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Эўропы — зрынаньня камуністычных рэжымаў з наступнай хуткай інтэграцыяй у эўрапейскія і трансатлянтычныя структуры? Антыкамуністычныя рэвалюцыі 1989 году, якія яшчэ называюць «Восеньню народаў», адбываліся на памяці многіх з нас.

Лех Валэнса выступае перад рабочымі ў Гданьску. 1980
Лех Валэнса выступае перад рабочымі ў Гданьску. 1980

Уражвала, як імкліва і дружна, адзін за другім вярталіся да свабоды і дэмакратыі ўсе народы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія яшчэ зусім нядаўна былі пад жорсткім кантролем Масквы. Спачатку Польшча, потым Вугоршчына, Усходняя Нямеччына, Чэхаславаччына, Баўгарыя, Альбанія. Пазьней і з крывёю — Румынія і Югаславія. Высьлізнуў з-пад улады Масквы ўвесь вялізны пас дзяржаваў ад Паўночнага мора да Адрыятыкі, якія ў свой час прыбраў да рук Сталін, гвалтам насадзіўшы камуністычны лад і савецкі кантроль.

Прычым, што адметна, назіралася такая заканамернасьць: найбольш лёгка і пасьпяхова зрыналі аўтарытарныя рэжымы тыя нацыі, дзе быў папярэдні досьвед дэмакратычнага існаваньня, у гістарычнай памяці якіх захаваліся ўспаміны пра ўласную незалежнасьць, пры якой у розных формах і пры розных ступенях свабоды існавалі і парлямэнцкая дэмакратыя, і свабода слова, і незалежная прэса — усё тое, што адабралі і зьнішчылі камуністы. Ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіны такога досьведу не было. Напачатку 1990-х яны яго толькі выпрацоўвалі. Можа, менавіта таму рух у бок Эўропы на ўсход ад Бугу адбываецца з такім спазьненьнем і з такімі ахвярамі.

«Мы здалёку ўбачылі свабоду»

Пэрыяд той гарбачоўскай і постгарбачоўскай свабоды ў Беларусі быў вельмі кароткім, фактычна гэта толькі 1988-1994 гады. Але тая прышчэпка свабоды была надзвычай важнай для грамадзтва. Насамрэч для пакаленьняў, якім выпала жыць у тыя гады, гэта быў вельмі яркі, адметны, запамінальны час. Перад людзьмі, якія дагэтуль ніколі не былі свабоднымі, вырасьлі і ўзгадаваліся за «жалезнай заслонай», раптам раскрыўся шматколерны, разнастайны сьвет, поўны магчымасьцяў і варыянтаў выбару. Сьвет, у якім няма страху за неасьцярожна сказанае слова, дзе ніхто не хапае і ня цягне ў «аўтазак» за выхад на мітынг, дзе можна чытаць, слухаць і глядзець тое, што хочаш, а ня тое, што дазволіў цэнзар.

Зянон Пазьняк, Міхась Анцыповіч, Мікола Купава, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык. Менск, парк Янкі Купалы, 25 сакавіка 1994
Зянон Пазьняк, Міхась Анцыповіч, Мікола Купава, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык. Менск, парк Янкі Купалы, 25 сакавіка 1994

І Пуцін, і Лукашэнка звычайна малююць той пэрыяд чорнай фарбай, імкнуцца, каб ён асацыяваўся ў грамадзтве як «найвялікшая геапалітычная катастрофа», як «адыход ад традыцыйных каштоўнасьцяў». Што зусім вытлумачальна, бо як інакш апраўдаць спробы зноў загнаць народы ў таталітарызм і абгрунтаваць сваю пажыцьцёвую незьмяняльную ўладу. Але рэальнасьць, нягледзячы на ўсе тагачасныя побытавыя і эканамічныя цяжкасьці, была іншай. Мільёны людзей гэта і сёньня добра памятаюць.

Час, калі, кажучы прарочымі словамі Генадзя Бураўкіна, «Мы здалёку ўбачылі свабоду I яшчэ ня вырваліся з пут...», пакінуў глыбокі сьлед у людзкіх душах. Насамрэч гэта быў вельмі важны пэрыяд для позьнесавецкіх грамадзтваў. Безь яго, відаць, ня здарыўся б і 2020-ы. Гэта быў той досьвед свабоды, які суседзі Беларусі ўва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе атрымалі раней, яшчэ ў ХІХ і ў першай палове ХХ стагодзьдзя. І безь якога ў іх не было б такіх хуткіх і пасьпяховых рэвалюцыяў 1989 году. Час беларусаў настаў значна пазьней.

Вялікае беларускае чаканьне

Ёсьць нешта прыніжальнае і крыўднае ў тым, што лёс будучыні Беларусі, агулам кажучы, вырашаецца зараз не ў самой Беларусі і залежыць ня толькі ад волі і жаданьняў беларускага грамадзтва. Беларусы вымушаныя чакаць. Змушаны чакаць і сам Лукашэнка, паслухмяна выконваючы абсурдныя распараджэньні Крамля. Наўрад ці ў ягоных плянах было будаваць на схіле веку жорсткі таталітарызм, ператвараючыся ў васала Пуціна — несамастойнага і прыніжанага. Але іншага выйсьця ён сваёй палітыкай сабе не пакінуў.

Украінскі салдат на фоне трафейнага расейскага танка Т-80, які абстрэльвае расейскія пазыцыі ў Данецкай вобласці, 22 лістапада 2022
Украінскі салдат на фоне трафейнага расейскага танка Т-80, які абстрэльвае расейскія пазыцыі ў Данецкай вобласці, 22 лістапада 2022

Будучыня Беларусі вырашаецца сёньня недзе на палях жорсткіх баёў на Данбасе і ў прычарнаморскіх стэпах. У сваю чаргу ад зыходу вайны залежыць устойлівасьць рэжыму Пуціна, а значыць, і будучыня Расеі. У гэтым вялікім усходнеславянскім вузьле цесна спалучаныя, пераплеценыя і гісторыя, і сучаснасьць, і будучыня трох народаў. Як, зрэшты, неаднойчы было на працягу некалькіх мінулых стагодзьдзяў. І разьвязаны гэты вузел у рэшце рэшт будзе для ўсіх трох разам: паасобку наўрад ці атрымаецца.

Калісьці, у савецкую эпоху, гэтую ўзаемазалежнасьць актыўна выкарыстоўвала прапаганда. З часам, у новых гістарычных умовах, нават старыя ідэалягічныя клішэ набываюць зусім новы і нечаканы зьмест. Прыгадайма хоць бы ня самую вядомую паэму Янкі Купалы «Тарасова доля», напісаную ў самы змрочны час сталінскай дыктатуры, у 1939 годзе:

Бо йшла доля беларуса

З доляй украінца

Адналькова — ў поце, ў сьлёзах,

Церневым гасцінцам.

Бо згіналі адналькова,

Змалку да скананьня,

Шыі ў ёрмах і чакалі

Яснага сьвітаньня.

Чытаеш такое і з сумам думаеш, што сёньня падобныя радкі ў Беларусі мелі б усе шанцы трапіць у пералік «экстрэмісцкай літаратуры».

І Беларусь, і Ўкраіну, і Расею чакаюць наперадзе вялікія перамены. Магчыма, падобныя да тых, што іхныя суседзі перажылі 35 гадоў таму, падчас краху СССР. Свой досьвед змаганьня з дыктатурамі (няхай і ня надта пасьпяховы) і свае ўяўленьні пра тое, якім можа быць існаваньне ва ўмовах свабоды, усе тры цяпер ужо маюць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG