Уцёкі ў несвабоду. Пра што сьведчыць лёс перабежчыкаў з Захаду

Максім Танк, Францішак Аляхновіч, Томаш Шмыт, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Здараецца, што ўцякаюць ня толькі ад дыктатарскіх рэжымаў у пошуках свабоды, але і ў адваротным кірунку.

Гісторыя ўцёкаў з Польшчы ў Беларусь былога судзьдзі Томаша Шмыта, якую Аляксандар Лукашэнка назваў «ударам пад дых уладам Польшчы», ня першая і не апошняя ў такім шэрагу. Чаму ў Беларусі і Расеі так шмат прапагандысцкага шуму вакол гэтага выпадку? І як звычайна складваецца лёс перабежчыкаў, спакушаных аўтарытарнымі рэжымамі?

Сьцісла:

  • Прапаганда ў аўтарытарных рэжымах ахвотна выкарыстоўвае перабежчыкаў — як «доказ пераваг» дыктатуры над дэмакратыяй і свабодай.
  • Быў час, калі перабежчыкі з-за заходняй мяжы ўцякалі ў СССР тысячамі. Малады энэргічны бальшавіцкі рэжым зь ягонымі лёзунгамі ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці ў першыя гады свайго існаваньня выглядаў для многіх на Захадзе прывабна.
  • Амаль усе гучныя гісторыі ўцёкаў з Захаду ў СССР завяршаліся для іх герояў драматычна: калі не рэпрэсіямі, дык самотай, спустошанасьцю, расчараваньнем, усьведамленьнем уласнай бескарыснасьці, а ўрэшце і жаданьнем вярнуцца на радзіму.
  • Пасьля вайны, у позьнім СССР, перабежчыкаў з Захаду стала няшмат. Ранейшыя прыёмы савецкай прапаганды перасталі спрацоўваць. Прывабны вобраз дзяржавы ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці і даступных бясплатных даброт значна пабляк, асабліва на тле выкрыцьця сталінскіх палітычных рэпрэсій.

Прапаганда пры дыктатурах мае патрэбу ў перабежчыках і актыўна іх выкарыстоўвае. Аргумэнт «Да нас таксама ўцякаюць...» надзвычай важны для такіх рэжымаў. Бо мала бясконца паўтараць мантру пра «загніваньне» Захаду, пра яго заняпад, дэградацыю і амаральнасьць. Рана ці позна ўзьнікае патрэба ў доказах, жывых сьведчаньнях. А сьведчаньне — вось яно: палітуцякач Томаш Шмыт, які ўсё жыцьцё пражыў у Польшчы, меў там адказную працу, высокі грамадзкі статус і добры заробак, ня вытрымаў, як ён сьцьвярджае, «несправядлівай палітыкі Варшавы ў дачыненьні да Расеі і Беларусі», «стаў ахвярай перасьледу і запалохваньняў з прычыны сваіх поглядаў», а таму ўцёкі ў «адкрытую і дружалюбную Беларусь» сталі для яго адзіным выйсьцем.

Былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт у Менску, 6 траўня 2024

Мэта максымальнай прапагандысцкай раскруткі гэтай сытуацыі — якраз тое, пра што сказаў Лукашэнка, нядаўна яе камэнтуючы: нанесьці «удар пад дых уладам Польшчы», паказаць, што «гэта тэндэнцыя», што людзі, якія «рэальна глядзяць на рэчы, параўноўваюць Польшчу і Беларусь і робяць высновы», урэшце выбіраюць той шлях, які выбралі Чэчка і Шмыт. Хоць крывадушны прапагандысцкі сэнс такіх заяў і высноў нібыта павінен быць відавочны кожнаму. Ад рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі, пачынаючы з 2020 году, ратаваліся ўцёкамі мінімум 300 тысяч беларусаў, якія знайшлі прытулак на Захадзе. Зваротная «тэндэнцыя» выразілася ва ўцёках у Беларусь двух чалавек, аднаго зь якіх празь некалькі месяцаў знайшлі ў Менску павешаным (такі лёс напаткаў у 2022 годзе салдата-дэзэртыра Эміля Чэчку).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што польскага дэзэртыра Чэчку забілі, і прыставіў да зьбеглага судзьдзі Шмыта ахову

Як у СССР уцяклі 58 тысяч перабежчыкаў

Цяпер у гэта цяжка паверыць, але быў час, калі перабежчыкі з-за заходняй мяжы ўцякалі ў СССР тысячамі. Малады, энэргічны, баявіты бальшавіцкі рэжым зь ягонымі лёзунгамі ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці, бясплатнай адукацыяй і мэдыцынай у першыя гады свайго існаваньня выглядаў надзвычай прывабна, прынамсі на адлегласьці. Асабліва калі гэту прывабнасьць не было каму праверыць, пацьвердзіць ці аспрэчыць. Уцякалі, зразумела, пераважна з Заходняй Беларусі, якая пасьля польска-бальшавіцкай вайны апынулася на польскім баку мяжы. На той час — у канцы 1920-х і на пачатку 1930-х гадоў — многія ў Заходняй Беларусі ўжо мелі ўласныя радыёпрымачы, і некаторыя ахвотна і зь цікавасьцю лавілі радыёперадачы зь Менску і з Масквы. Многія былі зачараваныя і захопленыя пачутым — пра шчасьлівае і заможнае жыцьцё працоўнага чалавека ў СССР. Мне даводзілася размаўляць зь некаторымі з тых даваенных аматараў савецкага радыё, якім пашчасьціла перажыць рэпрэсіі, вайну і дажыць да краху СССР. Амаль усе прызнаваліся, што пераважна верылі прапагандзе з Усходу, бо на той момант не маглі ўявіць, што можна па радыё хлусіць аж так бессаромна і нахабна. Людзі ў Заходняй Беларусі не былі прызвычаеныя да такой прапаганды. Усё ж у тагачаснай Польшчы газэты і радыё прытрымліваліся зусім іншых стандартаў і правілаў.

Газэта «Правда», 1926

Паводле зьвестак, агучаных на адной з нарадаў тагачасным кіраўніком НКВД БССР Берманам, у 1921-1936 гадах у БССР было зарэгістравана 58 тысяч перабежчыкаў з тэрыторыі Польшчы. А яшчэ больш, паводле наркама, было тых перабежчыкаў, якіх ніхто не рэгістраваў — каля 150 тысяч.

У пэўны момант савецкі рэжым стаў ахвярай уласнай прапаганды. Уцекачоў з Захаду стала так шмат, што 30 жніўня 1931 года Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло адмысловае рашэньне, у якім прадпісвалася вакол гэтай зьявы больш «не разьдзімаць палітычную кампанію» ў газэтах і на радыё — відавочна, каб не падахвочваць новых патэнцыйных палітуцекачоў. Што да далейшага лёсу саміх перабежчыкаў, то партыя акрэсьлівала для іх даволі змрочныя пэрспэктывы, якія неўзабаве сталі рэальнасьцю. У прыватнасьці, ОГПУ прадпісвалася «стварыць праверачны пункт для праверкі перабежчыкаў з тым, каб усіх правераных накіроўваць на працу паводле спэцыяльнасьці ў адпаведныя раёны СССР». Для падазроных асобаў зь ліку перабежчыкаў той жа ОГПУ даручалася «вызначыць адпаведны рэжым». А сярод тых ідэйных палітуцекачоў, якія хваліліся сваёй прыналежнасьцю да КПЗБ і камсамолу, прапаноўвалася «весьці агітацыю для вяртаньня на радзіму для працягу рэвалюцыйнай барацьбы». Агітацыя вялася, але своеасаблівымі мэтадамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў 2020 году Беларусь пакінула каля 6-7% насельніцтва краіны, — сацыёляг Коршунаў

Уцякаў, каб бясплатна вучыцца, а трапіў у засьценкі НКВД

Якраз пад гэту пастанову Палітбюро трапіў юны Максім Танк. У 1932 годзе ён — малады беларускі паэт, заходнебеларускі падпольшчык-камсамолец. 27 красавіка за сваю камуністычную актыўнасьць трапіў на месяц у турму Лукішкі ў Вільні.

Максім Танк — вязень Лукішак. 1932

Увосень, адбыўшы пакараньне, вырашыў уцякаць з Польшчы ў БССР: марыў там бясплатна працягнуць адукацыю ва ўнівэрсытэце. Але, нелегальна перайшоўшы мяжу, трапіў не ў сяброўскія абдымкі аднадумцаў-камуністаў, а ў засьценкі НКВД. Некалькі тыдняў зьняволеньня, допытаў і «сяброўскіх гутарак»... Пасьля якіх юнак адправіўся не на вучобу ва ўнівэрсытэт, а назад, адкуль толькі што ўцякаў, «працягваць рэвалюцыйную барацьбу». Наперадзе зноў арышты, турмы, перасьлед за камуністычную дзейнасьць. І гэта яму яшчэ пашанцавала, што быў высланы назад у Польшчу: пачатак 30-х у гэтым сэнсе ў СССР быў параўнальна лагодным пэрыядам. Пазьней, у сярэдзіне і пад канец 1930-х, тысячы ягоных паплечнікаў зь ліку заходнебеларускіх камуністаў і камсамольцаў, якія наважыліся ўцякаць у СССР, будуць адразу ж расстраляныя або зьнікнуць у нетрах ГУЛАГа — як польскія шпіёны і дывэрсанты.

Далейшы лёс самога Максіма Танка склаўся нібыта шчасьліва: ён пазьбег рэпрэсій, быў уганараваны ўсімі магчымымі савецкімі рэгаліямі. Але да самага канца жыцьця пазьбягаў публічных успамінаў і ацэнак таго, што зь ім здарылася ў 1932-м.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Варшавы завочна арыштаваў судзьдзю Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь

«У капцюрох ГПУ»

Яшчэ адной знакавай постацьцю сярод спакушаных і падманутых савецкай прапагандай стаў Францішак Аляхновіч — драматург і тэатральны дзеяч, які гісторыю сваіх ілюзій і пакут маляўніча апісаў у дакумэнтальнай аповесьці «У капцюрох ГПУ». Наслухаўшыся пра нечуваны росквіт беларускай культуры ў БССР, ён вырашыў у лістападзе 1926 году ўцячы зь Вільні ў Менск. Спачатку яго сустрэлі нібыта прыязна: далі працу ў Віцебскім тэатры, 23 сьнежня 1936-га ён нават атрымаў савецкае грамадзянства. Але ўжо 1 студзеня 1927-га Аляхновіч апынуўся ў ізалятары менскай турмы «за шпіянаж на карысьць буржуазнай Польшчы». Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Зьмітрок Бядуля зьвяртаюцца да ўладаў з просьбай вызваліць Аляхновіча — безвынікова. Прысуд — 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах. Аляхновічу пашанцавала: дзякуючы высілкам польскіх уладаў яго ў 1933 годзе абмянялі на лідэра «Грамады» Браніслава Тарашкевіча, які ў той час адбываў пакараньне ў польскай турме.

Францішак Аляхновіч

У выніку Аляхновіч зноў апынуўся на свабодзе ў Вільні, а Браніслаў Тарашкевіч пасьля польскай турмы трапіў неўзабаве ў савецкі ГУЛАГ. У 1938-м Тарашкевіча расстралялі як польскага шпіёна.

Пазьней Аляхновіч напіша пра тых, кім некалі так захапляўся і каго ўрэшце ўзьненавідзеў.

Вось як ён адклікнуўся на прыход Чырвонай арміі ў Вільню ў 1939-м:

«Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнесься...»

Францішку Аляхновічу ўсё ж не ўдалося пазьбегнуць помсты бальшавікоў: 3 сакавіка 1944-га ён загінуў на парозе ўласнай кватэры ў Вільні ад рук савецкіх партызанаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто забіў Францішка Аляхновіча. Зноў адкрытыя факты

Лі Харві Освальд: уцёкі ў СССР і вяртаньне ў ЗША

Пасьля вайны і асабліва ў позьнім СССР перабежчыкаў з Захаду было ўжо няшмат. Ранейшыя прыёмы савецкай прапаганды перасталі спрацоўваць. Прывабны вобраз дзяржавы ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці і даступных бясплатных даброт значна пабляк, асабліва на тле выкрыцьця сталінскіх палітычных рэпрэсій. Рэаліі паўсядзённага жыцьця савецкага чалавека, якія значна саступалі звыклым заходнім стандартам, для большасьці людзей на Захадзе ў эпоху ўсеагульнай даступнасьці тэлебачаньня перасталі быць таямніцай.

І ўсё ж уцёкі з Захаду здараліся. Хто былі гэтыя людзі? Дзівакі, прайдзісьветы, шпіёны, авантурысты альбо выключна прастадушныя і наіўныя асобы. У любым выпадку, савецкая прапагандысцкая машына, як правіла, спрабавала іх выкарыстаць у сваіх мэтах.

Адна з найбольш адметных гісторый 50-60-х гадоў — уцёкі ў СССР амэрыканца Лі Харві Освальда. Дваццацігадовы Освальд — былы марскі пехацінец — увосень 1959 году ўцёк у СССР і папрасіў савецкае грамадзянства, заявіўшы, што расчараваўся ў заходнім ладзе жыцьця. Яго накіравалі ў Менск і ўладкавалі токарам на Менскі радыёзавод. Далі бясплатную кватэру ў цэнтры горада і высокі заробак. І пры гэтым пільна сачылі з дапамогай таемных агентаў КДБ: ці не шпіён.

Освальд з жонкай Марынай на бальконе менскай кватэры

У Менску Освальд ажаніўся, у сям’і нарадзілася дзіця. Аднак вельмі хутка малады амэрыканец расчараваўся ў савецкіх рэаліях. У студзені 1961 году ён напісаў у сваім дзёньніку: «Я пачынаю пераглядаць сваё жаданьне застацца. Праца шэрая, грошы няма дзе траціць, няма начных клюбаў і боўлінгу, няма месцаў адпачынку, акрамя прафсаюзных танцаў. Зь мяне досыць». Наракаючы на аднастайнае жыцьцё, Освальд стаў прасіць выпусьціць яго з краіны, каб ён змог вярнуцца ў ЗША. Як ні дзіўна, яго адпусьцілі. Разам з жонкай і дачкой.

У 1963 годзе, абвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі, падчас перавозкі з паліцэйскай управы ў турму Освальд загінуў ад рук уладальніка начнога клюбу. У той момант яму было 24 гады.

Лі Харві Освальд, абвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта Джона Кенэдзі. 1963

Гэта гісторыя (і асабліва яе менскія фрагмэнты) падрабязна і ярка апісана ў кнізе Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька: Освальд у Менску», якая выйшла ў 2011 годзе ў кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашук: Мая кніга не пра тое, хто і як забіў Кенэдзі

Драма сям’і Локшын

У канцы 1986 году навіна пра амэрыканскую сям’ю Локшын, якая папрасіла палітычнага прытулку ў СССР, стала ледзь не галоўнай сэнсацыяй у Савецкім Саюзе. Перабудова на той час яшчэ не набыла вялікіх маштабаў, і камуністычная прапаганда дзейнічала пераважна па старой завядзёнцы. Гісторыя сям’і амэрыканскіх навукоўцаў Арнольда і Лорэн Локшын стала для яе знаходкай. Як толькі яны прыляцелі ў Маскву, зь імі сустрэўся Андрэй Грамыка, на той час старшыня Вярхоўнага Савету СССР. Перабежчыкі тут жа далі вялікую прэсавую канфэрэнцыю, на якой апісалі спосабы барацьбы амэрыканскіх уладаў зь іншадумцамі і перасьледу з боку ФБР «за прагрэсіўныя камуністычныя погляды». Ад савецкіх уладаў сям’я тут жа атрымала ўсе даброты: шыкоўную па тых часах 4-пакаёвую кватэру ў прэстыжным «цэкоўскім» доме ў Новых Чаромушках, добрую працу (Арнольда прызначылі кіраваць лябараторыяй у навукова-дасьледчым інстытуце). У 1989 годзе выйшла кніга мужа і жонкі Локшын пад красамоўнай назвай «Маўклівы тэрор: гісторыя палітычнага перасьледу сям’і ў Злучаных Штатах». Але час на двары быў ужо такі, што яна мала каго зацікавіла.

Сям'я Арнольда і Лорэн Локшын у СССР

Адметна, як склаўся лёс гэтай сям’і. Арнольд Локшын застаўся верным сваім антыамэрыканскім перакананьням, але заплаціў за гэта высокую цану. У 2017 годзе журналісты адшукалі яго ў той жа «цэкоўскай» кватэры — самотнага расейскага пэнсіянэра, безь сям’і. Ён тады прызнаўся:

«Ні з жонкай, ні зь дзецьмі я не падтрымліваю адносін: мы разышліся ў ідэйных меркаваньнях. Яны перайшлі на другі бок барыкад. Ім так выгадна... Я адзін застаўся верны сваім перакананьням».

Самотны 78-гадовы Арнольд жыў тады на расейскую пэнсію памерам каля 20 000 рублёў (каля 330 даляраў паводле тагачаснага курсу) і наракаў на тое, што ЗША адмаўляюцца яму прызначаць амэрыканскую пэнсію, хоць некаторы пэрыяд часовую дапамогу па старасьці і выплачвалі.

На пачатку 2020-х гадоў прозьвішча Локшын зноў часта стала гучаць у інфармацыйнай прасторы, але гэтым разам ужо ў сувязі з сынам Арнольда і Лорэн Міхаілам (Майклам). Падчас уцёкаў сям’і ў СССР ён быў маленькім 5-гадовым хлопчыкам. А стаў славутым кінарэжысэрам. Менавіта ён — аўтар апошняй экранізацыі булгакаўскага рамана «Майстар і Маргарыта», выхад якога сёлета на экраны выклікаў скандал у праваенным расейскім асяродзьдзі. У Майкла Локшына атрымаўся фільм пра зьнішчэньне таталітарнай дзяржавай таленавітага, а значыць ня здольнага хлусіць, а таму асуджанага на гібель мастака. У пэўным сэнсе гэта стала рысай і пад гісторыяй самой сям’і Локшын — таго вырашальнага эпізоду, калі 40 гадоў таму бацькі памянялі амэрыканскую свабоду на савецкі таталітарызм.

У 2022 годзе Майкл Локшын публічна асудзіў расейскую агрэсію ва Ўкраіну. І пакінуў Расею, пераехаўшы туды, адкуль 40 гадоў таму ўцяклі ягоныя бацькі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія эмігранты паверылі Сталіну. Выйшла кніга пра «дзяцей Францыі». ФОТА

Спакушаныя дыктатурай

Галерэя гэтых нібыта выпадковых партрэтаў і лёсаў пазначае вельмі падобную траекторыю, па якой у далейшым вымушаны рухацца і выбудоўваць сваё жыцьцё тыя, хто памяняў свабоду на несвабоду... Былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт сёньня нібыта аблашчаны і прытулены беларускай уладай. Лукашэнка забясьпечыў яго асабістай аховай і пасяліў, мяркуючы па фатаздымках, у элітным намэнклятурным пасёлку Дразды пад Менскам. Прапаганда (і беларуская, і расейская) усяляк выкарыстоўвае гэту гісторыю, спрабуючы пераканаць аўдыторыю ў бяспраўі, несправядлівасьці і амаральнасьці жыцьця на Захадзе. Што будзе потым, калі прапаганда адпрацуе гэты сюжэт, а далейшы лёс перабежчыка Шмыта стане мала каму цікавым, апроч ягоных блізкіх? Ці ўдасца яму пазьбегнуць спустошанасьці, самоты, расчараваньня, усьведамленьня ўласнай бескарыснасьці, а ўрэшце і жаданьня вярнуцца на радзіму? Магчыма. Аднак, як сьведчыць гісторыя, гэта было б хутчэй выключэньнем з правіла.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі цяпер ваююць з журналістамі». Аляксандар Лукашук прэзэнтаваў кнігу пра Радыё Свабода