Ці можна было ў 1994 пазьбегнуць увядзеньня прэзыдэнцтва
«Дзевяностыя forever» — відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні — 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.
15 сакавіка 1994 была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой быў абраны першы і пакуль адзіны прэзыдэнт краіны.
Абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Сьцісла:
- Працу над новай Канстытуцыяй Вярхоўны Савет БССР пачаў яшчэ ў 1990 годзе, адразу пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Канстытуцыйную камісію ўзначальвалі старшыні ВС — Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб. У яе склад уваходзілі прадстаўнікі розных палітычных сілаў — як камуністы, гэтак і члены БНФ.
- Ужо пры першай спробе ўвесьці пасаду прэзыдэнта (травень 1991) дэпутаты Апазыцыі БНФ выступілі супраць, матывуючы сваю пазыцыю тым, што ва ўмовах няўстойлівай палітычнай і эканамічнай сытуацыі, адсутнасьці традыцый парлямэнтарызму прэзыдэнцтва непазьбежна прывядзе да аўтарытарызму і нават дыктатуры.
- Да 1993 году праект Канстытуцыі прадугледжваў парлямэнцкую форму праўленьня. Увесьці пасаду прэзыдэнта імкнуўся кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч, і ў 1993-м адпаведны разьдзел быў уключаны ў праект.
- На той момант (1993) усе краіны-суседзі Беларусі ўвялі пасаду прэзыдэнта, і гэта пэўным чынам паўплывала на фармаваньне ў масавай сьвядомасьці неабходнасьці «моцнай рукі».
- У лютым-сакавіку 1994 года адбывалася канчатковае зацьверджаньне праекту Канстытуцыі. Дэпутаты галасавалі пайменнымі бюлетэнямі. Дэпутаты Апазыцыі БНФ адмовіліся браць удзел у галасаваньні, спрабуючы сарваць увядзеньне пасады «моцнага прэзыдэнта». Аднак іх не падтрымала фракцыя «Згода» на чале з Генадзем Карпенкам, за ўвядзеньне пасады прэзыдэнта выказаліся Віктар Ганчар, Дзьмітрый Булахаў і Аляксандар Лукашэнка. 15 сакавіка 1994 Канстытуцыя была прынятая.
- Калі Канстытуцыя была прынятая, Апазыцыя БНФ прапанавала правесьці спачатку парлямэнцкія выбары па новым законе, і толькі потым, праз паўгады — прэзыдэнцкія. Аднак прапанова не прайшла.
- У ліпені прэзыдэнтам быў абраны не Вячаслаў Кебіч, як разьлічвала бальшыня дэпутатаў, а Аляксандар Лукашэнка.
- Істотныя зьмены ў Канстытуцыю былі ўнесеныя ў 1996 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка правёў рэфэрэндум, не прызнаны міжнароднай супольнасьцю ў якасьці легітымнага. Унесеныя ў Канстытуцыю папраўкі істотна ўзмацнілі пазыцыі прэзыдэнта і паставілі ў залежнасьць ад яго іншыя галіны ўлады.