Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у 1992: марнаваньне часу ці апошні шанец


Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў за рэфэрэндум, 16 красавіка 1992. Фота Ўладзімера Спапагова
Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў за рэфэрэндум, 16 красавіка 1992. Фота Ўладзімера Спапагова

«Дзевяностыя forever» — новы відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні — 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.

У 1992 годзе БНФ сабраў больш як 440 тысяч подпісаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах па новым дэмакратычным законе. Аднак Вярхоўны Савет адмовіўся прызначаць рэфэрэндум.

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Дракахруст: Ідэя датэрміновых выбараў была лягічнай: новая дзяржава — новая ўлада. Але пытаньне пра рэфэрэндум было палітычным. Выглядае, што ў БНФ не было «пляну Б», у тым выпадку, калі Вярхоўны Савет адмаўляецца такі рэфэрэндум прызначаць.

На сэсіі ў жніўні 1991-га, калі прымалі незалежнасьць, і Пазьняк вёў даволі хітрую палітычную гульню, знайшоўшы спосаб апэляваць і да інтарэсаў намэнклятуры (ён прыпужаў яе Ельцыным). У 1992-м апэляцыі да ўласных інтарэсаў намэнклятуры не было. Так, беларусы паставілі подпісы, і гэта быў выдатны, выбітны вынік, гэта была дэманстрацыя моцы БНФ у параўнаньні з сёньняшнім днём, калі зьбіраюць па некалькі тысячаў. У 2017 сабралі 60 тысяч подпісаў наконт дэкрэту аб «дармаедах, і гэта лічыцца рэкордам, а ў 1992 — БНФ сабраў 440 тысяч. Але ўзьняць народ на паўстаньне (не на галасаваньне, а на паўстаньне) — ня факт, што такія сілы ў БНФ былі нават у жніўні 91-га. Але ў 1991-м БНФ і Пазьняк гулялі з намэнклятурным бэтонам, раскалвалі яго.

У 1992-м не было вуліцы, не атрымалася справакаваць раскол ў эліце (паміж Шушкевічам, Булахавым і гэтак далей).

А што тычыцца вынікаў магчымых выбараў, дык яны былі б нечаканымі. Маглі перамагчы і камуністы, бо калі мы паглядзі на суседзяў — гэта быў «левы марш» (напрыклад, перамога Бразаўскаса, падзеі на выбарах у Расеі ў 1993-м).

Навумчык: Лідэры БНФ разьлічвалі на падтрымку насельніцтва. Магчыма, БНФ і не набраў бы на новых выбарах большасьці, але, перакананы, істотна павялічыў бы сваю прысутнасьць у парлямэнце, абраліся б і дэпутаты зь іншых дэмакратычных партый.

Згуляць на інтарэсах наменклятуры ў 92-м у Пазьняка не было магчымасьці. Іх інтарэсы не супадалі з інтарэсамі дэмакратыі. Іх інтарэс быў - уласныя фірмы, уласныя крэслы. Хаця цяпер я думаю, што, магчыма, варта было прапанаваць, каб кожны былы дэпутат, які не патрапіць ў новы парлямэнт на датэрміновых выбарах, пажыцьцёва атрымліваў падвойную зарпляту міністра. Тады б яны за рэфэрэндум можа і прагаласавалі. І ў гэтым выпадку выдаткі былі б меншыя, чым тыя, якія Беларусь атрымала ў выніку таго, што ўлада не зьмянілася. Але наўрад ці намэнклятурныя дэпутаты паверылі б нам, ды такую прапанову, калі б яе выказаў Пазьняк, не зразумелі б і прыхільнікі БНФ.

Ініцыятыва рэфэрэндуму была вылучана ў канцы 1991-га, калі палітычная актыўнасьць людзей была высокай. У ЦКВ было здадзена больш як 442 тысячы подпісаў (закон патрабаваў 350 тысячаў). Вярхоўнаму Савету толькі заставалася прызначыць дату рэфэрэндуму, аднак старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч не зьбіраў сэсію. Дэпутаты прыступілі да разгляду пытаньня толькі ў кастрычніку 1992-га. У выніку, Вярхоўны Савет адмовіўся прызначаць рэфэрэндум, «за» прагаласавалі толькі дэпутаты Апазыцыі БНФ. Фронт заклікаў людзей на плошчу, але выйшла толькі некалькі тысяч. Настроі грамадзтва зьмяніліся: паглыбіўся эканамічны крызіс, людзі былі занятыя ўласным дабрабытам, палітыка адсунулася на задні плян. Людзей можна зразумець, але расплаціліся яны за гэты выбар стратай шанцу на дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG