Калі адны не перамогуць, а другія не прайграюць. Што чакае Беларусь, калі расейска-ўкраінская вайна скончыцца «ўнічыю»

Уладзімір Зяленскі, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

У любой вайне непазьбежна надыходзіць момант, калі ворагам даводзіцца сесьці за стол перамоваў. Выглядае на тое, што такі момант набліжаецца і ў расейска-ўкраінскім канфлікце.

Усё больш прыкметаў таго, што ад гэтай вайны стаміліся ўсе — і тыя, хто распачаў агрэсію, і тыя, хто ад яе абараняецца. І тыя, хто ня ўцягнуты ў яе непасрэдна, але вымушаны значную частку гэтай вайны фінансаваць і цярпець выдаткі ад эканамічных абмежаваньняў і стратаў. Зусім магчыма, што ў такіх умовах баявыя дзеяньні ва Ўкраіне спыняцца значна хутчэй, чым сёньня многім здаецца. Як гэта можа адбыцца і да чаго прывядзе?

Сьцісла:

  • Вонкава градус напружанасьці паміж Масквой і Кіевам нібыта падвышаецца. Але ўсё гэта падобна на блеф з абодвух бакоў: застрашваньне праціўніка малаверагоднымі сцэнарамі, якіх той найбольш асьцерагаецца.
  • Паўнавартасная мірная дамова немагчымая, пакуль кожны з бакоў адзіным справядлівым рашэньнем бачыць капітуляцыю праціўніка.
  • Адзінае, пра што можна дамовіцца ў блізкай пэрспэктыве — спыненьне агню, замірэньне, абмен палоннымі. І наступнае замарожваньне канфлікту ў разьліку на тое, што калі-небудзь удасца дамовіцца.
  • Цяжка ўявіць, што Парыж, Лондан і Бэрлін пашлюць дзясяткі тысяч сваіх хлопцаў ваяваць за ўкраінскую Аўдзееўку.
  • Спыненьне расейска-ўкраінскай вайны з «нічыйным» зыходам было б выгаднае Лукашэнку. Гэта азначала б, што хуткія перамены ў краіне ў блізкай будучыні не адбудуцца.

Зыход гэтай вайны мог бы вырашыцца на полі бою — калі б хоць адзін з бакоў быў здольны да вырашальных перамог. Але і адны, і другія на працягу многіх месяцаў і нават ужо гадоў топчуцца то пад Аўдзееўкай, то пад Кляшчэеўкай, то пад Часавым Ярам... Час ад часу агучваюцца бадзёрыя спадзяваньні то на новую цудадзейную зброю (ракеты падвышанай дальнасьці, танкі, самалёты), то на новы пакет шматмільярднай заходняй дапамогі, якая вось-вось паступіць. Але мінаюць тыдні і месяцы. І ракеты нібыта паступаюць, і танкі зьявіліся, і самалёты на падыходзе. А ў зводках — усё тыя ж Аўдзееўка і Часаў Яр... І неяк спакваля да вельмі многіх людзей прыходзіць усьведамленьне, што вайна зайшла ў тупік і пара спыняць гэту бойню.

Украінскія вайскоўцы ў баях каля Аўдзееўкі Данецкай вобласьці, 2023

Ніхто, апроч саміх украінцаў

Вонкава градус напружанасьці нібыта падвышаецца. Але ўсё гэта вельмі падобна на блеф з абодвух бакоў: застрашваньне праціўніка малаверагоднымі сцэнарамі, якіх той найбольш асьцерагаецца. Адны пагражаюць магчымасьцю непасрэднага ўводу войскаў NATO на тэрыторыю Ўкраіны. Другія — ядзерным ударам, падрыхтоўкай да ўжываньня тактычнай ядзернай зброі. Лукашэнка тут (відавочна, выконваючы замову Масквы) асабліва разышоўся: 7 траўня са сьвяточнай трыбуны ў дэталях апісаў, як рыхтуе ядзерныя бомбы і ўжо нават чапляе іх да самалётаў. І шле самыя апошнія і самыя пагрозьлівыя папярэджаньні ў адрас Захаду.

Прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас візыту ў цяпер акупаваны горад Аўдзееўка, які знаходзіцца побач з Данецкам, 29 сьнежня 2023

Усім вядомая формула міру Зяленскага: поўны вывад расейскіх войскаў з усіх акупаваных тэрыторый (уключна з Крымам), выплата Расеяй рэпарацый, прыцягненьне да суду ваенных злачынцаў. Але ці нехта можа ўявіць, што, ня выбіўшы расейскую армію з Марыюпаля, Севастопаля, Данецка і Луганска, можна ўгаварыць (прымусіць) Маскву, каб яна паслухмяна пакінула гэтыя гарады і туды парадным маршам увайшлі пад жоўта-блакітнымі прапарамі байцы генэрала Сырскага? Напэўна, так магло б быць, калі б вайна складвалася па-іншаму. Калі б 600 000 украінскіх мужчын прызыўнога ўзросту не хаваліся ў Эўропе, а апынуліся на фронце. Калі б толькі на працягу апошніх некалькіх месяцаў на мяжы Ўкраіны і Румыніі не было затрымана больш за 6000 маладых украінцаў, якія нелегальна спрабавалі ўцячы з радзімы (а колькі з такіх «уцекачоў» не затрымалі?). Калі б самому галоўнкамандуючаму Сырскаму не даводзілася нагадваць падначаленым, што «недапушчальна, калі камандзір роты ці батальёна кіруе боем, знаходзячыся за некалькі кілямэтраў ад сваіх падразьдзяленьняў».

Канстатацыя гэтых фактаў можа крыўдзіць альбо бянтэжыць тых украінцаў, якія гераічна змагаюцца і спрабуюць адстаяць незалежнасьць сваёй краіны. І ўсё гэта, вядома, ня робіць вайну меней ганебнай і агрэсіўнай з боку Расеі. Але безь цьвярозага ўсьведамленьня і асэнсаваньня гэтых абставін немагчыма растлумачыць, чаму гэта вайна ідзе так, як ідзе. І чаму так істотна мяняецца стаўленьне да яе з боку грамадзкай думкі ў многіх заходніх краінах (што ў канчатковым выніку ўплывае і на палітыку ўрадаў тых краін). І чаму цяжка ўявіць, што Парыж, Лёндан і Бэрлін пашлюць дзясяткі тысяч сваіх хлопцаў ваяваць за ўкраінскую Аўдзееўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Маскве патлумачыў, чаму Беларусь не нападае на Ўкраіну разам з Расеяй

Ці здольны Пуцін «не спыніцца на Ўкраіне»

Аргумэнт, які нязьменна гучыць з боку Кіева ў адрас Захаду: калі ня ўдасца нанесьці Пуціну паразу і адпомсьціць яму за агрэсію, то ён ня спыніцца на Ўкраіне і пойдзе далей на Захад.

Але ў Пуціна няма такога рэсурсу часу і сіл, нават калі б ён і марыў пра будучы захоп Эўропы. Сёлета 7 кастрычніка яму споўніцца 72 гады. Расейская дзяржава ўжо сёньня сутыкаецца зь вялізнымі эканамічнымі выклікамі, зьвязанымі зь няўдалай вайной. Армія аказалася зусім не такой магутнай, як гэта многім здавалася да ўварваньня. Спатрэбяцца многія гады, каб аднавіць страчаны патэнцыял, у тым ліку вайсковы. Праўда, гэта ня значыць, што Расея адмовіцца ад сваіх імпэрскіх памкненьняў альбо што ў будучыні яна перастане быць пагрозай для Захаду. Але ў любым разе новыя вострыя пагрозы ўзьнікнуць не адразу і наўрад ці яны будуць зыходзіць ад Пуціна, палітычны век якога канчаецца.

Уладзімір Пуцін на парадзе 9 траўня ў Маскве

Гэтак жа, як у канцы Другой сусьветнай вайны ў цьвярозых палітыкаў на Захадзе не было ілюзій: сталінскі СССР, нягледзячы на «саюзьніцтва», пасьля вайны не перастане быць пагрозай. Аднак быў пэўны запас часу, пакуль СССР адыдзе, ачомаецца ад папярэдняй вайны, хоць крыху загоіць раны. Сталін сапраўды рыхтаваўся да Трэцяй сусьветнай.

«Цяпер мы перамаглі адну групу капіталістычных дзяржаў у саюзе з другой, зараз трэба рыхтавацца да вайны з гэтай другой групай. Пакуль існуе капіталізм, Трэцяя сусьветная вайна непазьбежная», — павучаў ён Молатава ў 1946 годзе.

Але ажыцьцявіць новыя амбітныя пляны яму не было суджана. У 1953-м ва ўзросьце 73 гадоў Сталін памёр. А пасьля ягоныя пераемнікі пачалі ажыцьцяўляць зусім іншую палітыку.

У выпадку з Пуціным будзе інакш?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка добра зарабляе на вайне Пуціна, а ўдзел Беларусі прынёс бы адны страты, — палітоляг Марозаў

Умоўная «непарушнасьць межаў»

Распаўсюджаная думка: калі зараз не спыніць Пуціна, будзе канчаткова зьнішчаны прынцып непарушнасьці пасьляваенных межаў, на якім дзесяцігодзьдзямі трымалася бясьпека пасьляваеннай Эўропы, які быў замацаваны ў Хэльсынкі ў 1975 годзе лідэрамі ўсіх уэўрапэйскіх краін, у тым ліку тагачасным савецкім генсекам Брэжневым.

Ёсьць, аднак, адна істотная дэталь, якая дазваляе гаварыць пра непарушнасьць пасьляваенных межаў як пра даволі ўмоўны тэрмін. Палітычная мапа Эўропы з 1975 года зьведала немалыя зьмены: аб’ядналася Нямеччына, распаліся СССР, Югаславія, Чэхаславаччына. Але ў цэлым тыя дзяржаўныя межы, якія існавалі ў 1975 годзе, у вонкавых пэрымэтрах тагачасных дзяржаў засталіся нязьменнымі. Перакройваньні, перадзелы, крывавыя канфлікты за гэты час адбываліся і адбываюцца галоўным чынам вакол адміністрацыйных межаў, якія існавалі ўнутры колішніх імпэрый ці фэдэрацый. Найбольш драматычна і крывава гэта адбывалася ў 90-я пры распадзе былой Югаславіі.

Труны ахвяраў вайны ў Югаславіі. Горад Паточары, недалёка ад Срэбраніцы

На прасторах былога СССР тады многія з палёгкай уздыхалі: якое шчасьце, што Савецкі Саюз распаўся мірна. Цяпер, з вышыні дзесяцігодзьдзяў, становіцца відавочна: радасьць была заўчаснай. Распад савецкай імпэрыі ў 1991 годзе не завяршыўся — ён тады толькі пачаўся і расьцягнуўся ў часе на многія гады. Нагорны Карабах, Прыднястроўе, Абхазія, Чачэнія, Паўднёвая Асэтыя — усё гэта былі толькі эпізоды распаду. А вайна ва Ўкраіне — гэта, магчыма, самая крывавая і драматычная яго старонка.

Для многіх на Захадзе гэта і выглядае як наступства распаду імпэрыі, унутраныя разборкі паміж яе аскепкамі, накшталт югаслаўскіх падзей 20-гадовай даўнасьці. Усходнія славяне не падзялілі паміж сабой савецкую спадчыну і цяпер высьвятляюць адносіны. Іншымі словамі, увогуле перакройваньне дзяржаўных межаў непрымальнае і небясьпечнае, але калі ў вас распалася дзяржава і ейныя кавалкі праводзяць паміж сабой новыя дзяржаўныя межы, то тут, можа, асаблівы выпадак, да якога і ставіцца належыць асабліва?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі не да Ля-Манша, дык хаця б да Вільні. Чаму агрэсія Пуціна і Лукашэнкі супраць краін Балтыі не выглядае чымсьці неверагодным

Ні міру, ні вайны

Усе войны рана ці позна спыняюцца. Калі не перамогай аднаго з бакоў, то — у выніку яўнай бясплённасьці намаганьняў, стомленасьці ад вайны, немагчымасьці адолець праціўніка.

Непазьбежна надыходзіць момант, калі ворагам даводзіцца сесьці за стол перамоваў. Выглядае на тое, што такі момант набліжаецца і ў расейска-ўкраінскай вайне. Прычым, нават калі нехта з варагуючых бакоў ня будзе пагаджацца, яго да гэтага могуць змусіць абставіны. Але пра што можна дамовіцца ў такіх умовах, калі кожны з бакоў адзіным справядлівым рашэньнем бачыць капітуляцыю ворага? Ці не адзінае — пра тое, супраць чаго, выглядае, асабліва не пярэчыць ніводзін з бакоў: спыненьне агню, замірэньне, абмен палоннымі. І наступнае замарожваньне канфлікту ў разьліку на тое, што калі-небудзь удасца дамовіцца.

Як могуць адбывацца такія спробы дамовіцца і да якіх вынікаў яны могуць прыводзіць, можна прыблізна ўявіць на прыкладзе шматгадовых і бясплённых расейска-ўкраінскіх мірных перамоваў у Менску пасьля ўкраінскіх падзеяў 2014 года. А таксама на іншых гістарычных прыкладах, ня надта аддаленых ад нас у часе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін у Лукашэнкі заўсёды вучыўся і вучыцца» — паплечнік Навальнага Леанід Волкаў

Незалежнасьць з адтэрміноўкай

Ня можам вырашыць праблему зараз — давайце адкладзем яе для будучых пакаленьняў: нашчадкі як-небудзь разьбяруцца. Часам такі прынцып спрацоўвае. Згадайма, наколькі невырашальнай падавалася ў свой час для заходняга сьвету праблема анэксіі ў 1940 годзе сталінскім Савецкім Саюзам балтыйскіх краін. Злучаныя Штаты і шэраг іншых дзяржаў увогуле ніколі не прызнавалі гэту акупацыю як законную. У выгнаньні працягвалі дзейнічаць некаторыя дыппрадстаўніцтвы гэтых краін. У ЗША былі замарожаныя іхныя актывы.

Мапа савецкага захопу краін Балтыі

Яшчэ нават у 1983 годзе на геаграфічных мапах, якія вырабляліся для патрэбаў арміі ЗША, было абавязковым пазначэньне Літвы, Латвіі і Эстоніі як краін, акупаваных Савецкім Саюзам. І ў 60-я, і на пачатку 80-х гадоў Рада Эўропы, Эўрапейскі парлямэнт у сваіх рэзалюцыях пацьвярджалі: далучэньне трох балтыйскіх краін да СССР было акупацыяй, гвалтоўнай інкарпарацыяй і анэксіяй.

Брытанскі прэм’ер Чэрчыль у лісьце міністру замежных спраў Ідэну ад 8 студзеня 1942 года пісаў:

«Мы ніколі не прызнавалі межы Расеі 1941 года, акрамя як de facto. Яны дасягнутыя шляхам актаў агрэсіі ў ганебнай змове з Гітлерам. Здача народаў краін Балтыі пад уладу Савецкай Расеі супраць іхнай волі будзе супярэчыць усім прынцыпам, за якія мы вядзём гэту вайну, і будзе ганьбіць нашу справу».

Вялікая Брытанія, як і шэраг іншых краін, так ніколі і не прызналі акупацыю балтыйскіх краін дэ-юрэ. Што, зрэшты, ня надта замінала ў пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі супрацоўнічаць з Савецкім Саюзам. Хоць гэта стрэмка заўсёды заставалася. І гістарычная справядлівасьць была адноўленая — праз паўстагодзьдзя пасьля анэксіі, тады, калі для многіх гэта ўжо здавалася даўняй гісторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы нікога ў Беларусі не трымаем». Чаму Лукашэнка і Пуцін не закрылі межаў для тых, хто ўцякае ад рэпрэсій

Кіпр: паўстагодзьдзя бясплённых перамоваў

А ёсьць і іншыя прыклады, калі даўнія замарожаныя канфлікты нават праз паўстагодзьдзя выглядаюць невырашальнымі. Напрыклад, сёлета ў ліпені споўніцца 50 гадоў з часу кароткай, але крывавай вайны на Кіпры. Паўночная частка вострава ў ліпені 1974 года была акупаваная турэцкай арміяй (Турэччына сьцьвярджае: «дзеля навядзеньня канстытуцыйнага парадку і абароны суайчыньнікаў», Грэцыя лічыць: «з мэтай акупацыі і анэксіі»). Ваенныя дзеяньні там хутка спыніліся, але канфлікт так і застаўся замарожаным. На ўсіх геаграфічных мапах сьвету (апроч турэцкіх) востраў паказаны як адзіная краіна. У рэальнасьці ўжо паўстагодзьдзя ён перарэзаны надвое паласой калючага дроту ды іншых інжынэрных збудаваньняў, нашмат больш сур’ёзных, чым на любой дзяржаўнай мяжы.

Разбураныя і пакінутыя гатэлі на акупаванай Турцыяй тэрыторыі Кіпра, 2014

На поўначы — нікім (апроч Турэччыны) не прызнаная Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпру. Па сутнасьці, частка Турэччыны (з турэцкімі войскамі, адміністрацыяй, школамі, турэцкай лірай у якасьці валюты). На поўдні — прызнаная ўсім сьветам незалежная Рэспубліка Кіпр, населеная пераважна грэкамі-кіпрыётамі. Нягледзячы на тое, што краіна кантралюе толькі каля 60 працэнтаў сваёй тэрыторыі, яна ў 2004 годзе прынятая ў Эўразьвяз, пасьпяхова разьвіваецца, стала агульнапрызнаным цэнтрам міжнароднага турызму. Перамовы пра аб’яднаньне вострава вядуцца ўжо амаль паўстагодзьдзя без істотных вынікаў. Для некалькіх пакаленьняў кіпрыётаў такі лад жыцьця стаў звыклым. Дзьве часткі вострава ўжо, па сутнасьці, мала што зьвязвае. Яны амаль не кантактуюць і не супрацоўнічаюць адна з адной, толькі нядаўна стала ўвогуле магчымым перасякаць мяжу, хоць мясцовыя жыхары гэтым вельмі рэдка карыстаюцца. І ў такім стане (ні вайны, ні міру, варажнеча паміж дзьвюма часткамі разьдзеленага народу, непрызнаньне сьветам акупаваных тэрыторый) востраў жыве дзесяцігодзьдзямі. Ці не такая ж будучыня чакае ў недалёкай пэрспэктыве цяперашнія акупаваныя і анэксаваныя Расеяй украінскія землі — Крым, Данбас, узьбярэжжа Азоўскага мора?..

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская назвала тры магчымыя сцэнары пераменаў у Беларусі

Што далей?

Што пры падобным сцэнары адбудзецца з Украінай? На мапах па-ранейшаму будуць фігураваць міжнародна прызнаныя межы. У рэальнасьці ж ад Харкаўскай вобласьці на ўсходзе і да Херсона на поўдні краіну будзе разьдзяляць адна даўгая бэтонная сьцяна з калючым дротам і памежная паласа зь міннымі палямі і супарацьтанкавымі ўмацаваньнямі. Магчыма, ад некаторых захопленых тэрыторый Расея ў працэсе адмовіцца, хоць наўрад ці гэтыя саступкі будуць значнымі, калі толькі сама Ўкраіна ў найбліжэйшы час ня здолее зьмяніць лінію фронту на сваю карысьць.

Што потым? Маруднае, расьцягнутае на гады (а можа, і на дзесяцігодзьдзі) загойваньне ваенных ранаў. Цяжкія складаныя перамовы. Спадзяваньні на тое, што ў Расеі ўрэшце адбудуцца зьмены, якія дазволяць вярнуцца да ўсталяваньня справядлівага міру. І — цьмяная будучыня. Пакуль калі-небудзь нехта зноў не захоча аднавіць гістарычную справядлівасьць і ўсталяваць справядлівыя межы...

Сотні магіл зьявіліся ў горадзе Ірпень пад Кіевам пасьля расейскай акупацыі горада. Красавік 2022

Што да Беларусі, то спыненьне вайны з такім «нічыйным» зыходам было б яўна выгаднае Лукашэнку. Гэта азначала б, што хуткія перамены ў краіне ў блізкай будучыні не адбудуцца. Хоць і нязьменным становішча таксама наўрад ці застанецца. І ў грамадзтва, і ў кіроўнай клясы ўзьнікне запатрабаваньне да вяртаньня да нармальнасьці — хаця б той, якая была да вайны. Калі сьціхаюць гарматы, людзі міжволі пачынаюць па-іншаму думаць, глядзець на сьвет, жыць. Пакрысе пачнуць адкрывацца межы, наладжвацца парушаныя эканамічныя сувязі, адкрывацца закрытыя транспартныя калідоры, адмяняцца ўведзеныя на тле вайны санкцыі. Нейкія паслабленьні і ва ўнутранай палітыцы, і на замежнапалітычным контуры ня толькі зусім магчымыя, яны непазьбежныя. Хоць адбывацца гэта ў Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе ўсьлед за Расеяй і паралельна з Расеяй. Па-іншаму пры Лукашэнку наўрад ці магчыма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэтрансьлятар Пуціна. Навошта Лукашэнка зноў пужае сьвет ядзернай зброяй