Сьцісла:
- Не магу радавацца мэдалям і посьпехам спартоўцаў, калі ў вязьніцах больш за 1000 прызнаных палітвязьняў
- НАК Беларусі — гэта, па сутнасьці, дзяржаўная арганізацыя, якая займаецца прыкрыцьцём рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх спартоўцаў
- Максім Недасекаў добра скача ў вышыню. Але горны казёл скача яшчэ вышэй
- Прагноз выступу беларусаў на Алімпіядзе — ад зусім без мэдалёў да двух-трох узнагарод бяз золата
- Няхай Алімпіяда стане нагодай для палітычных выказваньняў, якія зьвернуць увагу на праблемы з правамі чалавека і ў Кітаі, і ў Беларусі
— Магчыма, даволі дзіўнае пытаньне спартоваму журналісту, але мне падаецца, што зараз ёсьць падставы яго задаваць — наколькі актыўна вы будзеце сачыць за Алімпіядай?
— Вядома, праца вымушае сачыць за Гульнямі, але калі казаць пра чыста чалавечы інтарэс, то ён саслабеў. Розныя забаўкі — паходы па рэстарацыях, фіксацыя сваёй прыгажосьці на тэлефон, спорт ля экрана і гэтак далей — асабіста для мяне цяпер ужо выглядаюць ня надта натуральнымі.
Не магу радавацца мэдалям і посьпехам спартоўцаў, калі ў вязьніцах знаходзіцца больш за 1000 прызнаных палітвязьняў, хоць зьняволеных з палітычных матываў насамрэч больш. Ну як усур’ёз цікавіцца спортам, калі сядзяць мой калега Саша Івулін і іншыя сьветлыя людзі — Вольга Залатар, Максім Знак, Сьцяпан Латыпаў, годныя студэнты і шмат хто яшчэ?
Цяжка пра гэта ўвесь час думаць, гэта цісьне. Магчыма, было б прасьцей пераключыцца на нейкія побытавыя справы, дробныя радасьці жыцьця. Але, калі шчыра, у мяне не атрымліваецца. У краіне да гэтага часу ня вырашана лёсавызначальнае для нацыі і для Беларусі пытаньне. Як зь ім разьбяромся, з задавальненьнем пераключу ўсю ўвагу на Алімпіяду.
— Беларускія спартовыя ўлады ўжо абвясьцілі, што алімпійцы могуць даваць камэнтары толькі афіцыйным журналістам, акрэдытаваным пры НАК. Што вы пра гэта скажаце, чаго яны гэтым даб’юцца і як будзе працаваць «Трыбуна»?
— Прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэту пад кіраўніцтвам Вікторыі Меннанавай, калі казаць наўпрост, не вызначалася прафэсійнасьцю і напярэдадні выбараў 2020 году. А пасьля выбараў усё стала яшчэ горш. Былая галоўная піянэрка краіны супрацоўнічае толькі з тымі мэдыя, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Звароты іншых сродкаў масавай інфармацыі ігнаруюцца. Мы ўжо прызвычаіліся да такіх умоў і нармальна сябе пачуваем і бяз прэс-службы НАК.
Увогуле, рэпутацыйна прэс-служба НАК цалкам адпавядае той арганізацыі, якую прадстаўляе. НАК Беларусі знаходзіцца пад санкцыямі міжнароднага офіса праз свае ня самыя адэкватныя паводзіны. Па сутнасьці, гэта дзяржаўная арганізацыя, якая займаецца прыкрыцьцём рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх спартоўцаў, ладзіць фэйкавыя выбары. Таму ніякіх пытаньняў да спадарыні Меннанавай у нас няма.
Што да асьвятленьня Гульняў на «Трыбуне», мы будзем шукаць тых алімпійцаў і спэцыялістаў, хто пагодзіцца гаварыць з намі на ўмовах ананімнасьці, а можа і адкрыта, калі ў чалавека хопіць сьмеласьці. Мы будзем шукаць спосабы, як цікава падаць інфармацыю. У гэтым НАК нам ня можа перашкодзіць.
— Палітыка злучылася са спортам у сёньняшняй Беларусі як ніколі. Калі раней людзі спрабавалі гэта аддзяляць, то цяпер для многіх ужо ёсьць разуменьне, што гэта не падзяліць. Калі вы цяпер у сваім выданьні пішаце пра беларускіх спартоўцаў — для вас важна, ці падпісваў ён праўладны ліст альбо ліст супраць гвалту?
— На сайце мы імкнёмся заўважаць розныя праявы беларускіх спартоўцаў — і чыста спартыўныя, і грамадзянскія, і сацыяльныя. Гэта дазваляе і нам, і нашай аўдыторыі лепей разумець, за якімі асобамі мы так уважліва сочым, каму мы прысьвячаем столькі часу. Вядома, мы нагадваем, які ліст падпісаў той ці іншы спартовец. Людзі тое рабілі адкрыта і з поўным усьведамленьнем, што азначае іх учынак, а інстытут рэпутацыі — гэта якраз тое, што трэба ствараць у Беларусі.
Калі прадстаўнікі беларускага спорту дазваляюць сабе грамадзка-палітычныя выказваньні, мы ўважліва іх слухаем, даём у стужку навінаў і пры неабходнасьці разьбіраем, каб зьвярнуць увагу або на недарэчнасьці накшталт «пляну Далеса», або на нейкія моцныя аргумэнты. Пры гэтым чыста спартыўныя дасягненьні мы фіксуем незалежна ад таго, які ліст падпісаў спартовец. Вынік у спорце — гэта тое, з чым нельга спрачацца і міма чаго нельга прайсьці.
— Цяпер многія беларускія спартовыя заўзятары пачалі найперш ацэньваць грамадзянскую пазыцыю спартоўца, і толькі потым — узровень ягоных спартовых дасягненьняў. Ці павінна такое стаўленьне быць заўсёды, ці сапраўды ў стаўленьні да спартоўцаў найперш чалавечыя і грамадзянскія якасьці, а толькі потым — перамогі і галы?
— Тут кожны для сябе вырашае сам, за што цаніць таго ці іншага спартоўца — ці за майстэрства, ці за грамадзянскую пазыцыю, ці за тое і другое разам. Апошні варыянт, вядома, аптымальны. Канечне, вельмі хочацца, каб ён быў і самы распаўсюджаны.
Здаецца, гэта так натуральна — шанаваць сваю Радзіму, ганарыцца ёй, ганарыцца тым, што мы беларусы. Ну хто можа быць супраць гэтага? Але сёньня розныя часткі беларускага грамадзтва ганарацца кожны сваёй Беларусьсю. Адныя — той, што пужае Захад, другія — той, што бачылі на маршах, а трэція нічым не ганарацца і проста баяцца.
Пакуль грамадзтва не разьбярэцца ў гэтых пытаньнях, то і стаўленьне да спартоўцаў будзе супярэчлівае. Ім будуць задаваць нязручныя пытаньні, цікавіцца меркаваньнем па тых тэмах, пра якія, магчыма, хочацца маўчаць. Але ж заўзятараў можна зразумець. Іх цікавіць тое, што ім баліць.
Спартоўцам не пашчасьціла, што яны навідавоку, бо ад тых, хто навідавоку, у пэўныя моманты гісторыі патрабуюць учынкаў. У тым ліку апублічваньня сваёй думкі. І калі гэтая думка (а можа, яе адсутнасьць) не адпавядае чаканьням большасьці, то галы і сэкунды сапраўды страчваюць сваё першаснае значэньне.
Тым ня менш у грамадзтве заўжды застаюцца фанаты спорту, якіх толькі галы і сэкунды якраз і цікавяць. І яны будуць сачыць за спартоўцамі, што б тыя ні рабілі і ні казалі. Праўда, адсотак такіх людзей у грамадзтве зусім невялікі.
— Вы асабіста памянялі сваё стаўленьне да пэўных беларускіх спартоўцаў менавіта ў сувязі зь іх грамадзянскай пазыцыяй (альбо яе адсутнасьцю)?
— Цяжка па-ранейшаму ставіцца да чалавека, калі выпадкова даведваесься, што ён хатні тыран або любіць дзіцячае порна. Таму, вядома, маё асабістае стаўленьне да некаторых спартоўцаў за апошнія паўтара года істотна зьмянілася. Цяжка сымпатызаваць спартоўцам, якія ўхваляюць катаваньне сваіх суайчыньнікаў. Якія могуць прыняць зьдзекі і забойствы або зь нейкіх ідэалягічных матываў, або дзеля таго, каб надалей атрымліваць ад дзяржавы грошы. Мне ня блізкія гэтыя праявы сучаснага людажэрства.
Расчараваньняў было вельмі багата, бо калі працаваў рэпартэрам, пазнаёміўся шмат з кім са спартоўцаў, якія сёньня актыўна «топяць» за Лукашэнку. Тымі ж Сяргеем Рутэнкам, Аляксандрам Багдановічам, сям’ёй Міхала Грабоўскага, бацька якога — здаваўся вельмі клясным дзядзькам — цяпер весяліцца ў камэнтарах пад пастамі пра катаваньні і рэпрэсіі. Я не імкнуся прыніжаць спартыўныя дасягненьні атлетаў, якім падабаецца Лукашэнка. Што ёсьць, то ёсьць. Іншая справа, што іх вынікі пакідаюць мяне абыякавым. Маё сэрца не суперажывае гэтым атлетам.
Так, Максім Недасекаў добра скача ў вышыню. Але горны казёл скача яшчэ вышэй. І з улікам усіх абставінаў асабіста мне цікавей глядзець у дакумэнтальным фільме на тое, як неверагодна скача горны казёл, чым на алімпійскія скачкі Недасекава. Бо да горнага казла ў мяне няма пытаньняў, а вось да Недасекава — хапае. Хаця пасьля ягонай дыскусіі з Аленай Леўчанкай я ня ўпэўнены, што лёгкаатлет здольны на іх адказаць.
— Што чакае беларускую зборную ў Кітаі, на колькі мэдалёў прыблізна яна можа разьлічваць?
— З улікам непрадказальнасьці Алімпіяды нас могуць чакаць розныя вынікі. Біятлённая траса ня вельмі простая, кажуць, што на стрэльбішчы там гуляе вецер, які можа зблытаць усе карты. У фрыстайле склад зборнай выглядае найслабейшым за апошнія гады, хоць па колькасьці, здаецца, там усё добра.
Таму настройваюся на дыяпазон ад зусім без мэдалёў (раптам зьмяшаная эстафэта ў біятлёне пойдзе не па пляне і неяк прыб’е спартоўцаў, а можа, у справу ўмяшаецца амікрон) да дзьвюх-трох узнагарод бяз золата (хоць раптам Алімбекава па колькасьці залатых мэдалёў наблізіцца да свайго куміра Домрачавай?). Імавернасьць узнагарод у біятлёне значна вышэйшая, чым у фрыстайле. Хутчэй біятляністы возьмуць тры ўзнагароды, чым фрыстайл — адну, хоць я вельмі буду перажываць менавіта за фрыстайлістаў.
— Тое, што Алімпіяда адбываецца ў Пэкіне, ці дадае нешта да вашага стаўленьня? Кітай — недэмакратычная краіна, у якой перасьледуюць дысыдэнтаў, кітайскае кіраўніцтва прыгнятае ўйгурскую меншасьць. Многія заклікаюць заходнія краіны хаця б да дыпляматычнага байкоту. Як вы ставіцеся да такіх заклікаў?
— Алімпійскія гульні ў Пэкіне — гэта чарговая нагода задумацца над тым, у які складаны час мы жывём. Так, напэўна, кітайцы зладзяць шыкоўныя цырымоніі і ўмовы для спаборніцтваў. Але ці падстава гэта, каб забывацца на тое, што цяпер робіцца з уйгурамі? А тое, што робіцца з уйгурамі, ці падстава адмаўляцца ад паездкі ў Пэкін на Гульні?
Людзі любяць адпачываць у ААЭ, Эгіпце, Тайляндзе, там поўна эўрапейцаў і амэрыканцаў, і іх ніколькі не бянтэжыць тое, што ў згаданых краінах недэмакратычныя рэжымы. Дастаткова глянуць на склад удзельнікаў вечарыны, якую таварыш Сі ладзіць у гонар адкрыцьця Алімпіяды. Яна больш за ўсё нагадвае міжнародную канфэрэнцыю сатрапаў зь невялічкім украпваньнем дэмакратычных лідэраў.
Як бы там ні было, спадзяюся, што падчас Гульняў госьці-спартоўцы будуць актыўна ўздымаць тэму ўйгураў, і тады атрымаецца цікавая зьява — прамоўшн далікатнай праблемы за кітайскі кошт. Мне здаецца, гэта выглядае нават больш прывабна, чым дыпляматычны байкот. Ад яго Кітай дакладна ніяк не пацерпіць — магчыма, нават застанецца ў плюсе, бо ніхто ня будзе гаварыць пра ўйгураў, а пра байкот забудуць ужо пасьля першых стартаў.
Так што няхай Алімпіяда стане нагодай для палітычных выказваньняў, якія зьвернуць увагу на праблемы з правамі чалавека і ў Кітаі, і ў Беларусі (раптам хтосьці зь беларускіх алімпійцаў рыхтуе для нас сюрпрыз?).