Гэтым разам іх суправаджаюць шматлікія скандалы. Напрыклад, ЗША, а таксама некаторыя іншыя краіны абвясьцілі дыпляматычны байкот Гульням. Гэта значыць, што краіны будуць прадстаўлены толькі атлетамі, але не афіцыйнымі дэлегацыямі. Робіцца гэта з прычыны парушэньня правоў чалавека ў Кітаі.
Што тычыцца беларускай каманды, то традыцыйна яна моцная ў дзьвюх дысцыплінах — біятлён і фрыстайл. Спартыўныя аналітычныя цэнтры даюць Беларусі ад аднаго да чатырох мэдалёў у Пэкіне. А вось букмэкеры лічаць, што ўзнагарод ня будзе ўвогуле. Чаго чакаць беларускім заўзятарам ад Алімпіяды — у аглядзе Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць чыноўнікаў, вінаватых у скандале зь ЦіманоўскайБіятлён: перашкодзіць могуць асабістыя канфлікты
Найбольшыя спадзяваньні беларусаў на мэдалі традыцыйна зьвязаныя зь біятлёнам. Гэта ў фрыстайле разыгрываецца ўсяго адзін камплект узнагарод, і калі ня справіўся з хваляваньнем, то шанцаў на рэабілітацыю ўжо ня будзе. А ў біятлённай праграме ёсьць гонкі на любы густ.
Да Алімпіяды беларускі падышлі ў добрай спартовай форме. Дзінара Алімбекава (яна ўжо мела залаты мэдаль Алімпіяды ў эстафэце чатыры гады таму) ідзе другой у агульным заліку Кубку сьвету, а Ганна Сола — восьмай.
Ганна Сола — гэта адзіная спартсмэнка ў біятлённай зборнай, якая адмовілася падпісваць ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе. «Мая пазыцыя не палітычная, а агульначалавечая: я за мір, выкананьне законаў і рашэньне любых пытаньняў без прымяненьня гвалту», — казала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка сымпатызаваць спартоўцам, якія ўхваляюць катаваньне сваіх суайчыньнікаў», — галоўны рэдактар «Трыбуны»Штурхальніца ядра Надзея Астапчук пісала, што на Солу аказваўся ціск у зборнай, але ліст яна так і не падпісала. Традыцыйна біятлён у Беларусі курыруе КДБ.
Ганьне Соле 25 гадоў, родам яна зь вёскі Завязьзе Шумілінскага раёну. У 2018-м нават сыходзіла са спорту, але потым усё ж вярнулася.
Дзінары Алімбекавай 26 гадоў. Яна нарадзілася ў Казахстане, адтуль родам яе тата, але гадавалася ў Чавусах у Магілёўскай вобласьці. Па інфармацыі выданьня «Трыбуна», яе бацька Талгат сядзіць у шклоўскай калёніі па абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве. Алімбекава была сярод тых, хто падпісваўся за Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біятляністка, якая не падпісала ліст за Лукашэнку, заваявала другі мэдаль на Кубку сьветуКанфлікт паміж лідэрамі зборнай Алімбекавай і Солай вядомы ўсім заўзятарам. Алімбекава трэніруецца ў асноўным асобна ад астатняй каманды. Вядомы расейскі біятлённы журналіст Дзьмітрый Губерніеў казаў, што якраз асабістыя канфлікты ў камандзе могуць перашкодзіць беларускам узяць мэдалі ў Пэкіне.
Што тычыцца мужчынскай каманды, то тут яўна лідэр Антон Смольскі, ён ідзе дзясятым у агульным заліку Кубку сьвету, на асобных этапах у яго было тры мэдалі. А ў студзені мужчынская эстафэтная зборная ўпершыню за 16 гадоў паднялася на п’едэстал аднаго з этапаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская біятляністка Алімбекава заваявала першы індывідуальны мэдаль на Кубку сьветуФрыстайл: Гуськова — адзіная, хто падпісаўся за вольныя выбары
Шэсьць Алімпіяд запар беларускія фрыйстайлісты прывозілі з сабой мэдалі. За гэты час удалося здабыць чатыры залатыя, адну срэбраную і дзьве бронзавыя ўзнагароды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнэр Казека прапанаваў у склад Нацыянальнага алімпійскага камітэту дваіх спартоўцаў, якія падпісалі ліст за новыя выбарыПосьпехі ў фрыстайле зьвязвалі зь імем трэнэра Мікалая Казекі, які ўзначальваў каманду з 1993 году. Тым ня менш, у 2020-м Казеку адхілілі ад працы з камандай. Хоць фармальна ён застаецца галоўным трэнэрам, але займаецца працай з паперамі. Ён падтрымаў свабодныя выбары і выступіў супраць гвалту. Прычым на выбарах Казека галасаваў за Лукашэнку, але зьмяніў сваё стаўленьне ў жнівеньскія дні.
Цяпер каманду фактычна трэніруюць намесьнік Казекі Міхаіл Курловіч і славуты ў мінулым спартсмэн Дзьмітры Дашчынскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнага трэнэра фрыстайлістаў Казеку не ўзялі на зборы нацыянальнай камандыУ складзе зборнай фрыстайлістаў адзіная з усёй алімпійскай дэлегацыі падпісантка ліста за вольныя выбары — гэта алімпійская чэмпіёнка 2018 году Ганна Гуськова. Яна не рабіла гучных заяваў пра сытуацыю ў краіне, але подпіс не адклікала. У лістападзе 2020 году, калі затрымалі апэратара «Белсату» Зьмітра Солтана, Гуськова ініцыявала кампанію ў падтрымку журналіста.
Менавіта з Гуськовай зьвязваюць галоўныя спадзяваньні на мэдалі ў фрыстайле. Але спэцыялісты адзначаюць, што яе праграма сёлета ня будзе такая моцная, як у Пхёнчхане. На апошнім чэмпіянаце сьвету Гуськова была пятая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрыстайлістку Раманоўскую, якая выступіла за новыя выбары і адстаўку Лукашэнкі, звольнілі з працыЗатое ня будзе на спаборніцтвах Аляксандры Раманоўскай, чэмпіёнкі сьвету 2019 году. У 2020-м Раманоўская атрымала цяжкую траўму, ад якой адыходзіць па сёньняшні дзень. Аляксандра рашуча падтрымала пратэсты 2020 году, выходзіла на маршы. А восеньню 2021 году правяла ноч у ізалятары, калі яе затрымалі за налепку з Пагоняй на аўто. Нібыта за прагулы дзяўчыну звольнілі з нацыянальнай каманды. Тым ня менш Раманоўская мае надзею вярнуцца ў вялікі спорт.
У мужчын галоўныя спадзяваньні зьвязаныя з 27-гадовым Станіславам Гладчанкам, які ў Карэі чатыры гады таму быў шостым. У арсэнале Станіслава ёсьць складаныя скачкі, але незразумела, ці зможа ён іх дасканала выканаць. Пакуль у гэтым сэзоне найлепшы ягоны вынік — чацьвёртае месца на адным з этапаў Кубку сьвету.
У Максіма Гусьціка і Паўла Дзіка вынікі нашмат сьціплейшыя. А Макар Мітрафанаў пакуль што зусім яшчэ малады атлет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы на Алімпіядзе: Гладчанка рызыкнуў, Далідовіч зьняўся, Галавацюк стартуеІншы спорт: без спадзяваньняў
Апроч біятлёну і фрыстайлу, беларускія атлеты выступяць у лыжных гонках, горных лыжах, канькабежным спорце, фігурным коўзаньні. Але ва ўсіх гэтых дысцыплінах шанцаў на мэдалі ў беларусаў няма. Посьпехам будзе лічыцца, калі хто трапіць у першую дзясятку.
Адзіны мэдаль па-за біятлёнам і фрыстайлам Беларусь мела на першай сувэрэннай Алімпіядзе ў Лілехамэры ў 1994 годзе. Тады срэбра ў канькабежным спорце ўзяў Ігар Жалязоўскі.
Ня будзе прадстаўлена Беларусь у хакеі. Запаветную пуцёўку яны саступілі Славаччыне ў жніўні летась. Апошні раз беларускія хакеісты езьдзілі на гульні ўжо ў далёкім 2010 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім спартоўцам на Алімпіядзе-2022 дазволілі размаўляць толькі са СМІ, якія ўхваліў НАКРасклад спаборніцтваў з удзелам беларусаў:
- 5 лютага: біятлён, зьмяшаная эстафэта (12:00)
- 7 лютага: біятлён, індывідуальная гонка ў жанчын (12:00)
- 8 лютага: біятлён, індывідуальная гонка ў мужчын (11:30)
- 10 лютага: фрыстайл, камандныя спаборніцтвы (14:00)
- 11 лютага: біятлён, спрынт у жанчын (12:00)
- 12 лютага: біятлён, спрынт у мужчын (12:00)
- 13 лютага: біятлён, гонка перасьледу ў жанчын (12:00)
- 13 лютага: біятлён, гонка перасьледу ў мужчын (13:30)
- 13 лютага: фрыстайл, кваліфікацыя ў жанчын (14:00)
- 14 лютага: фрыстайл, фінал у жанчын (14:00)
- 15 лютага: біятлён, эстафэта ў мужчын (12:00)
- 15 лютага: фрыстайл, кваліфікацыя ў мужчын (14:00)
- 16 лютага: біятлён, эстафэта ў жанчын (10:45)
- 16 лютага: фрыстайл, фінал у мужчын (14:00)
- 18 лютага: біятлён, масстарт у мужчын (12:00)
- 19 лютага: біятлён, масстарт у жанчын (12:00)