Івулін: «Я дапамагаў Дзеду Марозу»
Журналіст і відэаблогер Аляксандар Івулін, які 7 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, напісаў навагодняе пасланьне беларусам. Ён адзначыў, што ганарыцца знаёмствам зь вялікай колькасьцю выдатных беларусаў і падзякаваў за гэта «Белпошце».
«Я часта жартаваў, што другую палову 2021-а дапамагаў Дзеду Марозу адказваць на лісты крутых дзецюкоў і дзяўчат, якія сёлета дакладна паводзілі сябе добра. Прышпільна, што ў сваіх канвэртах кожны з іх чагосьці прасіў: здароўя і свабоды, стойкасьці і пазытыву, веры ў сябе і лепшае... І яшчэ шмат чаго. Самае дзіўнае, людзі прасілі не для сябе. Для кагосьці. І гэта па-сапраўднаму захапляе!», — напісаў Івулін.
Ён пазычыў, каб да кожнага ягоныя пажаданьні вярнуліся бумэрангам.
«Не сумуйце, дарагія беларусы! І верце ў лепшае. Тым больш, перад Новым годам! Усё будзе. Па-часныку, № 25 Саша Івулін», — падпісаў ён ліст нумарам, пад якім гуляў у футбольнай камандзе «Крумкачы».
Напісаць ёй ліст можна на адрас: Аляксандру Мікалаевічу Івуліну , СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск
Калесьнікава: «Я не пашкадавала ні на сэкунду»
Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава перадала сьвяточныя пажаданьні камандзе, Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Максіму Знаку.
«Я вельмі шчасьлівая, што вы ёсьць у маім жыцьці! Я не пашкадавала ні на сэкунду аб сваім выбары стаць часткай каманды. Гэта адно з найважнейшых рашэньняў майго жыцьця! Я ведаю, што мы абавязкова ўбачымся, абдымемся і будзем гучна сьмяяцца, як мы ўмеем. Беражыце сябе з усіх сіл! Вельмі вас люблю! З Новым годам! Да сустрэчы!!!», — перадала зьняволеная з-за кратаў.
Неўзабаве Марыя паедзе па этапе ў калёнію, аднак пакуль яна знаходзіцца на «Валадарцы».
Напісаць ёй ліст можна на адрас: Марыі Аляксандраўне Калесьнікавай , СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да новых выпрабаваньняў і ўмоваў гатовая». Марыя Калесьнікава сустрэлася з бацькам перад Новым годамЗолатава: «Трэба толькі вельмі захацець цуду»
Галоўная рэдактарка зьнішчанага ўладамі парталу Tut.by Марына Золатава напісала ў лісьце на волю, што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца цуду.
«Трэба толькі вельмі яго захацець», — піша Золатава.
Журналістка адзначыла, што да сустрэчы Новага году падрыхтавалася. У яе ў камэры ёсьць ялінка з паперы і сьняжынка, вязаная кручком, якую прыслалі ў канвэрце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: узнагародзілі рэдактарку Tut.by Золатаву, Васілевіча пакінулі пад вартай, у Кіеве заступіліся за ПушкінаМарыну Золатаву разам з яшчэ 14 супрацоўнікамі Tut.by затрымалі сёлета 18 траўня. Іх вінавацяць у «саўдзеле ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
Напісаць ёй ліст можна на адрас: Марыне Васілеўне Золатавай, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.
Знак: «Зычу табе ролю Шчасьлівага чалавека»
На віншаваньне адной зь беларусак адказаў адвакат Максім Знак. Яна напісала, што некалі на ранішніку была Папялушкай, а Знак пажадаў сяброўцы па ліставаньні сыграць на сьвяце ялінкі ролю Шчасьлівага чалавека.
Максім Знак — адвакат, сябар Каардынацыйнай рады, паэт, музыка, спартовец, трыятляніст. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам бы «стварыў экстрэмісцкае фармаваньне».
Максім сядзіць на «Валадарцы», неўзабаве яго чакае этап у калёнію.
Напісаць яму ліст можна на адрас: Знаку Максіму Аляксандравічу, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Знак з-за кратаў — пра зьмены ў КанстытуцыіЛатыпаў: «Быць шчасьлівай — ня толькі тваё неад’емнае права, але і абавязак»
Жыхар Плошчы Перамен Сьцяпан Латыпаў, асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі, у сваю чаргу напісаў сяброўцы па ліставаньні пра абавязак людзей на волі радавацца.
«У гэты Новы год хачу паведаміць пра тое, што быць шчасьлівай і радавацца — ня толькі тваё неад’емнае права, але і абавязак перад тымі, хто гэтага ўжо ня можа, але хацеў бы. Памятай пра нас», — папрасіў палітзьняволены.
«Так моцна хацеў да дрэваў, што трапіў у лес, тут вакол хвоі і елкі. Нават на тэрыторыі ёсьць некалькі бярозаў і ліпаў. Кормяць проста, але смачна, спадзяюся вярнуць форму і хоць крыху здароўе», — паведаміў вязень у іншым лісьце.
Палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава этапавалі ў івацэвіцкую калёнію № 22, вядомую як «Воўчыя норы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маім апошнім словам будзе „свабода“». Натхняльныя і пранізьлівыя апошнія словы палітвязьняўБабарыка: «Дзед Мароз існуе безадносна, верыць хтосьці ў яго ці не»
Прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў, напісаў з наваполацкай калёніі віншаваньне сваёй знаёмай па-беларуску.
«З Новым годам вас, а таксама з Калядамі! Ніколі не губляйце веру ў цуды. Толькі той, хто верыць у цуд, будзе цудоўным чалавекам сярод такіх жа сяброў. Дзед Мароз (Зяма па-беларуску) існуе безадносна, верыць хтосьці ў яго ці не».
Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 году.
Яго прызналі вінаватым паводле трох эканамічных артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 14 гадоў калёніі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі, працуе ў пякарні.
Напісаць яму ліст можна на адрас: Бабарыку Віктару Дзьмітрыевічу, папраўчая калёнія № 1, вуліца Тэхнічная, 8, 211440 Наваполацк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: адміністрацыя турмы забараняе іншым вязьням размаўляць з Бабарыкам; у Беларусі 8 новых палітвязьняўСлаўнікава: «Мы ў пачатку файнага шляху»
Журналістка Ірына Слаўнікава з «Валадаркі» даслала сяброўцы паштоўку. Яна напісала, што верыць у цуды і што яны здараюцца. Таксама Ірына верыць, што «ўсё будзе, а мы ў пачатку файнага шляху», паведамляе БАЖ.
Ірыну Слаўнікаву вінавацяць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яе затрымалі разам з мужам Аляксандрам Лойкам у менскім аэрапорце 30 кастрычніка.
Напісаць ёй можна на адрас: Слаўнікавай Ірыне Аляксандраўне, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Ірыну Слаўнікаву перавялі ў СІЗА, яна падазраваная ў крымінальнай справеАляксандраў: «Дарагі Дзядуля Мароз, раскажы ўжо дарослым, што цябе не бывае»
Мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў напісаў ліст да Дзеда Мароза. Прыводзім яго цалкам.
«Гэта зноў я. Справа ёсьць. Адразу скажу: гэты год атрымаўся незвычайным.
У цэлым я паводзіў сябе ўзорна. Добра еў, гуляў з хлопцамі, прачытаў шмат кніжак, меў ахайны выгляд, своечасова галіў твар і навучыўся прыгожа запраўляць ложак. Увогуле, я думаю, я заслужыў падарунак.
Хацелася б, каб паміж намі не было недамовак і непаразуменьняў. Ні на што не намякаю, але калі я мінулым разам згадваў пра яскравыя артыкулы, новую камэру і цікавыя перадачы, я меў на ўвазе не зусім тое, што ты мне прынёс. І пра „адпачынак дзе-небудзь зь відам на стары замак, можна з калектывам“, таксама накладачка выйшла.
Таму сёлета буду фармуляваць жаданьні сьцісла і выразна. Тым больш што яно ў мяне ўсяго адно.
Дарагі Дзядуля Мароз, зрабі, калі ласка, нас дарослымі. Я ведаю, што нам усім дадаўся адзін год (а некаторым яшчэ гадкоў падкідваюць, з гэтым праблем няма). Даросласьць вымяраецца не ў гадах.
Дарослыя — гэта такія людзі, якія зьдзяйсьняюць асэнсаваныя і абдуманыя ўчынкі, нясуць за іх адказнасьць, прызнаюць свае памылкі, не вінавацяць у іх іншых і імкнуцца так больш не рабіць. А робяць па-іншаму.
Дарослыя ведаюць, што на кожнае складанае пытаньне ёсьць просты адказ, і гэты адказ — няправільны.
Дарослыя ня вераць у казачную непазьбежнасьць дабра і справядлівасьці, самазбывальнасьць цуду, саманапаўняльныя мяшкі з падарункамі і пакеты з санкцыямі.
Дабро, справядлівасьць і цуды не здараюцца самі па сабе. Іх робяць людзі, якія вырашылі, што так слушна.
Таму, дарагі Дзядуля Мароз, раскажы ўжо дарослым, што цябе не бывае. І што дарослыя зараз — гэта мы. І ведаю, што ў нас усё атрымаецца.
З Новым годам, дарагі Дзядуля Мароз, (і ўдачы на польскай мяжы).
Андрэй, 43 годзікі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі ў жыцьці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасьці, дабрыні, любові». Палітвязень Андрэй Аляксандраў пра добрае ў 2021-мАндрэя Аляксандрава затрымалі сёлета 12 студзеня разам зь ягонай сяброўкай Ірынай Злобінай. Спачатку яму закідалі «арганізацыю або ўдзел у пратэстах», пазьней зьвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Яму пагражае да 15 гадоў калёніі.
Напісаць яму ліст можна па адрасе: Аляксандраву Андрэю Валер’евічу, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.