Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КПСС зьнішчылі, КДБ не змаглі. Што не ўдалося зрабіць у 1991 годзе


Будынак КДБ у Менску, ілюстрацыйнае фота
Будынак КДБ у Менску, ілюстрацыйнае фота

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону і прыпыніў дзейнасьць КПБ-КПСС.

Гэта былі рашэньні па-сапраўднаму гістарычныя. Але сёньня, больш як праз тры дзесяцігодзьдзі, усё часьцей гучыць пытаньне: а ці ўсё магчымае было зроблена? І калі ня ўсё, дык хто ў гэтым вінаваты?

Папраўдзе, гісторыкі лічаць разважаньні «Што было б, калі б?..» ненавуковымі і дылетанцкімі. Аднак, тычыцца гэта напалеонаўскіх войнаў, ці падзеяў 1917 году ў Расейскай імпэрыі, ці бліжэйшых да нас, сьведкамі якіх нам самім давялося быць, — размовы пра магчымыя варыянты разьвіцьця тых ці іншых падзеяў не сьціхаюць.

І кожны раз, калі прыгадваецца жнівень 1991-га, хтосьці абавязкова ўзгадае, што тое ці іншае можна было зрабіць інакш, той ці іншы палітык мог дзейнічаць па-іншаму, нешта было зьдзейсьнена своечасова, а нешта — ня зьдзейсьнена зусім.

Такія развагі маюць сэнс і могуць прынесьці карысьць (нягледзячы на вядомую думку, што гісторыя нікога нічому ня вучыць). Адзінае, што павінна быць, як падаецца, абавязковым — прынцып сувымернасьці жаданага і рэальнага. Іншымі словамі, варта разьмяжоўваць тэзісы: маглі зрабіць, але не зрабілі — гэта адно, а трэба было зрабіць, ды не было рэальных магчымасьцяў — зусім іншае.

Скажам, калі ўзгадаць той жа жнівень 1991-га, у сёньняшняй дэмакратычнай частцы беларускага грамадзтва існуе кансэнсус, што адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці і прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС павінна была адбыцца люстрацыя — як у некаторых краінах Усходняй Эўропы.

Аднак наўрад ці слушна вылучаць прэтэнзіі за яе адсутнасьць дэмакратычным дэпутатам: у Вярхоўным Савеце яны складалі нязначную частку дэпутацкага корпусу. Большасьць жа фармавалася ня проста з асобаў з партбілетамі, але з тых, хто гадамі займаў пасады ў партыйным апараце ці ўваходзіў у кіроўныя партыйныя органы — райкамы, гаркамы, абкамы, нарэшце, ЦК КПБ. Яны яшчэ маглі прагаласаваць за незалежнасьць і прыпыненьне дзейнасьці партыі, каб утрымацца ў дэпутацкіх крэслах, але галасаваць за пазбаўленьне саміх сябе сродкаў да існаваньня — гэта ўжо было цалкам нерэальна.

Такое не адбылося ні ва Ўкраіне, дзе пазыцыі РУХу былі значна мацнейшыя, чым тыя, што меў БНФ у Беларусі, ні ў Расеі, дзе прэзыдэнтам ужо быў Ельцын, які адкрыта дэкляраваў антыкамуністычныя лёзунгі.

Дзеля таго каб гэта адбылося, на плошчы перад Домам ураду павінны былі зьбірацца не дзясяткі тысяч чалавек, а сотні тысяч. Альбо яшчэ раней, вясной 90-га, на выбарах Вярхоўнага Савету і мясцовых органаў улады беларусы павінны былі больш актыўна і больш рашуча абараняць дэмакратычных кандыдатаў і сваё права на выбар. Тады б расклад у парлямэнце, магчыма, быў бы на карысьць рашучых дэмакратычных рэформаў.

Ад палітычных дзеячоў, бясспрэчна, залежыць шмат, але ня ўсё. У пэўныя моманты, якія потым фіксуюцца гісторыкамі як «вызначальныя», сваё слова мусіць казаць і грамадзтва. А выказваецца яно звычайна адпаведна з узроўнем сваёй нацыянальнай сьвядомасьці і палітычнай культуры.

Структура, адданая «слаўным традыцыям»

Пасьля прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС у жніўні 1991-га камуністычная партыя ў тым выглядзе, у якім яна існавала дзесяцігодзьдзі, не аднавілася ніколі. Ужо праз пару гадоў пры спрыяньні атачэньня прэм’ера Вячаслава Кебіча зарэгістравалі новую кампартыю: яна нават выставіла свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. З прыходам да ўлады Лукашэнкі яе прадстаўнікі займалі і дагэтуль займаюць кіроўныя пасады (у тым ліку і ў органе, які афіцыйна завецца парлямэнтам) — але кампартыя і блізка ня мае таго ўплыву, які мела да 1991 году.

Шмат што зьмянілася за апошнія тры дзесяцігодзьдзі. Некаторыя дзяржаўныя ўстановы зьніклі, тыя, што засталіся, перажылі кардынальныя зьмены — і адносна сваіх функцый, і адносна структуры. За выключэньнем адной — КДБ.

Нягледзячы на дэкляратыўныя заявы кіраўнікоў КДБ пра ўспрыманьне дэмакратычных пераменаў на пачатку 90-х, ведамства рэформы не закранулі. КДБ захоўвала пераемнасьць ад ВЧК-НКВД і ў часы, калі яе супрацоўнікі лічылі за лепшае пра гэта не нагадваць.

Да нядаўняга часу найбольш красамоўным пацьверджаньнем гэтай пераемнасьці была адмова КДБ рассакрэціць свае архівы — прычым нават і тыя, якія тычацца спраў амаль 100-гадовай даўнасьці.

На пачатку 90-х, у гады нацыянальнага адраджэньня і дэмакратызацыі грамадзтва, тагачасны старшыня КДБ Беларусі генэрал Эдуард Шыркоўскі цырыманіяльна, пад фатакамэры, з асьвятленьнем у дзяржаўнай прэсе перадаў Саюзу пісьменьнікаў і музэям копіі спраў рэпрэсаваных у 1930-я гады літаратараў. Але насамрэч тое была мізэрная частка дакумэнтаў з асабістых спраў.

Увогуле, цалкам справы рэпрэсаваных ніхто, акрамя супрацоўнікаў КДБ, ня бачыў, яны ніколі не былі рассакрэчаныя. Іх не паказвалі цалкам нават той зусім невялікай колькасьці дасьледчыкаў, якіх на вельмі кароткі час дапусьцілі былі да працы з архіўнымі матэрыяламі. У надзвычай рэдкіх выпадках фрагмэнты дазвалялі паглядзець родным рэпрэсаваных. Так, дэпутату Вярхоўнага Савету Сяргею Антончыку паказалі справу (але ня цалкам) ягонага бацькі, які правёў 17 гадоў у ГУЛАГу.

Пры гэтым КДБ спасылалася на нежаданьне абнародаваць мэтады апэратыўнай дзейнасьці і імкненьне прадухіліць распальваньне варажнечы паміж нашчадкамі ахвяраў і тых, хто пісаў даносы на іх продкаў альбо рэпрэсаваў. Пры тым, што практыка рассакрэчваньня архіваў «Штазі» ў Нямеччыне не прывяла да падобных наступстваў; ва ўсякім разе, яны ня мелі колькі-небудзь масавага характару.

Найхутчэй, прычына была іншая: у КДБ разумелі, што абнародаваньне хаця б аднаго прозьвішча даносчыка ці агента можа абрынуць усю сыстэму агентуры. Людзі адмаўляліся б ад супрацоўніцтва, разумеючы, што ім не гарантаванае захаваньне таямніцы.

Замест адстаўкі — зоркі на пагоны

Сёньня «пераемнасьць слаўных чэкісцкіх традыцый» навідавоку. Супрацоўнікі КДБ не хаваюць удзелу ў рэпрэсіях супраць беларусаў за іх палітычныя погляды і нават афішуюць гэта. Расповеды тых, каму давялося прайсьці праз допыты ды ціск супрацоўнікаў КДБ, не пакідаюць ніякіх сумневаў: мэтады НКВД, афіцыйна асуджаныя яшчэ ў часы Хрушчова на ХХ і ХХII зьездах, спалучаюцца з дасягненьнямі тэхнічнага прагрэсу.

У кожнай прававой дзяржаве спроба ўмяшаньня ў палітычны працэс, роўна як сачэньне за партыйнымі актывістамі (ня кажучы ўжо пра іх перасьлед), скончылася б як мінімум тлумачэньнем кіраўніка спэцслужбы перад парлямэнтам, а як максымум — ягонай адстаўкай і крымінальнай справай. Але ў Беларусі за такое атрымліваюць ордэны і новыя зоркі на пагоны.

У Беларусі пра парлямэнцкі кантроль над дзейнасьцю спэцслужбаў не выпадае гаварыць, бо парлямэнту як такога няма. Зрэшты, і ў часы дзейнасьці Вярхоўных Саветаў 12 і 13 скліканьня КДБ удавалася гэтага пазьбегнуць — чэкістаў ніхто не кантраляваў, іх пакінулі саміх на сябе.

Сёньня супрацоўнікі КДБ РБ (як і іх калегі з ФСБ РФ) адкрыта выказваюць жаль пра распад СССР, не хаваюць настальгіі па імпэрыі, падтрымліваюць Пуціна ў ягонай вайне супраць Украіны.

Ёсьць дастаткова сьведчаньняў, што менавіта на матэрыялах, атрыманых з КДБ РБ, будуюць свае сюжэты лукашэнкаўскія прапагандысты, калі спрабуюць дыскрэдытаваць дэмакратыю краінаў Захаду, NATO, беларускія апазыцыйныя сілы. Пачалося гэта зь першых месяцаў кіраваньня Лукашэнкі: генэралы КДБ не хавалі, што менавіта іх ведамства перадала Азаронку-старэйшаму відэаматэрыялы для ягонага фільму «Нянавісьць. Дзеці хлусьні», паказанага перад рэфэрэндумам вясной 1995 году.

Не было нават спробы

Ці была магчымасьць ліквідаваць КДБ у 1991 годзе, як гэта зрабілі са «Штазі» ў Нямеччыне ці з STB у былой Чэхаславаччыне?

Калі дэталёва вывучаеш храналёгію жніўня-верасьня 1991-га, дык пераконваесься: так, была. Але толькі вельмі кароткі час, і скарыстаць гэтую магчымасьць мог толькі адзін чалавек. І не ў Беларусі.

Тут важна заўважыць, што ў жніўні 1991-га КДБ, як і КПСС, быў адзінай «саюзнай» структурай. І што ўказ Ельцына аб спыненьні дзейнасьці КПСС папярэднічаў рашэньню Вярхоўнага Савету БССР аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС.

Аднак трэба прызнаць, што ў Беларусі ў той час не было сілаў, здольных ліквідаваць КДБ. Шушкевіч ня меў на гэта паўнамоцтваў. У Маскве такая сіла — дакладней, фігура — была: Ельцын.

Расейская публіцыстка і аўтар кніг пра савецкія спэцслужбы Яўгенія Альбац неяк сказала, што ў жніўня 91-га Барысу Ельцыну было дастаткова адчыніць дзьверы Лубянкі і сказаць чэкістам: «Вы папрацавалі — і хопіць. Дзякуй. Разыходзьцеся!» — і на дзейнасьці КДБ быў бы пастаўлены крыж. Замест гэтага натоўп зьнёс помнік Дзяржынскаму, а структура засталася некранутай, толькі зьмяніла назву (у Беларусі, нагадаем, і назва засталася ранейшаю).

Вядома, у такіх словах публіцысткі можна ўгледзець пэўнае спрошчваньне. Але той, хто памятае атмасфэру пасьля паразы путчу ў жніўні-верасьні 1991-га, пацьвердзіць: Ельцын зь ягоным іміджам пераможцы над путчыстамі ў тыя дні мог зрабіць усё, што пажадаў бы, пры поўнай падтрымцы абсалютнай большасьці насельніцтва Расеі. І Леніна з маўзалею маглі вынесьці, і з КДБ скончыць. Спыніў жа ён адным сваім указам дзейнасьць КПСС зь ягонымі ЦК і абкамамі — падпісаўшы гэты ўказ проста пад носам генсека Гарбачова, і ніхто нічога ня здолеў зрабіць. Тое ж самае магло б быць і з КДБ.

Празь некалькі месяцаў Ельцын ужо такой магчымасьці ня меў — радыкальныя рынкавыя рэформы прывялі да рэзкага росту цэнаў, рэйтынг Ельцына пачаў падаць. Дый чэкісты адышлі ад пасьляпутчавага шоку.

Вядома, аднаго такога ўказу было б недастаткова, за ім мусіў ісьці комплекс дзеяньняў, зьвязаных з адкрыцьцём архіваў, пакараньнем яшчэ жывых удзельнікаў рэпрэсій і г.д.

Цалкам магчыма, што зь цягам часу новая спэцслужба, утвораная на месцы чэкісцкага монстра, занялася б тым самым, чым дзесяцігодзьдзямі займаўся КДБ (што ўрэшце і адбылося і ў Беларусі, і ў Расеі). А магчыма, што і не, і супрацоўнікам спэцслужбаў не ўдалося б зрабіць тое, што яны зрабілі ў 1999-м: прывесьці ў Крэмль афіцэра КДБ.

Фактам застаецца, што нават спробы такой зроблена не было ўвогуле. Як казаў расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў: уявіце, што Трэці рэйх разгромлены, але Гестапа працягвае дзейнічаць.

Застаецца спадзявацца на будучыню і прыгадваць, што Гісторыя, здараецца, часам нечаму і вучыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG