Мінулыя выходныя сталі апошняй магчымасьцю для беларускіх алімпійцаў папоўніць мэдальную скарбонку. Шанцы беларусаў здабыць узнагароды ў біятлённых эстафэтах і ў канькабежных дысцыплінах на ўзроўні гіпатэтычных.
Сьледам за Ганнай Гуськовай, якая 16 лютага заваявала золата ў лыжнай акрабатыцы, срэбраны мэдаль у біятлённым мас-старце здабыла Дар’я Домрачава.
Разьлікі на тое, што посьпех жаночага фрыстайлу падтрымаюць мужчыны, ня спраўдзіліся. Адзіны прадстаўнік Беларусі Станіслаў Гладчанка рызыкнуў выканаць звышскладаны скачок — і няўдала прызямліўся. Як вынік — шостае месца, што для алімпійскага дэбютанта можны лічыць асабістым дасягненьнем.
Алімпійскі чэмпіён папярэдніх гульняў Антон Кушнір ня здолеў прайсьці кваліфікацыю. Прэзыдэнт НАК Беларусі Аляксандар Лукашэнка з гэтай нагоды нават зьвярнуўся да кіраўніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне — маўляў, беларускага прадстаўніка бессаромна засудзілі.
Тым часам лыжнік-вэтэран Сяргей Далідовіч пасьля першай няўдалай гонкі зьняўся са стартаў і вярнуўся дадому. Удзельнік сёмай у сваёй кар’еры Алімпіяды папрасіў прабачэньня ў заўзятараў за няспраўджаныя чаканьні і паабяцаў вярнуць грошы ўсім, хто ўдзельнічаў у краўдфандынгавай кампаніі дзеля яго падрыхтоўкі да Гульняў-2018.
У панядзелак у Пхёнчхане выступіць толькі адзін беларускі спартовец — канькабежац Ігнат Галавацюк стартуе на дыстанцыі 500 мэтраў (пачатак спаборніцтваў а 14.00).
На першае месца ў мэдальным заліку Алімпійскіх гульняў выйшла Нарвэгія. На рахунку зборнай гэтай скандынаўскай краіны 9 залатых узнагародаў, усяго 26 мэдалёў. На другім месцы Нямеччына, на трэцім — Нідэрлянды.
У актыве беларускай каманды адно золата і адно срэбра, і выніковы 15-ы радок заліку.