Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім спартоўцам на Алімпіядзе-2022 дазволілі размаўляць толькі са СМІ, якія ўхваліў НАК


У алімпійскай вёсцы ў Пэкіне
У алімпійскай вёсцы ў Пэкіне

Членам спартовай дэлегацыі Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне дазволілі размаўляць толькі з прадстаўнікамі СМІ, акрэдытаванымі Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК) Беларусі. Пра гэта паведамляе расейскі канал «Матч ТВ», акрэдытаваны на Алімпіяду.

У сваёй інфармацыі расейскія журналісты спасылаюцца на крыніцу, «знаёмую з сытуацыяй».

Зімовыя Алімпійскія гульні-2022 у Пэкіне пройдуць з 4 па 20 лютага.

На летніх Алімпійскіх гульнях-2020, якія праз пандэмію COVID-19 прайшлі ўлетку 2021 году, адбыўся гучны скандал зь беларускай дэлегацыяй. Пасьля сваркі з трэнэрскім штабам нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы, калі яе паставілі на няпрофільны для яе від, ахвяраваўшы галоўнай дысцыплінай, на якую яна рыхтавалася, трэнэры пагражалі бягусе Крысьціне Ціманоўскай вялікімі праблемамі. У выніку Ціманоўская адмовілася вяртацца ў Беларусь і паляцела ў Польшчу, дзе цяпер жыве.

Прэзыдэнтам НАК Беларусі выбралі старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара Лукашэнку, але Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў гэтае рашэньне легітымным і, адпаведна, не запрасіў таго на гульні ў складзе афіцыйнай дэлегацыі.

Абмежаваньні на размовы з прэсай існавалі і на ранейшых Алімпіядах, нязьменна ў краінах зь несвабоднай палітычнай сытуацыяй. У вольным праве размаўляць са СМІ ў розныя гады адмаўлялі спартоўцам СССР, Паўночнай Карэі і іншых дзяржаў. Часам спартоўцам з іншых краін забаранялі нават вольна перамяшчацца па горадзе правядзеньня Гульняў.

У гісторыі Алімпіядаў было нямала выпадкаў, калі асобныя спартоўцы ці цэлыя каманды адмаўляліся вяртацца на радзіму праз дыктатарскія рэжымы і прасілі палітычнага прытулку за мяжой.

Пэкін стане першым горадам, які прыняў і летнія (2008), і зімовыя (2022) Алімпійскія гульні за такі кароткі прамежак часу. Аднак палітыка Кітаю выклікала шмат пратэстаў у сьвеце. У прыватнасьці, раней Злучаныя Штаты, Аўстралія і некаторыя іншыя краіны заклікалі да дыпляматычнага байкоту Гульняў праз перасьлед нацыянальных меншасьцяў, у прыватнасьці, уйгураў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG