Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі цяпер ваююць з журналістамі». Аляксандар Лукашук прэзэнтаваў кнігу пра Радыё Свабода


Новая кніга Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода»
Новая кніга Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода»

У Вільні адбылася прэзэнтацыя кнігі экс-дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.

Кніга Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» выйшла ў праскім беларускім выдавецтве «Вясна».

Прэзэнтацыя кнігі таксама адбудзецца ў Варшаве і Празе, а сёньня аўтар прадставіў яе віленскай беларускай супольнасьці.

У прадмове аўтар напісаў, што гэта кніга ўспамінаў пра тое, «як рабілася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і ім самім».

Падчас прэзэнтацыі.
Падчас прэзэнтацыі.

Кніга і аўтар

На хвалях Радыё Свабода голас Аляксандра Лукашука пачаў гучаць ў 1990 годзе, а ў 1998 журналіст узначаліў Беларускую службу і працаваў дырэктарам да 2023 году.

«Насамрэч зь некалькімі перапынкамі, самы вялікі зь якіх афганскі — з 2005 па 2006 год, калі давялося ўзначаліць «Радыё Азады» (Афганскую службу Радыё Свабода), — расказаў Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі кнігі.

Адказваючы на пытаньне, як удалося вярнуцца з Афганістану нават не параненым, Аляксандар Лукашук ухіліўся ад апісаньня небясьпечнай абстаноўкі, у якую яму давялося трапіць, — маўляў, так, там журналісты гінулі, але ў Беларусі цяпер горш.

«Цяпер у Беларусі ваююць менавіта з журналістамі», — зазначыў Лукашук. У сваёй кнізе ён пайменна згадвае супрацоўнікаў Радыё Свабода, якія цяпер за кратамі, але з прычынаў бясьпекі не называе прозьвішчы журналістаў, якія працуюць цяпер. «Гэта людзі будучыні, і дзякуючы ім я правеў час у будучыні», — сказаў пра калегаў Аляксандар Лукашук.

Пераважная большасьць тэкстаў у кнізе Лукашука — пра беларусаў і знакамітых людзей сьвету, якія спрычыніліся да беларускай справы, чые галасы гучалі на беларускіх хвалях Радыё Свабода. А гэта Васіль Быкаў, Вацлаў Гавэл, Карл Гершман, Кандаліза Райс, Алена Бонэр, Сяргей Кавалёў, Джо Лібэрман, Фрэнсіс Фукуяма, Джордж Буш ды шмат іншых вядомых асобаў. Шырокая і геаграфія кнігі — ад Амэрыкі да Аўстраліі.

Сакрэты прафэсіі

Падчас прэзэнтацыі Аляксандар Лукашук падзяліўся прынцыпамі, якія выпрацаваў за журналісцкае жыцьцё: ня шкодзіць іншым, ня шкодзіць сабе самому і не хлусіць.

«Усё напісанае тут ёсьць праўдай ў той ступені, у якой можа быць праўда», — сказаў аўтар пра сваю кнігу.

А пазьней дадаў яшчэ некалькі ўласных сакрэтаў: ідзі сваім шляхам і ня вер таму, што убачыў зь першага погляду. З мэнэджарскіх сакрэтаў ад Лукашука прагучаў такі: «Бюджэт — гэта найлепшае апраўданьне таго, каб нічога не рабіць». Паводле аўтара кнігі, яна напоўненая ня толькі мудрасьцю, але і самаіроніяй.

Падзяліўся экс-дырэктар беларускай Свабоды і такім назіраньнем. Паводле Аляксандра Лукашука, у журналістыцы ён займеў тры найлепшыя пазыцыі. Зь іх на трэцім месцы, паводле ўласнага ягонага рэйтынгу, пасада галоўнага рэдактара радыё, якая «дае магчымасьць ствараць рэчы, якіх не было. Так удалося стварыць Бібліятэку Свабоды — ХХ стагодзьдзе.

На другім месцы паводле магчымасьцяў, як мяркуе Аляксандар Лукашук, была пасада дырэктара службы радыё. «Гэта казачная пасада, бо ў цябе ёсьць родная мова, на якой ты працуеш, ёсьць бюджэт і людзі. І фантастычная свабода руху».

Але на першым месцы, паводле Лукашука, усё ж праца рэпартэра. «Бо гэта калі зь нічога ты ствараеш новую рэальнасьць. За свае гады я паспрабаваў усё, і разнастайнасьць моцна дапамагала», — прызнаўся аўтар кнігі.

Аляксандар Лукашук падкрэсьліў: на пасадзе дэрэктара яму было лягчэй працаваць праз тое, што вакол былі сябры, якія дапамагалі «думаць іншымі плянамі, адкрываць новыя парталы».

Удзельнікі прэзэнтацыі атрымалі кнігі з аўтографам аўтара. Дабрачынны збор, праведзены падчас прэзэнтацыі, пойдзе на дапамогу сем’ям рэпрэсаваных журналістаў.

  • «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — ня першая кніга Аляксандра Лукашука. Раней ён выдаў кнігі «Зьдзек», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «За кіпучай чэкісцкай работай», «У фіялетавай ночы вугал крыла», «Прыгоды АРА ў Беларусі» , «Сьлед матылька: Освальд у Менску», «Зкімбы-зымбы», «Вянок Свабоды».
  • Аляксандр Лукашук — сябра Беларускага ПЭНу, ляўрэат прэміяў Францішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча, сябра Рады БНР.

Жывая гісторыя: 70 гадоў Беларускай службы Радыё Свабода

20 траўня 1954 году пачаліся беларускамоўныя перадачы Радыё Вызваленьне (пазьней — Радыё Свабода). Сёлета мы адзначаем 70-годзьдзе Беларускай службы і прапануем вам нізку гістарычных матэрыялаў.

«Гаворыць Радыё Вызваленьне...»

Гэта рэпрынтнае выданьне першага зборніка радыёперадач «з вольнага сьвету для суродзічаў», які «стараньнем Беларускае Рэдакцыі Радыя Вызваленьне» выйшаў у Мюнхэне у 1956 годзе.

Чытаць кнігу (PDF)

«Птушкі пералётныя». Успаміны вэтэрана Радыё Свабода Галіны Руднік

Больш як сорак гадоў Галіна Руднік (1930–2017) аддала працы на Радыё Свабода. Сюды, у беларускую рэдакцыю яе рэкамэндаваў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Працавала яна і для ўкраінскай, і для рускай рэдакцый, адышоўшы на пэнсію у 1995 годзе. У 2011 годзе Свабода апублікавала ўспаміны Галіны Руднік.

«На хвалі Свабоды»

Цыкль перадачаў «На хвалі Свабоды» Сяргея Шупы, прысьвечаных гісторыі Радыё Свабода (1954–2013), якія гучалі на нашых хвалях у 2003, 2004, 2009 і 2014 гадах.

«Свабода бяз радыё: больш Свабоды»

30 красавіка 2019 году на сярэдняхвалевай частаце 1386 кГц апошні раз прагучаў наш сыгнал. Радыё Свабода пасьля амаль 65 гадоў штодзённага этэру канчаткова пакінула радыёхвалі.

І на закуску: рок-гіт ад гурту Ulis

У 1990 годзе паэт Фэлікс Аксёнцаў і лідэра гурта Ulis Вячаслаў Корань напісалі песьню «Радыё Свабода», якая ад часу свайго стварэньня стала гітом і гімнам пакаленьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG