Сьцісла:
- Пытаньне пра тое, ці не апусьціць на дзяржаўнай мяжы заслону (прынамсі для палітычна нядобранадзейных і заўважаных у пратэстах) паўстала перад Лукашэнкам перад тым, як ён распачаў у краіне палітычныя рэпрэсіі і сваю «татальную зачыстку».
- Палітычныя рэпрэсіі ў прыфрантавой Беларусі сталі складнікам падрыхтоўкі Пуціна да будучай агрэсіі, а ў чымсьці — і рэпэтыцыяй, трэнінгам, праверкай і апрабацыяй ягоных уласных рэпрэсіўных практык.
- Цяперашняя турэмная інфраструктура не прыстасаваная для рэзкага росту колькасьці зьняволеных, і ў выпадку маштабных масавых рэпрэсій яе давялося б шматкроць пашыраць, будуючы новыя турмы, калёніі і лягеры для палітычных.
- Калі б жалезная заслона на мяжы апусьцілася, гэта азначала б усталяваньне значна больш жорсткай мадэлі дыктатуры ўнутры Беларусі і Расеі.
- 45-гадовы досьвед існаваньня Ірану ва ўмовах жорсткіх санкцый можа стаць прывабным узорам для рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.
Адных у турму, другіх выціснуць за мяжу
Каток палітычных рэпрэсій у Беларусі і Расеі мог прайсьціся па значна большай колькасьці людзей, чым гэта адбылося і адбываецца. Згадайма вясну і лета 2021 году, калі быў дадзены старт «татальнай зачыстцы» палітычных апанэнтаў рэжыму. Менавіта тады стала відавочна, што справа не абмяжуецца адзінкавымі арыштамі галоўных палітычных канкурэнтаў і іхных штабоў (як гэта звычайна было падчас ранейшых прэзыдэнцкіх кампаній), а выйдзе далёка за рамкі звыклага маштабу рэпрэсій, дойдзе да вынішчэньня ўсёй грамадзянскай супольнасьці і кардынальнай зьмены палітычнага ляндшафту. На тле ўсё больш частых пагромаў, ператрусаў і затрыманьняў спачатку дзясяткі і сотні, а потым і тысячы людзей, якія так ці інакш мелі дачыненьне да пратэстаў жніўня 2020-га, пакавалі чамаданы і бралі білеты ў адзін канец за мяжу — хто ў бязьвізавую Ўкраіну, хто адразу ў заходнім кірунку. Што адметна: практычна ўсе пасьпяхова перасякалі мяжу і выбіраліся зь Беларусі. Хоць, калі б у той момант быў аддадзены адпаведны загад, межы для «палітычных» былі б імгненна заблякаваныя (і ня толькі беларускія, але і расейскія), а самі яны маглі б апынуцца не за мяжой, а за кратамі. Зразумела, наўрад ці гэта магло адбыцца ў адзін момант: на маштабныя адначасовыя аблавы магчымасьці не было. Аднак, закрыўшы людзей унутры краіны, вылавіць іх на працягу наступных месяцаў і гадоў было б справай тэхнікі. Паляваньне на «палітычных» было б нашмат маштабнейшым і са значна буйнейшымі «трафэямі». Тым ня менш тады ім у пераважнай большасьці далі выехаць (некаторых нават сілком выштурхоўвалі). Чаму?
Адкрытыя межы — толькі ўцякай
Выехаць за мяжу і зь Беларусі, і з Расеі параўнальна свабодна можна і цяпер. І гэта яўнае сьведчаньне таго, што да таталітарызму савецкага кшталту справа пакуль не дайшла. Відавочна, пытаньне пра тое, ці не апусьціць на мяжы заслону (хаця б для палітычна нядобранадзейных і заўважаных у пратэстах) непазьбежна паўставала перад Лукашэнкам, калі ён распачынаў у краіне палітычныя рэпрэсіі і сваю «татальную зачыстку». Цяжка ўявіць, што такое рашэньне не ўзгаднялася з Пуціным, а магчыма, і прымалася найперш ім. У 2021-м ён актыўна рыхтаваўся да збройнага ўварваньня ва Ўкраіну. «Зацісканьне гаек» у прыфрантавой Беларусі было складнікам падрыхтоўкі да будучай агрэсіі, а ў чымсьці і рэпэтыцыяй, трэнінгам, праверкай і апрабацыяй ягоных уласных рэпрэсіўных практык. Потым, увесну 2022-га, мы ўбачым падобныя масавыя ўцёкі з Расеі (толькі ў значна большым маштабе) на памежных пераходах на расейска-грузінскай і расейска-казахстанскай межах, у шматлікіх расейскіх аэрапортах. Патэнцыйныя «іншаземныя агенты» (апазыцыйныя актывісты, журналісты, палітолягі, артысты) тысячамі ўцякалі — у Ізраіль, Турэччыну, Казахстан, Армэнію, Грузію; каму пашанцавала больш — у краіны Эўропы і ЗША. І ніхто ім асабліва не замінаў. Хоць маглі, калі б паступіў такі загад Крамля.
Чаму ня быў выбраны варыянт з поўным закрыцьцём межаў? Ці абмяркоўвалі яго Лукашэнка і Пуцін падчас сваіх шматлікіх сустрэч на пачатку 2021-га, калі вырашалася, якой будзе блізкая таталітарная трансфармацыя абодвух рэжымаў? Ці не асьцерагаліся яны, што ўцёкі з краін набудуць масавыя маштабы і будуць мець істотныя наступствы для дэмаграфіі і эканомікі? Калі-небудзь, напэўна, падрабязнасьці тых абмеркаваньняў стануць вядомымі. Пакуль жа відавочны толькі вынік: быў выбраны ня самы радыкальны варыянт. Калі б жалезная заслона апусьцілася, гэта азначала б усталяваньне значна больш жорсткай мадэлі дыктатуры ўнутры Беларусі і Расеі. І Пуцін, і Лукашэнка знаёмыя зь ёю на ўласным досьведзе. У СССР для тых, хто не падтрымліваў савецкі лад, было два шляхі: альбо турма, альбо маўчаньне і «заляганьне на дно». Людзі, крытычна настроеныя да камуністычнага рэжыму, вымушаныя былі трымаць свае перакананьні ў строгім сакрэце. Уцячы было практычна немагчыма. Легальны выезд за межы савецкай радзімы быў прывілеем для вузкага кола абраных. Дарэчы, сам Лукашэнка ўпершыню ўбачыў замежжа хіба тады, калі стаў дэпутатам, амаль у 40-гадовым узросьце. Дый Пуцін у маладыя гады далей за месца службы ў ГДР выяжджаць за мяжу ня мог.
Колькі ў Лукашэнкі ворагаў?
Наўрад ці Лукашэнка надта ўпарціўся ідэі выціснуць за мяжу ўсю гэтую нядобранадзейную публіку — апазыцыйных актывістаў, палітыкаў, журналістаў, айцішнікаў. У адзін момант пазбавіцца ад дакучлівых апанэнтаў, крытыкаў, раздражняльнікаў грамадзкай думкі, зьменшыць ці ўвогуле зьнішчыць сацыяльную базу для пратэстаў — ці не пра гэта марыць кожны дыктатар, які дзесяцігодзьдзямі ўтрымлівае ўладу? Чаму не паспрабаваць стварыць ідэальнае для сябе грамадзтва паслухмяных і пакорлівых?
Лукашэнка яўна загадзя падлічваў, колькі людзей у выніку можа трапіць пад нож рэпрэсій альбо пад выцісканьне за мяжу. Паводле ягоных падлікаў, колькасьць павінна была быць ня надта вялікая. У жніўні 2021 году ён нават агучваў дакладную лічбу — 46 700 чалавек. Менавіта столькі, як ён сьцьвярджаў, «выходзілі на піку пратэстаў» на вуліцы ў жніўні 2020 году. Тады ж ён назваў і агульную лічбу сваіх праціўнікаў і нядобразычліўцаў: «За мяне ў краіне ніколі не галасавалі прыкладна 10 працэнтаў насельніцтва. Гэта былі людзі, якім я непрымальны зь першых выбараў, таму што яны мне прайгралі выбары — гэтыя нацыяналістычна настроеныя, з „фашыствуючым“ ядром. Але гэтае нацыяналістычнае ядро, нават у добрым сэнсе, недзе на флянгах... Для мяне гэтыя 46 тысяч, як для спрактыкаванага чалавека, не былі нейкай катастрофай».
Былі яны для Лукашэнкі «нейкай катастрофай» ці не былі, стала відавочным у тым жа 2021-м і наступных гадах. Тыя зь іх, чые твары трапілі ў відэабазу ГУБАЗІКа і хто не пасьпеў уцячы за мяжу, неўзабаве апынуліся ў турмах. Колькасьць палітвязьняў у Беларусі, паводле зьвестак праваабаронцаў, увесь час вагаецца ў межах паўтары тысячы чалавек. Многія не без падстаў ставяцца да гэтай лічбы скептычна, але пры любой мэтодыцы падліку наўрад ці яна перавышае некалькі тысяч. У той жа час колькасьць тых, хто, ратуючыся ад магчымага арышту за сваю палітычную актыўнасьць, уцёк за мяжу, вымяраецца сама меней 350 тысячамі чалавек. Гэтую лічбу агучыў у кастрычніку 2023 году намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў. У 400-500 тысяч ацэньваюць маштаб эміграцыі зь Беларусі пасьля 2020 году і многія незалежныя экспэрты. Мала сумневу: калі б адпачатку Лукашэнка паставіў перад сваімі спэцслужбамі адпаведную мэту, усе гэтыя людзі ня мелі б магчымасьці перасячы дзяржаўную мяжу і ў найгоршым для іх выпадку апынуліся б у няволі. Праўда, цяперашняя турэмная інфраструктура зусім не прыстасаваная для такога росту колькасьці зьняволеных, і яе давялося б шматкроць пашыраць, будуючы новыя турмы, калёніі і лягеры для палітычных.
Дзесяць працэнтаў «ворагаў»
Проста выштурхнуць за мяжу 10 працэнтаў «ворагаў», якія ніколі за яго не галасавалі («экстрэмістаў», «шпіёнаў», «здраднікаў»), выглядае спосабам значна больш танным і эфэктыўным, чым выдаткоўваць вялізныя сродкі на разбудоўваньне інфраструктуры рэпрэсій. Як казаў калісьці, 100 гадоў таму, бальшавіцкі правадыр Леў Троцкі, выштурхоўваючы за мяжу дарэвалюцыйных інтэлектуалаў: «Расстраляць іх не было нагоды, а трываць было немагчыма».
Праўда, разьлік на тое, што пасьля гэтага грамадзтва адразу ачысьціцца ад «непажаданых элемэнтаў», выглядае даволі наіўна. На што ўжо майстрамі змаганьня з рознай ідэалягічнай крамолай былі бальшавікі, а і ім зьнішчыць іншадумства дашчэнту не ўдалося. Дыстыляванага грамадзтва паслухмяных, пакорлівых і з усім згодных «узорных будаўнікоў камунізму» яны так і не стварылі. Прага да свабоды прарасла, як трава скрозь асфальт, як толькі для гэтага сасьпелі ўмовы. Дарэчы, большасьці з тых соцень тысяч пэнсіянэраў, якія забясьпечылі Лукашэнку перамогу на выбарах у 1994-м, даўно ўжо няма на гэтым сьвеце. А ў 2025-м упершыню прыйдуць на выбарчыя ўчасткі тысячы тых, каму нават падзеі 2020-га здаюцца далёкай гісторыяй. Ці блізкія ім архаічныя ўяўленьні 70-гадовага дзеда пра дзяржаўнае ўладкаваньне і каштоўнасьці сучаснага сьвету, пытаньне больш чым спрэчнае.
Пэрсыдзкія ўзоры
Другога красавіка сёлета, наведваючы Горадню, Лукашэнка пацьвердзіў, што мяжа для тых, хто хоча выехаць зь Беларусі, застаецца пакуль што адкрытай:
«Але калі камусьці дрэнна, складана тут, дык мы нікога не трымаем. Шкада, вядома, што некаторыя выяжджаюць. Але мы нікога не трымаем».
Адносна свабодным застаецца і выезд з Расеі.
На якія прыклады арыентаваліся Пуцін і Лукашэнка, пакідаючы гэтую фортку для тых, хто ня хоча мець нічога агульнага зь іхнымі рэжымамі? Яны ж загадзя прадбачылі: з пачаткам збройнай агрэсіі супраць Украіны і «зацісканьнем гаек» унутры краін давядзецца сутыкнуцца з жорсткім санкцыйным ціскам з боку Захаду і ўцёкамі за мяжу тых, каго яны лічаць «пятай калёнай». Было зразумела: узьнікне новая эканамічная і палітычная рэальнасьць, пазьбегнуць якой наўрад ці магчыма. Якія з краін сутыкаліся і сутыкаюцца з чымсьці падобным? З аднаго боку — гэта прыклад абнесенай калючым дротам Паўночнай Карэі з сотнямі тысяч палітзьняволеных, поўнай забаронай на выезд з краіны і пэрыядычнымі ўспышкамі масавага голаду. А з другога — значна больш прывабны прыклад ісламскага рэжыму аятол у Іране. Пад жорсткімі заходнімі санкцыямі ён ужо 45 гадоў — і нічога, выстаяў. За кошт чаго? І ці ня гэта — будучыня Расеі і Беларусі?
Да іранскага досьведу беларусам варта прыгледзецца больш уважліва хоць бы дзеля таго, каб зразумець, чаго можна чакаць ад рэжыму Лукашэнкі ў блізкай будучыні, якім можа быць жыцьцё пад санкцыямі, расьцягнутымі на гады і дзесяцігодзьдзі. Напрыклад, што можа здарыцца з інтэрнэтам? Ён у Іране не адключаны ад сьвету цалкам, але YouTube, Booking, Facebook заблякаваныя і замененыя мясцовымі прымітыўнымі аналягамі. Інтэрнэтам карыстаецца каля 70 працэнтаў іранцаў, і пры гэтым, каб абыходзіць абмежаваньні ісламскай цэнзуры, амаль усе карыстаюцца VPN.
Дэфіцыту тавараў няма, але амаль усе яны — уласнай вытворчасьці або кітайскія. Афіцыйна арыгінальных брэндаў вытворчасьці заходніх краін і Японіі ў продажы нібыта няма, але іхныя кітайскія копіі набыць можна. Альбо заказаць гандлярам, і тыя даставяць з Эміратаў альбо Турэччыны — удвая ці ўтрая даражэй.
Новых аўтамабіляў на вуліцах поўна, але амаль усе яны — мясцовай вытворчасьці. (Іхная якасьць вядомая многім беларусам па «Самандах»: адзін час існавала пад Менскам зборачная вытворчасьць такіх аўтамабіляў, але праект урэшце быў згорнуты з прычыны нерэнтабэльнасьці.) Хочаш «Мэрсэдэс» ці «Лексус», плаці 2–3 цаны — і табе даставяць з тых жа Эміратаў.
Пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 году краіну пакінулі 5 мільёнаў чалавек. Плынь эміграцыі не спыняецца і цяпер. Паводле прыблізных падлікаў, штогод з краіны выяжджаюць 150–180 тысяч чалавек, пераважна гэта маладыя кваліфікаваныя спэцыялісты і ўвогуле адукаваныя людзі. Уцякаюць амаль усе на Захад — у ЗША і Заходнюю Эўропу. У Злучаных Штатах цяпер жыве ўжо 2 мільёны іранцаў. Вялікія іранскія дыяспары ў Швэцыі, Нідэрляндах, Нямеччыне. Ісламскі рэжым палітычных уцекачоў асабліва ня стрымлівае. Хочаш за мяжу? Калі ласка. Калі маеш грошы.
Інфляцыя ў краіне амаль кожны год — да 40 працэнтаў. Валютны курс увесь час скача — у залежнасьці ад маштабу заходніх санкцый. Урад спрабуе яго рэгуляваць, уводзячы множнасьць курсаў (беларусы такое таксама ня раз праходзілі)... Міжнародныя банкаўскія карты ў краіне не працуюць. Мясцовыя авіякампаніі — са старымі самалётамі і без арыгінальных запасных частак — лічацца аднымі з самых небясьпечных у сьвеце.
І пры ўсім гэтым рэжым трымаецца ўжо 45 гадоў: пасьля першага ісламскага лідэра Рухалы Хамэйні пажыцьцёвую пасаду вярхоўнага кіраўніка краіны на працягу апошніх 35 гадоў утрымлівае Алі Хамэнэі. Чым ня ўзор для Лукашэнкі і Пуціна?
Іранская будучыня для Беларусі
Усе гэтыя рэаліі сёньняшняга Ірану зусім прымальныя і для рэжыму, і для значнай колькасьці насельніцтва, якое прывыкла жыць у такіх умовах. І хоць многія старыя іранцы, якія памятаюць пра тое, як жылі пры шаху, калі Тэгеран называлі «Парыжам Усходу», настальгічна ўспамінаюць тую амаль эўрапейскую мінуўшчыну, для новых пакаленьняў, якія нарадзіліся пазьней, жыцьцё пры аўтарытарнай уладзе аятол за доўгія гады стала зусім звыклым. Прыкладна гэтак жа, як для савецкай моладзі ў 70–80-я гады савецкі лад здаваўся нязьменным і вечным: нічога іншага яны проста ня ведалі.
Дык ці не падрыхтавалі Лукашэнка і Пуцін для Беларусі і Расеі будучыню на іранскі ўзор? Зусім магчыма, што так. Вось толькі адна істотная акалічнасьць можа парушыць усе пляны. Справа ў тым, што Іран — адна з самых маладых краін сьвету з імклівым ростам насельніцтва. Чвэрць іранцаў маладзейшыя за 15 гадоў. З 1979 году насельніцтва краіны вырасла ўдвая. У 2005 годзе ў Іране жылі 69 мільёнаў чалавек, у 2020 — ужо 84 мільёны. Працоўных рэсурсаў — лішак, і эміграцыя некалькіх соцень тысяч чалавек на год для Ірану практычна непрыкметная.
У сёньняшняй Беларусі насельніцтва імкліва старэе і скарачаецца, а дэфіцыт працоўных рук стаў настолькі вострай праблемай, што Лукашэнка ў якасьці магчымага выйсьця з сытуацыі прапануе вярнуць на працу «патрыятычна настроеных пэнсіянэраў». Працяг уцёкаў за мяжу тысяч маладых, ініцыятыўных і прадпрымальных — гэта ва ўмовах сёньняшняй беларускай (дый расейскай) дэмаграфічнай сытуацыі зьява з сумнымі для эканомікі (і ўвогуле для будучыні) наступствамі. Але які з дыктатараў клапоціцца пра эканоміку, калі размова ідзе пра захаваньне ягонай аднаасобнай пажыцьцёвай улады?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум