3 траўня ў 23.35 у Менску памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Гэта пацьвердзіла @euroradio яго жонка Ірына.
Палітыку было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.
Свабода прыгадвае жыцьцёвы шлях асобы і палітыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава ШушкевічаСтаніслаў Шушкевіч на Свабодзе: цытаты і інтэрвіюЧатыры гады свабоды і дваццаць восем гадоў дыктатуры«На жаль, Шушкевіч не дачакаўся свабоды для Беларусі», — Вітаўтас Ландсбергіс Старэнькі шалік Шушкевіча«Я нэгатыўна ставіўся да палітыкі Шушкевіча, але прызнаваў ягоныя станоўчыя якасьці», — Зянон ПазьнякІвонка Сурвіла: Беларусь страціла вялікага і добрага чалавекаАляксандар Дабравольскі: Мы пачулі прамову Шушкевіча і адразу вырашылі ўступіць у ягоную камандуЯ спачуваю беларускаму народу, што з жыцьця пайшоў выбітны дзеяч, — былы прэм’ер Украіны ФокінЦана «дыяманту»: памяці Станіслава Шушкевіча«Шушкевіч станецца героем маіх кніг», — Уладзімер Арлоў«Шушкевіч быў закладнікам прававых мэханізмаў і веры ў дзяржаўныя інстытуцыі, пераступіць якія ён проста ня мог»Бацькі казалі: «Аддамо дзяцей у беларускамоўныя клясы, бо кіраўнік дзяржавы Шушкевіч гаворыць па-беларуску», — МілінкевічСтаніслаў Шушкевіч: выбраныя цытаты. ВідэаСтаніслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 сьнежня 1934 году ў Менску ў сям’і настаўнікаў. Ягоная маці — пісьменьніца Гэлена Раманоўская. Бацька — паэт Станіслаў Шушкевіч, які ў 1937-м быў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў лягераў. У 1949 годзе быў асуджаны паўторна. Рэабілітаваны ў 1954-м, цалкам рэабілітаваны толькі ў 1975-м.
У часе Другой усясьветнай вайны Станіслаў Шушкевіч разам з маці і бабкай жылі ў акупаваным нацыстамі Менску, у іхным доме хаваўся габрэйскі хлопчык (за неданясеньне пагражала сьмерць).
Пасьля заканчэньня школы са срэбным мэдалём у 1951 годзе паступіў вучыцца на фізыка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, скончыў яго ў 1956 годзе. Вучыўся ў асьпірантуры Інстытуту фізыкі АН БССР, меў распрацоўкі ў галіне радыёэлектронікі.
У 1960–1961 працаваў у канструктарскім бюро менскага радыёзаводу. Вучыў расейскай мове амэрыканскага грамадзяніна Лі Гарві Освальда, які пасьля вяртаньня ў ЗША забіў прэзыдэнта Джона Кенэдзі.
У 1963–1990 гадах працаваў у Менскім радыётэхнічным інстытуце і Белдзяржунівэрсытэце, быў прарэктарам гэтых вышэйшых навучальных устаноў. За навуковыя дасьледаваньні атрымаў прэмію Савету Міністраў СССР, а за падрыхтоўку падручніка — Дзяржаўную прэмію БССР. Меў званьне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, ступень доктара фізыка-матэматычных навук. Быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Вясной 1989 году пры падтрымцы Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» быў абраны народным дэпутатам СССР. На Першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990-га, разам зь некаторымі іншымі беларускімі дэпутатамі — Алесем Адамовічам, Васілём Быкавым, Аляксандрам Дабравольскім, Віктарам Карняенкам, Юрыем Варонежцавым — увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы (МДГ), якую ўзначальвалі Барыс Ельцын і Андрэй Сахараў. Па сутнасьці, МДГ была першай адкрытай палітычнай апазыцыяй у СССР за дзесяцігодзьдзі пасьля ўсталяваньня сталінскай дыктатуры.
У сакавіку 1990-га ў першым туры быў абраны народным дэпутатам БССР. У траўні 1990-га, на першай сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, балятаваўся на пасаду старшыні ВС, аднак па колькасьці галасоў саступіў Мікалаю Дземянцею. Быў абраны першым намесьнікам старшыні ВС.
19 жніўня 1991 году быў адным зь пяці членаў Прэзыдыюму ВС БССР, якія выступілі супраць арганізаванага КДБ і падтрыманага шэрагам кіраўнікоў СССР праімпэрскага путчу ў Маскве. Далучыў свой подпіс да патрабаваньня дэпутатаў Апазыцыі БНФ аб скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Путч. Супраціў. Частка IНа сэсіі, якая распачалася 24 жніўня 1991, спачатку не падтрымаў ідэі надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону, бо, як тлумачыў пазьней, лічыў гэта нерэальным. Аднак 25 жніўня, пасьля адстаўкі з пасады старшыні Дземянцея, калі сам мусіў весьці паседжаньне, паспрыяў прыняцьцю станоўчага рашэньня. У 20 гадзінаў 14 хвілін у прамой трансьляцыі павіншаваў дэпутатаў і жыхароў Беларусі з абвяшчэньнем незалежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень сёмы: дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК, спыняюць дзейнасьць КПБ, Беларусь робіцца незалежнай18 верасьня 1991 году быў абраны старшынём Вярхоўнага Савету БССР, на наступны дзень парлямэнт пад ягоным старшынствам надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў і прыняў новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі8 сьнежня 1991-га ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі ў Белавескай пушчы, разам з прэзыдэнтам РСФСР Барысам Ельцыным, прэзыдэнтам Украіны Леанідам Краўчуком, старшынём Савету Міністраў Беларусі Вячаславам Кебічам, дзяржсакратаром Расеі Генадзем Бурбулісам і старшынём ураду Ўкраіны Вітольдам Фокіным паставіў подпіс пад пагадненьнямі, якія фіксавалі спыненьне існаваньня СССР і ўтварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаў.
Станіслаў Шушкевіч ня меў статусу кіраўніка дзяржавы, паводле Канстытуцыі ён лічыўся вышэйшай службовай асобай, правы якой, аднак, не былі вызначаныя. У паўнаце рэальнай улады ён саступаў старшыні Савету Міністраў Вячаславу Кебічу, які зь цягам часу акумуляваў вакол сабе людзей з пракамуністычным, а часта і праімпэрскім мысьленьнем.
На пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу даводзілася займаць кампрамісную пазыцыю паміж дэпутатамі Апазыцыі БНФ, якія настойвалі на ажыцьцяўленьні эканамічных рэформаў і максымальна самастойнай ды незалежнай ад Масквы дзяржаўнай палітыцы, і пракамуністычнай большасьцю Вярхоўнага Савету, якая не ўспрыняла дэмакратычныя зьмены і спадзявалася на падтрымку Расеі. Такая пазыцыя часта выклікала крытыку з абодвух бакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шушкевіч: Пазьняк зрабіў на мой лёс вялікі ўплыў, а пасьля пачалася другая гісторыяПры гэтым, паводле ацэнак сацыёлягаў, Шушкевіч пэўны час меў найбольшы рэйтынг з усіх беларускіх палітыкаў, на піку папулярнасьці ў студзені 1992-га — 52%.
У 1992 годзе Шушкевіч не падтрымаў ініцыятыву БНФ, які сабраў больш як 440 тысяч подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Гэта выклікала рэзка адмоўную рэакцыю прыхільнікаў Народнага Фронту, якія лічылі, што Беларусь страчвае шанцы на дэмакратычнае рэфармаваньне.
Тым ня менш Шушкевіч і дэпутаты БНФ знаходзілі паразуменьне ў справе стварэньня заканадаўчых падмуркаў беларускай дзяржаўнасьці, а галоўнае — ім удалося пераканаць у неабходнасьці гэтага парлямэнцкую большасьць. Менавіта ў 1992–93 былі створаны беларускае войска, памежная і мытная служба, закладзеныя асновы ўласнай фінансавай сыстэмы.
У тыя гады Беларусь умацоўвала свой імідж у сьвеце як дзяржава, якая, нягледзячы на складанасьці і супярэчнасьці ва ўнутранай палітыцы, выбрала эўрапейскі кірунак разьвіцьця. Станіслаў Шушкевіч успрымаўся ў сьвеце дэмакратычным лідэрам — у шэрагу з такімі лідэрамі, як Вітаўтас Ландсбергіс у Літве, Лех Валэнса ў Польшчы, Вацлаў Гавэл у Чэхіі, Жэлю Жэлеў у Баўгарыі. Немалое значэньне мела тое, што ён быў прыхільнікам нэўтралітэту Беларусі і вываду з тэрыторыі краіны ядзернай зброі, і ў гэтым меў падтрымку Вярхоўнага Савету. Беларусь была першай краінай, якая добраахвотна і без усялякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі. «У беларускага нэўтралітэту — твар Шушкевіча», — быў загаловак у адной з газэтаў.
У 1993 годзе Шушкевіч выступіў супраць ініцыяванага атачэньнем Кебіча далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД (АДКБ), якая фактычна кантралявалася Масквой. Калі з ініцыятывы дэпутата Лукашэнкі пытаньне аб АДКБ было ўнесенае ў парадак дня сэсіі, Шушкевіч заявіў, што не падпіша пагадненьня. Пасьля гэтага ў канцы ліпеня 1993 году лідэры дэпутацкай групы «Беларусь», якія падтрымлівалі Кебіча, ініцыявалі адстаўку Шушкевіча. Было праведзена галасаваньне, аднак Апазыцыя БНФ і дэпутаты Дэмклюбу яго блякавалі і патрэбнай для адстаўкі колькасьці галасоў не набралася. Тым ня менш у апошні дзень 1993 году пад націскам парлямэнцкай большасьці Шушкевіч падпісаў пагадненьне аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да АДКБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993: Намэнклятура патрабуе адстаўкі Шушкевіча, Апазыцыя БНФ яго абараняеУ кастрычніку 1993 году, падчас драматычнага, са стралянінай на вуліцах Масквы і чалавечымі ахвярамі, супрацьстаяньня прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына з пракамуністычным Вярхоўным Саветам, Шушкевіч падтрымаў Ельцына.
Аднак расейскі лідэр, насуперак чаканьням палітычных аглядальнікаў, не адказаў Шушкевічу ўзаемнасьцю ў крытычны для апошняга момант, хоць, як меркавала ягонае тагачаснае атачэньне, мог гэта зрабіць адным тэлефонным званком Кебічу.
Увосень 1993 году Вячаслаў Кебіч пачаў фарсаваць увядзеньне пасады прэзыдэнта, якую меўся сам і заняць. Станіслаў Шушкевіч быў перашкодай на гэтым шляху. Адразу пасьля візыту ў Беларусь прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, што было ўспрынята як міжнародны трыюмф Шушкевіча, падкантрольная Кебічу парлямэнцкая большасьць прыступіла да адкліканьня Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савету.
Фармальным ініцыятарам адстаўкі выступіў дэпутат Лукашэнка. Насуперак распаўсюджанай і па сёньня думцы, аргумэнтам у прамове Лукашэнкі на закрытым паседжаньні парлямэнту была зусім ня «скрыня цьвікоў», за якія Шушкевіч нібыта не заплаціў пры рамонце ўласнай дачы (адмысловая камісія не знайшла ніякіх фінансавых парушэньняў, Шушкевіч аплаціў будматэрыялы да апошняга рубля).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993: Антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі пісалі людзі КебічаЛукашэнка абурыўся тым, што Шушкевіч «не ўратаваў» двух афіцэраў расейскай выведкі, якія ў якасьці беларускіх дыпляматаў працавалі ў прадстаўніцтве Беларусі пры ААН, былі выкрытыя ЦРУ і высланыя з ЗША. Лукашэнка быў перакананы, што Шушкевіч мусіў паставіць пытаньне абароны афіцэраў расейскай выведкі перад прэзыдэнтам Клінтанам, і запатрабаваў ягонай адстаўкі.
У адрозьненьне ад мінулага разу, калі Апазыцыі БНФ і Дэмклюбу ўдалося заблякаваць галасаваньне, гэтым разам за адстаўку Шушкевіча выступілі некаторыя дэмакратычныя дэпутаты, і галасоў дэпутатаў БНФ для блякаваньня не хапіла. 26 студзеня 1994 году Станіслаў Шушкевіч быў адкліканы з пасады старшыні Вярхоўнага Савету.
Тым ня менш, застаючыся дэпутатам парлямэнту, Шушкевіч не пакінуў палітыкі. Пасьля прыняцьця ў сакавіку 1994 году Канстытуцыі, якая прадугледжвала пасаду прэзыдэнта, ён заявіў пра намер удзельнічаць у першых прэзыдэнцкіх выбарах. На прэзыдэнта яго вылучыла сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», падтрымала яго і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Ініцыятыўную групу па зборы подпісаў узначаліў Алег Трусаў; было сабрана больш як 123 тысячы подпісаў (для рэгістрацыі патрабавалася 100 тысяч).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна было ў 1994 пазьбегнуць увядзеньня прэзыдэнцтваУ камандзе Шушкевіча ў часе перадвыбарчай кампаніі былі, сярод іншых, старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч і былы міністар МУС генэрал Уладзімер Ягораў. У першым туры выбараў, які адбыўся 23 чэрвеня, Шушкевіч, паводле ЦВК, набраў 9,91% галасоў і заняў чацьвёртае месца пасьля Аляксандра Лукашэнкі, Вячаслава Кебіча і Зянона Пазьняка. У другім туры выбараў перамогу атрымаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-94: Другі тур можна было сарвацьШушкевіч заняў выразна крытычную пазыцыю да Лукашэнкі зь першых дзён ягонага прэзыдэнцтва, рэгулярна крытыкаваў яго за непрафэсіяналізм і адсутнасьць дзяржаўнага мысьленьня.
Выбраны ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, Станіслаў Шушкевіч быў сярод тых дэпутатаў, якія ўвосень 1996 году паставілі свой подпіс за імпічмэнт Лукашэнку на падставе сыстэматычнага парушэньня ім Канстытуцыі і законаў. Як вядома, у выніку падпісаньня — пры ўдзеле кіраўнікоў Расеі — пагадненьня паміж старшынём ВС Сямёнам Шарэцкім, старшынём Канстытуцыйнага Суду Валерам Ціхінем і Аляксандрам Лукашэнкам разгляд пытаньня аб імпічмэнце ў Канстытуцыйным Судзе не адбыўся, а пасьля прызначанага Лукашэнкам рэфэрэндуму Вярхоўны Савет быў распушчаны.
З 1998 году Станіслаў Шушкевіч узначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, удзельнічаў у Кангрэсах дэмакратычных сілаў Беларусі. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году падтрымаў Андрэя Саньнікава. У 2012 годзе на ініцыяванай Радай БНР сустрэчы ў Вільні палітычных і грамадзкіх лідэраў падпісаў «Мэмарандум аб забесьпячэньні незалежнасьці Беларусі».
Саступіўшы ў 2018 годзе месца старшыні партыі Сяргею Чэрачню, падтрымаў яго ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Шушкевіч быў ганаровым старшынём партыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля 20 гадоў кіраваньня Станіслаў Шушкевіч сышоў з пасады старшыні БСДГ. Новы лідэр — Сяргей ЧэрачаньАпошняе зьяўленьне Станіслава Шушкевіча на шырокай публіцы адбылося ў лістападзе 2019 году на цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага. У часе пандэміі каранавірусу ён знаходзіўся на самаізаляцыі ў сваёй менскай кватэры і да мінімуму зьвёў кантакты з кімсьці, акрамя членаў сям’і, аднак у лютым 2022 захварэў на «омікрон» і трапіў у рэанімацыю.
Станіслаў Шушкевіч ня меў ніводнай дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Беларусь, але быў узнагароджаны мэдалём Рады БНР у гонар 100-годзьдзя незалежнасьці БНР. За актыўную падтрымку незалежнасьці Літвы ў 1991 годзе атрымаў літоўскі ордэн Вітаўта Вялікага, меў мэдаль Свабоды Трумэна — Рэйгана Фонду памяці ахвяраў камунізму (ЗША). Неаднаразова намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію міру.