Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін у Лукашэнкі заўсёды вучыўся і вучыцца» — паплечнік Навальнага Леанід Волкаў


Леанід Волкаў
Леанід Волкаў

Леанід Волкаў — адзін з бліжэйшых паплечнікаў памерлага расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Нядаўна на Волкава, які жыве ў эміграцыі ў Вільні, быў учынены напад. Сёньня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што замоўшчыкам нападу быў беларус, зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі.

Волкаў даў інтэрвію парталу «Люстэрка», адказаўшы і на пытаньні, якія тычацца Беларусі і адносінаў беларускай і расейскай апазыцыі.

— Чаму ў Фонду барацьбы з карупцыяй Навальнага ніколі не было расьсьледаваньня пра Лукашэнку?

— Таму што мы расейская палітычная арганізацыя, якая займаецца расейскай палітыкай і дзейнасьцю, накіраванай на нашых выбаршчыкаў. Я адважуся меркаваць, што нашым гледачам і прыхільнікам, шчыра кажучы, у масе сваёй глыбока пляваць на Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Мне здаецца, што расейскія выбарнікі ў цэлым мала думаюць пра Лукашэнку і Беларусь. Не таму, што не паважаюць ці яшчэ чамусьці, а таму, што зараз увесь фокус на Ўкраіне. Вядома, у жніўні 2020-га году ўвага да падзеяў у Беларусі была вялізная і была вялізная сымпатыя. Але будзем сумленнымі: з 24 лютага 2022 году ўсіх хвалюе толькі Ўкраіна, вайна і ўсё, што там адбываецца.

— Пасьля гібелі Аляксея Навальнага яго жонка Юлія сустракалася са Сьвятланай Ціханоўскай. Як вы думаеце, яны могуць абʼяднацца для працы на міжнароднай арэне супраць Лукашэнкі і Пуціна?

— Каштоўнасьць у абʼяднаньнях, якія ўтвараюцца дзеля канкрэтных праектаў. Як толькі ў нас будзе канкрэтная ідэя праекту, дзе сумесныя дзеяньні, напрыклад, з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, могуць даць нам больш, чым нашы самастойныя дзеяньні, мы тут жа прыбяжым з гэтай ідэяй да іх. Як толькі ў іх узьнікне ідэя, як нейкі сумесны праект можа спарадзіць больш эфэктыўныя дзеяньні і нанесьці Пуціну ці Лукашэнку больш болю, а нашай агульнай справе — больш карысьці, мы тут жа з радасьцю яе разгледзім і ўпішамся.

— З кім з беларускай апазыцыі ў вас кантакт? Вы з кімсьці працуеце разам?

— Працоўны кантакт, зразумела, ёсьць шмат з кім. У першую чаргу з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Дзякуючы гэтаму мы і змаглі вельмі хутка арганізаваць сустрэчу Юліі Навальнай і Ціханоўскай у Мюнхэне, бо мы адзін аднаго ведаем.

На розных мерапрыемствах, якія здараюцца, мы перасякаемся і ўзаемадзейнічаем і зь іншымі беларускімі палітыкамі і актывістамі. Я меў зносіны з хлопцамі з BYSOL, з тымі, хто знаходзіцца ў Варшаве. Трэба разумець, што гэта хутчэй шапачнае знаёмства. Хаця прывабнай падаецца ідэя: «У вас Пуцін, у нас Лукашэнка, давайце дзяліцца досьведам». Насамрэч, шчыра кажучы, гэта дзьве розныя краіны, два розныя рэжымы, два розныя праблемныя колы. Я шмат ведаю пра расейскую палітыку і выбары. Я не адчуваю сябе дастаткова кваліфікаваным, каб даваць нейкія парады беларускім палітыкам.

Каб даваць такога кшталту парады адказна, без прафанацыі і балбатні, трэба адчуваць сытуацыю кончыкамі пальцаў. Таму калі нехта кажа, што я зараз вазьму досьвед Расеі, Вэнэсуэлы, Зімбабвэ, любой краіны, якая змагаецца з дыктатурай, і па гэтых жа лякалах нешта зраблю і гэта спрацуе ў Беларусі, то ганіце такога чалавека. Гэта шарлатан.

— Удакладню: чыя была ініцыятыва сустрэчы ў Мюнхэне?

— Офіса Сьвятланы Ціханоўскай.

— Два гады таму, параўноўваючы Расею і Беларусь, вы сказалі: «У нас больш магчымасьцяў для барацьбы, чым у беларускіх калегаў, якім даводзіцца зусім цяжка». А як цяпер?

— Ды ўжо тут цяпер можна паспаборнічаць. У Беларусі ўсё яшчэ значна больш масавы характар маюць рэпрэсіі, у Беларусі палітвязьняў на душу насельніцтва ў дзясяткі разоў больш, чым у Расеі, у Беларусі магчымы значна больш таталітарны ўзровень кантролю над грамадзтвам. У Расеі ўсё яшчэ не саджаюць за няправільныя падпіскі на няправільныя тэлеграм-каналы. Гэта прыйдзе.

Пуцін у Лукашэнкі заўсёды вучыўся і вучыцца. Калі нейкая дрэнная рэч, зьвязаная з закручваньнем гаек, здараецца ў Беларусі, можна быць упэўненым, што праз год-другі Пуцін возьме гэта на ўзбраеньне. Але ўсё ж такі менавіта ў такім парадку. Спачатку гэта здараецца ў Беларусі, а потым ужо даходзіць да нас. Беларусь застаецца палігонам для адпрацоўкі новых тэхналёгій рэпрэсій і тэрору. І ў гэтым сэнсе беларускай грамадзянскай супольнасьці па-ранейшаму даводзіцца складаней і цяжэй, чым расейскай.

— Кім павінная быць Расея для Беларусі?

— Суседам, гандлёвым партнэрам, краінай, зь якой ёсьць шмат агульнага і зь якой класна ўзаемадзейнічаць. Зразумела, што для многіх беларускіх вытворцаў расейскі рынак мае вялікае значэньне. Зразумела, што шмат для якіх расейскіх кампаній быў бы цікавы беларускі рынак. У ідэальным сьвеце, дзе ёсьць цудоўная Расея будучыні і цудоўная Беларусь будучыні, гэта дзьве краіны, якія відавочным чынам зьвязаныя шчыльнымі палітычнымі, культурнымі, гандлёва-эканамічнымі сувязямі, і для абедзьвюх гэтых краін гэта проста вельмі выгадна.

— А што тычыцца інтэграцыі і саюзнай дзяржавы?

— Саюзная дзяржава — гэта, відавочна, абсалютна мёртванароджаны канструкт.

Калі я яшчэ жыў у Маскве, мне шмат разоў даводзілася назіраць сытуацыю. У Шарамецьеве (міжнародны аэрапорт у Маскве — РС) стаялі рамкі: для дыпляматаў, для грамадзян замежных дзяржаваў, для грамадзян саюзнай дзяржавы. Грамадзяне Расеі стаялі і шапталіся: «Мы можам туды ісьці ці не?» У труне бачылі гэтую саюзную дзяржаву, зусім штучная канструкцыя. Дзясяткі мільёнаў людзей жывуць у ёй і ня ведаюць, што яны тамака жывуць. Гэта мёртванароджаная ідэя, гэта непатрэбная бздура.

— Калі і як скончыцца вайна?

— Вайна скончыцца, калі ня стане Пуціна. Гэта адзіны магчымы сцэнар. Пуцін — гэта вайна. Пакуль ён ёсьць, вайна будзе працягвацца. Гэта абсалютна простая, відавочная рэч, якую мы абмяркоўваем на ўсіх сусьветных пляцоўках апошнія два гады. Калі і як скончыцца Пуцін — гэта іншае пытаньне. Вы яго не задавалі.

— Але я спытаў яшчэ, як скончыцца вайна.

— Як толькі Пуціна не стане, тыя людзі, якія ўступяць у барацьбу за яго крэсла, за яго спадчыну, за яго пераемніка, неадкладна і скончаць вайну, таму што ўсім гэтым людзям будзе хацецца зваліць на папярэдніка ўсе праблемы. Яшчэ зямля над магілай Пуціна не астыне, і ўсе яго цяперашнія паплечнікі перакуюцца на 180 градусаў у самых галоўных у сьвеце пацыфістаў, якія будуць выводзіць войскі, ісьці на любыя саступкі і перамовы, абы атрымаць народную падтрымку ў Расеі, прызнаньне легітымнасьці і зьняцьце санкцый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG