На другі дзень візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам:
«Вось гэтыя вось заклікі, Беларусь у вайну з Украінай, гэтыя ўсе заклікі на карысьць NATO. Гэта яны робяць усё, каб уцягнуць Беларусь у вайну з Украінай. Што адбудзецца? Вы ведаеце, тысяча кілямэтраў фронт ва Ўкраіне зараз. Тысяча пяцьсот прыкладна мяжа ў нас з Украінай. Дадайце і на прыбалтыйскім, і польскім кірунку. Яшчэ тысяча пяцьсот. Тры тысячы кілямэтраў. Нам з вамі давядзецца гэта закрыць. Мы зможам гэта зрабіць? Ня зможам. Я вам кажу, ня зможам. Мы хочам сабе праблем? Я вам кажу: ня хочам. Можа быць, Украіне, таксама як сёньня Расеі, спатрэбіцца такая Беларусь».
Аляксандар Лукашэнка дадаў, што ня бачыць неабходнасьці, каб Беларусь уступала ў вайну з Украінай.
«Такой неабходнасьці няма, і ня будзе такой неабходнасьці. Я неяк сказаў напярэдадні, што Расеі цяпер патрэбна такая Беларусь — мірная ціхая, спакойная, якая робіць сваю справу. У дэталях я вам ня буду распавядаць, чым мы займаемся і гэтак далей. Я ж не адмаўляюся, што мы суагрэсары. Кожны робіць сваю справу. Але я наўпрост кажу: ні я, ні Пуцін *мы ўчора таксама гэту праблему абмяркоўвалі (ня хочам, каб пакутаваў братэрскі нам украінскі народ. На хочам», — сказаў ён.
Лукашэнка адказаў на разважаньні аб магчымай атацы Мазырскі НПЗ, які пастаўляе сваю прадукцыю ў тым ліку ў Расею, калі там шмат сваіх НПЗ пашкоджана дронамі:
«Заўтра „Іскандэр“ паставіў і высокадакладная зброя паляцела ў Кіеў. Я не кажу пра ядзерную. Гэта прасьцей за ўсё. Але трэба разумець наступствы. У нас паўкраіны знаходзіцца ў радыюсе ста кілямэтраў ад Кіева. У тым ліку і Мазырскі НПЗ, які, на шчасьце, сёньня працуе без перабояў, мадэрнізаваны, і вы запраўляецеся палівам Мазырскага НПЗ.
Нашы зьбеглыя, вашы і нашы, гэта мне пазаўчора інфармацыю перадалі, увесь час палякам і іншым выкрыкваюць, давайце па Мазыры ўдарым, па НПЗ. Яны ж агрэсару пастаўляюць паліва для вайсковых патрэб у тым ліку, значыць законная мэта. Ну я тады сваіх вайскоўцаў паклікаў, ну пастаўце на пазыцыі што ў нас ёсьць, ня буду пералічваць, і тады адкажам так, што мала не падасца.
Калі б мы сёньня ўступілі ў вайну супраць Украіны, гэта б нічога не дало, бо ў іх мяжа з Беларусьсю забарыкадавана так, што туды не падысьці. Яна замініравана цалкам, забэтанавана і 120 тысяч украінскіх вайскоўцаў на гэтай мяжы. Ну яны жадаюць на фронт туды паслаць іх супраць Расеі, а тут французаў паставіць».
Пра апошнія атакі на энэргаструктуру Ўкраіны Лукашэнка сказаў:
«Украінцы павінны разумець: калі яны будуць закідваць БПЛА на нафтаперапрацоўчы завод, адказ прыляціць імгненна ў дзесяціразовым памеры. Ну навошта правакаваць, навошта распальваць гэты агонь, навошта ён патрэбен. І разам з тым расказваюць пра нейкія мірныя перамовы, у Швайцарыі, без Расеі».
11 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што без удзелу Расеі ў перамовах аб Украіне ніякага мірнага працэсу быць ня можа.
- 11–12 красавіка Лукашэнка наведвае Расею з працоўным візытам: 11 красавіка адбыліся яго перамовы сам-насам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, 12 красавіка ён удзельнічае ў імпрэзах з нагоды Дня касманаўтыкі.
- Гэта 19-я паездка Лукашэнкі ў Расею за апошнія два гады, а з 2000 году — 150-я.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.