З новага падручніка па гісторыі Беларусі для 11-й клясы прыбралі згадку пра кіраўніка Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча. У 1991 годзе ён падпісаў Белавескія пагадненьні, якія канстатавалі распад СССР, і стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі.
Пасьля падзей 2020 году Шушкевіч актыўна крытыкаваў дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі, якога ЦВК назваў пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў.
У падручніку таксама цяпер няма інфармацыі пра ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлану Алексіевіч, якая пасьля пачатку пратэстаў у 2020 годзе ўвайшла ў прэзыдыюм Каардынацыйнай рады і пад ціскам была вымушаная пакінуць Беларусь. Алексіевіч — адзіная зь беларускіх пісьменьнікаў уганаравана Нобэлеўскай прэміяй.
У пачатку жніўня стала вядома, што Сьвятлану Алексіевіч выключылі зь беларускай школьнай праграмы па расейскамоўнай літаратуры для старэйшых клясаў. Акрамя яе, быў выключаны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Аляксандар Салжаніцын, а са сьпісу дадатковага чытаньня прыбралі Варлама Шаламава і Яўгенію Гінзбург.
Сярод літаратуры, створанай беларускімі пісьменьнікамі на расейскай мове, у праграму ўваходзіла кніга Сьвятланы Алексіевіч «Апошнія сьведкі». Цяпер яе адтуль выключылі.
Папраўкі ў школьную праграму ўнесены на фоне супрацьстаяньня рэжыму Лукашэнкі з грамадзтвам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. З новым навучальным дапаможнікам азнаёміліся журналісты «Эўрарадыё».
У пачатку 2000-х гадоў творы Алексіевіч ужо прыбіралі са школьнай праграмы, нагадвае Zerkalo. У 2015 годзе яе кнігі паабяцалі вярнуць у абавязковую школьную праграму для профільных гуманітарных клясаў. Тагачасны міністар адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў заяўляў, што нобэлеўская ляўрэатка піша «спэцыфічную, цяжкую» літаратуру.