Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Помнік першаму прэзыдэнту? Толькі пасьля маёй сьмерці». Чаму Лукашэнка адмаўляецца ад некаторых атрыбутаў дыктатуры


Сапармурат Ніязаў, Ёсіф Сталін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Сапармурат Ніязаў, Ёсіф Сталін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Час ад часу Лукашэнка нечакана згадвае аб магчымасьці ўсталяваньня ў Беларусі прыжыцьцёвых помнікаў. Дакладней, катэгарычна асуджае тых, хто такіх помнікаў патрабуе ці прапануе ўзводзіць.

Пры гэтым большасьці аўдыторыі, якая гэта слухае, не зусім зразумела: з чаго раптам ён пра гэта пачынае гаварыць і з кім вядзе дыскусію. У публічнай прасторы Беларусі ніякіх прапаноў і ініцыятыў наконт гэтага нібыта не гучала і не гучыць. Дык пра якія прыжыцьцёвыя помнікі ідзе размова і чыю ініцыятыву Лукашэнка стрымлівае?

Апошні раз на тэму прыжыцьцёвых помнікаў ён выказаўся сёлета ў канцы жніўня, калі наведваў Белдзяржунівэрсытэт. Гаворачы пра інтэлігенцыю і пра тое, што ня варта «заточваць» яе пад таго ці іншага палітычнага дзеяча, Лукашэнка сказаў:

«Гэтага быць у нашым грамадзтве не павінна. Ніякіх вуліц, ніякіх помнікаў, асабліва пры жыцьці».

Прыблізна гэтак жа, толькі больш уцямна, ён выказаўся на гэту тэму дзесяць гадоў таму, у траўні 2013-га. І тады таксама рэзка выступіў супраць прыжыцьцёвых помнікаў, прычым канкрэтна сказаў, пра чыю асобу размова:

«Што датычыць дзеячаў, я катэгарычна супраць. Я супраць помніка першаму прэзыдэнту краіны. Прапаноў было столькі... Я сказаў: толькі пасьля маёй сьмерці, калі камусьці няма чаго рабіць. Я катэгарычны праціўнік узьвядзеньня гэтых помнікаў».

Аляксандар Лукашэнка ў БДУ. 25 жніўня 2023
Аляксандар Лукашэнка ў БДУ. 25 жніўня 2023

Чый помнік маецца на ўвазе, сакрэт Полішынэля. Адметна і тое, што ў абодвух выпадках размова вялася пры набліжэньні юбілеяў (і асабістага юбілею Лукашэнкі, і юбілею ягонага прыходу да ўлады). Ня цяжка здагадацца, што чым бліжэйшыя гэтыя даты, тым большы ціск зазнае Лукашэнка з боку адданага яму атачэньня, якое выступае з адпаведнымі зваротамі, просьбамі, ініцыятывамі, абгрунтаваньнямі пра жыцьцёвую неабходнасьць такога ўвекавечаньня і ўсенародную падтрымку падобнай ідэі.

Увогуле, у сыстэме ўлады, якая дзейнічае ў сёньняшняй Беларусі, помнік (ці нават помнікі) аўтарытарнаму лідэру, дыктатару выглядалі б зусім арганічна і наўрад ці выклікалі б адкрытае грамадзкае абурэньне. Калі амаль усе атрыбуты клясычнай дыктатуры ўжо навідавоку і сталі звыклымі, то зь якой прычыны для нейкіх яе элемэнтаў робяцца выключэньні? Само атачэньне Лукашэнкі тут у пэўным неўразуменьні: чаму, напрыклад, шматлікія палацы і рэзыдэнцыі для правадыра будаваць і па-султанску іх адстройваць можна, а ставіць прыжыцьцёвыя помнікі на плошчах — не? Альбо: чаму расшыты золатам генэральскі мундзір з зіхоткімі маршальскімі пагонамі Лукашэнка ахвотна апранае, а званьне маршала ці хоць бы «героя Беларусі» прысвоіць сабе не дазваляе? Ці: чаму партрэты Лукашэнкі абавязковыя ў кабінэце кожнага кіраўніка, а назваць вуліцу ягоным імем забаронена? Вялікая загадка таямнічай правадырскай душы. Зрэшты, ці такая ўжо загадка?..

«Раю спаліць кніжку пра дзяцінства Сталіна». Подпіс: Сталін

У біяграфіі амаль кожнага дыктатара знойдзецца некалькі яркіх фрагмэнтаў, якія павінны дэманстраваць шырокім народным масам дэмакратызм правадыра, ягоную асабістую сьціпласьць і непрыманьне спробаў свайго ўзьвялічваньня. Напрыклад, вядомы факт, калі Сталін крытыкаваў культ сваёй асобы.

У 1938 годзе у маскоўскім выдавецтве ЦК ВЛКСМ была падрыхтавана да друку кніга Веры Сьмірновай «Апавяданьні пра дзяцінства Сталіна» — звычайны для таго часу панэгірык правадыру, якіх тады зьяўляліся тысячы. Але таварыш Сталін, асабіста прачытаўшы рукапіс, рашуча выступіў супраць друку. Пра што напісаў у адмысловым лісьце ў выдавецтва:

«Кніжка мае шмат фактычных недакладнасьцяў, скажэньняў, перабольшаньняў, незаслужаных усхваленьняў. Аўтара ўвялі ў зман ахвотнікі да казак, брахуны (можа, „добрасумленныя“ брахуны), падхалімы. Шкада аўтара, але факт застаецца фактам. Але гэта не галоўнае. Галоўнае ў тым, што кніжка мае тэндэнцыю ўкараніць у сьвядомасьць савецкіх дзяцей (і людзей увогуле) культ асобаў, правадыроў, бязгрэшных герояў. Гэта небясьпечна, шкодна... Раю спаліць кніжку».

Вось такім сьціплым быў таварыш Сталін: зьвярнуў увагу на маленькую кнігу мала каму вядомай аўтаркі, якая на даручэньне выдавецтва працавала над ёй на працягу двух гадоў. Хоць у гэты ж час у тысячах савецкіх газэт, часопісаў, кінафільмаў, радыёпраграмаў пісалася, гаварылася і паказвалася прыблізна тое ж.

Бюст Сталіна ў Заслаўі пад Менскам, 2015
Бюст Сталіна ў Заслаўі пад Менскам, 2015

Найвышэйшы пілятаж царадворцаў — пачуць, разгледзець, чуйна ўлавіць, што папраўдзе азначаюць словы правадыра, дзе ў прамоўленым ім гучыць сапраўдны загад, а дзе — толькі какецтва і поза, празрысты намёк на тое, што насамрэч рабіць варта роўна процілеглае таму, што гаворыцца з высокай трыбуны на публіку. Зьвернем увагу: ішоў 1938 год. Сотні тысяч людзей кідалі ў ГУЛАГ, асуджалі на расстрэл ня тое што за датычнасьць да апанэнтаў рэжыму — нават за самы малы намёк на неляяльнасьць, за неасьцярожна сказанае слова, за данос суседа. А тут сам правадыр прама ўказвае, што аўтарка кнігі «лье ваду на млын эсэраў», што кнігу трэба «спаліць»... І чым гэта канчаецца для аўтаркі? Не ГУЛАГам і не апалай, а ордэнам, пасадамі і зусім спакойным і камфортным жыцьцём. Вера Сьмірнова пасьля гэтага стала лічыцца галоўным аўтарытэтам у пытаньнях савецкай дзіцячай літаратуры. Але аўтарытэт гэты быў своеасаблівы: Сьмірнову калегі па цэху проста баяліся.

Пятля на шыі таварыша Дзяржынскага

І ўсё ж — чаму менавіта на помнікі ў Лукашэнкі такая алергія? Многае тут, відаць, тлумачыцца асабістым досьведам. На ягоным вяку было шмат прыкладаў, калі рушыліся каменныя і бронзавыя статуі былых правадыроў і куміраў. Велічны 10-мэтровы бронзавы Сталін у цэнтры Менску прастаяў толькі 9 гадоў (з 1952-га па 1961-ы). Яго зрынулі з п’едэстала ў ноч на 3 лістапада 1961 года, зачапіўшы за шыю мэталічнымі тросамі. Статуя была ўмацавана трывала, на стагодзьдзі: спатрэбіліся танкавыя цягачы, каб даць ёй рады. Усяго падчас хрушчоўскага «сталінападу» ў канцы 50-х і на пачатку 60-х гадоў было зьнішчана дзясяткі тысяч скульптур колішняга «вялікага правадыра» і «бацькі народаў».

Помнік Фэліксу Дзяржынскаму ў Менску. Архіўнае фота
Помнік Фэліксу Дзяржынскаму ў Менску. Архіўнае фота

Маленькі Саша Лукашэнка ў той час, відаць, толькі пайшоў у школу. Наўрад ці ён на ўласныя вочы назіраў, як падалі сталінскія скульптуры ў Шклове, Воршы ці Магілёве. Хоць чуць размовы дарослых на гэтую тэму, напэўна ж, мог.

Увогуле, хрушчоўская прышчэпка ад «культу асобы» дзейнічала потым на савецкіх лідэраў доўга, фактычна аж да краху СССР. Праўда, «дарагі Леанід Ільіч» дазваляў сабе ў гэтым пытаньні некаторыя слабасьці, асабліва ў апошнія гады жыцьця. Маршальскі мундзір, пяць залатых геройскіх зорак, ордэн «Перамога», ягоныя шматлікія кнігі, абавязковыя для вывучэньня ва ўсіх навучальных установах і працоўных калектывах...

Леанід Брэжнеў, 1979
Леанід Брэжнеў, 1979

Брэжнеўская сьціплая спроба «культу асобы», вядома, была ў значнай ступені карыкатурнай. Але і зь ёй наступнікі абышліся жорстка. Ордэн «Перамога» ў маршала Брэжнева пасьмяротна адабралі, гораду Наберажныя Чалны вярнулі ранейшую расейскую назву, зь літаратурнай спадчыны і шматлікіх узнагарод і званьняў насьміхаліся... Тады, калі ўсё гэта адбывалася, Лукашэнка быў ужо ў сталым узросьце: служыў палітруком у войску, лектарам у таварыстве «Веды». І, безумоўна, арыентаваўся ў палітычных падзеях, што адбываліся ў краіне.

На працягу сваёй далейшай палітычнай біяграфіі, ужо як дэпутат Вярхоўнага Савету, а пазьней і прэзыдэнт, Лукашэнка ня раз меў магчымасьць назіраць падобнае — у тым ліку і ў дачыненьні да зрынутых дыктатараў, якіх ведаў асабіста. Ён ня мог ня бачыць, як зрыналі з п’едэстала, зачапіўшы тросам за шыю, статую Дзяржынскага ў Маскве на Лубянцы ў жніўні 1991-га; як разьбіваліся аб брук бронзавыя манумэнты некалі ўсеўладнага Садама Хусэйна ў 2003-м; як пагрозьліва і бездапаможна ляжала на ходніку бронзавая галава статуі Назарбаева ў горадзе Талдыкаргане ў студзені 2022-га...

14 тысяч помнікаў Туркмэнбашы

Пасьля краху СССР узьвядзеньне помнікаў «сабе любімаму» вялікага распаўсюду на постсавецкай прасторы не атрымала. Праўда, было адно выключэньне: Туркмэністан. Прыжыцьцёвых помнікаў і бюстаў Сапармурату Ніязаву ў краіне было пастаўлена, паводле прыблізных падлікаў, 14 тысяч. Асабліва вылучаліся два манумэнты ў Ашгабаце — 14-мэтровы залаты помнік самому Туркмэнбашы і Арка нэўтралітэту з залатой статуяй таго ж Туркмэнбашы, якая паварочвалася ўсьлед за сонцам.

Пры гэтым, што адметна, прапаганда ў Туркмэністане таксама распаўсюджвала міты пра надзвычайную сьціпласьць Туркмэнбашы і ягонае непрыняцьце «культу асобы».

Сапармурат Ніязаў, 1989
Сапармурат Ніязаў, 1989

Напрыклад, у 2002 годзе ў туркмэнскай арміі было ўведзена новае найвышэйшае вайсковае званьне, маршала. Тут жа зьявілася прапанова, каб першым маршалам стаў Сапармурат Ніязаў. Але Туркмэнбашы публічна адмовіўся ад маршальскага жазла і, як паведаміў туркмэнскі друк, «выступіў з рэзкай крытыкай сваіх падначаленых, якія былі аўтарамі гэтай ініцыятывы». Так і застаўся сьціплым генэралам арміі. (Што адметна: генэрал Ніязаў раней у войску ўвогуле ніколі не служыў).

Ці яшчэ адзін факт, які сьведчыць пра надзвычайную сьціпласьць Сапармурада Ніязава. Паводле савецкай традыцыі, найвышэйшай узнагародай у краіне зьяўляецца Залатая зорка «Героя Туркмэністана». Такіх зорак у Ніязава было пяць. Такім чынам, Туркмэнбашы быў пяціразовым героем (як Брэжнеў). А вось калі падначаленыя выдалі чарговы ўказ — пра шостую зорку Героя — Ніязаў ад узнагароды катэгарычна адмовіўся (паводле ягоных словаў, «зь меркаваньняў сьціпласьці»).

Ускладаньне кветак да помніка Ніязаву
Ускладаньне кветак да помніка Ніязаву

Што адметна, Ніязаў задоўга да сваёй сьмерці даволі дакладна прадбачыў, што адбудзецца з усімі шматлікімі помнікамі ды іншымі атрыбутамі «культу асобы» пасьля ягонага адыходу. У Нью-Ёрку ў красавіку 1998 года падчас сустрэчы з кіраўнікамі габрэйскіх арганізацый ЗША ён сказаў: «Я ведаю, помнікі пасьля маёй сьмерці разбураць, а грошы разарвуць, але пакуль гэтыя сымбалі патрэбны майму народу, каб яму было чым ганарыцца...».

Туркмкэнбашы як у ваду глядзеў. Ужо празь некалькі месяцаў пасьля ягонай сьмерці ў 2006 годзе шматлікія помнікі і бюсты пачалі зьнікаць з вуліц туркмэнскіх гарадоў і вёсак. У 2008 годзе новы туркмэнскі валадар Гурбангулы Бердымухамедаў распарадзіўся перанесьці Арку нэўтралітэту з залатой статуяй Туркмэнбашы з цэнтру сталіцы на ўскраіну. У 2009-м правялі дэнамінацыю туркмэнскага маната: на новых грашовых купюрах партрэт Туркмэнбашы прыбралі. А ў 2015 годзе, па шматлікіх просьбах і зваротах грамадзянаў, у цэнтры Ашгабата зьявілася новая залатая конная статуя самога Гурбангулы Бердымухамедава. Апошні сьціпла зазначыў, што ня мог не пайсьці насустрач просьбам людзей, бо «жаданьні і памкненьні народу — гэта сьвятое».

Месца, дзе стаяла статуя Сталіна

Зрынаньне бронзавых і каменных статуй — найбольш відовішчная і сымбалічная зьява, яркі знак канца дыктатуры і пачатку новай эпохі. Гэта як разбурэньне Бастыліі ці ўсталяваньне гільятыны на плошчы Згоды ў Парыжы ў канцы XVIII стагодзьдзя. Дарэчы, той плошчы, якая да рэвалюцыі насіла імя караля Людовіка XV, у цэнтры якой стаяла конная статуя караля. І гэта надзвычай сымбалічны, знакавы момант: тое, як вяроўку накідваюць на шыю ўчорашняму ўсёмагутнаму тырану — і статуя, якая здавалася вечнай, падае пад ногі ахопленаму эўфарыяй натоўпу. У рэвалюцыйнай Францыі XVIII стагодзьдзя пайшлі яшчэ далей: менавіта побач з пастамэнтам зрынутага помніка караля была ўстаноўлена на эшафоце гільятына, на якой у 1793 годзе адсеклі галовы Людовіку XVI і ягонай жонцы Марыі-Антуанэце.

Помнік Сталіну ў цэнтры Менска
Помнік Сталіну ў цэнтры Менска

Месца на Кастрычніцкай (былой Цэнтральнай) плошчы Менску, зь якога калісьці бронзавы Сталін з гаспадарскім выглядам пазіраў на будынак Адміністрацыі прэзыдэнта (раней — ЦК КПБ), дагэтуль застаецца вакантным. За мінулыя дзесяцігодзьдзі якіх толькі прапаноў ні гучала наконт гістарычнай постаці, якая вартая манумэнту ў гэтым сымбалічным месцы: называліся прозьвішчы і Скарыны, і Машэрава, і Жукава... Але нікому зь іх на гэтай плошчы паставіць помнік Лукашэнка не дазволіў. Адметна, што менавіта Кастрычніцкую плошчу найперш маюць на ўвазе тыя адданыя паплечнікі і энтузіясты Лукашэнкі, якія дамагаюцца помніка свайму куміру. І рана ці позна нейкі помнік там, хутчэй за ўсё, зьявіцца. Пытаньне, каму. І як доўга ён прастаіць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG