У тыя драматычныя дні быў створаны трамплін, дзякуючы якому мала каму вядомы за межамі Беларусі дэпутат Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць трапіць у вялікую палітыку.
Да восені 1993-га дэпутат Аляксандар Лукашэнка ўжо меў вядомасьць у Беларусі. Гэтаму спрыяла і тое, што паседжаньні Вярхоўнага Савету падрабязна асьвятлялі тэлебачаньне і радыё, а абмеркаваньне найбольш вострых пытаньняў часам увогуле вялося ў прамой трансьляцыі (першае, што зробіць ужо прэзыдэнт Лукашэнка ў дачыненьні да парлямэнту — загадае істотна абмежаваць інфармацыю пра падзеі ў Авальнай залі ў дзяржаўных СМІ).
Лукашэнка падыходзіў да мікрафона па некалькі разоў на дзень, і ня мела значэньня, якая тэма абмяркоўвалася — дэфіцыт жаночых панчох, сыстэма адукацыі ці ядзернае раззбраеньне. Хоць мікрафоны ў Авальнай залі былі дасканалыя, звычайна ён прамаўляў вельмі гучна, амаль крычаў. «Зычны, абураны голас», — аднойчы выказаўся пра ягоныя выступы Васіль Быкаў. Шмат каму, аднак, такая манера імпанавала.
Пры гэтым застаецца фактам, што за ўсе гады дэпутацтва Лукашэнка ня ўзяў прыкметнага ўдзелу ў распрацоўцы ніводнага законапраекту — гэта вымагала рутыннай, кабінэтнай працы, не разьлічанай на вонкавы эфэкт.
Палітычныя ж прыярытэты Лукашэнкі арыгінальнымі не былі: ён ніколі не выступаў на беларускай мове; у ягоных прамовах прасьлізгвала шкадаваньне па СССР; ён рэзка крытыкаваў БНФ (але да пэўнага часу асьцерагаўся нападаць непасрэдна на яго лідэра Зянона Пазьняка).
Увесну 1993-га менавіта Лукашэнка прапанаваў уключыць у парадак дня сэсіі Вярхоўнага Савету пытаньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі (АДКБ), што ўцягвала краіну ў арбіту ваенных інтарэсаў маскоўскага Генштабу.
Гэткая пазыцыя Лукашэнкі была відавочная любому, хто хоць у мінімальнай ступені цікавіўся палітыкай, і тым больш калегам-дэпутатам, якія неўзабаве зробяць на яго стаўку ў барацьбе за ўладу. Але варта прызнаць і тое, што яна практычна нічым не адрозьнівалася ад поглядаў большасьці дэпутатаў Вярхоўнага Савету, абраных яшчэ пры СССР. Розьніца была хіба ў тым, што старшыні райвыканкамаў альбо кіраўнікі прадпрыемстваў ня мелі часу ды асаблівага жаданьня даваць інтэрвію ды займацца тым, што потым назавуць «самапіярам». Лукашэнка ж гэта рабіў няспынна.
Прызначэньне ў чэрвені 1993-га старшынём «антыкарупцыйнай» камісіі адкрыла перад ім яшчэ большыя магчымасьці.
Але рэальны выхад Лукашэнкі на арэну вялікай палітыкі адбыўся, калі ўзьнікла рэальная небясьпека рэстаўрацыі камуністычнай сыстэмы ў Маскве ў выніку супрацьстаяньня прэзыдэнта Барыса Ельцына з выбраным яшчэ ў савецкія часы Вярхоўным Саветам на чале з Русланам Хасбулатавым і віцэ-прэзыдэнтам Аляксандрам Руцкім. Тады гэтае супрацьстаяньне называлі «канстытуцыйным крызісам».
Быкаў дае «адлуп» Лукашэнку
Летам 1993-га, неўзабаве пасьля рашэньня аб далучэньні да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД, пачалася новая атака на незалежнасьць Беларусі. Прычым ня зь меншым імпэтам, чым камуністы ды лідэры шавіністычных арганізацый кшталту «Народнага руху Беларусі» на чале зь Сяргеем Гайдукевічам ці «Славянскага сабору „Белая Русь“», выступалі тыя, хто называў сябе дэмакратамі і адначасна абвінавачваў Беларускі народны фронт у «нацыяналізьме».
«Думаю, што Беларусі і Расеі варта тэрмінова (у жніўні) прыступіць да комплексных перамоваў аб аднаўленьні адзінай сыстэмы — у імя выжываньня. Прычым падкрэсьлю: для Расеі, якая распадаецца, гэта ня менш важна», — пісаў у газэце «Фемида» (жнівень 1993-га) бізнэсовец Аляксандар Патупа. Ён жа разам зь лідэркай філіялу расейскай партыі «Яблоко» Вольгай Абрамавай выступаў за як мага хутчэйшы перагляд закону «Аб мовах» і ліквідацыю статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.
Але Патупа і Абрамава не былі дэпутатамі парлямэнту, а Лукашэнка быў.
26 жніўня 1993-га маскоўская газэта «Правда» апублікавала інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам пад назовам «Да возродится!», у якім той заклікаў адрадзіць Савецкі Саюз. «Трэба пачынаць рух да адзінай нармальнай дзяржавы», — пераконваў Лукашэнка і прапаноўваў пачынаць хаця б з аб’яднаньня Беларусі і Расеі: «Трэба неадкладна стварыць адзіную дзяржаву нават зь дзьвюх нашых рэспублік. Зразумейце, для іншых народаў былога СССР гэта будзе магутным стымулам».
У якой заўгодна прававой дзяржаве заклік да яе ліквідацыі быў бы ацэнены ня толькі палітычна, але і ў адпаведнасьці з артыкуламі Крымінальнага кодэксу. Аднак Генэральная пракуратура на гэта ніяк не зрэагавала.
Затое літаральна празь некалькі дзён пасьля публікацыі Лукашэнку на старонках «Народнай газеты» адказаў Васіль Быкаў. Артыкул меў красамоўны назоў — «Каб захаваць уладу, яны здольныя аб'яднацца хоць з самім дʼяблам»:
«Сувэрэннасьць нацыі і дзяржавы — адна з самых сьвяшчэнных даброт супольнага чалавечага існаваньня, і толькі ва ўмовах скажонай, перакуленай сьвядомасьці зьяўляецца патрэба тое даказваць. Толькі зьнешні вораг ці ўнутраны здраднік можа ў наш час выступаць супраць права народа на самавызначэньне, на самастойнасьць яго існаваньня... Нацыянальная незалежнасьць, дзяржаўная сувэрэннасьць нацый і народаў сталі адметнай вяхой напрыканцы ХХ стагодзьдзя. Іншая справа — як распарадзіцца той сувэрэннасьцю, як на яе аснове наладзіць эканоміку, урэгуляваць прававое жыцьцё. Вядома, у нас яны ладзяцца з рук вон кепска. І тут галоўная прычына ў кіраўніцтве, ва ўладзе. Стала відавочна, што са зьменай сацыяльных адносін патрэбная і зьмена ўлады».
За зьмену ўлады выступаў і Лукашэнка — але не на карысьць дэмакратычных сілаў, а ў інтарэсах тых, хто прагнуў вярнуць імпэрыю.
«На каленях у Расею»
Актывізацыя праімпэрскіх сілаў у Маскве, якія ў сваім патрабаваньні адстаўкі Ельцына знаходзілі ўсё больш прыхільнікаў, натхніла і праціўнікаў незалежнасьці Беларусі. Яны адчулі, што перамога блізкая, што яшчэ крыху — калі ў Маскве на месца «белавескага зубра» прыйдзе Руцкі ці Хасбулатаў, тады ў Менску ўдасца скінуць другога «зубра», Станіслава Шушкевіча.
Кандыдатура, якая замяніла б Шушкевіча, ня мела асаблівага значэньня — галоўнае, што гэты чалавек павінен быў выконваць указаньні кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча, які займаў усё больш прарасейскія пазыцыі. Менавіта на Кебіча рабілі ў той момант стаўку тыя, хто з надзеяй глядзеў на Маскву і адлічваў апошнія дні Ельцына ва ўладзе.
13 верасьня ў Менску адбыўся «Кангрэс народаў Беларусі», адным з арганізатараў якога выступіў тагачасны супрацоўнік апарату Саўміну Сяргей Гайдукевіч. Форум сабраў прыхільнікаў ліквідацыі незалежнасьці Беларусі і аднаўленьня СССР. З Масквы прыбыла дэлегацыя Кампартыі і розных шавіністычных арганізацый. Але цэнтрам увагі ўдзельнікаў кангрэсу былі не Гайдукевіч і не маскоўскія госьці.
«На нашай зямлі быў зьнішчаны вялікі Савецкі Саюз, — заявіў з трыбуны кангрэсу Лукашэнка. — Адсюль, менавіта адсюль павінен пайсьці рух па стварэньні новай вялікай дзяржавы». Словы ж «Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею» былі сустрэтыя авацыяй залі.
Пасьля гэтага ў Маскве Лукашэнку прымалі як свайго. Увосень 93-га ён разам з дэпутатамі пракебічаўскай групы «Беларусь» некалькі разоў езьдзіў у Маскву, і кожны раз узровень сустрэч быў усё вышэйшы.
Да Лукашэнкі пачалі прыглядацца больш пільна. І, трэба меркаваць, ня толькі ў антыельцынскай Дзяржаўнай Думе, але і ва ўстанове, якая пасьля 1991 году зьмяніла назву, але па сутнасьці засталася ранейшай. Як ранейшым было і месца яе знаходжаньня — Лубянская плошча.
Дык ці «расстраляў парлямэнт» Ельцын?
У канцы верасьня супрацьстаяньне Ельцына і Вярхоўнага Савету перарасло ў збройны канфлікт — прыхільнікі Руцкога і Хасбулатава вывелі на вуліцы баевікоў са зброяй, зрабілі спробы захопу некалькіх адміністрацыйных будынкаў, у тым ліку і тэлебачаньня. У Астанкіне былі забітыя некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку і грамадзянін Беларусі, бізнэсовец, які выпадкова апынуўся ў тым раёне.
Пасьля няўдалых спробаў пераканаць дэпутатаў разысьціся рэгулярныя войскі раніцай 4 кастрычніка пачалі штурм Белага дому. Празь некалькі гадзін мяцеж быў здушаны.
І тут варта адысьці ад храналёгіі падзеяў і прааналізаваць, што ж насамрэч здарылася ў той дзень у расейскай сталіцы.
Менавіта фразу «расстрэл парлямэнту» часьцей за ўсё ўжываюць, калі прыгадваюць маскоўскія падзеі восені 93-га. Гэтая карцінка — танкі, якія ў прамым этэры CNN страляюць па Белым доме, — замацавалася ў сьвядомасьці тых, хто назіраў за падзеямі па тэлебачаньні ня толькі ў Расеі, але і ва ўсім сьвеце. Не аднойчы, нібыта ў апраўданьне ўласных дзеяньняў, будзе казаць пра гэта і Лукашэнка: «Ельцын расстраляў парлямэнт!».
Прыгадвае гэты эпізод у адным са сваіх нядаўніх лістоў з турмы і расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны, менавіта ў «расстрэле парлямэнту» убачыўшы прычыны таго, што потым будзе адбывацца ў Расеі, найперш — усталяваньня дыктатуры.
Але гэта той самы выпадак, калі ад замены аднаго азначэньня на другое («будынак парлямэнту» на «парлямэнт») скажаецца сутнасьць падзеі. Падчас штурму Белага дому ніводзін дэпутат Вярхоўнага Савету Расеі ня тое што ня быў забіты — да ніводнага людзі ў форме (група КДБ «Альфа») не дакрануліся і пальцам. Ім прапанавалі сесьці ў аўтобусы, вывезьлі за межы ачапленьня. Ніхто зь іх (тых, што былі ў Белым доме) не зьвяртаўся ў мэдычныя ўстановы, каб засьведчыць сьляды якога-небудзь гвалту.
Для параўнаньня — пры нападзе на дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году Авальная заля, як і ўвесь будынак Дому ўраду, не пацярпелі (за выключэньнем некалькіх крэслаў, якія нападнікі зламалі). Аднак 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савету былі пабітыя непасрэдна ў залі пасяджэньня парлямэнту, а некаторыя потым, як Алесь Шут, і міліцыяй. І наяўнасьць цялесных пашкоджаньняў была ў тую ж ноч засьведчаная мэдыкамі. Факт пабіцьця быў пацьверджаны сьледчым у асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Беларусі.
Калі ўжо гаварыць пра Ельцына, дык прычыну наступных падзеяў трэба шукаць не ў кастрычніку 1993-га, а раней — у жніўні-верасьні 1991 году. У тыя дні галоўны пераможца праімпэрскага путчу меў унікальную магчымасьць разбурыць створаную яшчэ Леніным і Сталіным сыстэму, зьліквідаваць КДБ (а ня толькі памяняць абрэвіятуру), адчыніць архівы, правесьці люстрацыю і сапраўдны, а не бутафорскі суд над КПСС.
Нічога гэтага зроблена не было. Так, КПСС у яе ранейшай форме спыніла існаваньне, але сыстэма па сутнасьці засталася.
Можна доўга пералічваць, што мог зрабіць, але не зрабіў Ельцын, які ўвосень 1991-га меў фэнамэнальны рэйтынг і практычна неабмежаваны народны давер, але прывядзём толькі адно параўнаньне, вельмі паказальнае.
У Чэхіі пасьля перамогі аксамітнай рэвалюцыі 1989 году да ўлады прыйшлі былыя дысыдэнты на чале з Вацлавам Гавэлам.
У ельцынскай Расеі ніводзін з дысыдэнтаў (а іх былі тысячы — і вядомых на ўвесь сьвет, як Алена Бонэр і Сяргей Кавалёў, і вядомых толькі ў сваім коле) не заняў ніякай пасады ў выканаўчых органах улады.
Затое ў кіроўныя кабінэты прыйшлі асобы, для якіх невядомасьць была прафэсіяй, — чэкісты.
«Нам вельмі хацелася быць добрымі...»
І ўсё ж перамога Ельцына над «чырвона-карычневымі» мела істотнае значэньне. Рашучыя дзеяньні Ельцына падтрымалі прадстаўнікі расейскай пісьменьніцкай супольнасьці.
«Адбылося тое, чаго не магло не адбыцца праз нашы з вамі бестурботнасьць і глупства, — фашысты ўзяліся за зброю, спрабуючы захапіць уладу, — пісалі яны ў калектыўным лісьце. — Дзякуй Богу, войска і праваахоўныя органы аказаліся з народам, не раскалоліся, не дазволілі перарасьці крывавай авантуры ў згубную грамадзянскую вайну, ну а калі б раптам?.. Нам не было б каго вінаваціць, акрамя саміх сябе. Мы „жаласьліва“ ўмольвалі пасьля жнівеньскага путчу (1991 году. — С.Н.) ня „помсьціць“, не „караць“, не „забараняць“, не „закрываць“, не „займацца пошукамі вядзьмарак“. Нам вельмі хацелася быць добрымі, велікадушнымі, памяркоўнымі. Добрымі... Да каго? Да забойцаў? Цярпімымі... Да чаго? Да фашызму?»
Сярод аўтараў ліста — Бэла Ахмадуліна, Данііл Гранін, Юры Каракін, акадэмік Дзьмітрый Ліхачоў, Аляксандар Кушнер, Булат Акуджава, Марыэта Чудакова. Далучылі свае подпісы таксама Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў.
У Беларусі падтрымку Ельцыну выказалі, сярод іншых, старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і дэпутаты Апазыцыі БНФ. Усе яны разумелі, чым магла б скончыцца перамога тых, хто прагнуў вяртаньня старых парадкаў.
Магчымасьць стварэньня кааліцыйнага ўраду
Калі ў верасьні 1993-га палітычны аглядальнік «Звязды» Валянцін Жданко слушна адзначаў, што маскоўскае «супрацьстаяньне можа стаць дэтанатарам кровапраліцьця» (гэта і адбылося) і што «яно павінна ахаладзіць тых нашых прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй, якія з такім патасам гаварылі ў апошнія месяцы пра канфэдэрацыю і фэдэрацыю», дык у кастрычніку, пасьля перамогі Ельцына, у прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі зьявіўся шанец узмацніць свае пазыцыі.
Найперш гэта тычылася старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. Падтрымка ім Ельцына, на думку аглядальнікаў, давала яму новыя магчымасьці ў супрацьстаяньні з камандай Вячаслава Кебіча, асобныя члены якой дазвалялі сабе непрыхаваныя абразы ў бок вышэйшай службовай асобы, якой па Канстытуцыі быў Шушкевіч (адзначым, што ў 1991–1994 гг. за абразы кіраўнікоў дзяржавы і высокіх чыноўнікаў нікога не судзілі).
І сапраўды, у вачах прэзыдэнта Расеі Шушкевіч глядзеўся больш чым выгодна на фоне Кебіча, які хоць і не выказваўся супраць Ельцына адкрыта, але і ня стрымліваў тых сваіх падначаленых, якія гэта рабілі. Пазьней стане вядома, што з падкантрольных Кебічу саўмінаўскіх структураў ішла непасрэдная матэрыяльная дапамога баевікам расейскага генэрала Макашова, а некаторыя зь іх пасьля здушэньня мяцяжу хаваліся ў Беларусі. Трэба думаць, што гэтая інфармацыя, якая адкрылася грамадзтву праз гады, спэцслужбам Ельцына было вядомая ўжо тады.
Свайго апагею супрацьстаяньне Шушкевіча і Кебіча дасягнула яшчэ ў сярэдзіне верасьня, калі на паседжаньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, якое разглядала крызісную сытуацыю ў эканоміцы і асабліва ў справе забесьпячэньня рэгіёнаў палівам падчас збору ўраджаю, замест запрошанага са справаздачай старшыні Саўміну Кебіча прыйшоў, дый тое зь вялікім спазьненьнем, ягоны намесьнік, які да таго ж ня здолеў даць уцямнага адказу на ніводнае пытаньне.
Нават тыя члены Прэзыдыюму, якія звычайна не падтрымлівалі Шушкевіча, былі абураныя такім дэманстратыўным ігнараваньнем заканадаўчай улады.
Прыхільнікі Шушкевіча зь ліку дэмакратычных дэпутатаў лічылі, што склаўся ўнікальны па сваіх магчымасьцях момант: старшыня Вярхоўнага Савету мог запатрабаваць адстаўкі Саўміну на чале зь Кебічам і фармаваньня кааліцыйнага ўраду. На пасаду прэм’ера прапаноўваліся дзьве кандыдатуры: намесьнік старшыні Апазыцыі БНФ, прэм’ер «ценявога кабінэту» Ўладзімер Заблоцкі і мэр Маладэчна Генадзь Карпенка. І адзін, і другі мелі аўтарытэт, у тым ліку і сярод «намэнклятурных» дэпутатаў, і маглі б “выступіць дуплетам” — адзін мог быць першым намесьнікам у другога (тым болей што такая “зьвязка” паміж імі ўжо існавала: Заблоцкі быў намесьнікам Карпенкі як старшыні парлямэнцкай камісіі навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу).
Была і больш кампрамісная фігура — старшыня Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Кулакоў. Ён займаў памяркоўную пазыцыю ў палітычных спрэчках, быў здатны да кампрамісу, ня быў зьвязаны з атачэньнем Кебіча, якое абвінавачвалі ў карупцыі, і пры гэтым быў здольны ўспрымаць новыя падыходы ў эканоміцы. Меркавалася, што Заблоцкі і Карпенка маглі б быць у Кулакова намесьнікамі. Кожны з варыянтаў займеў бы падтрымку Апазыцыі БНФ і, пры адпаведнай рабоце, дэпутацкай большасьці таксама. Найбольшыя шанцы былі ў Кулакова.
У склад кааліцыйнага ўраду маглі б увайсьці прадстаўнікі БНФ ды іншых дэмакратычных партый.
Шушкевіч меў неабмежаваны доступ да прамога эфіру на тэлебачаньні і мог выказаць патрабаваньне аб адстаўцы Кебіча і фармаваньні кааліцыйнага ўраду, зьвярнуўшыся да народу непасрэдна. Была магчымасьць выступіць з такой заявай і на сэсіі Вярхоўнага Савету.
Аднак нечакана для прыхільнікаў Шушкевіч адмовіўся ад свайго намеру, замірыўся з Кебічам і падтрымаў ідэю ўвядзеньня расейскага рубля. Паводле зьвестак, якія ішлі з найбліжэйшага атачэньня Шушкевіча, першы крок зрабіў якраз Кебіч — запрасіў сьпікера ў лазьню для «шчырай размовы».
Ацаніць шчырасьць Вячаслава Францавіча ва ўсёй яе шматграннасьці Станіславу Станіслававічу давядзецца праз тры месяцы, калі Кебіч рукамі падкантрольных яму дэпутатаў і з дапамогай Лукашэнкі адправіць яго ў адстаўку.
Тады ж, у студзені 1994-га, зробіцца відавочнай і наіўнасьць тых, хто спадзяваўся на падтрымку Шушкевіча Ельцыным. Дастаткова было аднаго тэлефоннага званка Ельцына ў кабінэт Кебіча, каб Шушкевіч застаўся на сваёй пасадзе. Такога званка прыхільнікі Шушкевіча чакалі, але яго не было. Падтрымка Шушкевічам Ельцына ў крытычныя для апошняга кастрычніцкія дні 1993-га была забытая. Кіраўнік Расеі пацьвердзіў слушнасьць фразы, якую прыпісваюць Чэрчылю: «Зробленая паслуга ўжо не паслуга».
Хаця, цалкам магчыма, адсутнасьць пачуцьця ўдзячнасьці тут ні пры чым — у гэтым выпадку Ельцын кіраваўся не асабістымі матывамі, а выключна інтарэсамі Расеі. У кантэксьце якіх Шушкевіч не лічыўся прарасейскім палітыкам, а Кебіч — лічыўся.
Праўда, неўзабаве на шкале прарасейскасьці беларускіх палітыкаў прэм’ер саступіць першае месца іншаму дзеячу.
Ці быў рэальны шанец спыніць Лукашэнку
Але яшчэ да таго, як супрацьстаяньне Кебіча і Шушкевіча скончылася замірэньнем, 4 кастрычніка 1993 г. дэпутаты Апазыцыі БНФ выступілі са зваротам, у якім запатрабавалі склікаць нечарговую сэсію ВС, «тэрмінова ўвесьці дакумэнтальны і мытны кантроль на межах Беларусі з Расеяй, а ў бліжэйшы час разгледзець пытаньне аб увядзеньні візавага рэжыму», «забараніць дзейнасьць камуністычных і праімпэрскіх партыяў і арганізацыяў на Беларусі (ПКБ-КПБ-КПСС, ДСПС, Саюз афіцэраў, Славянскі Сабор «Белая Русь».
Сярод іншага, дэпутаты БНФ патрабавалі пазбавіць Аляксандра Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў — за дзеяньні «супраць незалежнасьці Беларусі».
Аднак Шушкевіч адмовіўся склікаць нечарговую сэсію.
Калі аналізуеш падзеі 1993–1994 гадоў у кантэксьце таго, што адбылося потым, прыходзіш да высновы: прапанова дэпутатаў Апазыцыі БНФ аб пазбаўленьні Лукашэнкі мандату парлямэнтара магла гарантавана спыніць ягоны шлях у вялікую палітыку. Як мінімум не адбыўся б выступ з так званым антыкарупцыйным дакладам 14–15 сьнежня, які ішоў у жывой тэле- і радыётрансьляцыі і пасьля якога, як лічыць шэраг дасьледчыкаў таго пэрыяду, перамога Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах была перадвызначаная.
Аднак варта пагадзіцца і з тым, што шанец на рэалізацыю патрабаваньня Апазыцыі БНФ быў мізэрны. Прычын гэтаму некалькі, назавем асноўныя.
Па-першае, Лукашэнку, як і іншых названых у заяве дэпутатаў, у ягоных дзеяньнях падтрымліваў Кебіч, а той, пакуль заставаўся кіраўніком ураду, кантраляваў парлямэнцкую большасьць.
Па-другое, вылучылася група дэпутатаў, у асноўным адносна маладога ўзросту (30–35 гадоў), якія ўбачылі ў Лукашэнку, так бы мовіць, лякаматыў, які мог выцягнуць іх на вяршыню ўлады. Менавіта Віктар Ганчар і Дзьмітры Булахаў разам з Лукашэнкам склалі тую «тройку», вакол якой на пачатку 1994-га згуртуюцца дэпутаты Віктар Шэйман, Леанід Сініцын, Анатоль Лябедзька; журналісты назавуць іх «маладымі ваўкамі». Гэтыя дэпутаты не галасавалі б за пазбаўленьне Лукашэнкі мандату.
Нарэшце, працэдура скасаваньня дэпутацкіх паўнамоцтваў не была прапісаная заканадаўча. Дакладней, існавалі толькі два варыянты: чалавек мог скласьці паўнамоцтвы па ўласным жаданьні альбо страціць іх у выніку сьмерці. Такое ў гісторыі Вярхоўнага Савету XII скліканьня неаднойчы здаралася. Але ў выпадку з дэпутатам ад Магілёўскай-Шклоўскай выбарчай акругі № 310 на ніводзін з гэтых варыянтаў разьлічваць не выпадала.
Тым ня менш прыняць рашэньне аб пазбаўленьні Лукашэнкі дэпутацкага мандату парлямэнт мог — на падставе прынцыпу, які годам раней абвясьціў згаданы вышэй старшыня камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў і які падтрымала большасьць дэпутатаў, у тым ліку і Лукашэнка.
Тады, у лістападзе 1992-га, Вярхоўны Савет павінен быў прызначыць дату рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах парлямэнту паводле закону, распрацаванага Апазыцыяй БНФ. Супраць рэфэрэндуму былі і старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч, і большасьць дэпутатаў. Аднак Цэнтральная камісія па выбарах і рэфэрэндумах прызнала, што ініцыятары рэфэрэндуму выканалі ўсе нормы заканадаўства, і дэпутатам заставалася толькі прызначыць дату. Ня вырашыць, праводзіць рэфэрэндум ці не, а толькі прызначыць дзень яго правядзеньня (пра гэта недвухсэнсоўна сказаў у сваім выступе старшыня ЦВК Аляксандар Абрамовіч).
Але Булахаў, уступіўшы ў спрэчку і з Абрамовічам, і з ініцыятарамі рэфэрэндуму, даводзіў, што Вярхоўны Савет мае права прыняць любое рашэньне. Іншымі словамі: паколькі парлямэнт, і толькі ён, прымае законы, дык рашэньне, прынятае ім, будзе мець законную сілу.
Як вядома, большасьць дэпутатаў пагадзіліся з гэтым — рэфэрэндум ня быў праведзены, выбраны яшчэ пры ўладзе камуністаў Вярхоўны Савет працягваў сваю дзейнасьць.
Але прынцып, скарыстаны ў 1992-м супраць БНФ, у 1993-м дэпутацкая большасьць не пажадала ўжыць супраць Лукашэнкі — прапанову апазыцыі нават ня ўнесьлі ў парадак дня сэсіі, якая распачалася на пачатку лістапада.
Далей спыніць Лукашэнку можна было, толькі ня ўводзячы пасады прэзыдэнта. Аднак, як вядома, спробы дэпутатаў БНФ заблякаваць «прэзыдэнцкія» разьдзелы Канстытуцыі скончыліся няўдала — абсалютная большасьць дэпутатаў прагаласавала за прэзыдэнта, прычым у «моцным» варыянце.
Што ж да папулярных разважаньняў адносна магчымасьці перамагчы Лукашэнку на выбарах у выпадку зьняцьця Шушкевічам ці Пазьняком сваёй кандыдатуры на карысьць другога, дык нават калі забыцца на істотныя разыходжаньні паміж прыхільнікамі экс-сьпікера і лідэра БНФ, такі варыянт аўтару гэтых радкоў ня бачыцца пасьпяховым.
У першым туры Пазьняк і Шушкевіч набралі, паводле дадзеных ЦВК, 12,82% і 9,91% адпаведна. У суме гэта 22,73%. Лукашэнка ж набраў 44,82 — у два разы больш, чым абодва яны разам узятыя. (Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Пазьняк і Шушкевіч набралі болей, але болей набраў і Лукашэнка, здабыўшы перамогу ўжо ў першым туры. Усім тром «зрэзалі» вынікі на карысьць Кебіча). Такім чынам, нават аб’яднаньне галасоў прыхільнікаў Пазьняка і Шушкевіча ня выбіла б Лукашэнку з прэзыдэнцкага крэсла.
Адзіны, хто выйграў
Падсумуем вынікі восеньскіх падзеяў 1993 году.
Для расейскага грамадзтва перамога Ельцына аказалася «піравай». Праз рэфэрэндум была прынятая Канстытуцыя, якая замацавала ўладу прэзыдэнта, але сам Ельцын трапляў ва ўсё большую залежнасьць ад алігархату і афіцэраў спэцслужбаў. Скончыцца гэта прыходам ва ўладу падпалкоўніка КДБ — чаго колішнія дысыдэнты не маглі ўявіць нават у самых кашмарных снах.
У Беларусі нерашучасьць Станіслава Шушкевіча і нежаданьне скарыстаць унікальны шанец будзе каштаваць яму пасады старшыні Вярхоўнага Савету; Вячаслаў Кебіч, наадварот, павялічыць сваю актыўнасьць і праз падкантрольную яму дэпутацкую большасьць правядзе ў Канстытуцыю пасаду «моцнага» прэзыдэнта. Аднак спадзяваньні Кебіча сесьці ў прэзыдэнцкае крэсла будуць марнымі.
Парлямэнцкая Апазыцыя БНФ апынецца, па сутнасьці, у адзіноце ў змаганьні супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта — занадта шмат дзеячоў пажадаюць рэалізаваць свае палітычныя амбіцыі ў барацьбе за ўладу.
Бясспрэчным пераможцам, ці, як пазьней будзе прынята казаць, бэнэфіцыярам з той сытуацыі выйдзе толькі Аляксандар Лукашэнка, які ўвосень 1993-га на справе прадэманструе сваю адданасьць сілам, што прагнулі вярнуць Беларусь у імпэрыю.