На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПІК Свабоды» адказвае доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.
— 25–27 траўня пройдзе галасаваньне за кандыдатаў у чальцы Каардынацыйнай рады. Сёньня мы пагаворым пры вынікі агітацыйнай кампаніі. Але напачатку — пра бягучую падзею: візыт Уладзіміра Пуціна, які пачынаецца сёньня і працягнецца два дні. Лукашэнка езьдзіць у Расею ледзь ня штомесяц, Пуцін у Беларусь — значна радзей. Чаму вырашыў прыехаць зараз?
— А чаму і ня зараз? Даўно ня быў. Пасьля таго як ён наведаў Кітай, вырашыў на сымбалічным узроўні паказаць, што Беларусь — таксама важны саюзьнік. Можа, падчас візыту ў КНР у Пуціна зьявіліся новыя ідэі, якія варта абмеркаваць з Лукашэнкам.
— А ці ня можа гэта быць выкананьнем пэўнага рытуалу? У Расеі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Парадак замежных візытаў пасьля выбараў — дэманстрацыя зьнешнепалітычных прыярытэтаў новага «цараваньня». На першым месцы — Кітай, на другім — Беларусь.
— Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у РФ Пуцін таксама наведваў Беларусь. Але мяркую, што візыт будзе прысьвечаны пераважна двухбаковым стасункам. Праблемаў, зьвязаных і з санкцыямі, і з вайной, хапае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачаліся вучэньні нестратэгічных ядзерных сіл. Пазьней да іх далучацца беларускія вайскоўцы— Ці можа быць асноўнай тэмай перамоваў удзел Беларусі ў вайне — альбо ва Ўкраіне, альбо ў іншых месцах? Можа, у Менску падчас візыту будуць агучаныя нейкія важныя рашэньні наконт гэтага? Лукашэнка ж заявіў нядаўна: «Мы рыхтуемся да вайны».
— Наўрад ці гэта будзе ўрачыста абвешчана менавіта зараз. Калі гэта і будзе зроблена, то зьнянацку. Але мы ня бачым ніякіх прыкметаў рэальнай падрыхтоўкі да вайны. Рыторыка рыторыкай, але калі гаварыць пра дысьлякацыю войскаў, мы ня бачым стварэньня ўдарнай групоўкі на тэрыторыі Беларусі. І ня бачна вялікай патрэбы для Расеі, каб Беларусь далучылася да вайны сваім войскам. Для Расеі сытуацыя на полі бою складаецца вельмі спрыяльна.
Таму роля Беларусі будзе, хутчэй за ўсё, такая, як і была — рамонт расейскай вайсковай тэхнікі, вытворчасьць зброі і іншыя формы падтрымкі матэрыяльна-тэхнічнага боку вайны. Для Расеі цяпер стала больш важным пытаньне паставак нафтапрадуктаў у сувязі з пашкоджаньнем часткі магутнасьцяў расейскіх НПЗ. Расея, хутчэй за ўсё, будзе і надалей выкарыстоўваць Беларусь як інфраструктуру для сваіх ваенных дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вучыцца быць свабоднымі. Пра выбарчую кампанію ў Каардынацыйную раду як урок дэмакратыі— А цяпер — да выбараў у КР. Кампанія была досыць канкурэнтная, 12 сьпісаў. Незалежныя мэдыя даволі шырока ладзілі дэбаты паміж кандыдатамі. Якія кардынальна, істотна розныя падыходы выявіла кампанія?
— Кампанія паказала, што разьмежаваньне ў беларускім апазыцыйным полі адбываецца хутчэй па асобах, чым па ідэях. Пэўныя адрозьненьні былі: адны займалі больш радыкальныя пазыцыі, іншыя — больш памяркоўныя. Гаварылася, што трэба яшчэ больш санкцыяў, гучалі меркаваньні пра сілавы сцэнар. Іншыя казалі, што ня трэба дапускаць ізаляцыі Беларусі, што трэба зьмякчаць наступствы санкцыяў для грамадзтва. Але калі паглядзець на склад выбарчых сьпісаў, падзелы паміж імі можна патлумачыць толькі пэрсанальнымі стасункамі паміж асобнымі людзьмі, а не ідэйнымі супярэчнасьцямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы на 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду— Улада апантана супрацьдзейнічала выбарам у КР. І сама рада, і ўсе сьпісы былі абвешчаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі, супраць усіх 257 кандыдатаў распачатыя крымінальныя справы, а іх маёмасьць пачалі канфіскоўваць. Ваш прагноз яўкі на гэтых выбарах? І якое значэньне яна будзе мець?
— Я не чакаю вялікай яўкі. Гэта вынік і ціску з боку ўладаў, і прынятай працэдуры галасаваньня. Я маю на ўвазе абавязковую ўмову ўдзелу ў выбарах — наяўнасьць беларускага пашпарта. Гэта выклікала незадавальненьне ў некаторых. Працэдура галасаваньня была патлумачаная даволі позна і ня вельмі ясна. Я ня ўбачыў сапраўднай мабілізацыйнай кампаніі ані ў мэдыя, ані ў сацсетках. У Беларусі існуюць сур’ёзныя пагрозы для людзей, якія хочуць удзельнічаць у гэтых выбарах.
Але і за мяжой шырокай мабілізацыі для ўдзелу ў гэтых выбарах не адбылося. Калі ў выбарах паўдзельнічае 100 тысячаў чалавек, гэта будзе вельмі добра для легітымнасьці гэтай структуры. Калі значна менш... Вялікай трагедыі ня будзе, будуць знойдзеныя апраўданьні, прычым слушныя. Будзе сказана, што выбары — усё роўна лепш, чым кааптацыя ад грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў КР: удзельнікі прызнаюць, што кампанія не прыцягнула належнай увагі, але абяцаюць агучыць колькасьць галасоў, «колькі б іх ні было»— Чаму ўлады гэтак узьеліся на Каардынацыйную раду? Прапагандысты кажуць, што гэтыя выбары і сама рада ніякага палітычнага значэньня ня маюць і мець ня будуць. Калі так, то з чаго так пераймацца?
— Такія паводзіны не павінны зьдзіўляць. Пасьля 2020 году быў узяты курс на зачыстку ўсяго палітычнага поля, прычым незалежна ад таго, наколькі істотную пагрозу ўяўляе сабой той ці іншы субʼект палітычнага ці грамадзкага працэсу. Што тычыцца КР, то нават калі яна не ўяўляе вялікай пагрозы цяпер, яна можа ёю стаць у іншых абставінах. Можа здарыцца нейкі крызіс у Беларусі. І ў сытуацыі крызісу такая структура можа стаць пунктам кансалідацыі, крышталізацыі палітычнага дзеяньня ўнутры краіны. Мы гэта бачылі за апошнія 30 гадоў некалькі разоў. Прынамсі, так было ў 2017 годзе падчас пратэстаў «недармаедаў».
Другі аспэкт — зьнешнепалітычны. Беларускія дэмакратычныя сілы выступаюць партнэрам урадаў многіх заходніх краінаў. І наяўнасьць легітымнага органа за мяжой — гэта таксама праблема для зьнешнепалітычнай дзейнасьці беларускіх уладаў.
— Цэнтар новых ідэй і ініцыятыва «Ёсць пытанне» з дапамогай ботаў у Viber і Telegram правялі апытаньне сярод прадэмакратычнай часткі беларускага грамадзтва наконт галасаваньня на выбарах у Каардынацыйную раду (КР). Відавочная перавага Каманды Латушкі і Руху «За свабоду». Калі адкінуць тых, хто не пераадольвае барʼер у 3%, то, паводле апытаньня, сьпіс Латушкі можа набраць абсалютную большасьць мандатаў. З улікам вынікаў гэтага апытаньня і іншых чыньнікаў якую новую палітычную ролю можа адыграць новы склад Каардынацыйнай рады?
— Калі выбары пройдуць пасьпяхова, калі ў радзе зьявіцца кансалідаваная большасьць, субʼектнасьць рады ў палітычным полі стане больш заўважнай. Калі гэта будзе перамога сьпісу Латушкі, ягоная палітычная вага значна павялічыцца. Апошнія гады КР працавала хутчэй як дыскусійны клюб, бо там не было кансалідаванай большасьці. Зараз яна можа зьявіцца — ці ў выніку перамогі адной сілы, ці ў выніку ўтварэньня кааліцыі. І тады палітычная вага, якая да апошняга часу была ў Офіса Сьвятланы Ціханоўскай і Абʼяднанага пераходнага кабінэту, будзе ссоўвацца на карысьць Каардынацыйнай рады. У КР будзе магчымасьць апэляваць да вынікаў выбараў, якія адбыліся зараз, а не амаль 5 гадоў таму.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.