Пасьля таго як Станіслава Шушкевіча адправілі ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савету, я прыехаў браць у яго інтэрвію на ягонае лецішча. Тое самае, у будаўніцтве якога яго гэтак палка абвінавачваў тагачасны дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Будыніна тая была даволі сьціплая, куды там да цяперашніх шматлікіх палацаў Лукашэнкі.
Шушкевіч, аналізуючы абставіны і прычыны свайго зрынаньня, прыгадаў анэкдот:
Прыходзіць чалавек да ювэліра з дыямантам і просіць раскалоць яго. Ювэлір выклікае памочніка, бамбізу з тварам, не абцяжараным інтэлектам, і кажа яму: «Раскалі каменьчык, даражэнькі».
Кліент — у шоку. Ювэлір, усьміхаючыся, пытаецца: «Вы ведаеце цану гэтаму дыяманту?» — «Так!» — у роспачы адказвае кліент. «І я ведаю, — тлумачыць ювэлір. — А ў яго рука не здрыганецца».
Шматслойны жарт Станіслава Станіслававіча ў кантэксьце той канкрэтнай сытуацыі.
Самога сябе ён «дыямантам» не лічыў. А вось Беларусь — так. І адчуваў, разумеў, пад якую рызыку трапіць краіна ў выніку яго адстаўкі, якую скрыню Пандоры яна адчыніць.
Менш як праз паўгода прэзыдэнтам Беларусі стаў Аляксандар Лукашэнка.
Гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу, але адстаўка Шушкевіча безумоўна была, прынамсі, адным з падмуркаў перамогі Лукашэнкі на выбарах тады.
І самаіронія была ў тым жарце першага кіраўніка незалежнай Беларусі. Рука не павінна дрыжаць, нават калі ведаеш цану.
Запавет Шушкевіча нашчадкам, можна сказаць.
Вечная памяць! І дзякуй за тое, што ён зрабіў цьвёрдай рукой.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.