Замовіць кнігу можна ТУТ
Анатоль Вярцінскі (Ракасоўская выбарчая акруга № 5, Менск). Тры мінуты гісторыі, тры сьведчаньні гісторыкаў трох эпох. Плютарх прыводзіць словы палкаводца Пампэя: «Ці магу я думаць пра законы, калі я ўзброены?» Сьведчаньне другое — нямецкага гісторыка пачатку нашага стагодзьдзя, ён прыводзіць выступ сацыял-дэмакрата Носке ў Райхстагу 25 красавіка 1907 году: «Панове, мілітарызм і абароназдольнасьць — гэтак жа далёкія адно ад аднаго, як неба ад зямлі». Сьведчаньне трэцяе — гісторык Афанасьеў піша: «Атавізм імпэрскага мысьленьня — яшчэ адна сурʼёзная перашкода на шляху рэформаў. Аднак расейскае кіраўніцтва (і ня толькі афіцыйнае) не дыстанцыюецца ад «канструктыўных» плыняў «нацыянал-патрыятызму», але і дазваляе сабе ў той ці іншай форме разыгрываць расейскамоўную карту. Між тым нагнятаньне напружанасьці ў адносінах з бліжнім замежжам і расейскімі нацыянальна-тэрытарыяльнымі ўтварэньнямі нясе цалкам рэальную пагрозу крывавай вакханаліі, вынікам якой можа быць вяртаньне краіны да таталітарнага рэжыму». Я прывёў тры сьведчаньні гісторыкаў трох эпох. Камэнтары ў «Розным» не практыкуюцца, і, я думаю, яны тут непатрэбныя.
Выступ у "Розным"
У Авальную залю нельга было заходзіць са зброяй.
Але пісталетаў, стрэльбаў і нават кулямётаў там — хопіць на роту.
Увогуле Авальная заля — памяшканьне, бясспрэчна, гістарычнае. Тут увосень 1939 году было зацьверджанае аб’яднаньне Ўсходняй і Заходняй Беларусі. У гэтай залі 27 ліпеня 1991-га была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а праз год, 25 жніўня 1991-га, была абвешчаная незалежнасьць Беларусі. Яшчэ праз чатыры месяцы, у сьнежні, былі ратыфікаваныя пагадненьні аб спыненьні існаваньня СССР, а ў сакавіку 1994-га прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі.
Ад моманту будаўніцтва Дому ўраду ў сярэдзіне 1930-х гадоў Авальная заля зазнала некалькі рэканструкцыяў, але некранутымі засталіся скульптурныя барэльефы з абодвух бакоў над прэзыдыюмам: некалькі дзясяткаў чалавек, з кулямётамі і стрэльбамі, сымбалізуюць тэмы «Кастрычнік у Петраградзе» і «Кастрычнік у Беларусі».
У мяне заўсёды было ўражаньне, што зброі на тых барэльефах болей, чым людзей.
Напэўна, гэта адзінае ў краіне памяшканьне, дзе ў розныя часы пабывалі ледзь ня ўсе прыкметныя дзеячы палітыкі, навукі, літаратуры і культуры Беларусі — ад Чарвякова і Панамарэнкі да Машэрава і Сьлюнькова, ад Купалы і Коласа да Быкава і Бураўкіна. А таксама — госьці: Гарбачоў, Ельцын, Валэнса, Ландсбергіс, Грамыка (залічым і яго ў гэты шэраг — ён запісваў сябе ў пашпарце расейцам). Праўда, ня ўпэўнены, што туды заходзілі Караткевіч і Барадулін — яны не былі дэпутатамі. Але вось Алеся Адамовіча я аднойчы на пасяджэньне прывёў.
У часе працы Вярхоўнага Савету нашага, ХІІ скліканьня заля была тым месцам, дзе ішлі пленарныя пасяджэньні Вярхоўнага Савету, дзе абмяркоўваліся законы і пастановы, зацьвярджаліся члены ўраду і заслухоўваліся іх справаздачы.
Некаторыя пасяджэньні ішлі ў тэле- і радыётрансьляцыі, за вельмі рэдкім выключэньнем, калі рабіліся закрытыя пасяджэньні (напрыклад, па тэме ўвядзеньня грошай або вываду ядзернай зброі), на іх заўсёды прысутнічалі акрэдытаваныя журналісты, а з абвяшчэньнем незалежнасьці частымі гасьцямі былі дыпляматы.
Падзеі ў Авальнай залі былі навідавоку. Але яны былі толькі вяршыняй парлямэнцкага айсбэрга.
Вельмі важным элемэнтам працы парлямэнту былі пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, які складаўся з 23 дэпутатаў — сьпікера, яго намесьнікаў і старшыняў пастаянных камісій. Яны зьбіраліся адзін раз на два-тры тыдні. Паводле Канстытуцыі, паўнамоцтвы Прэзыдыюму былі значна меншыя, чым у Вярхоўнага Савету, але фактычна ён выконваў функцыі своеасаблівага калектыўнага прэзыдэнта — аж да памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне. На Прэзыдыюм журналісты, як правіла, не дапускаліся, але дэпутаты маглі прысутнічаць, чым мы актыўна і карысталіся.
Аднак з пачатку 1993 году Шушкевіч пачаў праводзіць закрытыя пасяджэньні Прэзыдыюму — што не было прадугледжана ні Канстытуцыяй, ні рэглямэнтам. пасяджэньні Прэзыдыюму стэнаграфаваліся.
Была яшчэ праца ў камісіях, дзе рыхтаваліся законапраекты і часам разглядаліся найбольш важныя тэмы, такія, як тая самая калектыўная бясьпека. Пратаколы камісіяў вяліся нерэгулярна, уласна, гэта лічылася неабавязковым. У мяне захавалася некалькі запісаў з пасяджэньняў нашай камісіі па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правах чалавека.
Але было і тое, што не прадугледжвалася Часовым рэглямэнтам Вярхоўнага Савету, але ў канчатковым прыняцьці рашэньняў адыгрывала ролю вельмі значную, а часам і вызначальную.
Я маю на ўвазе тое, што звычайна называецца «сустрэчамі ў кулюарах».
У строгім сэнсе паняцьця «кулюарныя перамовы» паміж палітычнымі групамі я магу прыгадаць толькі адны, у траўні 1990 году ў справе абраньня старшыні Вярхоўнага Савету, тады мне давялося выконваць ролю кур’ера паміж дэпутатамі дэмклюбу і кіраўнікамі ЦК. А звычайна гэта былі размовы — у фае перад Авальнай заляй у часе перапынкаў, у нумарах гатэляў «Менск» і «Кастрычніцкая» пасьля пасяджэньняў. У комплексе сталовак у Доме ўраду, да якіх трэба было ісьці даўгім, ледзь не кілямэтровым падземным калідорам. І, канешне, у парлямэнцкім буфэце, акурат пад Авальнай заляй.
Ня ведаю, як цяпер, а тады у буфэце былі чатыры-пяць нізкіх столікаў, за якімі маглі сесьці па чатыры чалавекі, і пара дзясяткаў высокіх круглых сталоў, ля якіх можна было толькі стаяць. Усе дэпутаты за імі аднамомантна не ўмясьціліся б, разьлік быў на тое, што, зьеўшы сваю порцыю сасісак (яны там падаваліся нават у часы самага жорсткага дэфіцыту) і выпіўшы каву, чалавек саступіць месца іншаму.
Але сыходзіць звычайна не сьпяшаліся, і ў залі ўтвараліся некалькі кампаній па тры — пяць чалавек. Прычым часьцей за ўсё тое былі спантанныя кампаніі: ты падыходзіў туды, дзе было вольнае месца, і зусім не абавязкова апынаўся сярод палітычных аднадумцаў. Напрыклад, тваімі суседзямі маглі быць артадаксальныя вэтэраны або «крепкие хозяйственники», ці — кіраўнікі райвыканкамаў. Часам гэта маглі быць міністры або віцэ-прэм’еры (Кебіча, як і Шушкевіча, у часы іх старшынёўства я ў буфэце ніколі ня бачыў).
Уласна, палітычныя прыхільнасьці ці пасады пры гэтым ня мелі ніякага значэньня, не магу ўявіць, каб нехта камусьці сказаў нешта кшталту «Ведаеце, у нас тут свая кампанія і канфідэнцыйная размова, паспрабуйце пашукаць іншае месца».
Канешне, можна было есьці моўчкі, і табе б ніхто не перашкаджаў, але звычайна ты далучаўся да гаворкі, альбо нават уздымаў новую тэму.
Звычайна нават самыя непрымірымыя ў Авальнай залі праціўнікі за сталом у буфэце ці ў сталоўцы знаходзілі або нейкую зусім нэўтральную тэму, або новы паварот той, вакол якой дэбатавалі ў Авальнай залі, але абмяркоўвалі ўжо ў спакойнай форме. Канешне, і спрачаліся (гучныя галасы Валянціна Голубева або Аляксандра Лукашэнкі чуліся ўжо з калідору). І хоць ніякіх фармальных рашэньняў за сталамі не прымалася, але значнасьць такіх «буфэтных» размоваў для гэтых самых рашэньняў была вялікая.
Пытаньне дзяржаўнай здрады
Зь Мечыславам Грыбам я быў знаёмы, можна сказаць, зь дзяцінства — нейкі час вучыўся ў адной школе разам зь ягоным сынам. Потым, ужо ў сярэдзіне 1980-х, працуючы ў віцебскай абласной газэце, прапанаваў яму, ужо начальніку абласнога ўпраўленьня міліцыі, паўдзельнічаць у тэлефоннай «прамой лініі». Ён пагадзіўся, што зьдзівіла калег у рэдакцыі. Але падначаленыя генэрала былі зьдзіўленыя яшчэ болей: некалькі гадзінаў генэрал адказваў на пытаньні віцяблянаў, да такой адкрытасьці ў тых сьценах не прывыклі.
У пачатку 1990 году Грыб пайшоў на выбары ў Вярхоўны Савет БССР не па якой-небудзь вясковай акрузе, як большасьць кіраўнікоў, а ў Віцебску. Барацьба была цяжкая, у другі тур ён выйшаў разам з актывістам БНФ, старшынём клюбу «Ўзгорʼе» Ігарам Цішкіным — і перамог. А потым, на першай сэсіі, быў абраны старшынём парлямэнцкай камісіі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы са злачыннасьцю. З таго моманту я ня памятаю, каб Грыб апранаў генэральскі мундзір.
Яшчэ ў 1992 годзе камісія Грыба ня ставіла пад сумнеў нэўтралітэт Беларусі і не выступала з ідэяй далучэньня краіны да сыстэмы калектыўнай бясьпекі.
У пачатку 1993-га пазыцыя членаў камісіі і Мечыслава Грыба кардынальна зьмянілася, і была выказаная прапанова далучыцца да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД (ДКБ), падпісанай 15 траўня 1992 году ў Ташкенце. На пачатак 1993 году ў арганізацыю ўваходзілі Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан.
Часта кажуць, што з прыходам Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта ў 1994 годзе Беларусь спыніла працэсы эўрапейскай інтэграцыі і разьвярнулася ў бок Расеі. Увогуле, гэта правільная ацэнка, калі мець на ўвазе вэктар і інтэнсіўнасьць руху. Але не зусім дакладна адносна часу.
Насамрэч, стратэгічны выбар — ня Захад, а Ўсход — быў зроблены ў 1993 годзе, калі Вярхоўны Савет прыняў рашэньне далучыцца да сыстэмы калектыўнай бясьпекі краінаў СНД. Так ужо стагодзьдзямі склалася, што менавіта ваенны саюз з тым або іншым партнэрам лічыцца самым галоўным з усіх іншых саюзаў, і ў выпадку зь Беларусьсю рашэньне, прынятае ў красавіку 1993-га, мела вынікам прывязку да расейскага ваенна-прамысловага комплексу на дзесяцігодзьдзі.
Але рашэньне не было аднагалосным — мы выступалі супраць, і некалькі дзён у Авальнай залі, а потым і на старонках газэт, на мітынгах і сустрэчах з выбаршчыкамі даказвалі шкоднасьць такога саюзу.
На наступных старонках я прывяду аргумэнты як прыхільнікаў, гэтак і праціўнікаў далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі — і ў чытача, адрозна ад нас, удзельнікаў той драматычнай дыскусіі, ёсьць магчымасьць ацаніць слушнасьць пазыцыяў з адлегласьці часу.
Мы разглядалі Дамову (фактычна, гэта быў ваенны саюз) як форму кантролю Масквы ня толькі над узброенымі сіламі, але і над палітыкай незалежных краінаў у галіне бясьпекі. Асабліва нас насьцярожвала верагоднасьць удзелу беларускіх вайскоўцаў у ліквідацыі канфліктаў у закаўкаскім і сярэднеазіяцкім рэгіёнах — што прадугледжвалася статутам ДКБ.
У выступах на сэсіі дэпутаты Апазыцыі БНФ дзясяткі разоў казалі, што беларускія хлопцы не павінны гінуць за чужыя інтарэсы, і гэтае перакананьне мела падтрымку ў насельніцтва. У прававых і палітычных аспэктах дамовы, аднак, людзям разабрацца было значна цяжэй.
Ініцыятары і прыхільнікі ваеннага саюзу
Хто канкрэтна ў Менску ініцыяваў далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД, якая насамрэч кантралявалася і кантралюецца маскоўскім Генштабам — да гэтага часу застаецца невядомым. Яшчэ ўвосень 1992 году на сэсіі Вярхоўнага Савету з такой прапановай выступіў старшыня новаўтворанага Саюзу афіцэраў генэрал-лейтэнант Дзьмітры Іваноў. Генэрал ня быў дэпутатам, яму далі слова на патрабаваньне дэпутатаў-вэтэранаў.
Гэты Саюз афіцэраў быў створаны нібыта для абароны сацыяльных правоў вайскоўцаў, аднак адразу заявіў антынезалежніцкія пазыцыі (прыкметна, што і праз чвэрць стагодзьдзя на вэб-сайце Мазырскага раённага аддзяленьня арганізацыі — праклёны на адрас «нацыяналістаў», ініцыятараў «развалу вялікай Дзяржавы — СССР»).
Выступ Іванова ня быў асабліва заўважаны прэсай, новаўтвораны саюз падаваўся арганізацыяй маргінальнай — нібыта забыліся, колькі спачатку маргінальных ідэяў і лёзунгаў авалодвалі з цягам часу (а здаралася, што і імгненна) мільённымі масамі. Але на пасяджэньні дэпутацкай Апазыцыі БНФ мы абмеркавалі гэтую ідэю і вырашылі, што яна значна больш сурʼёзная, чым можа падацца на першы погляд.
Магчыма, калі адчыняцца пэўныя архівы, імёны сапраўдных ініцыятараў будуць вядомыя. Асабіста я перакананы, што ініцыятыва ўсё ж была з Масквы, але не ад Ельцына і ягонага атачэньня, якія тады яшчэ не былі на акрэсьлена імпэрскіх пазыцыях (хоць імпэрскія інстынкты выяўлялі ўжо ў канцы жніўня 91-га).
Лягічным было б меркаваць, што ініцыятыва пайшла са спэцслужбаў, найперш — ГРУ (Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Міністэрства абароны Расеі). У адрозьненьне ад КГБ, якое пасьля распаду СССР фармальна раздрабілася, ГРУ засталося адзіным. Калі яшчэ пры Хрушчову КГБ было забаронена вэрбаваць агентаў зь ліку партыйных апаратчыкаў і дэпутатаў ад Вярхоўнага Савету і вышэй, дык пра забарону такога кшталту на адрас ГРУ нічога не вядома.
У 2018 годзе, калі я пішу гэтыя радкі, брытанскія аналітыкі, абазнаныя ў дзейнасьці постсавецкіх спэцслужбаў, пішуць, што нават у пачатку 90-х, калі карупцыя разьела ўвесь дзяржаўны апарат Расеі і нават закранула былое КГБ, ГРУ заставалася «ў форме».
Зрэшты, ГРУ — ня што іншае, як «баявы меч» расейскага Міністэрства абароны (як КГБ свайго часу быў «баявым мячом» КПСС), і было б надзвычай дзіўна, калі б гэтая своеасаблівая зброя не была скарыстаная ў рэалізацыі галоўнай стратэгічнай мэты ваеннага ведамства — усталяваньня максымальнага кантролю над суседнімі краінамі, уцягваньня іх у арбіту ваенных інтарэсаў Расеі.
Застаецца фактам, што ў Беларусі актыўнымі прыхільнікамі ідэі далучэньня ад самага пачатку былі супрацоўнікі апарату Саўміну, а менавіта — Упраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны, якое ўзначальваў дзяржсакратар Генадзь Данілаў. Ягоным першым намесьнікам быў Генадзь Казлоў, дэпутат Вярхоўнага Савету і каардынатар групы «Беларусь» (якая фактычна і складала падкантрольную Кебічу парлямэнцкую большасьць).
Менавіта Казлоў адыгрываў у Вярхоўным Савеце ролю «шэрага кардынала» і выступаў з прарасейскімі ініцыятывамі. Казлоў быў суседам Шушкевіча ў доме на вуліцы Дразда, пры гэтым, калі дом засяляўся, яны ўжо былі выразнымі палітычнымі апанэнтамі і пры жаданьні Казлова яго б маглі пасяліць у іншы падʼезд; вось жа чамусьці Казлоў ня выявіў такога жаданьня. Пры Лукашэнку ён сыдзе з палітычнай арэны — «маўр зрабіў сваю справу» — на нечаканую для тых, хто сачыў за ягонай грамадзкай біяграфіяй, пасаду дырэктара гатэлю «Плянэта».
Другім намесьнікам Данілава быў таксама дэпутат, вайсковец Валер Паўлаў (у Вярхоўны Савет абраўся ў званьні падпалкоўніка, у апошнія месяцы кіраўніцтва Кебіча атрымаў генэрал-маёра; пазьней ён зьедзе ў Маскву).
У палітычным аспэкце ініцыятыву далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі падтрымліваў яшчэ адзін супрацоўнік апарату Саўміну — кіраўнік Камітэту па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, асобаў шараговага і кіруючага складу органаў унутраных спраў, вайскоўцаў-інтэрнацыяналістаў, звольненых у запас (адстаўку) і членаў іх семʼяў пры Савеце міністраў.
Я прывёў поўны назоў чынавенскай пасады Сяргея Гайдукевіча, хоць была ў яго і пасада грамадзкая — кіраўнік створанага ў піку БНФ «Народного движения Беларуси», якое аб’ядноўвала, здавалася, усе антынезалежніцкія арганізацыі — ад адносна масавай партыі камуністаў да сэкцыі пісьменьнікаў-марыністаў; уваходзілі туды Саюз афіцэраў і Славянскі сабор «Белая Русь» зь ягонай выразнай праімпэрскай шавіністычнай праграмай.
Вось гэтыя арганізацыі і асобы прасоўвалі ідэю АДКБ — праз Саўмін, празь Вярхоўны Савет і праз падкантрольную ўраду прэсу. У пачатку 1993-га далучэньне да АДКБ зрабілася палітычнай мэтай Кебіча і падкантрольнай яму дэпутацкай большасьці.
А на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету прапанову ўключыць у парадак дня пытаньне аб калектыўнай бясьпецы ўнёс дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну, дэпутат ад 310-й Шклоўскай выбарчай акругі Аляксандар Лукашэнка.
«Не народ служыць арміі, а армія народу»
Сярод трох сотняў фігураў скульптурных барэльефаў, што ўпрыгожваюць Авальную залю і фае Дому ўраду, ёсьць парыскія камунары і нямецкія рэвалюцыянэры, піцерскія матросы і беларускія сяляне, ёсьць шахцёр, жанчына-інжынэр, фізкультурніца, калгасьніца і нават парашутыст. Няма толькі партызан. Што натуральна: скульптуры рабіліся ў сярэдзіне 1930-х, яшчэ да вайны.
Але забыць пра партызанскае мінулае ніяк не выпадала.
«Я прасіў бы гэта падтрымаць, інакш нашы Ўзброеныя сілы ў 1994 годзе перастануць быць і боегатовымі, і баяздольнымі. Гэта будзе нешта падобнае на дрэнна ўзброеныя і разрозьненыя партызанскія фармаваньні», — сказаў Мечыслаў Грыб, пад «гэтым» маючы на ўвазе далучэньне да сыстэмы калектыўнай бясьпекі.
І вось што прыкметна: спачатку Грыб заяўляў на нечарговай сэсіі, што далучэньне да АДКБ выклікана ў большай ступені прычынамі эканамічнымі, чым уласна палітычнымі: «У Дамове аб калектыўнай бясьпецы больш эканомікі, чым палітыкі... Таму што тут зьвязаны і прамысловы комплекс, зьвязаная і баяздольнасьць нашай арміі. Гэта пытаньні эканамічныя».
Прычым гэтае перакананьне старшыня парлямэнцкай камісіі выказваў неаднойчы.
Мечыслаў Грыб: «Я яшчэ адзін раз пацьвярджаю і хачу абгрунтаваць, што гэтае пытаньне мае большае дачыненьне да эканамічнага становішча… І чаму? Сваё палітычнае стаўленьне да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы Вярхоўны Савет і кіраўнікі Рэспублікі Беларусь выказалі ўжо ў наступных шматбаковых і двухбаковых пагадненьнях. Па-першае, пра гэта выразна сказана ў Дамове аб стварэньні СНД. Другое. Аб супольных мерах у дачыненьні да ядзернай зброі. Трэцяе. Аб супольнай дзейнасьці па дасьледаваньні і выкарыстаньні касьмічнай прасторы. Чацьвёртае. Аб паўнамоцтвах найвышэйшых органаў СНД у пытаньні абароны і іншым. Пра гэта таксама гаварылася ў двухбаковай Дамове, заключанай паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. Таму я мяркую, што гэтае пытаньне не палітычнае, а хутчэй належыць да сфэры эканамічнай. Яно непасрэдна тычыцца пытаньняў жыцьцезабесьпячэньня нашых Узброеных сіл».
Спроба зьвесьці тэму да праблемы забесьпячэньня войска тэхнікай і палівам выклікала пярэчаньні апазыцыі.
Зянон Пазьняк: «Мяне крайне зьдзіўляюць тлумачэньні спадара Грыба аб тым, што пытаньне аб калектыўнай бясьпецы не зьяўляецца палітычным пытаньнем. Гэта пытаньне, якое ўнесена ў нашу Канстытуцыю і датычыцца нэўтралітэту, пытаньне, якое ў прынцыпе зьменіць статус нашай дзяржавы. І кіраўнік камісіі выходзіць і пачынае дэпутатам тлумачыць, што гэта не палітычнае пытаньне, гэта эканамічнае. Што гэта за тлумачэньне? Я лічу, што, па-першае, гэтае пытаньне нельга ўносіць і ставіць яго на галасаваньне, таму што яно прынцыпова зьмяняе становішча нашай дзяржавы ў сьвеце. Яно прынцыпова датычыцца сувэрэнітэту нашай дзяржавы… Я выступаю катэгарычна супраць пастаноўкі такога пытаньня ўвогуле на галасаваньне і заклікаю народных дэпутатаў: калі такое пытаньне будзе пастаўлена, не галасаваць за яго. Дэпутатаў Апазыцыі я прашу ўвогуле выйсьці з залі. І я зьвяртаюся да сваіх выбаршчыкаў: усімі сродкамі супраціўляцца, калі такое рашэньне будзе прынята, такой пастаноўцы пытаньня і такому рашэньню. Гэтае пытаньне паставіць пад сумнеў сувэрэнітэт нашай дзяржавы. Гэта пытаньне дзяржаўнай здрады».
Заяву Мечыслава Грыба пра эканамічныя прычыны далучэньня да сыстэмы калектыўнай бясьпекі я камэнтаваў ад мікрафона.
Сяргей Навумчык: «На мінулай сэсіі мы ратыфікавалі пагадненьне з Расеяй, у тым ліку і аб матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні Ўзброеных сіл, вайсковых заказах і гэтак далей. Як я разумею, не народ служыць арміі, а армія народу, не дзяржава служыць арміі, а армія дзяржаве. Калі мы ратыфікуем, калі мы падключым гэтую калектыўную бясьпеку, такім чынам мы можам ня мець дзяржавы. А тут нам кажуць, што, бачыце, мы ня будзем мець арміі. Будзем мець армію. Нарэшце, апошняе. Мне было дзіўна чуць такую прапанову ад дэпутата Грыба. Не ад старшыні камісіі, а ад дэпутата Грыба, абранага па Віцебскай акрузе, якая сумежыць з дэсантнай дывізіяй, якая першая паляцела ў Аўганістан. I я думаю, Мечыслаў Iванавіч, вы лепш, чым я, ведаеце колькі трунаў з нашымі хлопцамі адтуль вярнулася. Я прашу ўсіх вас вельмі сурʼёзна ўзважыць, перш чым вы будзеце галасаваць. I апазыцыя ня будзе галасаваць за гэтую прапанову, будзеце за яе несьці адказнасьць самі».
Міхаіл Мачуленка, былы другі сакратар Магілёўскага абкаму КПБ: «Паважаныя народныя дэпутаты! Вы зараз здолелі пераканацца, наколькі спрытна адбываецца маніпуляцыя ў самым важным... Пытаньне эканамічнага саюзу без пытаньня аб калектыўнай бясьпецы ня будзе працаваць!»
Гэта быў той самы Мачуленка, які на сэсіі 25 жніўня 1991 году першым з партыйных сакратароў падтрымаў выступ Пазьняка за Незалежнасьць, паколькі баяўся, што прыйдзе Ельцын. Цяпер ён ужо нічога не баяўся.
«…Я чацьвёрты раз ля гэтага мікрафона прамаўляю»
Наступную прамову можна было б прапусьціць — калі б ня вынікі выбараў 1994 году. Такі ўжо лёс кожнага, хто будзе пісаць пра пачатак 1990-х: надаваць гэтаму чалавеку ўвагу непрапарцыйна значна большую, чым ён рэальна меў у тым часе.
Рэдка які выступ Лукашэнкі абыходзіўся без таго, каб не згадаць пра «антызаконнасьць» распаду СССР.
Аляксандар Лукашэнка: «Вы ведаеце маю пазыцыю, я чацьвёрты раз ля гэтага мікрафона прамаўляю і выступаю прыхільнікам калектыўнай бясьпекі. А цяпер, паважаны Валянцін Голубеў, каб вы не ўсьміхаліся, я б вам і вашым калегам хацеў сказаць наступнае. Спыніце вось гэтыя інсынуацыі і хлусьню. Вось меў рацыю Сарокін (генэрал, дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі — С. Н.), калі сказаў: пачытайце Дэклярацыю, на якую вы ўвесь час спасылаецеся і стваральнікам якой вы сябе лічыце, — Дэклярацыю аб сувэрэнітэце. Там чорным па белым у апошніх артыкулах напісана: не саюз нейкі і сыстэма калектыўнай бясьпекі, а большае — заключэньне Саюзу, уваходжаньне ў саюзную дзяржаву. Пра якую Канстытуцыю, пра якія парушэньні вы кажаце?»
Расшыфрую словы Лукашэнкі — ён меў на ўвазе, што ў артыкуле адзінаццатым Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце было сказана, што Беларусь «прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дамовы аб саюзе сувэрэнных сацыялістычных дзяржаваў». Унясеньне гэтага артыкулу было адной з прычынаў, чаму дэпутаты БНФ пакінулі залю на апошняй стадыі прыняцьця Дэклярацыі (тэкст Дэклярацыі рыхтаваўся дэпутатамі БНФ, у часе абмеркаваньня мы выступалі з папраўкамі і прапановамі больш за сто разоў). У дадзеным выпадку Лукашэнка меў на ўвазе, што палажэньне Дэклярацыі аб уваходжаньні ў «саюзную дзяржаву» было ня выканана — а цяпер, маўляў, дэпутаты БНФ спасылаюцца на словы пра нэўтралітэт, замацаваныя ў Дэклярацыі.
Стэнаграма не перадае горычы і абурэньня, зь якімі вымаўляў Лукашэнка словы пра невыкананьне рашэньня аб «новым Саюзе» — калі незалежная Беларусь існавала ўжо больш як паўтара года. Шкада, што такія пасажы не насьцярожылі тых дэпутатаў, якія праз год падтрымалі вылучэньне Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта. Зрэшты, Дзьмітры Булахаў у гэтым самым 1993-ім заявіў, што «Сувэрэнітэт — не ікона, на якую трэба маліцца».
Па тэлефоне, тэрмінова, у нумар!
Лёс шмат якіх рашэньняў у Вярхоўным Савеце залежаў ад колькасьці чалавек у Авальнай залі. Апазыцыя БНФ звычайна была на пасяджэньнях у поўным складзе (хіба што нехта прыхварэў або меў нейкую пільную справу ў сваёй акрузе), а парлямэнцкая большасьць хоць заўсёды і складала большасьць, але паўсотні дэпутатаў адсутнічалі. Дырэктары заводаў, старшыні выканкамаў, намесьнікі міністраў лічылі больш важным месцам свае службовыя кабінэты, а не парлямэнцкія крэслы.
На абмеркаваньне пытаньня аб калектыўнай бясьпецы апарат Саўміну сабраў максымальную колькасьць дэпутатаў, пры галасаваньні нас можна было «задушыць» элемэнтарнай арытмэтычнай перавагай.
Больш складана было з Шушкевічам — ён вёў сэсію, і ад яго залежала шмат. Сваё стаўленьне да нэўтралітэту Шушкевіч выказаў адназначна: «Я ўпэўнены, што прынцып імкненьня да нэўтралітэту, замацаваны ў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, павінен вызначаць зьнешнюю палітыку Беларусі ня толькі цяпер, але і на наступнае стагодзьдзе».
Катэгорыямі стагодзьдзяў прыхільнікі Кебіча не апэравалі, затое былі вельмі дасьведчаныя ў арганізацыі рознага кшталту грамадзкага і індывідуальнага ціску. Адну такую махінацыю на сэсіі прадэманстравалі, але няўдала.
Уладзімер Самашчаў, пастаянны прадстаўнік Савету міністраў Рэспублікі Беларусь у Расейскай Фэдэрацыі: «Паважаныя народныя дэпутаты! Гэта ня мой дакумэнт, але я хацеў бы яго ўсё ж-такі прачытаць. “Менск, Дoм Ураду, таварышу Шушкевічу. Калектыў вопытна-экспэрымэнтальнага заводу… калектыў бюро заводу “Агрэгат” вылучаў дэпутатам у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь таварыша Шушкевіча, і дае яму наказ — падтрымаць прапанову аб стварэньні адзінага абароннага саюзу з Расеяй, Казахстанам…” і гэтак далей. Для чаго я гэта прачытаў? Я проста хачу сказаць: гэтыя таварышы абралі нашага старшыню, і ён павінен лічыцца ня толькі са сваім меркаваньнем, але і зь меркаваньнем сваіх выбаршчыкаў. А як я разумею, Станіслаў Станіслававіч як паступае? Ён супраць гэтага саюзу. І яму, займаючы гэтую пасаду, лёгка вось так усімі намі маніпуляваць, прасоўваючы сваю ідэю. Прычым гэта, таварышы, лёсавызначальнае пытаньне».
Гэта быў удар пад дых.
Канешне, калектыў прадпрыемства, які вылучаў дэпутата, нават калі б ён і цалкам падпісаўся пад такім зваротам — яшчэ ня ўсе выбаршчыкі, больш за тое, зусім нязначная іх частка. Уласна, тэарэтычна выбаршчыкаў увогуле магло сярод іх ня быць — у буйным горадзе ўстанова альбо прадпрыемства маглі месьціцца на тэрыторыі адной акругі, а супрацоўнікі жыць у іншых. І тым ня менш, мы выбіраліся паводле закону, які прадугледжваў вылучэньне ад працоўных калектываў, і калі гэты калектыў зьвяртаўся да ўжо абранага дэпутата — гэтаму надавалася ўвага. Такая ўжо існавала традыцыя.
Да прыкладу, я быў вылучаны ў дэпутаты станкабудаўнічымі заводамі імя Камінтэрну і імя Кірава і заўсёды выконваў просьбы дырэкцыі, прафкаму, неяк нават зачытваў з трыбуны сэсіі прапанову аб стварэньні Асацыяцыі станкабудаўнічай вытворчасьці. Ведаю, што некалькі разоў на гэтых заводах камуністы арганізоўвалі кампанію за адкліканьне мяне як дэпутата.
Вось нататка «Мандат на стол!» у камуністычнай газэтцы «Мы и время» ў жніўні 1993-га:
«Рабочыя і служачыя Віцебскага станкабудаўнічага заводу ім. Камінтэрну выступілі з ініцыятывай і пачалі збор подпісаў з мэтай адклікаць народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь С. І. Навумчыка. Іх актыўна падтрымалі жыхары Чыгуначнага раёну г. Віцебску.
У свой час Сяргей Іосіфавіч быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты менавіта гэтым калектывам. Аднак спадзяваньні выбаршчыкаў не апраўдаліся. Свае перадвыбарчыя абяцаньні дэпутат Навумчык, на думку выбаршчыкаў, ня выканаў, але тым ня менш часта падмацоўваў свае выступы спасылкай на тое, што гаворыць ід іх імя.
Выяўляецца, нардэп Навумчык некалькі перабольшыў, і даверам выбаршчыкі яго ня балуюць. Зрэшты, ён даўно зь імі не сустракаўся. Напэўна, таму, што апынуўся ў “вузкім коле рэвалюцыянэраў”».
І подпіс: «В. Андрэеў, г. Віцебск, па тэлефоне» — вось як тэрмінова рэдакцыя патрабавала гэтую інфармацыю, каб пасьпець паставіць у нумар важную навіну.
Ніякіх наступстваў для мяне гэта ня мела, у мяне на тым самым заводзе і ў акрузе хапала прыхільнікаў, дый закону аб адкліканьні дэпутатаў не было — але і прыемных эмоцыяў такая публікацыя не выклікала.
Словам, існаваў даволі адчувальны спосаб маральнага ціску на дэпутата праз калектыў, які яго вылучаў. Яго і паспрабавалі скарыстаць, даўшы зачытаць зварот Самашчаву (заўважу, дэпутату не ад Менску, дзе абіраўся Шушкевіч, а ад Глускай выбарчай акругі).
Але эфэкт трымаўся толькі некалькі сэкундаў — пакуль да мікрафона не падышоў дэпутат Апазыцыі БНФ Юрась Беленькі. Які, неспадзявана для нашых апанэнтаў, працаваў на тым самым прадпрыемстве.
Юрась Беленькі: «Я хачу даць сваю ацэнку таго, што адбылося на маім абʼяднаньні, а менавіта на прадпрыемстве, пра якое толькі што гаварыў дэпутат Самашчаў. Я ведаю, як адбываўся збор на гэтую канфэрэнцыю, хто гэта праводзіў — былы інструктар абкаму партыі. I мяне спрабавалі “душыць”… Ня трэба спэкуляваць такімі момантамі, бо я ведаю, як адбывалася на маім абʼяднаньні гэтая працэдура».
Спроба маральнага ціску на Шушкевіча, такім чынам, не ўдалася.
«Агульнасьць нашых славянскіх народаў, і гэтак далей»
Нэўтралітэт і бясьпека не зьяўляюцца антонімамі, а вось спалучыць нэўтралітэт з калектыўнай бясьпекай не дапаможа ні тактычная хітрасьць, ні стратэгічная манэўровасьць. І тады ў ход ідзе проста сіла — сіла большасьці.
Прыхільнікі калектыўнай бясьпекі пайшлі ў атаку іншым спосабам — прапанаваўшы выказацца кіраўнікам «профільных» камісіяў і членам ураду — міністру абароны, міністру замежных спраў і старшыні КДБ. Тут ужо эмоцый было меней.
Мечыслаў Грыб: «Аналіз разьвіцьця міждзяржаўных адносін падводзіць да высновы аб неабходнасьці стварэньня цяпер новага, незалежнага эканамічнага саюзу ў рамках СНД. Найважнейшай складовай часткай, на наш погляд, можа быць Дамова аб калектыўнай бясьпецы — гарант надзейнага эканамічнага супрацоўніцтва. Цеснае ваеннае супрацоўніцтва з краінамі СНД дазволіць завяршыць рэфармаваньне Ўзброеных сіл, забясьпечыць цывілізаваны вывад стратэгічных ядзерных сіл з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і забясьпечыць спрыяльныя зьнешнія і ўнутраныя умовы стварэньня і функцыянаваньня нашай дзяржавы. Мы аб калектыўнай бясьпецы ўжо казалі... Да гэтага ў нас ёсьць і абʼектыўныя фактары. Гэта гістарычны вопыт і агульнасьць нашых славянскіх народаў, і гэтак далей».
Павал Казлоўскі, міністар абароны: «У НАТО нас ніхто не чакае, я дазволю сабе заўважыць як вайсковец… Расейская Фэдэрацыя плянуе браць за падрыхтоўку кожнага спэцыяліста праз дзясятае Галоўнае ўпраўленьне Генштабу па 1000 даляраў на месяц. З краінамі, якія ўваходзяць у дамову, аплата застаецца ў рублях… Для рэспублікі сёньня важна ўступленьне ў сыстэму бясьпекі ў рамках СНД. Рашэньне за вамі». ФОТА 18
Жаданьне міністра спраўдзіцца — Беларусь зэканоміць тысячу даляраў на месяц за падрыхтоўку вайсковых спэцыялістаў у расейскіх акадэміях, абучыць іх бясплатна, але праз чвэрць стагодзьдзя практычна ўвесь генэралітэт і вышэйшы афіцэрскі склад беларускага войска будуць выпускнікамі толькі расейскіх, і ніякіх іншых, акадэміяў. З адпаведным разуменьнем геапалітычных інтарэсаў.
Старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі выступаў з трыбуны сэсіі Вярхоўнага Савету якія тры-чатыры разы за ўсе гады, затое ў атмасфэры абсалютнай увагі: ніхто, нават Аляксандар Лукашэнка, не прагульваўся па Авальнай залі.
Эдуард Шыркоўскі: «Чаму ж мы так баімся Расеі? Закабаліць яна нас, ці што? Але мы ж сувэрэнная дзяржава. Давайце паглядзім, хто такая Расея. Я пазаўчора па тэлебачаньні чуў пра тое, што спадар Клінтан, прэзыдэнт ЗША, і спадар Ельцын дамовіліся аб тым, каб заключыць ваеннае пагадненьне паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі Амэрыкі і ў найбліжэйшым часе пачаць супольныя манэўры. Дык чаго ж мы так іх баімся, калі нават Злучаныя Штаты не баяцца заключыць гэтую дамову?!
І яшчэ. Калі мы вырашаем гэтае пытаньне, то неабходна памятаць, што ў Расеі пражывае 1 мільён 200 тысяч беларусаў і ў Беларусі пражывае 1 мільён 300 тысяч расейцаў. Вырашаючы гэтае пытаньне — падпісваць ці не падпісваць, — трэба разумець усё гэта. Гэта рашэньне лёсаў людзкіх, гэта стаўленьне да нашых братоў-беларусаў там. Мы пра іх забываем, а іх — мільён. У Маскве толькі недзе 70 тысяч пражывае. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі таксама вывучаў гэтае пытаньне, і мы прыйшлі да высновы, што варта падпісаць».
Якім чынам уступленьне Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі палепшыць становішча беларусаў у Расеі — старшыня КДБ не патлумачыў. Пасьля сваёй адстаўкі ён папоўніць колькасьць такіх беларусаў — пераедзе на сталае жыхарства ў Маскву.
Падтрымаў далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі і міністар замежных спраў Пётра Краўчанка, заявіўшы, што нэўтралітэт ніяк не супярэчыць далучэньню да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.
Паказальным быў выступ старшыні парлямэнцкай камісіі Вярхоўнага Савету па эканамічнай рэформе, дасягненьні эканамічнай самастойнасьці і сувэрэнітэту рэспублікі (такі быў афіцыйны назоў) Леаніда Козіка.
Леанід Козік: «Што ж атрымае Рэспубліка Беларусь, і што яна страціць? На жаль, мы нармальна ня можам адказаць на гэтае пытаньне... Безумоўна, сувязь з народам Расеі значна мацнейшая, бліжэйшая, бліжэй і больш зразумелая для нашых людзей. І наўрад ці народ Рэспублікі Беларусь, калі яму прыйдзецца выбіраць, падтрымае арыентацыю на дзяржавы Захаду, нават калі асобным палітычным лідэрам гэтага вельмі хочацца. У такім выпадку тым больш, на мой погляд, трэба правесьці перамовы з Расеяй аб нашым далейшым супрацоўніцтве як дзьвюх сувэрэнных дзяржаў, двух народаў, зьвязаных гісторыяй і сваяцтвам».
Леанід Козік прызнаўся, што ня ведае эканамічных выгодаў ад далучэньня да АДКБ. Але выступаў за саюз з Расеяй, бо — «сваяцтва».