Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што польскага дэзэртыра Чэчку забілі, і прыставіў да зьбеглага судзьдзі Шмыта ахову


Аляксандар Лукашэнка, 9 траўня 2024
Аляксандар Лукашэнка, 9 траўня 2024

 «Давывучым усе пытаньні, і абавязкова разгледжу яго заяву», – заявіў журналістам 9 траўня ў Менску Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы сытуацыю з наданьнем палітычнага прытулку польскаму судзьдзі Томашу Шмыту, які ўцёк у Беларусь.

Паводле яго, сілавікам даручана забясьпечыць ахову перабежчыка.

«Каб мярзотнікі гэтыя не загубілі чалавека. Але ён кажа: „Я ведаю, на што іду“. Мужны мужык. З нармальнай галавой, нармальны чалавек, наколькі я зараз валодаю інфармацыяй», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Адзначаецца, што аб сытуацыі са Шмытам КДБ далажыў Лукашэнку напярэдадні прэс-канфэрэнцыі 6 траўня ў Менску, на якой перабежчык падпісаў заяву аб адстаўцы з пасады судзьдзі.

Спэцслужбе загадалі «праверыць гісторыю гэтага польскага грамадзяніна», сказаў Лукашэнка:

«Паглядзелі — гэта абсалютна нармальны, патрыятычны паляк. Нідзе калегі аб ім дрэнна не сказалі. Але гэта ўдар пад дых каму? Уладам Польшчы. Вось яны і пачынаюць: здраднік, такі-сякі. Ніякі ён ня здраднік. Але ён рэальна глядзіць на рэчы, параўноўвае Польшчу і Беларусь і робіць высновы. Мы яго папярэдзілі: ты можаш даць прэс-канфэрэнцыю і іншае (яны ж забілі Чэчку), глядзі, ты ставіш сябе пад удар. [Адказаў:] „Я не баюся. Я мушу сказаць праўду, што адбываецца ў Польшчы“. І гэта выклікала вельмі шырокі рэзананс».

Лукашэнка назваў абвінавачаньні ў вэрбаваньні Шмыта «лухтой поўнай» і заявіў, што ўбачыў яго, «толькі калі ён праводзіў прэс-канфэрэнцыю»

Інфармацыя пра тое, што судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Томаш Шмыт «пакуль неафіцыйна» папрасіў «статус палітычнага уцекача» ў Беларусі, зьявілася 6 траўня ў тэлеграм-канале, створаным за тры дні да падзеі ад ягонага імя на польскай і расейскай мовах.

Паводле публікацыі, Шмыт вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Ён нібыта «зьведаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю».

«Я хацеў бы дазволіць сабе зьвярнуцца непасрэдна да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, — заявіў ён на прэс-канфэрэнцыі, арганізаванай дзяржінфармагенцтвам БелТА. — Я вельмі прашу прабачэньня за маю сьмеласьць, але дазволю сабе папрасіць апеку, ахову прэзыдэнта і ў цэлым Беларусі».

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў 7 траўня, што спэцслужбы Беларусі даўно працавалі са Шмытам, яго адносіны з беларусамі «маюць даўнюю гісторыю», гэта ня справа «апошніх месяцаў».

У той жа дзень перабежчык заявіў ТАСС, што Польшча будзе дабівацца яго экстрадыцыі ў сувязі з праверкамі, якія праводзяцца ў дачыненьні да яго, у тым ліку падазрэньнямі ў шпіянажы.

Польская пракуратура распачала адпаведнае расьсьледаваньне. 9 траўня стала вядома, што Дысцыплінарны суд Вышэйшага адміністрацыйнага суду задаволіў хадайніцтва пракурора аб магчымасьці прыцягненьня Шміта да крымінальнай адказнасьці. Такім чынам, ён пазбаўлены недатыкальнасьці, што дазволіць выдаць ордэр на ягоны арышт.

  • 17 сьнежня 2021 году Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі вайсковец Эміль Чэчка (11-ы Мазурскі артылерыйскі полк 16-й Паморскай мэханізаванай дывізіі) папрасіў палітычнага прытулку ў краіне, бо «ня згодны з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу мігрантамі». Ён заяўляў пра нібыта масавыя расстрэлы мігрантаў сваімі саслужыўцамі.
  • Беластоцкая акруговая пракуратура выдала ордэр на арышт Чэчкі, яму пагражала да 10 гадоў зьняволеньня.
  • 17 сакавіка 2022 года мужчыну знайшлі павешаным у менскай кватэры. Яго пахавалі ў Беларусі. Да заявы Лукашэнкі ўлады не камэнтавалі характару ягонай сьмерці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG