Прапануем, зь невялікімі скарачэньнямі, заключны разьдзел кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьверты», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» у 2014 годзе.
Аўтар падае ў кнізе апісаньне і ацэнку выбарчай кампаніі вачыма яе ўдзельніка, у той час — дэпутата Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Пазьняка.
***
Прыгадваньне выбараў 1994 году часта суправаджаецца пытаньнем: дык хто ж вінаваты? І якія памылкі былі зробленыя Беларускім Народным Фронтам?
Такое пытаньне (пра памылкі) некалі было зададзена Васілю Быкаву.
Гутарка адбылася ў канцы 1995 года (у эфір выйшла 30 сьнежня), калі ўжо прайшлі і прэзыдэнцкія выбары, і так званы рэфэрэндум, калі на парлямэнцкіх выбарах ніводзін прадстаўнік БНФ ня быў абраны дэпутатам ВС-13. Супрацоўнік Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, даўшы рэтраспэктыву ад жніўня 1991-га (абвяшчэньне Незалежнасьці) запытаўся ў Быкава — «Дзе, на якім этапе дэмакраты зрабілі памылку?»
І вось што Быкаў адказаў:
«Думаю, што гаварыць пра якія-небудзь памылкі дэмакратыі, можа быць, няма сэнсу. Таму што ўвогуле, калі разабрацца і прынцыпова падыходзіць, дык гэтых памылак, такіх значных памылак, было ня так і шмат. Можа быць, іх наогул не было. Іншая справа, што і вельмі правамерная, абгрунтаваная палітыка не прынесла посьпеху. Дык яна ўвогуле ў дадзеных умовах і не магла прынесьці таго посьпеху, на які дэмакраты разьлічвалі. Значыць, проста можна гаварыць пра празьмерныя спадзяваньні беларускай дэмакратыі. Вось гэта сапраўды было. Грамадзтва яшчэ не гатовае, каб прынесьці посьпех беларускай нацыянальнай дэмакратыі».
Быкаў дакладна вызначыў прычыну — нясьпеласьць грамадзтва.
За грамадзтва, у значнай ступені, адказвае кіруючая эліта — а гэтая эліта (кіруючая) у пачатку 90-ых складалася з камуністычнай намэнклятуры, якая, акрамя ўсяго іншага, была цалкам пазбаўленая нацыянальнай сьвядомасьці.
Гэтыя людзі займалі пасады ў, як бы цяпер сказалі, «вэртыкалі» зьверху да самага нізу — ад кіраўніка ўраду да інструктара райвыканкаму.
Ні на якай, нават самай нізкай, пасадзе ў выканаўчай структуры — ні ў больш як сотні райвыканкамаў, ні ў шасьці аблвыканкамах, ні ў Саўміне — не было ніводнага прадстаўніка БНФ.
І пры гэтым ня толькі лідэры БНФ — але і тысячы актывістаў Народнага Фронту — працавалі ў пачатку 1990-ых, як кажуць, на мяжы сваіх сілаў. Вынік гэтай працы — дасягненьне Незалежнасьці, запачаткаваньне дэмакратычных і эканамічных пераўтварэньняў. Я не сьцьвярджаю, што кіраўніцтва БНФ усё рабіла ідэальна — але такіх памылак, якія б маглі мець фатальны характар, асабіста я ня бачу.
Ня бачыў іх і Быкаў.
У войску адказнасьць за баявое падразьдзяленьне нясе камандзір і ягоны штаб. Пасьля жніўня 1991-га ўся ўлада ў Беларусі была ў руках старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча і старшыні Савету міністраў Вячаслава Кебіча.
Трагедыя нацыі ў тым, што кіруючая эліта не ўсьвядоміла сябе элітай незалежнай дзяржавы і нічога не рабіла дзеля росту нацыянальнай самасьвядомасьці грамадзтва і яго палітычнай сьпеласьці...
Ці можна было ўгаварыць Кебіча?
У 1994 годзе быў толькі адзін спосаб не дапусьціць Лукашэнку да ўлады — ня ўводзіць прэзыдэнцтва (супраць якога і выступаў БНФ). Але гэтага прэзыдэнцтва дамагаўся Кебіч. Мы ўсялякімі спосабамі пераконвалі яго гэтага не рабіць — ня дзейнічала.
Што нам заставалася?
Выглядае, дзеля гэтага мы павінны былі сказаць — «Вячаслаў Францавіч, мы, БНФ, адмаўляемся ад барацьбы з Вамі і просім заставацца на пасадзе кіраўніка ўраду як надаўжэй. Хай Вашае атачэньне працягвае красьці траншы Міжнароднага валютнага фонду, хай Вашыя міністры і надалей заграбаюць зь бюджэту і ўзводзяць сабе катэджы пад Менскам, хай падкантрольны Вам ВС і надалей выдаткоўвае мільярдныя крэдыты на даўно ўжо неэфэктыўныя калгасы, нарошчваючы гіпэрінфляцыю, а „чырвоныя памешчыкі“ хай і надалей кладуць тыя крэдыты ў свае кішэні. Хай і надалей старшыні выканкамаў і іх намесьнікі нажываюцца на хабарах за ліцэнзіі на рээкспарт нафты, а дырэктары заводаў махінацыямі пераводзяць прадпрыемствы ў сваю ўласнасьць. Вычысьціце ўжо дашчэнту войска ад патрыётаў з БЗВ, зачыніце апошнія незалежныя газэты і радыёстанцыі — увогуле, рабіце што хочаце, мы Вам ні ў чым не перашкаджаем. Гары яно ўсё гарам — абы толькі Вы заставаліся прэм’ерам, і вазьміце сабе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы без усялякага прэзыдэнцтва. Мы прагаласуем за гэта ўсёй нашай дэпутацкай фракцыяй».
І тады, магчыма (хаця не несумненна), Кебічу не спатрэбілася б уводзіць прэзыдэнцтва.
Але кожны, хто б прапанаваў такое, быў бы імгненна «разарваны» сваімі ж колішнімі прыхільнікамі з дэмакратычнага лягеру.
І той, хто папракне БНФ у невыкарыстаньні такога гіпатэтычнага варыянту — павінен адказаць, ці згодны ён сёньня, калі я пішу гэтыя радкі, падтрымаць (актыўна падтрымаць!) Лукашэнку — як лепшы варыянт у параўнаньні з, напрыклад, з прысланым з Масквы палкоўнікам ФСБ, які за пару месяцаў прывядзе Беларусь у склад Расейскай Фэдэрацыі.
І тут — ізноў пра адказнасьць эліты.
У пачатку 90-ых гадоў Беларусь была зусім яшчэ маладая, кволая краіна, якая адраджалася пасьля 200-гадовага імпэрскага панаваньня, дэмакратыя толькі-толькі запачаткавалася — і ёй бы, Беларусі, дапамагчы стаць на ногі...
Уявіце кволага чалавека, які толькі адыходзіць ад хваробы — і тут зьяўляецца нейкі тып і зьбівае яго дубінай. Наколькі слушна і справядліва потым казаць, што гэта ён, кволы, вінаваты, што ня здолеў перамагчы злыдня, а злыдзень проста спрытна скарыстаў сваю сілу і кволасьць суперніка, «добра прафэсійна выканаў сваю працу» (апошняя фраза — цытата аднаго з удзельнікаў каманды Лукашэнкі)?
Беларусь як дэмакратычная краіна, паўтараю, толькі станавілася на ногі — і была зьбітая з ног імпэрскай сілай.
Калі сіла ідзе навалай
Сьцьвярджаць жа, што БНФ роўна столькі вінаваты ў прыходзе Лукашэнкі, як і ягоная каманда (як гэта часам робіцца) — гэта, па меншай меры, нелягічна.
Гэта як казаць, што габрэі ў роўнай ступені зь фюрэрам вінаватыя ў Галакосьце — бо маглі ж яны ў 1907 годзе ўгаварыць дырэкцыю мастацкай школы ў Вене прыняць абітурыента Адольфа, і пайшоў бы ён «па мастацкай частцы», а не па палітычнай, альбо маглі ў 1920-м наняць кілера і скончыць ягоны жыцьцёвы шлях. Ну альбо маглі сабраць мільёны і купіць ляяльнасьць нацыянал-сацыялістаў годзе ў 1925-ым...
Абсурд, канешне. Нічога не маглі зрабіць габрэі супраць той сілы, якая ішла навалай — у тых гістарычных і міжнародных умовах, калі тыя, хто сапраўды меў магчымасьць спыніць Гітлера, не пажадалі альбо ня здолелі гэтага зрабіць.
І адказнасьць за Галакост нясуць не габрэйскія лідэры, а лідэры нацысцкай партыі — тыя, хто прывёў Гітлера да ўлады і хто рэалізоўваў ягоныя злачынныя пляны.
Чым беларуская эліта адрозьнівалася ад украінскай
Што да Беларусі 1990-ых, дык праблема была яшчэ і ў адной асаблівасьці намэнклятуры, якую можна назваць унікальнай.
І супрацьстаяньне БНФ і намэнклятуры адрозьнівалася ад таго, што назіралася ў суседніх краінах.
Валэнсу ня трэба было даказваць Ярузэльскаму, што Польшча павінна быць незалежнай дзяржавай.
Ландсбергісу не было патрэбы пераконваць Бразаўскаса, што літоўская мова — гэта важна.
Але, можа быць, куды лепшы прыклад для параўнаньня — Украіна.
Ва Ўкраіне лідэр Народнага Руху Вячаслаў Чарнавіл у тым самым 1994 годзе таксама не перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, хаця меў куды большыя, чым Зянон Пазьняк, рэсурсы (незадоўга да выбараў Чарнавіл быў старшынём Львоўскай абласной рады, яго падтрымлівалі некаторыя буйныя бізнэсоўцы, якія кантралявалі значныя сэктары эканомікі). Аднак перамога стаўленіка намэнклятуры Леаніда Кучмы хаця і істотна запаволіла дэмакратычнае разьвіцьцё краіны, але не зрабілася для яе лёсу фатальнай.
Ні Кучму, ні ягонаму атачэньню не прыйшло ў галаву мяняць дзяржаўную сымболіку, зьнішчаць статус украінскай мовы як адзінай дзяржаўнай, ладзіць дзяржаўны пераварот ды ўсталёўваць практычна неабмежаваны тэрмін знаходжаньня на найвышэйшай пасадзе. Такія прапановы, калі б яны прагучалі, былі б найперш адрынутыя той самай кіруючай элітай.
Бо пры шмат якіх падабенствах ёсьць адно, што адрозьнівала ўкраінскую намэнклятуру ад беларускай. Гэта — узровень нацыянальнай сьвядомасьці. А больш дакладна — наяўнасьць яе ва ўкраінскага кіраўніцтва і амаль поўная яе адсутнасьць у беларускага.
Вось таму ў 1992-м украінская Вярхоўная Рада не ратыфікавала Статут СНД, а ў 1993-м не далучыла краіну да Дамовы аб Калектыўнай абароне — чаго дамаглася, насуперак Апазыцыі БНФ, парлямэнцкая большасьць Вярхоўнага Савету Беларусі.
Вось чаму дзяржаўныя СМІ Ўкраіны ў пачатку 90-х хаця і супрацьстаялі шмат у чым Народнаму Руху, але не фармавалі ў грамадзтве ўстойлівы стэрэатып, што эканамічныя цяжкасьці — вынік незалежнасьці.
Вось чаму ўкраніскі прэзыдэнт, абраны ў 1994 годзе, не дамову аб «саюзнай дзяржаве» з Крамлём падпісаў — а напісаў кнігу «Украіна — не Расея».
У Беларусі намэнклятура не ўспрыняла зробленую дэпутатамі Апазыцыі БНФ у жніўні 91-га, адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, прапанову далучацца да сумеснай працы ў справе будаўніцтва сувэрэннай дзяржавы.
Фактычна, усё, чаго ўдалося дасягнуць ў 1991-94, было насуперак жаданьням ураду Кебіча і падкантрольнай яму парлямэнцкай большасьці.
Гады, калі Расея была аслабленай, не былі скарыстаныя для таго, каб вырвацца з арбіты ўплыву Крамля і Лубянкі — што ўдалося зрабіць кіраўніцтву краінаў Балтыі і, у нейкай ступені, Украіны.
Пры гэтым ці не штодня дэпутаты Апазыцыі БНФ тлумачылі і ўраду, і Вярхоўнаму Савету, што трэба рабіць — але толькі некаторыя нашыя прапановы прымаліся.
Лукашэнка зь ягонымі праімпэрскімі лёзунгамі трапіў на падрыхтаваную глебу
Яшчэ горш, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі фармавалі ў людзей перакананьне, што эканамічны крызіс, інфляцыя, карупцыя — вынік развалу СССР, і што «аднаўленьне сувязяў з братняй Расеяй» і нават — «аднаўленьне адзінай дзяржавы» — галоўная ўмова нармальнага жыцьця.
Ні ўрад, ні манапалізаваныя ім СМІ не спрыялі той сьпеласьці грамадзтва, пра недахоп якой казаў Васіль Быкаў. Наадварот — цягам некалькіх гадоў грамадзтва атрымлівала моцную прарасейскую ін’екцыю.
Таму Лукашэнка зь ягонымі праімпэрскімі лёзунгамі трапіў на падрыхтаваную глебу. А лепей сказаць — вырас з гэтай глебы, узгадаваўся на ёй. Зразумела, пры спрыяньні сілаў, якія прагнулі зьнішчыць Беларусь.
У 1992-94 было некалькі момантаў, калі Беларусь магла пайсьці па іншым шляху.
Мог адбыцца рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах ВС — але намэнклятура заваліла яго рукамі Шушкевіча і Булахава. Можна было абраць парлямэнцкую форму праўленьня — але, жадаючы ўмацаваць уласныя пазыцыі, у пачатку 1994 года Кебіч і парлямэнцкай большасьць (ізноў жа — насуперак Апазыцыі БНФ) — увялі прэзыдэнцтва.
Ну і, канешне, нельга сьпісваць адказнасьць з «маладых ваўкоў» — паплечнікаў Лукашэнкі: ужо адно тое, што ён дэманстрацыйна насіў БССРаўскі дэпутацкі значок, павінна было б насьцярожыць, ня кажучы ўжо пра заклікі да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі. Аднак «маладыя ваўкі» абралі праімпэрскую рыторыку ляйтматывам выбарчай кампаніі.
Можна спрачацца, у якой ступені тое, што адбылося ў 94-ым, было плянам Масквы (асабіста я перакананы, што — было).
Але застаецца фактам, што і Кебіч, і Лукашэнка выступалі з аднолькавых, папросту сынхронных ідэалягічных пазыцый, цалкам прарасейскіх — і абодва супрацьстаялі кандыдату Народнага Фронту, што Кебіч пазьней пацьвердзіў у мэмуарах. Удар быў нанесены ня проста па БНФ — а па нацыянальным адраджэньні.
Бясспрэчна і тое, што вынік выбараў Маскву задаволіў цалкам. Прычым, мяркую, задаволіў і Крэмль, і Лубянку, і Генштаб: на зьмену састарэлай, нямоглай прарасейскай камуністычнай намэнклятуры прыйшла намэнклятура маладая, энэргічная. І — такая ж прарасейская.
... У дні прэзыдэнцкіх выбараў мая маці пераказала расповед пра наведваньне Кебічам сьвятых месцаў у Жыровіцах.
Быццам бы паклаў Вячаслаў Францавіч да абраза Божай Маці ружу, і ружа імгненна счарнела.